ІІІ
Пасля ўсяго перажытага і перадуманага ў звязку з дарогаю, Рыгор спаў, нібы апоены макам. Толькі лёг, як праз момант заснуў, не паспеўшы нават перавярнуцца на другі бок, як то ў яго было звычайна, і на адным баку праспаў да раніцы. Праспаў бы, напэўна, без просыпу да гадзіны дванаццатай дня, каб акуратная Вільгельміна роўна а палове сёмай не пастукала ў дзверы. Рыгор ад стуку прачнуўся, падняў голаў і паглядзеў у акно; але спрасонку, не прыгледзеўшыся, яму паказалася занадта рана, першае развідненне, і ён зноў прылёг, нацягнуўшы на галаву коўдру. Несвядома прамігнула гарачае прыемнае пачуццё, якое яму шапнула: «Пачакай, паспееш яшчэ напрацавацца», — і следам безадгукнае парашэнне, — не ісці на работу да заўтрага. Заспакоены, ён хутка заснуў, глыбока і смачна.
У кватэры было ціха, нішто не перашкаджала спаць, і ён беспаварухна праспаў ажно да дванаццатае гадзіны дня. Гэтага было досыць, каб уволю выспацца, каб супачыць. І Рыгор прачнуўся бадзёрым, свежым. Падняўся з пасцелі і ў адной бялізне прайшоў па пакоі. Пакой выглядаў нейкім нарадным і вясёлым, як ні разу да гэтага. Жывымі здаваліся карцінкі на сценах, учора смутныя, запыленыя, выглядала пачышчанаю мэбля. Ён падышоў да акна, адшмаргнуў фіранку, прачыніў яго і глыбокімі дыхамі пацягнуў надворнага паветра і сонечнага святла. Стала яшчэ бадзёрай, як бы хто ўпусціў у яго цела жыццедаўчы элексір. Рыгор сціснуў кулакі, прарабіў гімнастычныя махі і раптоўна, адбегшыся ад акна, прыняўся адзявацца. Аб заводзе не хацелася і думаць; наогул, ён цяпер жыў пачуццём, а не думкамі: цягнула да сну — ён спаў, захацелася адзявацца, пасля ўмывацца — ён прыняўся за гэта. Толькі тады, калі ўжо адзеўся і разоў з дзесятак прайшоўся па пакоі, завярцелася думка і паднялася свядомасць, якая падказала яму намаляваць цэлы план сённяшняга дня. З гатовым планам Рыгор і выйшаў а першай гадзіне на вуліцу.
На вуліцы было душна: сонца паліла, не шкадуючы, і да таго нагрэла брук, цэглу дамоў і асфальт тратуараў, што ад іх нясло, як з печы. Цяжка было сапці і не хапала паветра, каб задаволіць прасмагшыя грудзі. Рыгор перайшоў на ценявы бок вуліцы і памаленьку прайшоў да знаёмае кавярні, дзе ён заўсёды снедаў. У кавярні, куды ён завярнуў, было шмат халадней і прыемней. Але чамусьці ў ёй было зусім нямнога людзей. За адным столікам, каля буфета, сядзеў нейкі сярэдніх гадоў мужчына за бутэлькаю сельтарскае вады, а насупроціў, у кутку — двое дзяўчат, значна падбеленых пудраю, у памятых капотах. Яны паглядзелі на Рыгора пры ўваходзе ў кавярню і раз-поразу кідалі на яго бессаромныя ўзрокі. За буфетам сядзела знаёмая яму буфетчыца, сімпатычная дзяўчына, трымаючы ў руках кніжку. Рыгор папрасіў сабе шклянку гарбаты, французскую булку і чвэртку каўбасы, спакойліва, не спяшаючы паснедаў і, даўшы «бывайце здаровы» буфетчыцы, выйшаў.
Нягледзячы на духату, на вуліцы кішмя кіпела жыццё: шнурком беглі тратуарамі ў адзін і ў другі бок людзі, клапатлівыя, не маючы вольнае хвілінкі, з партфелямі, з палачкамі, з папкамі. Сярэдзінай, па бруку, шмыгалі самакаты, гуськом цягнуліся ламавікі, на перадках, запрэгшыся, як жывёла, плішчыліся ручныя перавозчыкі паклажы, спрытна вывіваліся сярод іх веласіпедысты. На рагах вуліц, пры ліхтарах, а то на падаконніках магазінных вокан стаялі і сядзелі чорныя забруджаныя грузіны, ваксоўшчыкі абутку, і ўперамежку чырвонагаловыя пасыльныя. Ім, пэўна, не было душна ад сонца, загартаваўшага іх загарэлыя твары і прагрэўшага да апошняе жылкі іх вытрывалыя постаці; таксама яны былі прывыклымі ўжо і да смуроднага пылу, які згушчаў сабой паветра і прасочваўся дыханнем у лёгкія. Характар работы прывучыў іх да вулічнага шуму, да нервовага гарадскога руху: хай сабе пячэ сонца, хай падымаюцца слупы пылу, а ім трэба стаяць на сваім месцы і чакаць, зазіраючы ў вочы прахожым, пакуль каторы з іх працягне чаравік або даручыць занясці пакет. Гэтакіх усё ж трапляецца нейкая лічба — і іх умела пазнаюць і пасыльныя, і ваксоўшчыкі абутку. Глядзіш — то адзін, то другі на вачах вядуць сваю справу. Таго ж чыну і таварышы іх — газетчыкі: на кожным рагу вуліцы сустрачалі яны Рыгора, прапануючы навязчыва сталічныя і мясцовыя газеты. Многія з прахожых з зайздросцю пазіралі ў вялікія, чыста выцертыя шыбы, магазіны, косячы вачыма або на хвілю-другую супыняючыся пры акне.
Прамінуўшы некалькі вуліц і перавулкаў, Рыгор, нарэшце, апынуўся на Узбярэжнай.
З Дзвіны нясло прыемным халадком і водгукам самавітага рэчнага жыцця. Нягледзячы на ціхую пагоду, Дзвіна паважна ганяла шэрагі невысокіх рэзвых хваль. У іх пералівах прыгожа гулялі празрыстыя пасмы прамення, зацяняючыся ў спадзе і асвятляючыся на спінках хібкоў. Дробныя пырскі вады блішчастым галёнам рассыпаліся над вадою, як бы хапаючы сонечнае святло і ўносячы яго ў халодныя глыбіні вады. Кожны сувой хваль вачавідкі вынікаў пасярэдзіне рэчкі, паціху раскалыхваўся і па раз намечанай дарозе накіроўваўся касяком к гранітным берагам. Дайшоўшы да берага, шлёпаўся ў яго і разбіваўся, уступаючы месца новаму валу. У тых месцах, дзе прарэзвалі Дзвіну параходзікі і параходы, уздымаўся скрутак вады, калыхаўся з напружанай сілай і ў выглядзе казачнага чудзішча нёсся за сваім радзімцам-параходам. На спатканне ім з розных канцоў спяшылі рэзвыя чаўнакі, гострымі лычамі ўзбіраючыся на высокія хібы і строма спадаючы з іх. З шырокіх памостаў, якія складаліся з процьмы плытоў, разносіліся над рэчкаю рэзвыя выгукі і смех плытнікаў.
Рыгор на нейкі час прыпыніўся на беразе, паглядзеў ва ўсе бакі Дзвіны і паціху рушыў налева, у бок завода, які агромністым зданнем высіўся над вадою рэчкі, паднімаючы свае коміны на ўзровень вострых шпіцаў высокіх кірхаў. Чорныя згусты атрутнага смуродлівага дыму камякамі вырываліся з шырокіх лёх каміноў і брудным шляхам прасціраліся над дахамі дамоў і над чыстаю вадою Дзвіны. Час ад часу Рыгор адрываўся і вачыма, і думкамі ад прастораў рэчкі і пераносіўся да заводскіх карпусоў. Перад ім выразна вымалёўваўся рэзкі кантраст між вольным размахам вадзяной стыхіі і абмяжованым сцісклым, прыдушаным тоўстымі сценамі, заводскім рухам.
Чым бліжай ён падыходзіў к заводу, тым паўней выдавалася яго жыццё, злітае ў магутныя стукі малатоў, у бразг жалеза, у свіст і траскатню паравікоў. Медны імпэт яго, прамагнічаны нейкай крэпкай сілаю прыцягнення, захопліваў Рыгора цалкам, як вір, укручваў яго сабою і ачула цягнуў у завод. Помеж з жалезнаю сілаю яму хутка пачалі чуцца ў яго стуку і бразгу прыемныя ноткі знаёмай музыкі, якія ўскаралі яго хаду, утуравалі цвёрдаму ступу ног і паважнаму цюканню сэрца. Думкі як быццам бы аддзяліліся ад кіраўнічага цэнтра і перадаваліся ва ўладу гэтай музыцы.
IV
Рыгор падышоў да заводскага тыну з высокіх, падвостраных уверсе дошчак і, у дадатак, убранага калючым дротам, агледзеў яго ўсцяж і ўверх і накіраваў да брамы. Цяжкія жалезныя вароты, ухарошаныя рысункамі і дзвюма галавамі ільва з чыгуннага ліцця свайго вырабу, стаялі надзейным вартаўніком ад уваходу пастаронніх людзей; аднак, нягледзячы на гэта, на шуле брамы выглядаў выразаны з медзі надпіс:
«Пастароннім уваход забараняецца».
Рыгор адняў вочы ад жалезных варот і абярнуўся да бакавых варотцаў з маленькім акенцам, праз каторыя звычайна ўваходзілі ў завод рабочыя. З боку гэтых варотцаў, пры тыне, які ўгінаўся на гэтым месцы, стаяла невялічкая двухмясцовая лаўка. «Ці ісці, ці не?» — усумніўся Рыгор і нават адступіўся некалькі крокаў ад брамы, вырашаючы. Да гэтага моманту, праз усю дарогу, яму не давялося паставіць перад сабою гэта пытанне, і зараз для яго было яно нечаканым. Але, абдумаўшы і ўзважыўшы яго, ён рашыў пайсці ў кантору і заявіцца аб звароце з пабыўкі.
Падышоўшы к варотцам, Рыгор крануў за ручку і забразгаў. Мігам з акенца пачуўся голас:
— Хто там? Чаго трэба?..
Рыгор паглядзеў у акенца варотцаў і ўгледзеў у ім маршчыністы, худы, абросшы рэдкаю бародкаю твар стоража завода — старога латыша Караля.
— А, гэта ты, Нязвычны? Ужо вярнуўся з пабыўкі?
— Як бачыш.
Караль за доўгую службу на заводзе паспеў налаўчыцца добра памятаваць у твар, а то і па прозвішчы, амаль не кожнага рабочага. Трэба было яму раз-другі ўгледзець любога навічка, пачуць яго імя ці прозвішча, як ужо Караль памятаў. З некаторымі рабочымі ён блізка знаёміўся, суседкаваў і кожны раз пры стрэчы з імі кідаўся ў гутарку, стараўся ладзіць у абыходжанні, услужваць, дзе і калі трэба. У ліку апошніх быў Рыгор. Караль хутка асвойтаўся з ім, палюбіў яго і адносіўся да яго з пашанаю. У выпадках, калі Рыгор пазніўся на работу, а дошка з нумарамі рабочых замыкалася, Караль прапускаў яго, браў сабе нумар і цішком падвешваў на дошку. Яму было вядома, калі Рыгор адбыў з завода ў пабыўку, на колькі яму гэта пабыўка дадзена і калі яна скончыцца. Пры ад’ездзе Караль шчыра развітаўся з Рыгорам і надзяліў яго багатымі пажаданнямі на дарогу.
Угледзеўшы Рыгора зараз, ён хутка адчыніў варотцы і выйшаў на вуліцу.
— Глядзі, як хутка прамінулася твая пабыўка, — з нейкаю спагадаю праказаў стораж.
— І не ўгледзеў нават, — адказаў Рыгор, — заўтра вось зноў на завод, зноў за напільнік ды молат.
— Ой, бяжыць, дзеткі, час, бяжыць з ім і наша жыццё, — заматаў галавой Караль, забыўшыся пра завод і непрычыненыя варотцы, — ці ў дабры жыве чалавек, ці паганае яго жыццё, з аднакавым рухам яно нясецца. Вось так і весь век прамігне — азірнуцца не паспееш, як апынішся на парозе магілы. Ці даўно я астаўся на гэты завод, а глядзі — хутка пятнаццаць год міне, як я на ім служу. А ўсё, што прыйшлося пабачыць і пачуць, як маланка бліснула — бліснула і згасла назаўсёды... Так, так, не перайначыць ужо людзям гэтага: як напісалася спакон веку, дык і ідзе адным, роўным простым шляхам, няўхільна, непаваротна... Што ж — няхай ідзе! Ці няпраўда?.. Давай, паведай хіба, як і што ты пражыў удому. Нябось, там у вас, пэўна, і край зусім інакшы, і людзі іншыя... У многіх месцах быў, а там не давялося быць ні разу... Радавалася, вядома, матка твайму прыезду, га? Два гады ці болей не быў удому, ды дзіва, што ўзрадуецца! Эх, дзеткі, яшчэ б не радавацца! Столькі турбацыі пакладаецца бацькамі пры вашым выгадаванні, столькі пакуты пераносіцца, пакуль вас у людзі вывесці, а выведзеш у людзі, паставіш, як той казаў, на ногі — дык і бывай здароў дом і бацькі. Я ведаю, сынок, гэта, добра ведаю; на сабе перажыў... Што ж зробіш з вамі, ветраноснымі! Толькі ўспадзе вам у голаў якая думка: на ўстрэм ваччу несяцёся вы з ёю ў туманную далечыню. Ці ж можна вас утрымаць! Так і вырываецеся з рук, як распуджаныя жарабяты, толькі боль паплыве па бацькаўскім сэрцы да горнасць сцісне асірацелую душу... Пэўна, думаю, маці твая не песні пяяла, калі праводзіла цябе назад у Рыгу, га? Раўчаком, нябось, ліліся слёзы з вачэй старое, цягнуліся рукі за табою, ды што ж, за фалды не ўчэпішся! Едзеш — едзь, яшчэ блаславенне паслала на дарогу... А сэрца на вугаль счарнела, а ўсе жылы на дрот згартаваліся. Ці няпраўду,мо, кажу, га?
Рыгору рупіла хутчэй заявіцца ў кантору, каб прапісацца ў пору, і ён адхіляўся ад гутаркі з Каралем, павяртаючыся ў варотцы. Караль жа ні на чога не шманаў, увайшоўшы ў гутарку, і пільна глядзеў Рыгору ў вочы, размахваючы рукамі і часта прытупваючы нагамі.
— Прамігнуў час маланкаю, — цягнуў далей гутарку Караль, — і глядзіш — ты зноў на заводзе. Пэўна, і дома быўшы, чуў яго шолам. Спаў і чуў. А я, вось, прывык. Сяджу і нібыто той: гадамі сяджу. Ні ў госці, ні на пабыўку не іду, бо няма куды і няма да каго. Няхай гудзіць, хутка загудзіць у магілу — тады будзе і спачынак, і пабыўка. Яшчэ год, яшчэ год — і бывайце здаровы завод і людзі, і ўвесь свет... Не шкадую, ведаеш, нізвання; бо куды ж, сапраўды кажучы, гэтае жыццё? Навошта яно годна! Гадамі сядзець ля парога, як той сабака, і пільнаваць чужое дабро... Чаму і што яно ўсё так склалася — не разбяруся, хоць і чую вялікую няпраўду і вялікі непарадак. Але ўжо неяк уцягнула цябе, прыбіла тваю сілу і супярэчнасць, і вось сядзіш пакорліва, падаешся ва ўсе бакі, куды цябе схіляюць... Не, брат Нязвычны, не раджу я табе быць такім, як я, рахманым і падатлівым: ні да чога не прывядзе гэта падатлівасць. Трэба быць цвёрдым, непадатным, упартым, тады шмат большага дасягнеш. Вы яшчэ маладыя і можаце загартавацца, выбраць правіловы шлях, пакуль не позна. Ваш брат, рабочы, ужо зразумеў, у чым крыецца непарадак жыцця, і прабуе павярнуць яго на інакшую сцяжынку. Вось, паглядзі, хоць бы перапёкі: забаставалі і трымаюцца цвёрда і ўпарта...
Рыгор паглядзеў Каралю ў вочы.
— Ласне перапёкі ўжо забаставалі?
— Бастуюць, ужо колькі часу, амаль не тыдзень. Кажуць, арыштоўваюць іх, ловяць па горадзе і за горадам на сабраннях, а яны стойка трымаюцца на сваім, ані кроку назад. І малайцы, скажу я, малайцы. Я дарую ім тое, што праз іх забастоўку падаражэў хлеб — няхай сабе; менш чвэрткаю ў дзень з’ем, але затое ведаю, што гэтым памагаю людзям дамагчыся палягчэння свайго становішча. Трэба ж супольна вясці змаганне з гаспадарскім уціскам. Годзе паддавацца панскаму гвалту: перамаглі ў пятым годзе, дык думаюць, гэта працягнецца на сотні гадоў. Дарма! У пятнаццатым ці ў дваццатым шчасце можа адвярнуцца... А я табе скажу, Нязвычны, што ўсё залежыць ад вашае, рабочых, злучнасці: вось бастуюць перапёкі, муляры, а да іх патрэбна прылучыцца ўсім заводам і фабрыкам. Каб нідзе ні дымку, каб нідзе ні стуку: і так горад за горадам. Нябось, нядоўга спрачаліся б! Па адным ці невялічкімі грамадкамі могуць перамагчы, а будзь усе з’яднанымі ды дружна наступам паведзены — тады зусім інакшыя песні пойдуць. Мо няпраўду, думаеш, кажу?
— Вядома, што так, гэтак і павінна быць, гэтак і будзе. Вось пачакайце крыху — толькі момант падыдзе. Нам, рабочым, нечага губіць, апроч сваёй няволі, — падмацаваў Рыгор.
— Братка Нязвычны, — прыцішаным голасам вымавіў Караль і пільна агледзеўся вакола сябе, прыслухаўся ў бок брамы, — ужо фабрыканты запалоханы: — пэўна, ведаюць і чуюць, чым гэта можа скончыцца для іх. Шэпчуцца вось і нашы дырэктары ўвесь час, а ў горадзе — дык багацеі адкрыта гавораць, што магчыма другая рэвалюцыя. Я пільна прыслухоўваюся і чую...
Караль зрабіў маленькую маўчанку.
— А думаеш, на нашым заводзе ўсё ціха? Не патурай; вось надоечы я чуў, як Артур Цвібель з Міхасём Камаром размаўлялі: наспяе, браток, нешта цікавае, наспяе...
Караль мнагазначна паківаў галавой і зрабіў крок назад.
— А ласне Міхась Камар не выехаў на пабыўку? — пацікавіўся Рыгор.
— Не. Толечкі вось ён прайшоў на завод. Нават пра цябе запытаў, ці не вярнуўся...
Караль раптоўна абарваў гутарку: за варотцамі пачуліся чыесьці шагі. Скалануўшыся ўсёю старэчаю постаццю, як перапуджаная авечка, ён паспешна кінуўся ў двор завода. Рыгор пайшоў услед за ім. Ля варотцаў яны абодва спаткаліся з двума суб’ектамі, ні то канторшчыкамі, ні то дырэктарамі, якія, раскурваючы гаванскія цыгары, аб нечым пільна гутарылі. Стораж пакорліва з-за вушака паціснуў леваю рукою варотцы, а сам падаўся ўсім целам назад, каб даць начальству прасторна выйсці на вуліцу.
Рыгор, адмеціўшы гэта, злосна скрывіў твар і хутчэй адышоў убок, павярнуўшы к канторы. Каб прайсці ў яе, трэба было перарэзаць наўскасяк увесь двор: кантора знаходзілася ў заднім корпусе заводскага будынка, хаваючыся ад двара за высокую тыльную сцяну.