SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ · 8 min de lecture

IV

Прычынаю таго, што ў Берагавай хаце жухацела святло ды ішла гучная гутарка, была невялічкая, зусім выпадковая суседская бяседа. Яе выклікаў сваёю асобаю старшыня Андрэй, які наведаў Берагоў па справе куплі імі пляца ў мяшчаніна Шэі Краўца, на які пазарыўся сусед Шэі і завёў гутарку аб тым, каб памяшаць Берагам. Старшыня прыйшоў папярэдзіць Тадосю, а якраз у хаце папаўся і Апанас Хрыпак, Берагаў памежнік. Гэта надаўміла Тадосю пачаставаць рэдкіх гасцей. У дадатак яны пазвалі Хлора і Дзям’яна Квіту.

Усадзіўшы ўсіх за стол, Васіль з мацераю, не ў меру раздобраныя, тупалі вакол стала і шчыра ўпрашвалі іх выбачаць іх ашчаднасці і закусіць.

— Чым хата багата! — пераказвала развясёленая Тадося. — Затое, даражэнькія, калі прыжджом Васілёвага вяселля, дык не гэтак загуляем!.. Закусвайце — вы ж у нас рэдкія госці. Як бачыце — сёе-тое прыдбана. Сяк-так перажылі цяжкую пару, калі мне адной даводзілася на ўсе бакі кідацца... Ведаеце, мае даражэнькія, як пакінуў мяне гаспадар, дык так прыпякло, так прыпякло, што я думала — не акрыяю ніколі, вядома, адна. Васіль яшчэ малы, а гаспадарства нелапое, — і што ж ты аднэй бабе зробіш. Дзякаваць, Хлор пасобіў, а то б... ну, а цяпер усё іначай. Цяпер я пані. Мой Васіль — усё мае...

— Няма чаго казаць, — патураў Тадосі старшыня, — ты маладзец, кабета; я ўжо сяджу і думаю сабе: добра выкруцілася Тадося, пахавала гаспадара, нацярпелася, а ўсё ж і з гаспадарствам справілася, і сына выхавала, як ляльку, ды жаніць прычакала. Відаць, што ты цяпер не пакрыўджана ў жыцці...

— Так, майго Васільку, каб не ўрачы, усе любяць за яго людскасць, самавітасць. Бацюшка ж — дык не нацешыцца, бо, прызнацца, апроч усяго ён у мяне і набожны. Жывём — а ніколі не сварымся, як то бывае ў іншых. Трэба мне — я ўступаю, прыходзіцца яму — ён падаецца; ніякіх супярэчак у хаце. Вось і цяпер, — парадзілася з Хлорам, каб жаніць — сказалі яму, і хоць бы слова — добра. Намякнулі на Прыдатчанку — добра.

Васіль маўкліва слухаў мацерыну атэстацыю і цішком толькі падліваў дзядзькам гарэлку ды падсоўваў закуску. Чуючы іншыя ліслівыя словы ад мацеры, ён адварочваўся ў акно і паглядаў у цемру надворку. І толькі тады, калі Тадося перайшла да вяселля, Васіль пачуў некаторую каразлівасць гутаркі і перасцярог мацеру:

— Ды будзе ўжо вам так расхвальваць мяне...

— Чаму? Ласне я ганьбую цябе? Можна ўсім ведаць аб тваіх дадатных баках, не пашкодзіць гэта... — не здаволілася Тадося.

— Так, так, так, — уставіў старшыня, — каб я меў гэткага сына, як ты, нічога не хацеў бы. Сваё званне з прыдачаю аддаў бы... Нават... — ён павесялеў і прыняў іншую, зухвальскую міну. — Каб ды ведаў, што будзе такі сын, прылажыў бы ўсе старанні мець яго...

Гэтыя словы рассмяшылі ўсіх; засмяяўся і старшыня.

— Ну, вядома, — дадаў ён, — абы-якіх то і радзіць не варта; я такога правіла трымаюся. А харошага сына мець — трэба быць шчаслівым.

— Жартаўнік наш старшыня! — выказаўся Апанас і пастукаў Андрэя па плячы.

Гэта фамільярнасць казала за смеласць, якую прыдала Апанасу гарэлка. Увайшлі ў вясёлы настрой Дзям’ян і Хлор. Апошні шчыра паціснуў руку старшыні за яго словы, а Дзям’ян нават памкнуўся падняцца, каб пацалаваць Андрэя, але раптам перадумаў і толькі непрыкметна дзеля другіх пашавяліў губамі. Старшыню ж імпанавала агульная ўвага прысутных, і ён не сароміўся прыняць адпаведныя свайму чыну тон, позу і настрой.

— А думаеце, мужчыны, невялікая заслуга ў выхаванні Васіля за Хлорам? Па-мойму, каб не Хлор, то Тадосі б вельмі цяжка было справіцца з гэтым. Яна праўду кажа, адзначаючы гэта. Ужо тое колькі варта, што Хлор сумеў пераняць Васіля ад розных непахвальных кампаній. Тут патрэбна цвёрдая мужчынская рука, хітры падыход, каб правясці між ямак і калдобін. Маці! Мала што маці! Кабета, пры гэтым занятая кабета — ці ж бы яна дагледзела за ім? І, будзьце пэўны, Васіль даўно круціўся б з гэтымі басякамі-дэмакратамі; а можа б к гэтаму часу і сядзеў бы дзе. Цяпер дужа неспакойны час, скрутны так, што вельмі цяжка абмінуць, каб не папасці ў яго вадакрут. Вы паглядзіце! — старшыня ўвайшоў у апломбу, — колькі вы налічыце ў Сілцах, ды нават ва ўсёй воласці, гэткіх людзей, як Васіль? Нават мужчыны — і тыя, на іх цураха, многа дзе забаламучаны дэмакрацтвам — не кажу ўжо аб моладзі... Вось чаму Тадося павінна дзякаваць свайму швагру.

Словы старшыні пападалі ў цэль: Хлор няскрытна лісліўся імі, і пакуль Андрэй казаў, умільна пазіраў то на старшыню, то на Васіля, то на Тадосю. І думаў пра сябе: «А разумны, аднак, чалавек Андрэй. Не здарма каторы раз яго воласць абірае за старшыню. Удаецца ў кожнага жыццё і ведае яго, як сваё».

— Я — дзядзька Васілёў, — замяніў старшыню Хлор, — мусіў ахоўваць свайго нябога. Бо, праўду кажа наш паважаны старшыня, каб не глядзелі за ім, магло б многае што стацца. Цяпер, калі я гляджу на Васіля, устае гонар ва мне — то ж мой выхаванец. Я не хвалюся, а дзяцей гадаваць умею добра. Вось у мяне двое малых, а загадзя магу сказаць, што выведу іх у парадачныя людзі.

Хлор адкінуўся на сцяну і выцер рукавом губы.

— Вядома, вядома, вядома... — не астаўся ў даўгу Апанас Хрыпак. — З дзяцьмі, як са шклечкам, трэба акуратна абыходзіцца: так і сачы за імі, каб не выпусціць з рук. У мяне, праўда, іх няма, але ўжо лепш не мець, як мець распусных ды звіхнутых з пуці. Ці ж добра бацьку, калі яго дзіця ўлада арыштоўвае ды саджае ў астрог або ссылае? А гэткіх цяпер процьма: па ўсім краі, ва ўсім свеце. Пішуць жа газеты аб гэтым. Ды навошта далёка шукаць — калі вось, пад бокам, колькі хоць такіх: Сёмка Хведараў, Янка Змітраў, Пятрусь Прахораў, процьма... Як паветра якое — гэта дэмакрацтва; па ўсіх кутках і шчылінках разыходзіцца. Вунь і ўчора, расказвалі, дык чалавек пяць стражнікі прывялі з вёскі Катлоў. І, думаеце, што яны чаўплі? Сабралі нядзелю сход мужыкоў і давай пад’южваць: «Глядзіце, зямлі ў вас — курыцы ступіць, а пад бокам тысячы дзесяцін у паноў Камянецкіх. Адкуль яны набралі, як не паадбіралі ад вашых дзядоў, ад працоўнага народу. А яны забралі — дык і ў іх трэба забраць... Таксама і з лесам; у вас хаты рушацца, а ў паноў Камянецкіх — сотні дзесяцін страявога лесу. Яны сякуць яго, прадаюць і складаюць грошы ў банках, а на вас вада цячэ. Ці ж так справядліва? Ці ж мы павінны моўчкі глядзець на гэта?» І іншага ўсяго набаялі мужыкам, а тыя вазьмі і паслухай. Назаўтрае ранюсенька сабраліся грамадою і гайда ў панскі лес. Пайшла павальная рубка. Іх прасіць, перасцерагаць — дзе там! Пакуль не вытрабавалі стражнікаў... Вось як... ці праўда, ці не? Андрэй ведае... А раней гэтага эканома збілі за пашу...

— Вядома, не хлусьба, — падмацаваў старшыня.

— Ай-яй-яй! Як распусціліся людзі! — падзівіўся Дзям’ян.

Пахаяў «бунтаўшчыкоў» і Хлор.

— Вось і бачыце! — заматала галавою Тадося. — І то, бадай, работа сілцоўскіх сацыялістаў? Пэўна так! З чаго ж яны жывуць? Хоць бы гэты Стэпінчык — ездзіць па свеце, як валацуга; мала чаго ён навучыцца! А прыедзе сюды — і давай пераймаць другіх.

Некалькі хвілін яна памаўчала, мэрам дапамінаючы аб нечым.

— А Сахрона Быка, думаеце, хто спаліў, як не Стэпінчык? — дадала яна.

— Можа стацца, вельмі проста! — падмацавалі ў адно слова Хлор з Апанасам,

— Тут, на добры лад, мусіць Андрэй сказаць сваё важкае слова! — вывеў Дзям’ян.

— У чым? — не зразумеў Хлор.

— А ў тым, каб троха павылавіць гэтае рыбкі з сілцоўскага возера.

Старшыня задаволена ўхмыльнуўся. Пасля пагладзіў развесістую бараду і патрос паважна галавою.

— Вылавім! А вы думаеце, мы дрэмлем? Я ручаю сваёю галавою, што вылавім...

— Закусвайце, дзядзькі, — перабіваў Васіль, захопліваючыся гутаркаю мужчын.

А старшыня завяраў, рухаючы тулавам, рукамі, нагамі, мэрам бы дзеля таго, каб прыдаць сваім словам непарушную аўтарытэтнасць:

— Як венікам, вымецем усю гэту нечысць. Ведаеце, усё неяк не хочацца займацца; думаеш — а будуць крыўдаваць, а пачнуць наракаць... А зараз я бачу, што ўсе на маім баку. Грамада са мною. Чаго ж больш трэба! Вось я і прылажу пячатку...

Старшыня стукнуў кулаком па стале, ажно пасуда забранчала.

Васіль зарагатаў ва ўсё горла і адышоў ад стала. Але тут жа скочыў на ранейшае месца і, скардзячыся, загаварыў:

— Дык ведаеце, дзядзечкі, на мяне і на Янку Грыба ўвесь час грозяцца. Нават па вуліцы прайсці боязна. Прыехаў, згуртаваў хэўру і пад’южвае...

Ад надышоўшай злосці Васіль не мог усяго выказаць і, замест слоў, некалькі хвілін адчаяна памахаў рукою.

— Думаеш, ніхто не ведае? — уставіла Тадося, — А з Прыдатчанкаю праз каго ўсё выйшла? Праз гэтага самага абармота. Падгаварыў-падгаварыў дзяўчыну, наплёў усяго на нашу сям’ю й збіў з панталыку... То была добраю, рахманаю дзяўчынаю, а гэта гаварыцца не дае аб Васілю...

Тадося паглядзела на сына.

— Праўда?

Васіль кіўнуў галавою.

— Вось бачыце... — Ну, яшчэ закусіце... — Каб не бацькі — зусім звіхтавалася б дзяўчына. Але добра, што Мікола ды Марта моцныя людзі — узялі дачку ў рукі... Ого, што і казаць! Гэта згубцы нейкія... Тут толькі ад Андрэя залежыць...

Старшыня ж з усіх гэтых гутарак выводзіў адно: на яго сілу і начальніцкую моц «пакладаюць надзею многія паважаныя сілцоўцы». Значыць, яму суджана зрабіць вялікую справу «ўміратварэння» воласці. Няхай ён падчыняецца земскаму ці прыставу, а без яго нельга падысці ўмела і дасціпна да вясковых умоў. Гэта — заданні старшыні. Часамі гэтага не ўважаюць па начальству, а, сапраўды, яно несумненна.

— Будзь спакоен, Васіль! — пацешыў старшыня. — Усё зробіцца. Твайго кшталту людзям будзе заўсёды лепш жыць. Вер! Усе гэтыя дэмакраты і сацыялісты нойдуць сабе належны прытулак... Начальства не спіць, — Андрэй паківаў пальцам, — яно ведае, дзе ракі зімуюць...

У гэтым напрамку гутарка працягнулася яшчэ з паўгадзіны: госці не шкадавалі ні слоў, ні праклёнаў, накіроўваючы іх на бунтаўшчыкоў-дэмакратаў; вынаходзілі розныя абвінавачванні іх, прыпісвалі ім віну ў сухавеях, у градабіцці, у няўродах і інш. А калі выказаліся ўволю, расходаваўшы цікавасць і запас слоў, — перайшлі да песень. З добрага пачатку старшыні прапяялі некалькі трапароў і перайшлі да свецкіх. У пяянні прынялі чынны ўдзел Васіль і Тадося. Да гэтага ўвіхаўшыся каля гасцей, цяпер яны прыселі да стала і шчыра, да адказу адчынілі вусны.

Пяянне забрала цэлых дзве гадзіны. Ажно здзівіліся ўсе, калі Хлор выпадкова паглядзеў на гадзіннік і праказаў:

— Ого, а ўжо гадзіна першая па поўначы!

Тады зарухалі на месцах, і тут жа пачалі вылазіць з застолля. Першым вылез на хату старшыня. Каб паказаць сваю далікатнасць, ён падышоў да Тадосі, працягнуў ёй руку і падзякаваў; тое самае зрабіў і з Васілём. Апанас і Дзям’ян абмежаваліся слоўнай аддзякай.

Тадося з прыемнасцю прыняла далікатнае абходжанне Андрэя і для выгляду запрасіла мужчын яшчэ крыху пасядзець.

— Чаго вам дрэнчыць? А калі ўдзень спачынеце? Расклапаціліся ўжо вельмі! Астанецца на ваш век працы! Частуйцеся!

У яе голасе і ў рухах адзначаўся павышаны настрой і рэдкая для яе раздобранасць. Падыходзіла то да аднаго, то да другога і таўхала іх у плечы, цягнула за рукі, намервалася цалавацца. А калі ўсё ж гэта не пасабіла і госці намерыліся ісці, яна зрабіла нездаволеную міну і спакойна прамовіла да ўсіх:

— Ну, калі ўжо згаварыліся не паслухаць — нічога не парадзіш. Сілаю ж мы вас не ўтрымаем...

Крыху памаўчала і іншым тонам дабавіла:

— То ўжо выбачайце хаця: чым хата багата.

Прыжджэм Васілёвага вяселля — іначай загуляем...

І, правёўшы гасцей з двара, на развітанні дапомніла ім:

— Вы ж помніце тое, што я мушу вас бачыць на Васілёвым вяселлі. Вы дзеля мяне найлепшыя сваякі... Андрэй, ці чуеш? Прыяцель ты наш харошы — не адлучайся нікуды!

— Не, не! Дзякую, Тадоська, дзякую.

— Тут не ў падзяцы рэч...

Іх гутарка, рэзкая і гуллівая, сярод ціхай ночы зычным водгукам разносілася ва ўсе бакі.

Адказам на яе з Сівулінскай вуліцы данёсся трывожны стук бразджоткі. Гэта паслужыла перасцярогаю, і госці змоўклі ды паціху разышліся.

Тадося з Васілём вярнуліся ў хату і патушылі агонь.