ІІІ
Упусціўшы плуг у зямлю а гадзіне шостай, Сёмка не выняў яго на працягу некалькіх гадзін. Гоны за гонамі, ён узараў без адпачынку, засаб, трое ганоў, пакінуўшы недаворанымі толькі адны. Араў наўздзіў ахвотна, з нейкім асабістым захапленнем, з заядласцю ўпартага, неўгамоннага крата. Дзе дзеліся тыя ўтома, млявасць і санлівасць, якія апаноўвалі яго ўдому і справодзілі на ворыва. Адкуль надыходзіла тая ахвота, стараннасць; нават карцела скончыць і чацвертыя гоны, але, разлічыўшы, што можа захапіць змрок, Сёмка рашыў аставіць іх на другі раз. Ды нельга ж так мучыць каня, трэба адпачыць жывёле. Сёмка даў каню захвачаны авёс і, пакуль конь падпасваўся, прылёг каля воза.
Астыўшае паветра дыхнула вячэрнім заспакаеннем; адзін за другім сціхлі жаўранкі, сталі раз’язджацца аратыя. Пералётам да балот далі аб сабе знаць кані. Сёмка нічога не прапускаў, каб не ўсачыць, але, сцешыўшыся, усё ж не мог змагацца з надыходзячай санлівасцю. Пазіраў к небу, у яго глыбіню, і міжвольна плюшчыў вочы, мэрам бы нябесная сінь давіла на вейкі; аглядаўся на пачырванеўшае сонца, што села на лясныя верхавіны. Пасля апусціў голаў на скрыжаваныя рукі і паціху пачаў засынаць. Заснуў бы мо і надоўга, але раптоўны зык пастуховай трубы, даляцеўшы з-пад бярэзніку, абудзіў яго. Сёмка хутка падняў голаў і паглядзеў на каня: той стаяў на адным месцы, трымаючы на шыі пустую аброчку-торбу.
— Чакаеш ехаць! — выказаў Сёмка, падняўся і запрог. — Пакуль заеду, якраз змеркне,— і крануў.
Паганяць шкадаваў, а пусціў паволі — і так утаміўся конь. Сам прысеў на возе, бокам да каня, спусціўшы ногі між калёс, і бяздумна змоўк.
Моўчкі даехаў да шляху, не помніў і не прыкмеціў бы нават, што выехаў са сценкі, каб пры павароце не пачуў воклічу:
— У яму ўедзеш! Правей трымай!
Сёмка падняў голаў і абярнуўся ў бок воклічу. На грудку пры дарозе, аблёгшы на вялікі поўны мех травы, сядзела Зося.
— Адкуль ты вынікла, як русалка? Ці не ў канаве спала? — пажартаваў Сёмка.
— Гэта твой сон?
Зося паднялася.
— Ты думаеш, што я спаў?
— І думаць не трэба, калі бачыла; конь ліха ведае куды зайшоў, за канаву.
— Ці ліха? Няўжо-такі я драмаў?
— Сумняваешся?
— Яно-то і не дзіва — увабраў за гэту пору нямала. Ну, ідзі садзіся, ды па дарозе пагутарым.
Зося спрытным замахам рук ускінула на плячо мяшок з травою, ажно схавалася пад ім, і паднясла на воз. Сёмка памог зняць і ўзлажыць.
— Садзіся на траву, — запрапанаваў і пагнаў каня.
Яна ўскочыла і села тварам да Сёмкі.
— Чаму ж ты так позна варочаешся? — запытаў Сёмка, паглядзеўшы на Зосю.
— А чаму ты так позна з ворыва?
— Я?
— Так, ты...
— Бачыш, цэлая гісторыя са мною.
— Цікава.
Зося настаражылася.
У баку Жмыгінскага лесу пачуўся нястройны гук некалькіх пастуховых труб, яго дапоўніў плач жалейкі і трывожныя крыкі пастухоў. Да гэтых гукаў дадалі свой разнастайны рык каровы. Абое — Сёмка з Зосяю, забыўшы аб гутарцы, адвярнуліся к лесу. З яго гушчэчы, пацямнеўшай ад змроку, як з агромністай закуранай дымам і сажаю лёхі, роўным шэрагам, стройна, як птушкі на адлёце ў вырай, зашнуравала рознакалёрная, рознарослая гавяда. Матаючы галовамі і пачаргова рыкаючы, яна выводзіла сабою жывую нітку, якая пацеркамі раскідалася па зялёным гале выгану. Мэрам бы хтосьці раскідаў яе, як фокуснік стужкі, каб паказаць асаблівую стройнасць жывёльнага парада. Ужо пярэднія хаваліся ў платах гародаў, заходзілі за грудок і знікалі, а з лесу ўсё яшчэ не пакідалі паказвацца новыя і новыя. Хутка над іх шэрагамі завіўся камякамі белы лунь, выпушчаны пасекаю ды бярэзнікам, і акольны вобраз прыняў яшчэ больш дзіўны выгляд, дапамінаючы ўрачыстае вандраванне казачных пілігрымаў з ахвярнікамі ў руках. Забелены дол служыў ім абрусамі, а вячэрнія птушкі — вестунамі аб дасягненні блізкай мэты.
— Паглядзі адно, як цікава расцягнуўся цуг кароў! Вось колькі гавяды ў Сілцах!
Сёмка працягнуў пугаўё.
— А гэта ж не ўсё: гэта толькі з лясной пашы.
— Вось і згадзіся пастаронні, што Сілцы бедныя.
— А сапраўды яно і так — каб гэта зусім бедных, дык наўрад ці знойдзеш.
— Што ты, Зося! — пераняў Сёмка. — Плявузгаеш ліха ведама што. Як бы нічога не ведае... Колькі ёсць гэткіх, што малака ў вочы не бачаць; я не кажу таго, што ў большасці каровы — фундамент усяго: здохні карова — і няма чаго есці, і прападае гаспадарства. Гэткіх сотню можна налічыць... А Рыгорава маці?
Зося змаўчала; каб Сёмка паглядзеў на яе, то адразу падмеціў бы, што дапамінанне аб Рыгоравай мацеры адбілася смуткам на Зосіным твары. У нутры ж нельга бачыць — а там у Зосі так і захадзіла хадуном, так і разлілося нешта цяжкім атрутным жарам. Яна паправілася сядзеннем, каб хоць крыху астудзіць раптоўнасць у перамене настрою і думак... Стэпа — што, то, бач, Рыгор! Зранку кратаў ён Зосіных думак і пачуцця, а з паўдня да самага вечара і зараз вось, едучы і гутарачы з Сёмкам, яна выпадкова адцягнулася ад яго сваімі думкамі. І так было добра, лёгка і спакойна, нядбайна неяк! Не прыходзіла на памяць, што Сёмка ўчора адвозіў Рыгора, што сёння вярнуўся, што, адвозячы, пэўна, многа аба ўсім гутарыў з ім і... кратаў яе, Зосі. А гэта — на табе — нечакана!
— Што ж ты маўчыш? — паглядзеў ёй у вочы Сёмка.
А Зося ўжо цалкам была захоплена нахлынуўшымі на яе ўспамінамі аб нядаўніх днях, аб гульні з Рыгорам, аб выніках кахання і аб яго скутках. Жывасілам цягнула глядзець на дарогу ў бок Лужкоў, высочваць тую сценку, дзе яны развітваліся. Выпукла, як яблыка, паўстаў перад яе вачыма вобраз Рыгора ў хвілі развітання: вось ён стаіць, спагадліва прынагнуўшы голаў і ўстраміўшы ў яе твар пытальны ўзрок. Стаіць, а далей схінаецца да пацалунка: пара рук, важкіх, здаровых, выгінаецца ў дугу, адна настрэч другой, і змяёй агібаюць яе стан. Хвіліна, міг — і цёплыя губы кладуцца мяккім, сочным абрыкосам на яе прагныя вусны.
Зося парухала губамі, прыкусіла іх, мэрам бы хочучы праверыць, ці не пакінуў на іх Рыгор чаго-кольвечы. Тут жа захацелася ёй таксама, хоць бы ў сотай долі, адчуць тое самапачуццё, той настрой, тыя перажыванні-заміранні, якія прамігнулі пры тым пацалунку... Што б яна дала за гэта! Настойна выплывала з далёкіх глухіх куткоў яе нутра гаручая крыўда, — Зося не ведала, на каго гэту крыўду кіраваць, — чаму тады ў хвойніку ўсё так ціха, пуста абышлося? «То Рыгор вінават», — мігнула думка, як іскра з крэсіва, але Зося не пагналася за ёю, а барджэй дастала апраўданні Рыгору: «А чаму ж Рыгор ажно на Лужкі прыйшоў да мяне? А чаму яго вочы туманіліся слязьмі, калі ён глядзеў на мяне пры развітанні? А чаму ён мяне прытрымоўваў за руку, калі я намервалася ехаць? А праз вошта ён у горнасці вымаўляў словы? А чаму, калі разышліся, дык пакуль можна было бачыць, разпоразу спыняўся на мяжы, напружваў узрок праз шэрасць адвячорку і сачыў за мною? Напэўна, ён тады верыў моцна, што я не згублена для яго, што мы не разлучаліся ў той момант. Напэўна!»
Зосі здавалася, што так, — яна з кожным часам усё больш пераконваецца ў гэтым. А каб жа хто падмацаваў гэтыя яе дагадкі! Го, як бы яна была шчасліва! На што б яна тады рашылася! Якім бы моцным штырхачом было б гэта ёй адважыцца да рашучых, непаваротных крокаў. Акрыліла б яе, паставіла б на цвёрды грунт.
«Ці не адкрыўся толькі Рыгор Сёмку? — падумала нерашуча Зося і неўпрыкмет паглядзела на яго. — Няўжо ён утоіць? Няўжо не прагаворыцца? Няўжо астанецца ўсё ў тайне? »
Зосі задрэнчыла вызваць Сёмку на гутарку. Як найхутчэй, каб паспець хоць што-кольвек пачуць, пакуль даедуць да мястэчка. Яна заварушылася на сядзенні, некалькі разоў глыбока ўздыхнула, павярцела галавою і стала перад пытаннем — з чаго ж пачаць? Ласне раптам, столькі памаўчаўшы, ёмка зачапіць Рыгора! Што падумае Сёмка? Ці не ўгледзіць яе слабасць?
Каб гэта сам Сёмка зачапіў гэта пытанне! Яна прагна сачыла за ім, заглядала ўкрадкаю ў яго твар, чакала. Але ён маўчаў, мэрам назнарок таксама чакаючы, што скажа яна.
Так праехалі з паўганоў.
Зося, нарэшце, не сцярпела.
— Сёмка! — раптам аклікнула яна, — хоць бы ты расказаў...
І сумелася, не дасказаўшы.
— Аб чым? — запытаў Сёмка, дагадваючыся аб Зосіных думках.
— Ды аб тым, як вы ехалі з Рыгорам у Ліцк.
— А цябе гэта цікавіць?
— Пытаю — раскажы.
Сёмка ўсміхнуўся.
— Ехалі добра... Была цёплая ноч... Гэткая панавала ноч, што хацелася пяяць ды думаць... аб вас.
— Ты жартуеш, Сёмка! — не здаволілася Зося і працягла мятліцаю па яго твары.
— Я кажу праўду, я не люблю жартаваць... Рыгор праз усю дарогу гаварыў аб табе...
— Не жартуй, Сёмка! — перабіла Зося, а ў самое так і зацюкала радасцю сэрца. Невыказнае ўміленне разлілося па ўсёй істоце, і дзяўчыне стала добранька-добранька.
— Што ты ўшалопала.
— Я думаю, што калі ды ўспамінаў мяне Рыгор, то толькі ліхам.
— Каб мне такога ліха жадалі мае ворагі...
Гэты сказ паказаўся для Зосі сур’ёзным, і прыемнае пачуццё ўверанней завалодала ёю. Яна пачула, што вось-вось заплача ад шчасця. І яшчэ раз выспрабавала Сёмку:
— Ну ўсё ж, вельмі крыўдаваў на мяне Рыгор?
— Чаго табе хочацца? Ну, крыўдаваў... крыўдаваў за тое, што не мог паперашкодзіць бацькавай волі. Так, крыўдаваў, але на сябе. А на цябе — нізвання. За вошта мог ён крыўдаваць на цябе, калі ён так цябе шануе, шануе...
Зося абярнулася ў адно прагнае чуццё. Міжвольна падбліжылася да Сёмкі, ажно кранула яго шчакі сваёю, ды лісліва, завабна паглядала ў яго замрочаны твар. Толькі б ён казаў праўду! Толькі б не прыхарошваў ды не прыбаўляў! Толькі б не суцяшаў! Ёй не трэба абманчывых мар!
— Ну, што ж ён хаця казаў? Што ён думае...
— Рыгор у многае верыць і на многае спадзяецца... Між іншым, ён прасіў мяне перадаць табе ўклон.
— Ты не хлусіш?
— Што ты, Зося, ушалопала сабе!
Сёмка нокнуў і абярнуўся да Зосі, пачуў цеплату яе цела. Тут жа раптам прыпомніў Ганну. Вакзал у Ліцку, суматоха, бегатня, процьма людзей і між усімі — Ганна. Падобная на Зосю, як блізнец.
Ён прыгледзеўся Зосі ў вочы і падумаў: «Якое ўражанне яна зрабіла б цяпер на Рыгора? »
Перад Сёмкам вырас радасны твар Рыгора, калі той угледзеў Ганну. «Пэўна, ён ужо зусім іначай думае аб Зосі, — і Сёмка пашкадаваў суседкі, як брат шкадуе сястры: — Зося не ведае таго і не трэба, каб ведала».
— Ды што і за карысць, што ён думаў пра мяне. Усё роўна ад гэтага мала карысці, — уздыхнула Зося.
— Чаму?
— Ці ж ты не ведаеш? У мяне вызначаны шлях.
— Усё ў тваёй волі.
— Кінь-кінь, Сёмка. Мне тое самае казаў Рыгор. Я сама гэта ведаю, але я не ў сілах што-колечы зрабіць. Мне трэба падмога — трэба, бо я... тану. На мяне запала моцная варожая сіла, якая або задушыць мяне, або прывядзе да роспачы, да непрытомнасці, і тады толькі...
У Зосіных словах зычэла праўда: яна выкладалася Зосяю ў абголеным страшным выглядзе. Ці ж сароміцца таварыша? Але ўсю цяжкую непрыкрытасць гэтай праўды Сёмка сам ведаў і адчуваў. Болей таго: калі ён дапускаў мажлівае захапленне Рыгора Ганнаю, то глыбіня Зосінай трагедыі на многа павялічвалася.
Сёмка бачыў гэта так яскрава, як свайго каня, што клыпаў уперадзе, як зорку, што міргала над маладым бярэзнікам, — і шкадаваў Зосю. Шкадаваў уразіць яе самалюб’е хоць адным намёкам на крохкасць далейшых іх адносін з Рыгорам. Нават сам цярпеў ад таго павароту спраў, які пхаў Зосю ў Берагаў абдым. Сёмку па яго шчырасці верылася да апошняга часу, што тыя некалькі дзяўчат-мяшчанак, з якімі доўгі час яму з Рыгорам, з Петрусём даводзілася гуляць, а гуляючы ўплываць на іх свядомасць, — што гэтыя дзяўчаты выхаваюцца пад іх уплывам у іншыя, больш чыстыя ад наслояў мяшчанскае бросні натуры, злучаць сябе з імі і пакажуць прыклад новае сям’і, новых абставін у сямейных адносінах. Раней малявалася гэта Сёмку ў ружовых фарбах і чакалася моманту першай спробы ажыццявіць крылатыя планы. Колькі было сяброўскай гутаркі на гэту тэму! Якою ідыліяй патыхала!.. А то-та ж — вось як. Падыходзіць момант — і ўсё рушыцца... Сёмка бачыць гэта перад сабою, а пасобіць не можа, і толькі мае самаўцеху, што цяжкія абставіны. «Якая ўсё ж крыўда!» І ў Сёмкі не паднімаўся язык на гутарку — хацелася маўчаць і не раніць Зосінае душы рознымі абяцанкамі. «Пацешыў крыху — і будзе з яе. Хай памарыць аб шчаслівых хвілінах». Ён здаволіўся, што Зося сапраўды аддалася розным перадумам мінулага і маўчала. Вось, вось яны даедуць да мястэчка і зусім перарвуць гутарку, бескарысную, безгрунтоўную.
Ужо ім у вочы забліскалі рэдкія агоньчыкі з вокан хат, пачуўся ўжо клапатлівы скрып варот, пярэгукі па дварах, перадсонны рык гавяды. Ужо конь пачуў блізкасць адпачынку і зарагатаў прывітанне мястэчку.
Моўчкі даехалі да платоў вулачкі, кудэю Сёмка накіраваў каня, мінулі першае гумно.
Зося агледзелася і прамовіла:
— Чаму ты сюдэю едзеш?
— Ды вось, хачу каня напаіць.
— Чакай, я злезу.
— Чаму?
Зося не сказала. Але Сёмка дагадаўся, што яна не хацела, каб Васіль Бераг ці яго маці ўгледзелі, што яна з ім едзе.
«Чаму ж бы мне не аб’ехаць іх хаты», — папікнуў сябе Сёмка і спыніўся:
— А хай бы даехала да студні.
— Усё роўна, дайду. Ты яшчэ будзеш каня паіць ды што, а я проста пайду...
Яна зняла з воза мех, падкінула на плечы і, падзякаваўшы Сёмку, паспешна пайшла ўперад. Сёмка знарок некалькі хвілін пратрымаў каня спыненым, а пасля ціха рушыў следам за Зосяю. Ён бачыў, як яна, параўнаўшыся з Берагаваю хатаю, ускорыла хаду і за рэчкаю патанула ў цені. Даехаўшы да Берагоў, ён угледзеў вялікае святло ў іх хаце і пачуў рэзвую дзелавую гамонку. Стала ясна, чаму Зося не ехала з ім.
«Якая асцярожная ўсё ж», — праказаў Сёмка па яе адрасу і павярнуў каня ў бок студні.