SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ · 5 min de lecture

VI

Расстаўшыся з Міхасём Камаром, Рыгор прайшоў у горад, дзе адну за другою паспешна справіў усе свае патрэбы. Па дарозе дамоў ён захіліў у парк і некалькі разоў засаб абышоў па дарожках аблюбаваны круг. Ім увесь час валодаў узвышаны, неастываючы настрой. Пра работу, якую мусіў заўтра ж з раніцы пачаць, ён і не патураў. Усе яго думкі неадлётна віліся вакол гутаркі з Міхасём. Яна адчыніла Рыгору новыя паземы, паказала заварожную таямніцу бурлівага перажывання, хлынула бляскам бясконцай, разліўной, як Дзвіна, урачыстасці. Шэраю палоскаю, мігаценнем імжэла невыразнае адзнанне аб павіннасці працаваць, аб закураных сценах заводаў, аб жалезнай браме, аб сторажу Каралю. І гэта не чапала яго, як не чапаў яго ўвесь парк са сваім жыццём: з вясёлымі дзеткамі, што ганяліся за апукамі і абручамі, з боннамі ў беленькіх пастэрачках і з кухаркамі — у гафтаваных хвартушках, з бяздомнымі валацужкамі, з шляхетнымі бабулькаміскарэдніцамі, з вясёлымі рэзвымі парачкамі, з сахармарознікам і прадаўцом рознакалёрных пухіркоў. Толькі б дапомніць яму хацелася гэтым людзям, што іх лёс у многім залежыць ад тых здарэнняў, якія хутка пранясуцца над горадам, над Дзвіною і над Верманаўскім паркам. Рыгор паглядзеў вакола сябе.

Ён ведаў, што яго думкі і планы, што яго перажыванні і настрой няведамы нікому. Яго пацягнула прысесці пад лахматым, капялюшыстым клёнам, з боку ўквечанай клумбы, наўскасяк ад сажалкі. Ён прайшоў наперад, паглядзеў на адну, на другую лаўку, вярнуўся назад, але ўсюды было заседжана, занята. Тады Рыгор выйшаў з парку на вуліцу і ўспомніў, што да яго можа прыйсці Ганна. «Авось ды надумае — пайду! Абяцаў жа быць. Трэба спаткацца!»

Ішоў і думаў аб Ганне. Пазіраў на сонца і лавіў яго чырвоныя праменні ў водблісках вокан, у праваллях між высокімі мурамі. Баяўся не спазніцца. Не азіраўся назад; ёмка віляў між пешаходаў, калі-нікалі саступаў на брук.

Нарэшце — дома. Рыгор каля брамы спыніўся і паглядзеў убакі, а мо Ганна ідзе яшчэ ці ўжо выйшла, вяртаецца дамоў і з астатняю надзеяй кідае праглівыя возіркі? Нічога не ўгледзеў і павярнуў у двор, на ўсходы, да кватэры.

Ніякага следу, ні знаку. Вільгельміна адчыніла дзверы і прасунула ў іх свой непрыгожы твар.

— Да мяне ніхто не прыходзіў? — даведаўся Рыгор.

— Не, ніхто. А ласне хто меўся зайсці? — пацікавілася Вільгельміна.

— Так сабе, мо каму і надумалася б, — схлусіў Рыгор.

— А вы ўжо з завода?

Рыгор усміхнуўся:

— Праспаў сёння.

— Няўжо? Я ж будзіла — роўна а сёмай гадзіне стукала ў дзверы.

— Я чуў, дзякуй; але не захацелася ўставаць.

— Вядома — пасля дарогі затаміліся... А я думала, што вы на заводзе, цэлы дзень не чуваць у хаце... Ды яшчэ паспееце нарабіцца...

— Пэўна, мы натое і жывем, каб рабіць.

І ён прайшоў у свой пакой. У пакоі было ціха і свежа; адчыненае праз увесь дзень акно ачысціла паветра, падсушыла. Глухім гудам уплываў гарадскі шум; Рыгор зачыніў акно і пастаяў каля яго хвілін з дзесяць. Пасля адышоўся на сярэдзіну пакоя, паглядзеў вакола і прылёг.

А ў гэты час, перажываючы хваляванні няпэўнасці, набліжалася к дому Ганна. Ціха, але ўверана, раззіраючы па баках і час ад часу паглядаючы на нумары дамоў, яна ішла да Рыгора з такім разлікам, каб прыйсці на кватэру на змроку, калі б, напэўна, ён быў дома. Яна не баялася зблудзіць, бо лічба дома і асабліва нумар кватэры — № 33 — добра запамяталіся ёй, нібы хтось выразаў скальпелем на сэрцы. Яна іх бачыла, нават адчувала з моманту, калі іх выказаў Рыгор. Расказвала мацеры, як і што гуляла ў гасцях, што там чула і бачыла, як жывуць дзядзькі і знаёмыя, — а думка ўвесь час вадзіла перад яе ваччу лічбу дома і лічбу кватэры — роўныя, вочастыя, стройныя тройкі. Хадзіла на рынак купляць харчы — і гэтыя лічбы нясла з сабою. Яны кідаліся Ганне ў вочы на кожным муры, дзе чырвоныя на цёмным полі, дзе белыя — на сінім, выразнейшыя, то цямнейшыя. У іх была патаемная сіла прыцягнення. Ганна не ведала, як скаратаць дзень, каб, нарэшце, падысці да гэтых троек і заглянуць за іх заслону. Рыгор!.. Між дваіх троек, жывы, рэзвы, як мастацка намалёваныя лічбы і — захоплены ёю, Ганнаю... Як хутчэй скаратаць дзень? Быў бы ён дома! Бралася за кніжку, калі маці адлучалася ў горад, вадзіла вачмі па радках літар, а з іх паяскоў вынікаў знаёмы твар, яго пекныя рысы. Губіўся сэнс, і галава павярталася да дзвярэй — дзе клямка з прадоўжнаю ручкаю таксама падобілася на тройку. Паглядала ў адно акно, то ў другое і, бачачы толькі кароценькія клінкі ценяў на спрэс залітых сонцам сценах і дахах дамоў, востра недаволілася, чаму гэтым днём, як назнарок, так доўга не заходзіць сонца. Нібы хтось прыбіў яго на адным месцы, і яно не можа крануцца кнізу! Гэта ж трэба! Некалькі разоў пачынала збірацца ісці — не магла чакаць, — але падыходзіла да дзвярэй і адразу паварочвала назад. Куды ж сярод дня! Рыгора, напэўна, няма ўдому... А шостай гадзіне Ганна выйшла на двор. Але яснасць дня, паднятае над мурамі сонца, зноў вярнулі яе ў хату.

— Забылася нечага? — запытала маці.

— Хустачкі.

— Ты не баўся, дачушка, — папрасіла маці, калі Ганна выйшла.

— Не, не.

А сама і не думала, што хлусіць мацеры. Толькі б застаць Рыгора, а там — як удасца... І ўжо захіліўшы за рог дома, забыла аб мацеры.

Свяціла сонца — крыху пачырванелае. «А калі крыху раней прыйду», — рашыла Ганна, адкідаючы сумненне.

Непрыкметна прайшла Ганна ўсю дарогу і зусім нечакана апынулася каля дома... Было відна — няхай сабе. Толькі кінула вокам паўзвыш брамы, праверыла лічбу і павярнула ў двор. Яе паварот адмеціўся лёгкім цюканнем сэрца, іначай звычайнага. Але не сумелася, перасекла двор, запоўнены дзецьмі, і ўзышла на ўсходы. Адзін, другі, трэці пралёт. А вось і дзве тройкі — хтось хацеў захаваць — палінялі; усё ж для яе выразныя.

«Званю!» — падбадзёрыла сама сябе і пазваніла, каб пэўней было.

За дзвярыма пачуўся гучны тупат, і зараз жа яна пачула запытанне:

— Вам каго?

— Рыгор Нязвычны дома?

Вільгельміна — яна адчыніла дзверы — адразу нічога не адказала, а падазрона аглядзела Ганну з ног да галавы, зрабіла чарствую міну на твары, пасля двухсэнсоўна запытала:

— Ры-го-ор? А на-во-ош-та-а ён?

— Мне ён патрэбен, ці дома? — з налётам нецярпення адказала Ганна.

— Патрэ-эбен?! — зацягнула Вільгельміна. — Ідзіце! — і прапусціла Ганну ў кватэру.

Ганна ўвайшла і спынілася ў цёмным калідоры.

— Вунь там, направа, — падказала Вільгельміна, засвяціўшы агонь, — апошнія дзверы, — дадала яна, — ён дома, пастукайце.

Ганна падышла да дзвярэй і нерашуча спынілася, але хутка сабралася і пастукала. З-за дзвярэй пачуўся голас:

— Хто там?

А за голасам пайшоў клапатлівы рух.

— Адчыніце, Нязвычны!

Рыгор адчыніў дзверы і, замест прывітання, перапрасіў Ганну:

— Выбачай, што я ў сонным выглядзе: натупаўся за дзень па справах і змардаваўся.

— З гэткай цікавасцю мяне чакаў? — падцяла Ганна.

— Што-о ты... пакінь.

— Садзіся... А я ўжо думаў, што ты... можа і не прыйдзеш?..

— Спаў і думаў?

— Перад сном...

Ганна прысела.

Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ · 2 min de lecture

VII

Рыгор доўга глядзеў на Ганну, стоячы побач: і ў профіль твару, абгорнутага русымі косамі, і на галаву, якая густа ўбіралася чыстымі ільняністымі палойкамі гэтых кос, сабраных на задзе галавы ў багатую, абаранкамі, куклу; збягаў яго ўзрок па белым снежным полі шырокіх роўных плеч да перацятае стужкаю паясніцы; змераў рукі, танклявыя, мармуравыя, за локці аголеныя; асмельваўся прыкмячаць белыя туфлі і нацельнага колеру панчохі. Рад быў, што ніхто, што сама Ганна, не перабіваюць яму любавацца маладою дзяўчынаю.

Рыгор не чакаў, а рука сама апусцілася Ганне на правае плячо. Тая здрыганулася.

— Чаго ты?

Маўкліва Ганна паднялася, прайшла некалькі разоў па пакоі, пасля прысела на ложку.

— Садзіся, — паказала рукою. — Якая ў цябе строгая гаспадыня! — калі Рыгор сеў — сказала Ганна. І паглядзела яму ў вочы мяккім, але праназаватым узрокам. Рыгор абняў яе, прыціснуў да сябе і пацалаваў.

— Гэта работніца, бач?

— Не ведаю, тоўстая гэтая, пляскататварая.

Рыгор засмяяўся.

— Праўда, праўда! Абараняе цябе.

— Малайчына.

— Добра жывіцё з ёю?

— А не сварымся.

— Ну, ну, скажы?

Ганна бязвольна апусціла голаў яму на грудзі.

— Я ўтамілася сёння не менш твайго.

— Якім чынам?

— Я прагавіта, запойна чакала вечара, каб хутчэй убачыцца з табою. Ты паверыш?.. Утамілася, хачу прылегчы... Папраў падушку...

Рыгор выпаўніў просьбу і ўстаў.

— Ты баішся, каб я цябе не прыспала? Садзіся... Бліжай, яшчэ бліжай... Кажы мне што; як ты правёў дзень? Ці чакаў мяне?.. На вуха, прыхіліся, я не чую...

Яна закінула руку яму на шыю, прыцягнула да сябе.

— Ты чакаў мяне? А спаў, нябось; нават выйсці адчыніць не схацеў... Даў мажлівасць вылаяць мяне, праэкзаменаваць... Чуеш! Я сама набіваюся табе, надазаляю... Кажы, каб...

Яе словы ціхлі водлуг таго, як Рыгор усё шчыльней прытуляўся да яе, пакорны, адданы яе раз'юшанаму жаданню, паслушны рухам яе рукі... Ганна спавядала яго, ён маўчаў, баяўся супярэчыць, шкадаваў — бо мілаваў яе зацяжны выказ плаўных сказаў, трапяткіх зыкаў, шаўкавістага тону ў голасе. Яшчэ не чуў ён да гэтага моманту падобных напеваў, не прабаваў гэткае асалоды ў ценькіх вібрацыях агрэгата густым подыхам шэпту. «Спачывай, спачывай, мая мілая», — білі думкі ў галаве.

Гарэла лямпачка пад столлю, і шэры змрок ліў у акно алавянае праменне. Туманнае святло аблівала каморку, скрадаючы ўбогасць яе абсталявання...

Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ · 4 min de lecture

VIII

Каб хто заглянуў у пакой Рыгора праз гадзіну, то ўгледзеў бы, як двое маладых істот маўкліва стаялі ў акне і пільнымі, праглівымі вачмі паглядалі на белаватае, нібы затуманенае неба, якое скрадала зыркасць зор і пекнату лазурку, нізка ападаючы на шэрыя дахі муроў. Здалёку да іх даходзілі гукі свісткоў, прытоены, нібы падземны гул і пісклявыя зацяжныя ноты скрыпкі. У каморцы, за іх спінамі, было святлей, ніж на дварэ, але ніводнаму з іх не хацелася аглядацца, каб не абудніць настрою, які паціху ападаў, сыходзіў з апагея ўздымнасці. Зыкі скрыпкі справодзілі яго да роўнаважнасці, але помеж выклікалі перажытыя хвіліны, тым ці іншым звязаныя з іх спатканем і зараз далёка адышоўшыя, часткаю загістораныя ў іх жыцці.

Да Рыгора з’явіліся вобразы Сілцоў, ажылі постаці Сёмкі, мацеры, нават Зосі; цугам панясліся пацеркі ўспамінаў, перажыванняў. Нібы другім пластом сваіх думак, не падлеглых яму, ён паціху ды паважна перабіраў мінулае... Але цесна быў завязаны асяродкам свае істоты з Ганнаю. Ён адчуваў, што Ганна марыць ім, жыве спатканнем, п’е хвілі бягучага жыцця, як бы чытаў яе думкі, што ляцелі ў Ліцк, на станцыю, дзе з новым днём зараджалася іх знаёмасць. Неразрыўным сплётам — цягнік, гутарка ў вагоне, гулянне на станцыях. Пасля — Рыга, дзень чаканняў і нарэшце... каморка, вось-вось ён побач, жывы, неапісаны. Як многа перажыткаў! За гэткі малы кавалак часу! Чым так зачараваў яе Рыгор? Быў Герасім, якім яна жыла, з якім столькі часу гуляла, якога, думала, ні за што не заменіць, — нядаўна рассталася з Андрэем, а раптам — Рыгор!.. Ганна не стрымалася і бязвольна апала яму на плячо, ажно гайданулася.

— Што з табою, Ганна? — падхапіў яе Рыгор.

— Нічога. Я так шчасліва, я гэтак рада жыццю, мой Рыгор...

Ён адвёў Ганну ад акна і пасадзіў на крэсла, сам стаў перад ёю, умільна гледзячы ёй у вочы.

— Ты не сярдуеш, Ганна? — перасцярожна запытаў.

Яна скрала адказ. Толькі праз некалькі хвілін нясмела вымавіла:

— Ты не думаеш правесці мяне?

— Што ты! Зараз!

Яна рушыла да дзвярэй.

Перагарадзіўшы ёй дарогу, Рыгор сказаў:

— У Рызе неспакойна: ідуць забастоўкі, арышты рабочых. Кожную хвіліну я магу падзяліць лёс сваіх таварышаў.

Ганна жахнулася і пужліва паглядзела Рыгору ў вочы.

— Рыгорка, не мяшайся ты, не мяшайся...

Узяла яго за руку:

— Прыходзь да нас начаваць.

Рыгор усміхнуўся.

— Не мяшайся-а. Цудная ты! Я мушу не адставаць ад другіх, я мушу разам з маімі таварышамі змагацца за волю, за шчаслівае жыццё працоўнага люду... Я не магу сыходзіць убок, калі на мяне напіраюць... Разумееш, Ганна? Трэба абараняцца... Трэба на гвалт адказаць гвалтам...

— Усё ж, прашу цябе, — беражыся... Дзеля мяне, дзеля мае просьбы, шчырае, сястрынае просьбы.

Рыгору шкада стала Ганны, якой былі мэрам бы незразумелы яго словы, яго воклічы. Ён задумаўся.

— Не пайду, пакуль не дастану згоды.

У адказ Ганна атрымала пацалунак і ўверана рушыла з каморкі.

Вільгельміна праглянула з кухні і ціхім голасам папярэдзіла Рыгора:

— Я на ланцужок не вазьму — захапіце ключ.

Рыгор правёў Ганну да самага дома; вярнуўся гадзіны праз дзве. Каля дзвярэй успомніў, што ключа не захапіў: здаецца, браў, а памацаў у кішэнях — няма. Прыйшлося званіць. Вылаяўся на сябе за сваю забыўчывасць, але тут жа ўважыў — незвычайныя абставіны. Хапіўся за званок і пацягнуў засаб два разы — зазваніла, як над вухам, ажно праняло ўсяго. Занадта. Прыкусіў язык.

Сонная, раз’юшаная зараз жа каля дзвярэй апынулася Вільгельміна.

— Хто там? — пачуўся моцны шэпт.

— Я, Рыгор, адчыніце.

Адчыніліся дзверы. Вільгельміна ў сподняй спадніцы, у гарсаванай кашулі, сарамліва падалася ўбок.

— Не глядзеце, Рыгор.

— Выбачайце.

Рыгор прайшоў к сабе. У каморцы было светла: не трэба было агню. Рыгор раздзеўся і падышоў да ложка; абапёрся на яго спінку. І, як заўсёды, перакінуўся думкамі ў Сілцы — яны чапляліся за Рыгора! «Ці можа сабе дапусціць Сёмка ўсё тое, што прывёў яго неасцярожны паказ пальцам у Ліцку на станцыі? Ці паверыць ён, што я так хутка сумеў блізка сысціся з гэтай дзяўчынаю, падобнаю да Зосі? Напэўна, ён зусім ужо выпусціў Ганну з памяці, як большасць пасажыраў. Мужчына з дзіцём на руках і побач яго маладзіца з другім, што ехалі на новае месца, мо знанае, знойдзенае, а мо яшчэ невядомае зусім — гэта сям’я, пэўна, выразней усяго адаб’ецца ў яго выабражэнні. Каб ён ведаў, што я тут вытвараю! Смяяўся б покатам, цешыўся б».

У супрацьлежным акне патухла святло. Рыгор апусціў фіранку. Каморка правалілася ў шэрасць ночы. Ён паглядзеў на двор — было шэра і на дварэ. Цьмяны водсвет ліхтароў чуць-чуць мігаў над дахам бакавога муру.

«Сапраўды, — адвярнуўшыся на каморку і гледзячы ў яе шэрасць, задумаўся зноў Рыгор: — цікава ўсё ж са мною. Так заклапаціцца дробнымі справамі прыватнага жыцця! Якія ў іх прынцыпы ці законы, каб на іх будаваць тыя або іншыя планы? У параўнанні з агульным жыццём — то ж мізэрная нязначнасць. Усё залежыць ад агульных умоў: паправяцца — выйграю і я, пагоршаюць — пацярплю з іншымі. Значыць тады — патрэбна змаганне супольнымі сіламі за супольныя мэты».

Думаючы яшчэ з паўгадзіны, Рыгор папераменна пераходзіў з полюса да полюса ў двух разнастайнасцях сваіх думак. Рабіў параўнанні, выводзіў супольнасць між асобаю і масаю, даводзіў і разбіваў доказы пераважнасці самотных інтарэсаў над агульнымі.

Нарэшце, адчуў утому: пачалі блытацца думкі і перарывацца ўспаміны. Ацяжэла галава. Рыгор паглядзеў на гадзіннік — гадзіннік паказваў палову другое.

Непрыкметна прабег час. Успомніў, што заўтра на работу, і кінуўся ў пасцель...