SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ · 6 min de lecture

І

Рыгор разумеў Сёмку, і калі судзіў аб ім, то судзіў ўпапад.

Расстаўшыся з таварышам, Сёмка не паспеў яшчэ выехаць з прывакзальнага пляца, як ужо выпусціў з думак не толькі Ганну, а і ўвесь вобраз вакзальнага руху. Усё злілося ў мінутным выбуху нейкай метусіны і адразу расплылося ў лёгкім тумане. Астаўся адзін Рыгор, з якім не разрываліся яго думкі, які загартаў сабою і вакзал, і яго рух. Услед цягніку несліся Сёмкавы думкі, а ў грудзях яго адчувалася прыкметная пустата. Не верылася, што прыйдзецца аднаму вярнуцца ў Сілцы. Вырасла ў яго галаве многа розных вялікіх планаў, якія ахоплівалі ўсё жыццё і вярцеліся вакол яго. Сёмка раз-поразу азіраўся ў бок вакзала, пакуль не выехаў за пасёлак.

Цёплая сонечная раніца чаравала поле. Зелень кушчастае густое ярыны ізумрудзілася полівам чырвоных праменняў сонца, сапла цёплым парным паветрам пасля мыцця халаднаватай расою. Цёмнымі лахматымі брыжамі абкідалі поле маладыя лясы-хвойнічкі. З кута роўнакутніка, які апісваў маладняк, каля пералеску нёсся гук трубы-беразоўкі і зычныя рэзвыя галасы пастушкоў. Крычалі вароны і перакідваліся з месца на месца сіваваронкі. Цыбаты бусел спацыраваў па граніцы лесу, адначасна сумяшчаючы службу палясоўшчыка і паплаўнічага. Паважна апускаў голаў, пасля паднімаў яе і глядзеў у бакі. Пэўна, цікавіўся заліўным траскатаннем некалькіх жаўранкаў над рунню. Косаю сцежкаю, што выходзіла з хвойнічку і накіроўвала ў левы ад Сёмкі бок, да вёскі Пралескі, паціху, чуць-чуць варушачыся, ехала на адгоне адна ад другой пара фурманак. На драбінах сядзела па адным чалавеку ў белых сарочках; яны выглядалі гіпсавымі фігуркамі, якія хтось акуратна паставіў на вазах і пусціў ціхім тупат коней, каб не разбіць іх ад трасяніны па калдабоінах выбітае сценкі. Хутка выйшла з рогу хвойнічку трое кабет ці дзяўчат з поўнымі мяшкамі травы на плячах. Здалёк паказвалася, што вось-вось цяжкая ношка прыгне іх да долу, ападзе сваёю вагою і прыдушыць або пераломіць аголеныя за калені ногі. У паветры было ціха; расліны стаялі заварожанымі.

Сёмка ўладзіўся сесці так, каб паглядаць абапал гасцінца, сочачы за пасевамі. Ён суздром захапіўся полем і любаваўся ім, як мастак сваім вобразам. Яно родна Сёмкаваму сэрцу, блізка яго разуменню. Змалку прывучыў яго бацька хадзіць каля зямлі, любіць яе і даглядаць. За якія восем гадоў Сёмкавы ногі пакінулі мільёны слядоў у мяккай глебе па вільготных разорах і на цёплым баранаванні; яго праца, што цеплатою і потам пералілася ў мяккі парашок чарназёму і суглінку, напаіла мільёны камялькоў аўса, жыта, грэчкі, ячменю; яго вочы, шустрыя і празрыстыя, афарбаваліся колерам валошкі, нажылі зоркасць птушкі. Сёмка пайшоў па бацьку, толькі ад натуры прыдалося яму больш ахвоты да працы пры зямлі. Злажыўшы яго з бацькавай сілу, стараннасць і ахвоту — яны б за пяцярых напрацавалі. Але шматок зямлі ў чатыры-пяць дзесяцін, які меў Сёмкаў бацька, не даваў мажлівасці разгарнуцца. Прыходзілася спыняць размах! Тым часам Сёмка бачыў, што ёсць многа людзей, якія маюць па пятнаццаць, па дваццаць, па сорак і па больш дзесяцін. Сёмка бачыў цэлыя маёнткі і ведаў, што ўласнікі іх самі не працуюць, а другім не даюць... Гэта заўважыў ён яшчэ юнаком, калі ўпершыню пачуў скаргу бацькі на розныя недастачы ў хаце. І з таго часу задумаўся глыбока над пытаннем, як зрабіць, каб лепей размеркаваць зямлю. З гэтымі думкамі ён умешваўся ў бацькаўскую гутарку, з імі ён падрастаў, аручы зямлю, праз іх дайшоў да сацыялістаў. Але Сёмка стаў сацыялістам асабовым — бунтаром і ў той час прыхільнікам «надзелу зямлі, колькі можна апрацаваць уласнымі рукамі».

Гэтага надзелу ён ні на момант не выпускаў з галавы; «надзел зямлі, колькі можна апрацаваць уласнымі рукамі» стаяў у асяродку праграмы ўсіх яго дамаганняў, каля яго вярцеліся мары аб сацыялізме.

Вяртаючыся з адвозу Рыгора, Сёмка пільна сачыў за нівамі паабапал дарогі, крывіўся на вузкія і зайздросціў шырэйшым. Тайком нарушылася вострае жаданне — мець бы сабе такую — гэтак дзесяцін у дзесяць гаспадарку. Усё-ткі было б на чым развярнуцца. Відаць — дзе шырэйшая палоска, там збожжа лепшае. А ў фальварках — дык проста яно паказвае на другі завод, на інакшы сорт. «Я апрацаваў бы з бацькам дзесяцін пятнаццаць — смела, — думаў ён: — чаму ж мне іх не дастае? Папы, паны, шляхта маюць тысячамі дзесяцін, а мужыку — тры, пяць, сем... Няпраўда, сацыялізуем!» — матаў Сёмка пугаўём у бок фальваркаў і пераходзіў да думак аб рэвалюцыйным руху, аб яго поспеху, аб прыходу сацыялізма. Тут жа перамігаліся ў памяці таварышы з Сілцоўскай арганізацыі, усё нейкія асаблівыя, непадобныя адзін да другога, і ўсе — на яго. «Зямля — мала каго цікавіць. Працоўны дзень, паляпшэнне ўмоў працы, павелічэнне пенсіі. А працаваць да цёмнага ў полі? Замурзанаму, босаму, забруджанаму ў гной? Найбольш гарбары, шаўцы, краўцы — вось яго таварышы. А сялян-земляробаў — два-тры; ён — Сёмка, Пятрусь і Саўка...»

Сёмкавы думкі краталіся Рыгора. «І Рыгора нават не клапоціць зямля — можа гэта і лепш. Узяў, вось, кінуў-рынуў Сілцы і паехаў — нічога пазадзе. Сілцы пры ім і без яго — тыя ж Сілцы; прыехаў у Рыгу — яго Рыга, пераедзе ў іншае месца — і там сваё. Рукі — вось яго статак. А каб гэта сказаў мне: Сёмка, едзь у Вільню ці ў Рыгу — кідай Сілцы, ці ж бы я паехаў? А бацькі? Ха-ха-ха! Рыгор мо і паверыў, што я ў адзін раз, раптоўна, вазьму і апынуся ў Рызе... Не-э-э, даражэнькі-ы сябру, мабыць, гэтага не будзе-э... Я так сабе, да слова, сказаў. Нялёгкая справа,— прыкаваўся за зямлі — тупай. Каб і хацеў — то не адарвешся адразу. Аднаму — сцены завода, другому — прастор нівы, лес, поплаў... Рыгор кажа, што «зямля любіць вучоных», то праўда. Шчырая праўда. Толькі тое бяда, што часта зямля не дае мажлівасці вучыцца. Ну, хоць бы ўзяць мяне: я цёмны нявольнік зямлі. Куды ж мне да горада!.. Я ведаю, што горад можа навучыць, як лепей і мацней змагацца за зямлю. Але мяне само жыццё загартавала на гэта».

Сёмка цалкам аддаваўся гэтым думкам, ажно забываў пра ўсё іншае. Конь паціху клыпаў, трасучы воз. Усё гарачэйшым рабілася сонца. Прыпякала, цяжыла яго, хіліла на сон. Але ён упарта адганяў дрымоту, папраўляўся на месцы і далей перабіраў думкамі. Ад тэмы аб зямлі — перайшоў асабіста да Рыгора, і адразу паўстаў яго вобраз у тым выразе, які адбіўся пры развітанні: як жывы, вось. Здавалася, што ён не пакінуў Рыгора ў Ліцку, а адвёз іншага чалавека. Вернецца ў Сілцы і стрэне яго ці на сценцы між палеткаў, ці каля хаты на прызбе. Сёмка пражыў і прадружыў з Рыгорам вясёлыя рэзвыя гады юнацтва: разам вучыліся ў дарэктара па хатах, разам рабілі саначкі і лыжы ды коўзаліся на іх; разам па чатыры гады пасвілі каровы. Дружылі і тады, калі падраслі і Сёмка стаў земляробам, а Рыгор астаўся служыць у балагольстве. Па адных зборнях хадзілі, браліся адзін за другога, калі хто хацеў аднаго з іх пакрыўдзіць. Самі ўдваіх дайшлі да дэмакрацтва, і адначасна Сідар Вузел упісаў іх у сацыял-дэмакрацкую арганізацыю. Як жа забыць ім адзін другога? Як пагадзіцца з думкамі, што Рыгора ўжо не будзе ў Сілцах, калі вернецца Сёмка. Каб то Рыгор не прыязджаў — мо яно іначай было б: усё-ткі час патроху бярэ сваё — памяць паддаецца новым абставінам. Але Рыгор вазьмі — і прыедзь; а далей — спатканне, гульня, гутаркі, успаміны аб мінулым, і мяжа перарэзалася, як бы Рыгор ніколі не выязджаў з Сілцоў. А гэта зноў — шась і знік, і не будзе яго... Няўжотакі не будзе?

Гэткі пераплёт жыццёвых з’явішчаў блутаў Сёмкавы думкі. Цікава ўсё робіцца на свеце!..

«Гэта ж прыеду ў Сілцы і мушу зайсці да яго мацеры, каб паведаміць, як і што мы даехалі. А пайду на зборню — Рыгора не знайду. Яго ўжо не будзе ў Сілцах, ён ужо будзе ў Рызе».

Сёмка азірнуўся навакола, мэрам хочучы праканацца, што ён адзін, без Рыгора. Узрок яго коўзаўся па гладзі руцяністай зелені і дзе губіўся ў сівай далі, а дзе перасякаўся сцяною лесу або шэрым узгоркам, — Сёмка Рыгора не бачыў. Ён ад злосці, ці з крыўды, хвасянуў займаздароў па кані і ўголас нокнуў: «Но-о-о, каб ты здохла! Падбяжы ж крыху!»

Конь рвануўся і мо з паўганоў прабег скорым трухам, а далей зноў умерыў хаду.

Белая шырокая дарога выхілястаю стужкаю бегла далёка да ўсходу, рэжучы зялёныя нівы.