ІІ
Быў палудзень, калі Сёмка прыехаў дамоў. Якраз нікога не было ўдому — на зашчапцы дзвярэй вісеў замок. «Дзе ж бы яны былі ўсе?» — падумаў Сёмка, супыніўшы каня перад дзвярыма і пазіраючы на гарод. Пасля злез з воза, пастаяў з хвіліну ды пачаў распрагаць каня. Але не паспеў ён рассупоніць хамута, як пачуў з-за вешніц голас:
— Дзень добры, Сёмачка! Ці ж ужо вярнуўся, сынок?
То казала Стэпа, — Сёмка пазнаў па голасе.
— Ідзіце, цётка, сюды, — пазваў яе.
Стэпа прайшла ў двор, падблізілася да Сёмкі і некалькі хвілін памаўчала, сочачы за распраганнем. Калі ж Сёмка вывеў каня з аглабель, завёў у хлеў і стаў збіраць збрую, Стэпа ўлучыла момант і запытала:
— А як жа, сынку, заехалі?
— Добра, цётачка. Скора і добра. Пасадзіў яго на поезд...
— На поезд-і-ы?
Стэпа разгорнілася і ўцерла хвартухом вочы.
— Добра-а, кажаш? Мой сынок сеў на поезд ужо. Мае дзеткі, калі ж я яго ўгледжу ўжо... Гой, Сёмачка-а, дзе ўжо тое дабро. Вось ты прыехаў, а яго няма; вас дваіх у бацькоў ды абое дома, а гэта адзін-адзінёшанек, і таго не суджана бачыць. Адна мушу жыць, як манашка якая... І мне не добра, і ён, пэўна, не зусім спакойны.
Абое прыселі на прызбе.
— Нічога, цётка, не сумуйце-е так... Ехалі мы весела, праз усю дарогу гутарылі, смяяліся. А на станцыі ў Ліцку я яшчэ падшукаў яму на дарогу дзяўчыну, як ляльку. Разам паедуць... Вяргіня проста — куды там Прыдатчанка!
Перад Сёмкам выразна залунаў вобраз Ганны.
— Чаго тужыць, — далей казаў Сёмка, — вы думаеце, што толькі адзін Рыгор і паехаў? Тысячы людзей едуць: маладыя і старыя, адзінкамі і сем’ямі; пэўна, многія ад бацькоў у свет, іншыя да бацькоў, бацькі да дзяцей. З месца на месца, з горада ў горад, за шчасцем і праз няшчасце. А ўсе разам — ганяюцца за сваёю доляю, шукаюць чагось лепшага... Ці ж толькі вам адным нядобра? Гэта тут, у Сілцах седзячы, думаецца, што Рыгор адзін такі, а паглядзелі б, што чаўпецца ў Ліцку на станцыі — дзіва!
Стэпа здзіўлена ківала галавою, і, відаць было па яе міне, што сэрцу няма спакою ад Сёмкавых слоў. Мала дзе што ёсць — ёй балючы свае раны.
— Што ж, Сёмачка, — загаварыла яна, — і я б, мілы мой, ахвотна кінула б усё ды паехала з ім. Як падумаю, што мне адной давядзецца жыць — няма сілы цярпець.
— Пачакайце, вось: ажывецца трохі і перавязе вас да сябе. Ці ж тут вельмі трудная рэч?
— Ай, дзе там, сынок, везці старыя косці невядома куды, — не згадзілася Стэпа, — добра вам, калі вы маладыя, перад самым жыццём, а мне... Вось пацягаешся які гадок — ды на Пасечныя. Яно ж таму і цяжка гэтак, што на парозе смерці, можна сказаць, ды адной заставацца. Каб ранейшыя сілы да рухавасць — мо б іншымі вачыма глядзела б, а цяпер вось... Як у людзей — то ёсць блізкія, родныя або свая добрая стача, а гэта — як кол той — адна-аднэю... А быў бы дома Рыгорка — іншыя паперы: я чула б сябе, як за мураванаю сцяною; захварэла — было б каму даглядзець, памёрла б — было б каму пахаваць па-людску. А цяпер, схопіць хвароба, задушыць, дык дзён пяць паляжыш, пакуль даведаюцца людзі. Або, каму гэта трэба праведваць? Каму і дзеля чаго я карысна? Вось, мой Сёмачка, у чым захаваны ўвесь жах мае адзіноты... Паглядзіш на другіх — вясёласць з воч не сыходзіць: дзеці дома, поўна хата гоману, рэзвасць, вясёласць нейкая, а ты, колькі ні прызірайся — Рыгоркі не ўгледзіш.
Стэпа да таго разгорнілася, што не магла далей казаць. Яна ўнырыла тварам у хвартух і мо хвілін пяць выцірала заплаканыя вочы... Ад гэтага ніякавата рабілася і Сёмку: шчырая споведзь Стэпы праходзіла ў яго нутро і кратала за душу. Яго пачуцці зліваліся з пачуццямі кабеты-мацеры і адчынялі перад Сёмкам глыбокую пустэчу, якую нядаўна займаў Рыгор. Аднак, не хочучы паддавацца сумнаму настрою, Сёмка жадаў развеяць яго і ў Стэпы. Памаўчаўшы крыху, ён зноў пачаў разважаць старую:
— Дый чаго ўжо вам, цётка, занадта сумаваць! Няўжо-такі і сапраўды вы памрыцё, не дачакаўшыся Рыгора? Не трэба глядзець у вочы выключна нядобраму; трэба ведаць, што жыццё не без добрых выпадкаў. Вось пражывеце якога з паўгода адны, адаля Рыгор забярэ вас да сябе, ажэніцца там, возьме многа пасагу і ўсё паверне на новы шлях. Рыгор — чалавек не дурны; у яго ёсць і талент, і ахвота, і спрыт. Чулі б вы, колькі разоў ён мне дапамінаў, каб я, прыехаўшы, суцешыў вас, не даў сумаваць па ім.
Тон, з якім Сёмка выказаў гэтыя словы, яго бадзёры выгляд і адчуваная Стэпаю шчырасць ды спагада да сябе злёгку разагналі насядаўшы на яе цяжар, адчынілі ёй край цёмнага пазему і бліснулі крохкаю, нясмелаю надзеяй. Стэпа адчувалася крыху весялей, і месца смутку займала пачуццё невыказнай любасці да Рыгора.
— То ж то, каб жа так сталася...
— Або прыедзе сам па вас, — дадаў Сёмка, — забярэ і паедзе. Мо нечакана гэта выпадзе... Горад усё можа зрабіць — то не наша зямля, якая адно ведае — выцягнуць з цябе ўсе сокі, а пасля забраць у сябе.
— Ой, зробіць горад, — з напускным недавер’ем сказала Стэпа, — вось колькі часу ён пражыў у ім, а што добрае знайшоў? Толькі адно, што вытравіў хаценне жыць у доме, пры мацеры... Бачыш, сынок, ты тут цішком, паважна рыешся і рыешся ў зямлі, даглядаеш бацькоў і сябе, а Рыгор — носіцца са сваімі думкамі, плануе ды мяркуе, нямаведама аб чым. Думаеш, гэтае не мяшае яму? Вельмі ўжо шырокую натуру мае — каб усім добра зрабіць...
Сёмка не стрымаў ухмылкі на губах.
— Цётачка, ці ж гэта ганьба? Рыгор ведае, што толькі тады будзе добра і нам, як добра ўсім будзе. Ён ведае, што вам цяжка жыць таму, што занадта лёгка жыць другому. Або Рыгор паехаў бы ў горад, каб тут было добра?..
— Ай, дзеткі, дзеткі, што вы задумалі? Ці мала ў вас свайго клопату? Ласне вы можаце перайначыць тое, што вякамі стаіць?..
Стэпа не даказала, — голас Сёмкавага бацькі, Хведара, які непрыкметна для іх падышоў к возу, перабіў Стэпін сказ.
— Ужо і дома? — раптам прамовіў Хведар.
— Як бачыце. Ужо больш гадзіны вас чакаю: прыехаў, а хата замкнута...
— Дзень добры, Стэпа! — перабіў Сёмку бацька і прысеў помеж са Стэпаю.
Дзве касы, што прынёс з сабою, палажыў з правага боку.
— А дзе ж маці?
— Або я ведаю?
— Пэўна ў траву пайшла з хлопцам...
— Так, так, Саламея... пайшла ў траву, я бачыла.
— Гм! А трэба было ёй ісці. Прыспела. Паабедаўшы пайшла б... Нябось есці, Сёмка, хочаш?
— Ды нічога, пачакаю.
Хведар выцер рукавом пот на лобе, разгладзіў доўгую клінастую бародку, паправіў косы і пытальным узрокам паглядзеў на Стэпу.
— А ты ўжо прыйшла аб сыну праведаць што-колечы? Непакоішся, вядома.
— Дзе ты бачыў — спакой! Сэрца чарнее, работа не міла...
— Вось то-та ж і тое: на свежую памяць... Што ж ты з імі парадзіш: кінуў і паехаў, а ты тут, маці, як сабе хочаш — сумуй, біся, тужы... Гэткі ўжо свет.
— Навошта казаць — кінуў, — умяшаўся Сёмка, — а што б яму тут рабіць?
— Чаму, што рабіць? Касіць, служыць, а мацеру сцерагчы. Сцерагла ж яго, як быў малы, працавала. Нябось, згубіць мацеру — не знойдзе другое...
— Ды што ім бацькі!
— Або Бэрка не ўзяў бы да сябе?
Сёмка зарухаў на месцы.
— Кіньце ўжо гэтага Бэрку. Досі ўжо яму балагольства. Мала ён папацягаў цяжару ды папаблытаўся і ў Ліцк, і ў Вільню; увосень і ў мароз. Наеўся гэтага хлеба ўдосталь...
— Яно ж гэтак, сынок, не вельмі добра служыць балаголам, але як трэба — нічога не парадзіш. Робяць жа людзі і цяжкую работу. Вось, Бэрка, глядзі, як неміласэрна працуе... Ды, думаеш, там, на заводзе, лягчэй?
Хведар безнадзейна матнуў галавою.
— Ай, кінь ужо ты, Стэпа. Ласне іх угаворыш? Не ў нас яны, што і казаць. На іншы шлях пайшлі — няхай. Пабачым — выйграюць што ці не...
— То ж вядома... Ды яно б маўчалася, каб тое здароўе або крыху лепшыя ўмовы жыцця; але ўсяго бяды — жыць старому няма як; чакалася ўцехі, вясёласці, а тут вунь што.
— Я ж ведаю. Вельмі дрэнна.
Хведар падняўся з прызбы і пацікавіўся на вуліцу.
— Прапалі недзе. Скора каровы пагоняць, а іх няма.
Падышоў да прызбы і праказаў Сёмку:
— Давай самім шукаць чаго есці; дакуль жа яе будзем чакаць.
— Ды я ўжо так і думаў; хіба дайце каню.
Хведар адшчапіў замок і пайшоў у сенцы, а Сёмка, падняўшыся з прызбы, падышоў к возу, каб зняць з яго салому, посцілку і палукашак.
Стэпа некалькі часу пасядзела моўчкі, а пасля ўстала з прызбы і зрабіла два крокі да вешніц.
— Дык дзякуй табе, Сёмачка, — прамовіла яна, мэрам апамятаўшыся, — хоць крыху адвяла душу, а то цэлую ноч непакоілася. Што ж зрабіць, няхай здароў едзе — гэтак ужо трэба... Хаця, сынок мой, не адмовішся ліста напісаць. Мо ж хутка паведаміць ён аб сабе?
Яна пайшла з двара.
— Добра, цётка, добра, — паслаў ёй удагон Сёмка.
І тут жа адцягнуўся думкамі ад Стэпы і ад Рыгора, а пачаў меркаваць, як і што павясці бліжэйшую працу на гаспадарстве. Здавалася, што гэты час як быццам бы павінен быць крыху вальнейшым, а то-та ж цэлая процьма работы! Папар не зяблены, пасека не ачышчана, не загароджаны пастаўнік, засекі ў гумне не падрапараваны. Ці ўдасца, наогул, справіцца з усім гэтым да касьбы! І Сёмку задрэнчыла хутчэй спяшыць у Лужкі, каб заараць к вечару ганоў з чацвёра. Ён паглядзеў на сонца — паказвала на другую гадзіну пасля палудня.
— Хадзі есці, — пазваў яго бацька.
Сёмку не вельмі хацелася абедаць. Утома ад бяссоннай ночы давала аб сабе чуць: балела галава, вісеў нейкі цяжар на спіне, рабілася млосна. Добра было б легчы адпачыць.
— Не хочацца есці.
— Хоць малака кубак выпі.
На гэта Сёмка згадзіўся: выпіў малака і хутка завінуўся каля воза.
Праз нейкі час быў гатоў і выехаў у Лужкі на ворыва. Дарогаю ён зноў углубіўся ў думкі аб жыцці, аб яго разнастайных патрэбах і вымаганнях, аб настойным, упартым змаганні з ім. Дзівіўся, якім развоем здарэнняў патыхала ад яго, і адзначаў сам сабе паступовы поспех у сваім разуменні ўсё большага ліку жыццёвых з’явішчаў. І тут жа адчуваў, што чым глыбей адчыняюцца перад ім жыццёвыя тайны, тым веліч іх цікавейшая і ўражанне ад іх большае. Ажно не хацелася ўглыбляцца ў яго нетры, а цягнула адвярнуцца на лёгкія зялёныя пейзажы прыроды.
Управа роўнаю сцяною струніў хвойнік, калісь яднаўшыся з густым непраходным лесам Скадыбамі. За Скадыбамі пачынаўся Жмыгінскі лес, а гэты, у свой чарод, падыходзіў да суседніх лясоў. Гэткім чынам, на дзесяткі вёрст цягнулася шырокая палоса лясоў, якая абнімала вакола Сілцы, мэрам шалік чалавечую шыю. Сёмка ўваскрашаў перад сабою даўно забытыя моманты з часоў пастушыных, калі цэлымі днямі прыходзілася яму блудзіць са стадам па гушчарных нетрах ельніку, залазіць у балотныя багны, губіць гавяду і губіцца самому. Часта злучаўся з Рыгорам і, не паладзіўшы, разлучаўся: браў сваё стада і гнаў у іншы бок.
Ад хвойніку і пастушыных часоў Сёмкава думка пераносілася да недалёкай пары сёмага і восьмага гадоў, калі яму разам з Рыгорам упершыню цёмнай перадвялікоднай ноччу давялося раскідаць па дарогах пракламацыі. Вось па гэтай самай сцежцы, што зараз едзе, накладалі яны дзесяткі лістовак і кніжачак, якія заклікалі да нізрынуцця самадзяржаўя, да адабрання ад паноў зямлі, да заваёў устаноўчага збору.
А пад’ехаўшы да крыжавой дарогі, Сёмка пераносіўся ў яшчэ ранейшыя, юнацкія гады, калі верыў, што на скрыжаванні дарог водзіцца нячыстая сіла і штовечар палохае людзей. Колькі разоў ён напалохаўся тут! Помніцца яму — адзін раз нешта гналася за ім да самага мястэчка. Уцякаў, а калі прыгледзеўся — бегла Гладышова авечка...
А вось і грэбля! Тая самая, што летась бачыла дзікі вобраз здзекаў над ім паліцэйскага стражніка. Толькі падсохла зямля, як сагналі паўмястэчка на папраўку грэблі. Дзяўчаты, хлопцы, старыя, моладзь... Прыняліся за работу, а стражнікі ўсё падганяюць. Сёмку не сцярпелася, і ён агрызнуўся. А стражнік, нічога не кажучы, — раз, два, тры разы — нагайкаю. Ён паспрабаваў бараніцца, але куды там! Стражнік яшчэ больш раззлаваўся і даў не шкадуючы.
Па целе Сёмкі прайшоў сударажны ўздрыг, а ўнутры закіпела злосць.
Ён перакінуў узрок на захад, у бок панскага двара. Вузкая градка маладога бярэзніку адмяжоўвала панскую зямлю ад зямлі вяскоўцаў. Здаецца, нядаўна на тым месцы, дзе раскіданы хаты сялян, стаялі вялікія лясы, куды часта зганялі сілкоўцаў на аблаву на ваўкоў. Адну гэткую аблаву Сёмка добра запомніў. Пайшоў, адбіўся ад мяшчан, заблудзіў у лесе і да цёмнага швэндаўся па глыбокім снягу, пакуль выйшаў на дарогу. Папакалаціўся не мала! Цяпер тых лясоў ні следу... Бярэзнік вырас на вачах. О, гэты бярэзнік! Як любы ён Сёмку! У ім, гуляючы з Волькаю, Сёмка пачуў першыя пазывы любасці да яе. То была пара, калі маладыя бярозкі брынялі салодкім сокам. У шэрых мяккіх купінах тарчалі блакітныя вочкі пралесак. Рухавы заяц прабягаў некалькі разоў перад імі, абарочваючыся. То ён, то Волька ламалі пруткія ралкі голых бярозак і глядзелі, як з іх сачыўся сок. Як хацелася яго піць! Цяпер зялёныя лісці шатуюць маладыя галовы стройных дзярэўцаў. Пераліваецца залаты пыл сонца і п’ецца белымі камялькамі.
Дзе яна, Волька, цяпер? Арэ, сее ці мо ў бярэзніку?
— Но-о! малая, малая!
Пагнаў каня — бо нельга ж так захоплівацца ў той час, калі мусіш ехаць на працу, на капаніну ў зямлі! Але вачэй не закрыць — не спыніць узроку — так і цягне яго то сюды, то туды, з месца на месца. Пранёсся захадам ды поўначчу і рвецца на поўдзень-усход. Там сцелюцца між хвойніку паплавы сенакосу, упіраючыся ў маленькія засценкі і хутаркі. Зялёнае возера, сярод якога шэрыя выспачкі — будынкі. Куды можна заплысці па яго хвалях?
Сёмка пад’ехаў да месца, дзе трэба было зварочваць убок, на папярочную сценку. Конь ужо ведаў гэта і сам павярнуў направа. Сёмку пакарцела праверыць, ці ўсё ў парадку на возе, ці не забыўся чаго-колечы. Паглядзеў і супакоіўся — было ўсё пад рукамі: прытуплены зрэзаны плуг, аброчная торба з кормам каню, прыпон і жакетка. Тады ён злез з воза, падвязаў лейцы за біла і пайшоў следам. Ішоў і аглядаў папарныя галы. Сонца шмат знізілася, але яшчэ грэла добра. Пахла сухою зямлёю і гавяжым гноем. Па свежай раллі скакалі кучамі вераб’і; бегалі жаўранкі і тупалі вароны. Птаства да таго было смелым, што і не ўважала ні стуку калёс, ні фыркання каня, ні посвісту Сёмкавай пугі. То сям, то там, на шэрым галу бачыліся аратыя, якія прыдавалі свае манатонныя зыкі да рэзвага спеву жаўранкаў. Дзьмуў лёгкі ветрык, ласкаючы твар і зганяючы спякоту.
Праз некалькі хвілін Сёмка спыніўся каля свае палоскі, вузенькай, заросшай пырнікам і дробным дзятлікам. Праворна і ўвіхна распрог каня, залажыў яго зараз жа ў плуг, паправіў на возе торбу і жакетку і пагнаў. Лямеш глыбока нырнуў у зямлю, выварочваючы яе набок рассыпчатымі камякамі. Роўная істужка разоры ціха развіналася следам за Сёмкам, нідзе не адыходзячы ад мяжы на болей, чымся ставала ўлегчыся вывернутай плугам зямлі. Сёмка на вока адмяраў першыя гоны, якія хапалі ад сценкі да невялікага ўзгорку з тоўстым каменем пасярод палоскі.