SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ · 9 min de lecture

V

Рыгор, не азіраючыся, перасек двор і хутка апынуўся перад ганкам канторы. Паднімаючыся к уваходу, ён нечакана пачуў ззаду сябе ціхі вокліч і абярнуўся назад: з-за сцяны завода, таксама ў кірунку да канторы, ішоў Міхась Камар — яго добры знаёмы, таварыш па цэху і настаўнік па практычных ведах палітычнага руху.

Рыгор спыніўся на пятай ступеньцы ганка.

— Га, здароў, сябар! — уголас прагукаў Міхась да Рыгора, працягнуўшы яму руку і зрабіўшы шырокую цёплую ўхмылку на твары.

У адзнаку свае павагі да Міхася, Рыгор саступіў на дзве ступенькі ніжэй, ухіліўся перад ім і горача паціснуў яго руку.

— А вы, ласне, не ездзілі на пабыўку? — пацікавіўся Рыгор.

— Куды там мне на пабыўку, — весела адказаў Міхась і тут жа сцішаным голасам дадаў, — у нас хутка можа разыграцца гэткая рэч, што ўсе зараз адправімся на пабыўку, ды на доўгую...

Рыгор настаражыўся і са здзіўленнем запытаў у Міхася:

— А ў чым справа?

— Пачакай, я табе раскажу ўсё: давай паперш справім дзела ў канторы... А пакуль скажу, што ты вельмі добра зрабіў, што пад’ехаў к часу: цяпер кожны чалавек павінен быць на ўлічэнні. Тут завязваецца такі вузел, што — ой, ой, ой!..

Рыгор цалкам захапіўся Міхасёвым паведамленнем і ўжо забыў нават, зачым ідзе ў кантору. Усе планы і настроі раптам вылецелі з галавы, і распаленая ўвага завярцелася каля пачутага ад Міхася. Нейкая бадзёрая трывожнасць ахапіла ўсю яго істоту і рэзкім свярбячым казлытаннем забегала па целе.

Міхась аперадзіў яго на некалькі ступенек і першым падбег да дзвярэй канторы, азірнуўшыся на Рыгора.

— Што ж, прыняў блізка да сэрца тое, што я сказаў?

— Наадварот, я зарадаваўся вашай вестцы.

У дзверы абое ўвайшлі моўчкі, а ў калідоры Рыгор запытаў Міхася:

— А вы чаго ў кантору?

— Ды, вось, трэба атрымаць за звыштэрміновую работу.

— А сёння вы не на рабоце?

— Да палудня працаваў, а з палудня гуляю: трэба было скончыць некаторыя дамашнія справункі; распачаў калі ўжо і цягнуліся дагэтуль... Ну, а ты як прагуляў пабыўку?

— Эт, ні то ні сё... а ўсё ж такі крыху спачыў...

— А чаму так — нявесела?

Рыгор не паспеў адказаць: яны ўвайшлі ў пакой, разгароджаны на некалькі каморак стройнаю драцяною загарадкаю, з невялічкімі акенцамі, як то бывае на пошце ці ў банку. За загарадкаю на свабодна расстаўленых сталах, працавала шмат канторшчыкаў і рахавальнікаў. Бразджэлі лічыльнікі і чуліся ціхія перашэпты. Аднак, апошняе не перашкаджала шпарка і дакладна здавальняць наведнікаў-рабочых, якіх перад кожным акенцам стаяла па некалькі чалавек. Сярод рабочых было многа знаёмых Рыгору і Міхасю.

— Ну, я зайду сюды, — сказаў Міхась, — і калі спраўлюся хутчэй цябе, то пачакаю пры дзвярах.

Рыгор павярнуў у другі бок, заламаўшы направа. Якраз яму пашанцавала: канторшчык, да якога ён меў справу, за хвілю перад ім адпусціў апошняга чалавека і тут жа справіў Рыгораву прапіску. На гэту цырымонію пайшло не больш пяці хвілін, і калі Рыгор падышоў к дзвярам, то яму самому прыйшлося пачакаць Міхася каля чвэрткі гадзіны.

— Бачыце, я скарэй вас; вы нешта доўга разважалі, — праказаў Рыгор падышоўшаму да яго Міхасю.

— Грашовая справа не так лёгка робіцца, — адказаў той. — Ну, а цяпер ты куды? — запытаў ад сябе Міхась.

— Пэўна, дадому, а па дарозе паабедаю. А вы?

— А мне трэба спяшыць дадому. Давай, правядзі мяне да перавозу.

— Добра, якраз я сам меўся тудэю ісці.

Яны выйшлі на заводскі двор, перасеклі яго ў кірунку да Каралевай будкі і прыпыніліся. Караль не даў сябе доўга чакаць: хутка выбегшы з будкі, ён машынальна ўзяў пад казырок і адчыніў ім дзверцы.

— Заўтра, нябось, абое прыйдзеце на работу? — запытаў іх і жартліва дадаў: — няма чаго траціць часу.

— Ото ж і ёсць, — разам адказалі Рыгор з Міхасём.

Але стук дзверцаў, якія тут жа зачыніў за імі Караль, скралі іх словы, і стары моўчкі шмыгнуў назад у сваю будку.

Рыгор з Міхасём азірнуліся і павярнулі ў той бок, з якога Рыгор ішоў на завод.

Ім аставалася прайсці да прыстані каля вярсты. Рыгор не хацеў траціць часу, і толькі яны адышліся крокаў з дзесятак ад заводскае брамы, як ён хутчэй паспяшыў завесці гутарку.

— Дык вы паўней паведаміце мяне аба ўсім?

— Абавязкова... — Міхась навакол азірнуўся. — Вось што, брат, надоечы папярэдні дэлегацкі сход ад фабрык і заводаў вырашыў баставаць. Нельга, бачыш, прапусціць гэткага выдатнага моманту, які склаўся цяпер. Абурэнне ў рабочых гушчах паднялося высока. Усе, як адзін, з жалезнаю рашучасцю настроены пратэставаць супроць суду над балтыцкімі і кранштадскімі матросамі. Вось на днях павінен адбыцца паўторны станоўчы сход дэлегатаў, каб намеціць дзень абвяшчэння забастоўкі. Трэба не ўпускаць часу і не распыляць сіл. Якраз можна будзе падтрымаць дух і булачнікаў таксама. Колькі часу яны бастуюць, а падмогі няма; нават больш таго: між самімі ідзе няўладзіца — частка бастуе, другая пайшла працаваць. Гэта сее нездаровы настрой... А вось і на заводзе кампаніі: які час бастуюць адны і не да лепшага, а глядзіш, фабрыканты перамогуць і пойдуць у наступ. Ужо чуваць гутаркі аб лакауце. Патрэбна, каб нас не засталі раптам — лепей нам ударыць усім разам на ворага... Загэтым і паміж партыямі наладжана каардынацыя чыннасці...

— Так, так, так, — цалкам згаджаючыся з Міхасём, поўны натхнення адказаў Рыгор,— толькі тады выйграем, калі самі пойдзем у наступ... Настрой уздымны ўсюды... Вось у нас, дзе я быў, гатовілася забастоўка гарбароў... На вёсцы канфлікты сялян з памешчыкам...

— Вось бачыш...

Міхась хвіліну падумаў.

— Ты, пэўна, зусім не спадзяваўся, што так шырока разліюцца здарэнні. Тыя маленькія адзнакі, якія адмячаліся перад тройцаю, зусім не казалі на гэта... Яно, бачыш, заўсёды так бывае...

— Ведаеце, таварыш Міхась... — перабіў Рыгор. — Каб я ведаў, што ўсё яно прыме гэткія формы, я б і тыдня дома не прасядзеў... Дзе там адпачынак у час пажару! Мяне ўсяго ахапляе абурэнне, забірае прага... Пара ўжо, нарэшце, сказаць рашучае слова... Праўда, і дома я дарам не праседзеў...

— Шша-а!..

Міхась суняў Рыгора.

— Ты цішэй... Пара прыспела падаць голас — падавай. Напіраюць злучанымі сіламі капіталісты і ўрад. Пачулі нядобрае для сябе... А калі напіраюць, то не гнуцца ж самохаць!

— Пэўна, у трубу сагнуць... Падумаць толькі, да чаго дайшло. Хоць бы ўзяць вёску — выказаць нельга, што там чаўпецца! Ураднік, старшыня, стражнік, поп, нават дзесяцкія — усе агулам глумяцца з бедняка. Не адгукніся, не абзавіся, слова не вымаў — усё аглядайся, усё бойся. Маўчы, як нямы. Але, не маўчаць, а чакаюць, што горад скажа, што мы тут пастановім.

— Гэтага мала, патрэбна рашучая падмога з боку сялянства...

— Мне думаецца, што яна будзе. Я суджу па сваім месце. У нас большасць — бядняцкае малазямельнае сялянства; ёсць багатая спадчына народавольчаскай чыннасці: яскравая памяць аб 1905 годзе. Арганізацыя сацыял-дэмакратаў хоць і невялікая, а ўплыў мае вялікі. Між вёскамі маецца цесная сувязь — у кожнай ёсць некалькі нашых чалавек...

— Так, але ўсяго гэтага мала, вельмі...

Міхась не даказаў і змоўк. Рыгор не прымеціў нават; захоплены настроем моманту, ён сягаў і думкаю, і пачуццём у блізкай будучыні, якую абяцалі выкінуць наповерх хвалі раскалыханых здарэнняў. Выабражэнне яго не магло справіцца з тым вобразам, поўным сілы і магутнасці, руху тысячных грамад, які ў выразных рысах насіўся ў яго ваччу. Перад гэтым вобразам прыкметна нікла і гінула ўсё тое, што было не звязана з агульным жыццём, з ідэямі працоўных гушчаў. У Рыгоравым нутры ўвачавідкі нарастала прагнае жаданне як найхутчэй падцягнуць здарэнні, прыспяшыць іх развязку і, разам з гэтым, не абысці іх самому, не абмінуць, а абмыцца імі, кінуцца ў іх віраванне, уплыць сваёю чыннасцю на іх развіццё і пасобіць пакіраваць па сваім разуменні. О, ён даў бы ім кірунак, смелы і адважны!

Рыгор ажно скалануўся ўсёй постаццю ад надышоўшага пачуцця ўздыму. Паглядзеў на Міхася. Мімавольна падумаў: «Руху, змагання, помсты! Хай бы адчулі на сабе, якая сіла назбіралася ў нашых радах!..»

— Так... — ацвярозіў Рыгора Міхась. — На днях назначаны другі дэлегацкі сход... Ад нашай майстэрні, ведаеш, выбралі і цябе... Што ты скажаш?

— Як яно выйшла? Ці ж ведаюць, што я прыехаў? Або без мяне не знайшлося? — здзівіўся Рыгор, а сам палаў ад радасці... — Ці не вы, адно, Міхась, пастараліся?

— А калі я, дык ты нездаволены?

— Не тое, толькі думаў...

— Годзе думаць, пара сур’ёзна брацца за справу...

Рыгор памаўчаў, ён толькі і думаў аб сур’ёзным.

— А скажыце, Міхась, які настрой на нашым заводзе? — перайшоў ён на другое.

— Як і ўсюды: рвуцца на барыкады...

Рыгор падумаў, пакуль прайшлі які сажань, пасля зноў запытаў Міхася:

— Ну, а як, па-вашаму, можна спадзявацца на поспех?

— Па-мойму, адно: будзем маўчаць — то, напэўна, прайграем, а станем адбівацца, то хоць прайграем, але не столькі...

— А такі прайграем, ці так, ці гэтак? — сумеўся Рыгор. — Дакуль жа, нарэшце, мы будзем прайграваць, скажыце?

Міхась усміхнуўся. Паглядзеў па баках.

— Трэба вучыцца выйграваць на... прайграным.

— Балюча і немажліва гэта... Годзе! Трэба напружыць усе сілы і паўтарыць пяты год...

Міхась узяў Рыгора за руку.

— Астынь, астынь, браток. Занадта ты гарачы, як я пабачу. Лепш паціхеньку, вобмацкам, збіраючы сілы, вырахоўваючы, а не без азірку, нагалам. Пачакай — яшчэ год, яшчэ год...

— І колькі гадоў?

— Колькі выпадзе — тут не скажаш дакладна.

Рыгор сярдзіта матнуў рукою ў бок горада.

Міхась не ўтрымаўся і ўголас зарагатаў:

— Зялёныя!

У яго словах Рыгор адчуваў недачасную спакойлівасць, і падазрона падумаў: «Ці ж можна з гэткім настроем ісці ў бойку».

А Міхась, чалавек гадоў сарака пяці, нагледзеўшыся і начуўшыся, перажыўшы шмат забастовак і паўстанне пятага года, многа разоў губіўшы палкасць і захапленне з-за частых няўдач, пазіраў на Рыгора, як на вучня, упікаў за яго моладасць, шкадаваў сваіх ранейшых гадоў і тут жа сам сабе цешыўся, як бы ў адплату за іх, што яго сілы і турбацыя не загінулі, што з кожным часам новыя і новыя шэрагі ваяк выступаюць на арэну змагання за вялікія ідэі вызвалення працоўных. Багатая сокамі цаліна агромнай краіны расціла маладыя пасынкі. Што, сапраўды, усе тыя пакуты, якія давялося перанесці! Міхася, арыштаваўшы ў першамайскую маніфестацыю, марылі тры месяцы без работы — ці ж не дзеля таго гэта, каб дзень ада дня, на вачах, уверана ды ўпарта ўзрастала на гэтым новая хваля маладое бунтоўнае сілы, сілы, якая нясе ў сваім росце магутныя заданні новаму, вольнаму жыццю!

Вось Рыгор! Колькі іх ідзе па Міхасёвых слядах!

І далей, далей, туды за Дзвіну, туды, да заліва, адыходзілі чорныя цені мінуўшчыны, праясніліся паземы, і побач расла вера, маладое натхненне.

Міхась ступаў па напаленых каменнях тратуара і адчуваў, як прутка выпростваюцца ногі, як лёгка адмяраюцца рашучыя, цвёрдыя крокі. Ён ішоў праз гушчу варожага яму жыцця, якое сціскала яго звакол, давіла духатою атрутнага паветра, — а яго вера маланкаю разразала згусткі павісшай жыццёвай духаты.

Рыгор, ідучы побач, замоўкшы, задумаўшыся над тымі ж заданнямі, што і Міхась, цешыў апошняга сваім настроем і глыбокім пазнаннем падаспеўшых пытанняў моманту.

Міхась не сцярпеў, каб не выказаць Рыгору свайго пачуцця.

— Ведаеш, Рыгор, ты ўзбадзёрыў мяне сваім настроем. Я вельмі рад тваім словам; я рад, што ты ўбіраеш іх гэткім натхненнем.

Рыгор быў палішчаны.

— Я радуюся, таварыш Міхась, што папаў у гэтыя ўмовы жыцця; я шчаслівы, што не закалыхала мяне мястэчка сваёю будзёншчынаю. Я бласлаўляю той момант, у які я стаў на шлях змагання. Сіла яго збіралася ва мне гадамі, гартавалася, а зараз вось выбухае наповерх. І кажу я вам: майму жыццю няма і не будзе іншае дарогі, як дарога несупыннага, кіпучага, самазабыўнага класавага змагання за свабоду...

Рыгор слова за словам паднімаў голас. Захапляўся пачуццём, ківаў галавою і перабіраў пальцамі. Пешаходы, што наганялі іх ззаду і што ішлі насустрач, цікавіліся, павярталі ў іх бок галовы, некаторыя азіраліся, іншыя чуць-чуць усцішалі хаду; бывалі, што іранічна падсмейваліся. Нарваўся адзін такі, што бесцырымонна спыніўся, параўняўшыся з імі, і пільна пачаў прыглядацца. Рыгор не прыкмеціў, але Міхась, напрактыкаваны на людзях, заўважыў цікавага і тузануў Рыгора за рукаў: Рыгор сціх і паглядзеў на Міхася...

Зусім блізка была прыстань. Перад дашчанаю будачкаю ціснуўся натоўп людзей, якія чакалі парахода. Да іх надыходзілі ўсё новыя, гусцеючы і павялічваючы кожнаю асобаю людскую грамаду.

Рыгор з Міхасём сышлі з тратуара, перасеклі вуліцу і апынуліся ў гушчы натоўпу. Як і ўсе, паглядзелі на рэчку.

Дзвіна паважна гайдалася ў каменных берагах. Лёгкія скруткі спакойлівых, нібы прыўтомленых хваль, пярэстых ад пераліву святла з ценем, кудысьці задуменна вялі паход. Белымі, буйнымі птушкамі насіліся лёгкія паруснікі, як правадыры хваль; каля абодвух берагоў ціснуліся пукатыя, ужо засмоленыя і яшчэ жоўтыя баркі, заплыўшыя вадою плыты. Далей і бліжэй шныралі параходы і параходзікі.

— Якая магутная рака! — падзівіўся Рыгор.

Міхась нічога не адказаў: натоўп зарухаўся і падаўся да сходаў; іх абодвух збілі з месца — падыходзіў параход.

— Ідзі лепш, каб не натаўхалі, — параіў Міхась і схаваўся ў людзях.

— Да заўтрага, бывайце! — паслаў за ім Рыгор.