V
Вярнуўшыся з ворыва, Сёмка пры ўездзе ў двор прыкмеціў, што ў хаце сядзіць нехта чужы: запаленая лямпа сведчыла, што да іх зайшоў рэдкі госць — пры сваіх паліцца газнічка. «Хто б то быў і з якое прычыны, цікава?» — падумаў Сёмка, і як бы ў адказ думкам, пачуў:
— Дзе ты блытаўся гэтак доўга? Ты, брат, мы бачым, буржуем хочаш стаць: жарты, да поўначы сядзець на полі.
Сёмка пазнаў па голасу Сроля Доўгага, наезнага ў Сілцы гарбара, сябра сілцоўскай арганізацыі.
— А як жа, мушу гаспадарства даглядаць. Гэткія нашы ўмовы.
Злезшы з драбін і паглядзеўшы ў акно, заўважыў у хаце і Віктара Стаўбуна, які аб чымсьці вёў гутарку з Сёмкавым бацькам.
— Наша справа — не ваша: у нас няма абмежаванага рабочага дня: узышло сонца — выязджай, зайшло — канчай. А ў вас: перабыў свае дзесяць гадзін — і бывай здароў.
Загаварыўшыся, ён паціху пачаў распрагаць каня і ўладавацца з ім.
— Ды кінь ужо, я сам распрагу, — выйшаўшы ў двор, пераняў бацька, — хлопцы, вунь, чакаюць гадзін са тры. Ідзі да іх у хату... Пэўна, настаў, каб заараць усю палосу — так бавіцца...
— А такі чуць-чуць і не ўхадзіў ад сценкі да граніцы, — пахваліўся Сёмка.
— Я так і ведаў... Чуеш, маці? — крыкнуў Хведар праз акно. — Сёмка ўхадзіў каля чацвярых ганоў! Ха-ха-ха! Вось маладзец!
— Ды навошта табе было гэта?! — выказалася маці.
Сёмка пакінуў бацьку пры кані, а сам увайшоў у хату і павітаўся з таварышамі.
— Бачыце, як страшыдла якое! — паказаў ён на сваё адзенне. — Калі тое будзе, што магчыму я з поля прыехаць падобным на чалавека?
— Можа, і будзе, — выказаў Сроль, — тады, як і мы лепей выглядацьмем.
— Ды не, дзеткі, вам гэтага ўжо не прычакаць, — разуверыла іх Сёмкава маці, — хаця б так, як ёсць, было б заўсёды...
Сёмка прысеў на ўслоне, скінуў шапку і паведаміў таварышоў:
— Думаеце, чаму я так запазніўся? Ехаў да гасподы і напаткаў Мікалаішку Зосю; узяў падвезці, і як разгутарыліся, дык і заняўважылі, ці ідзе конь, ці стаіць. Так шагам і краталі болей гадзіны.
— Мы так і ведалі, што тут не без прычыны, — пакпіў Сроль.
— То-та ж: дзяўчына тым болей.
— Да ты за дзяўчатамі, бадай, шчырэй гонішся, як за зямлёю, — дадаў Віктар.
Маці за нечым выйшла ў сенцы.
— Ды тут, ведаеце, надзвычайны выпадак; трэба было з Зосяю перагаварыць сёе-тое. Рыгор перадаў паклон, а побач хацелася вызнаць яе настрой у звязку з сватамі, усё разам мела пэўную цікавасць...
— Дык Рыгор, знача, ужо кінуў нас, — з несхаванаю спагадаю вымавіў Віктар, — так, а шкода, ведаеце, яго. З ім іначай чулася. Каб жыў тут — можна было б шырока працу развярнуць — яго і вопыт багаты, і здольнасці немалыя... Бяда наша ў тым, што нічога добрага не застаецца ў нас; вынікне, пакажацца таленавіты хлопец — і зараз жа едзе ў горад. А тут — як была пустач, так і астаецца... Вось і паварушы людзей...
— Няма з намі, то ў горадзе сваё нагоніць, — суцешыў Сроль.
— У горадзе! — не згадзіўся Віктар. — Горад больш нашага мае... ды гораду не столькі людзей і трэба... Самы грунт у нас ды вось у гэтых вёсках. А Рыгор якраз і падходзіць да мясцовых умоў: селянін, і гэткі верны сацыялізму... Не здарма ж яго так ненавідзелі нашы багацеі. Чулі, чым пахла ад яго. Колькі старанняў палажылі, каб збавіцца як...
— Праўда, праўда, — падмацаваў Сёмка, — каб Рыгор пабыў яшчэ колькі часу, дык не здабраваць бы яму...
— Ну, з часам аддзякуем.
Сёмка засмяяўся і пачасаў патыліцу.
— Братка, Сроль! Хто яго ведае, ці хутка дачакаем мы таго часу... Бачыш, прыкмет мала. Дзевяцьсот пяты год адышоў далёка, а новага не відаць. Тым часам абцугі ўсё цясней сціскаюцца.
— Пэўна, яшчэ шмат трэба змагацца. Можа, і не прычакаць нам, ну а дзеля другіх не трэба?..
Сроль змоўк і паглядзеў на дзверы. Сёмкавы бацькі ўвіхаліся на дварэ, абгаворваючы хатнія пытанні. Брат Сёмкі, Ігнатка, што дагэтуль пільна прыслухоўваўся да іх гутаркі, знябыўся і прыкархнуў.
— Слухай, Сёмка, — ціха, на вуха Сёмку, прамовіў Сроль: — мы прыняслі да цябе схаваць літаратуру: толькі што атрымалася з Вільні. Трэба будзе распаўсюдзіць на Пётру, а ў нас няма як пакінуць. Ты дзе-колечы ў гумно ці ў хлеў запхні, і хай паляжыць.
Сёмка памаўчаў і прычыніў акно. Падумаў крыху і адказаў:
— Што ж зрабіць: няма дзе ў вас, захаваю я. Ці ж то першыня? Прыносьце.
Сроль засмяяўся.
— Ужо прынесена — вось.
Ён паказаў на нелапы пак паперы.
— Тут пяць тысяч — хопіць па ўсіх дарогах. На Пётру ў абед трэба будзе рассыпаць.
Сёмка ўзяў пак і хутка аднёс яго ў падпечак.
— Заўтра перахаваю...
У гэты момант у хату вярнулася маці. Не падазраючы нічога, яна адвярнулася ў мыцельнік і пачала ўвіхацца з пасудаю. Неўзабаве ўвайшоў і Хведар.
— Сёння ўжо хай конь пастаіць у хляве, — прамовіў ён да Сёмкі.
І прыняўся за люльку. Шчыра зацягнуўся некалькі разоў засаб і пусціў на хату густыя камякі дыму. Па хаце расплыўся цяжкі ўдушлівы імпэт атрутлівага самасею. Маці не ўцярпела і вылаялася:
— Прыпаў зноў, як муха да мёду. І не скучыць, ліха яму! Адну за другою, адну за другою. Гэта ж сталёвае сэрца трэба... Ды тое перапятрае... Можа, ужо і так усё нутро прасмаліў. То ж жартачкі, няма ўнімку, няма сціханку: смаліць ды смаліць... Вось жа і Сёмка мужчына, а і не падумае...
— Будзе, годзе, годзе ўжо! — пераняў Хведар. — Ты мяне не перайначыш...
Ён сеў каля печы і прадаўжаў спакойна курыць.
— Цьфу! — сплюнула маці і перайшла на ціхі голас.
Сёмка пераглянуўся з хлопцамі, і ўсе цішком засмяяліся. Але, каб не прыдаваць увагі бацькоўскім спрэчкам, яны перайшлі да новай гутаркі, якую ўзняў Сёмка.
— А вы ведаеце што? Нашым хлопцам усім трэ было б у горадзе пабываць. Апроч карысці — іншага нічога. А то мохам абрасцём у гэтым глухім кутку.
Віктар выйшаў на хату.
— Ды, прызнацца вам, — з настроем прамовіў ён, — я такі і рашыўся пусціцца за Рыгорам. Паеду, павандрую па свеце. Можа, не загіну... Працы найду — абы здароўе было. Няпраўда?
— А што ты думаеш? — падтрымаў яго Сроль. — Паедзеш і работы дастанеш, і свету пабачыш, і назад вернешся. Ды калі які час прыдзецца без працы пабыць — выручаць хлопцы... Я таксама быў у гэткім становішчы, як з Веліжу ў Сілцы дабіраўся: каля дзесяці местаў праехаў, пакуль натрапіў на работу; і хлопцы ўсюды выручалі — не галадаў. А з дому пусціўся з адным рублём... А калі, часамі, і давядзецца крыху пацярпець — што ж: на горы жыць вучацца.
— Ды яно ж так. Баішся воўка — у лес не ідзі. Думаю восенню проста на Слонім пусціцца.
— Хіба і мяне бяры з сабою? — напоўжартоўна ўставіў Сёмка. — Куды ж мне аднаму ў Сілцах заставацца. Хай яна залядзеецца, гэта зямля.
— А чаму ж не? — ухапіўся Віктар. — Сапраўды, давай разам. Збяры з поля, і паедзем.
Сёмкавы бацькі нашарохаліся: Рыгор быў яскравым прыкладам. Чаго добрага возьме і паедзе і Сёмка. Хведар заварушыўся на лаўцы і мнагазначна кашлянуў. Настаражылася ў мыцельніку маці; яна кінула важданіну з пасудаю і адвярнулася да хлопцаў, паглядзеўшы на іх сур’ёзным узрокам.
— Бацькі ж мо не будуць пярэчыць? — дапэўніўся Віктар і паглядзеў на мацеру.
Тая зрабіла крок уперад і замахала падкасанаю рукою.
— Вось ты толькі не пад’южвай Сёмкі, — з налётам злосці ў голасе праказала яна. — Збіраешся ехаць — то едзь сабе здароў... Добра табе, калі яшчэ твае бацькі маладыя ды здаровыя... А Сёмка на вошта нас пакіне? Жабраваць? Вунь глядзі, як Стэпе соладка без Рыгора... Едзем!.. — Едзь...
— Чакай, чакай, Саламея, — перасцярог жонку Хведар, падняўшыся з лаўкі і выйшаўшы на хату, — ты не крычы гэтак, можна і ціха пагаварыць...
Ён пагладзіў бараду і адкашляўся.
— Баба — па-бабскаму... Давайце цішэй пагутарым... Вось хоць бы ты, Віктар: кажаш — разам з Сёмкам ехаць у горад. Пачакай жа, ну, а ты ведаеш, што гэта цягне за сабою? Пэўна і не думаеш аб гэтым: сказаў — і ўсё. Ты ж рамеснік, а Сёмка? — хлебароб. Ты ў кожным месцы можаш дастаць работы — а Сёмка? За дворніка якога ці за вартаўніка ісці? Чым ён выйграе на гэтым? Абы ў горадзе быць... Браток, перад тым, як зрабіць, — трэба перш добра падумаць ды расшчытаць: а што ў скутку атрымаецца?
Хведар падступіўся яшчэ бліжэй.
— Вось у нас маецца мізэрнае гаспадарства — ведаеш сам: крыху тае зямлі, пара кароў, свінчо, каняка; мы паціху варушымся каля яго, уходжваемся і сяк-так назбіраем на год хлеба; а то прызаробім часамі — так і жывецца. Не важна, бедна, затое незалежна; як і што захацеў — тое зрабіў. Не так — сваё дзела, асабістае. А ў горадзе? — папіхачом быць. Вось што важна, браце.
— То-та ж і ёсць, — дадала маці.
— Ат, дзядзька, часамі і не гэтак! — не згадзіўся Віктар. — Вы кажаце — ніхто вас не чапае? А сапраўды — кожны дробны начальнік мае ўласць над вамі. Ураднік, старшыня, сотнік — каму не цяжка — кожны мае права паркануць вас. Гэта толькі лічыцца — вольны... А бывае ў горадзе — так добра нападзеш на работу, што можна махнуць рукой на ўсё іншае. Едуць жа без жаднага рамясла і жывуць... ды яшчэ як жывуць! Хоць бы ўзяць Рыгора: які ён вельмі быў рамеснік — а, бачце, так падвучыўся, што зараз лічыцца лепшым спецыялістам.
— Або ты ведаеш? — перабіла Саламея.
— Ды не, братка, Сёмку няма чаго зарыцца на горад. Я б і не перашкодзіў яму, нічога, але трэба праўду казаць...
Хведар махнуў рукою і вярнуўся на лаўку. Прынялася зноў за кінутую работу Саламея. Хлопцы пераглянуліся між сабою і нейкі час памаўчалі. Сроль паглядзеў у акно і паказаў на нешта Віктару. Перашапнуліся.
Пасля Сёмка знарушыў маўчанку.
— Ай, яно-та нам і ў горадзе кепска, дый тут не лепш. Каб ужо сапраўды тая гаспадарка, а то сорам сказаць. Часам падумаеш-падумаеш — і, здаецца, кінуў бы яе ды збег бы куды-небудзь. Слёзы — не жыццё. Каб не верыў у будучыню — не варта было б і жыць...
— Дый што ты, сынок, кажаш! Не грашы яшчэ за сваё жыццё. Вунь як жыў з мацераю, пакуль агораў гэту зямлю! Хлеба ў хаце не было, абадранымі хадзілі. А прыходзілася маўчаць, — каму ж паскардзіцца!
— Эх, дзядзька, — умяшаўся Сроль, — у тым уся бяда, што вы маўчалі. А мы ўжо не думаем маўчаць. І каб павясці іншае жыццё — дык ездзім па гарадах, вучымся, як адвыкнуць ад маўчанкі.
Хведар падняў вочы і некалькі хвілін пільна паглядзеў на Сроля. Пасля спагадліва выказаўся:
— Што ж, зычу поспеху. Ці ж я супроць гэтага што маю? Ніколі. Вучыцеся жыць іначай — можа што і выйдзе, але... ласне ўся навука ў горадзе? Адны няхай тут, а другія — там. Бо калі і перайначваць — то з адным горадам не патрапіць...
Саламея адышлася з мыцельніку да печы і завіхнулася ў качэргах.
— Выбачайце, — раптам перапрасіў Сроль, — мы да таго засядзеліся, што далей нельга; а тым часам Сёмка галодны сядзіць. Даруйце, што перашкодзілі вам цэлы вечар... Самі павячэралі, а людзям...
Яны накіравалі да дзвярэй.
— Ды нічога. Думаеце, мы вас сароміліся б, каб ужо вельмі хацелі есці? — супакоіў Сёмка.
— Усё ж нам пара ісці.
Хведар злез з месца і намерыўся прайсці за хлопцамі.
— Выбачайце, што горача пагутарылі з вамі. Усяк бывае...
— Ды што вы! — у адзін голас загаварылі Сроль з Віктарам. — Хто мог падумаць гэта? Ласне мы не ведаем цёткі ці дзядзькі? Вось калі! Наадварот — яшчэ нам трэба перапрасіць вас. Бывайце здаровы!
— Ідзеце здаровы, дзеткі.
Яны выйшлі з хаты. Хведар пайшоў за імі. А Сёмка адвярнуўся к акну і пачакаў, пакуль таварышы прайдуць міма.
— Ну, бывай! — кінуў Віктар.
— Прыходзьце нядзеляю!
— Яшчэ мо і да нядзелі разоў пяць наведаем.
Апошнія словы Сроль падаў з канца двара, пасля чаго хлопцы схаваліся за рогам. Сёмка паглядзеў услед ім, адале кінуў узрокам на неба.
— І цямнюткая ж ноч! — здзіўлена праказаў сам сабе. — А паветра — мэрам бы хто разліў луг. Проста, як удзень! Добрая ўстанавілася пагода. Каб толькі так пастаяла які тыдзень — то ўжо і касіць патрэбна.
— Ды будзе не будзе пагоды, а дзён праз дзесяць трэба збірацца на касавіцу, — рассудзіў Хведар.
Саламея падала вячэру на стол.
— Будзеце хлопца.
Хведар падышоў да ложка і пачаў катурхаць Ігнатку. Хлапец паварушыўся і штосьці замармытаў.
— Уставай! Зверадзіўся вельмі!
За вячэраю ўзнялася хатняя гутарка.
— А ў каго вы куплялі косы? Ці добрыя хаця будуць? — запытаў Сёмка бацькі.
— Хто іх ведае: выбіраць-то я, здаецца, выбіраў старанна. Можа з сотню перабраў. Звіняць добра... Ды ліха іх бяры, на касавіцу хопіць. Не ўлезеш жа ў сярэдзіну!
— Пэўна. Толькі і бяды...
— Толькі і бяды! Чаму ж ты гаворыш так? Цудны які? Гэта ж грошы каштуе! А дзе ты іх набярэшся, калі пачнеш выкідаць... — уставіла Саламея.
Хведара заўзяло:
— То хай бы сама пайшла і купіла! Ушчуваць можаш, нябось, а самой зрабіць — няздатна.
Сёмка заспакоіў бацькоў.
Пагутарыўшы яшчэ пра сенакос, як і што прыдабыць яго з боку дзесяціну-другую, сям’я скончыла вячэру і разышлася спаць. Было ўжо за поўнач.