SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ · 5 min de lecture

VI

Сілцоўцы пачалі касавіцу за чатыры дні да Пётры. Пагода якраз устаялася і абяцала працягнуцца надалей. Гэта спрыяла касавіцы і нельга было адкладаць. Тым болей у гэтым годзе швыдка паспявала жыта. За якіх тыдні паўтара пасля Пятра магло наскочыць жніво.

Ужо дзён за два перад выхадам на паплавы пачалася падгатоўка: сілцоўцы зарухалі каля гумен, каля кос, каля вазоў. Хто цягнуў з лесу жэрдзе для стаўбоў, хто ўвіхаўся з сухастоінаю-ялінаю, апрацоўваючы яе на рубель, хто строіў кассё, хто майстраваў да парога ці да калодкі бабку. А з палудня перад днём касавіцы пайшло агульнае, дружнае, як па згаворы, кляпанне кос. Перш рэдкія нясмелыя стукі паляцелі з аднаго двара, адгукваючыся праз вуліцу ў другім, а пасля часцей і часцей, пераскакваючы з двара на двор, з вуліцы на вуліцу, пакаціліся яны срэбным шротам усцяж вуліц, праз гароды і сады, па ўсім мястэчку. Зазвінелі тысячамі неразрыўных, перабойных удараў, зліліся ў густыя пацёкі з’еднанага пагоджанага пяяння. Мэрам бы па нечым вяленні іх стальны перапеў выліваў магутныя мелодыі працоўнае сімфоніі.

Час ад часу, папераменна, неабачнаю хваляю пералівалася ўдоўжкі і ўшыркі лёгкае ападанне гукаў траскатні, каб зараз жа аддацца новым уздымам. Праз гадзіну, калі стук увайшоў у раўнавагу, ён, здавалася, зліўся ў адну суцэльную крэпкую гаму, выглядам конуса, верхавіна якога сыходзіла ўверсе вострым шпіцам, а аснова шырокім веерам абдымала ўсе Сілцы. У віхры бразгу танулі ўсе іншыя зыкі. Ды іх, напэўна, не было ва ўсім мястэчку. Бо птушкі, што не паспелі вылецець у поле, гавяда, што асталася пры доме, дзеці і старыя, што не адлучыліся з мястэчка, — усе замоўклі і прыслухоўваліся да ўрачыстых зыкаў кляпання кос. Нават дзярэўцы ў садах настаражыліся і не трапяталі лісцем; нават ветрык, зранку павяваўшы, прыціх паміж платоў, за вуголлем, знізіўся да раслін. І атакованае на небе сінім, пабялеўшым ад жары, сонца не хацела доўга схадзіць кнізу. Толькі цёплае паветра, раскалыханае самым стукам, нервова трапяталася пад асвечанымі капяжамі хат, над зелянінаю гародаў, у шчылінах загарадзі. Мэрам бы ўцякала кудысь к лесу, за мястэчка, на прастор, дзе б не гудзелі гэтыя сталёвыя восы.

Кляпанне цягнулася да заходу сонца, да цёмнага, урэзалася ў нетры ночы, дасягнула поўначы і, праўда, зацішаным голасам, але падляцела на спатканне ўсходу сонца. І было яму вітаннем, і было разам маршам для касцоў, якія з расою, якая нібы вытварылася з гучных мільённых удараў малаткоў, пайшлі на свае палоскі.

Так, касцы амаль што не спалі. Чуць завязаўся ў небе золак, яны паўзнімаліся з пасцелі, зарухалі, забегалі... У белыя торбачкі ўлажылі прыгатаванае жонкамі і мацеркамі снеданне. У спалосканыя баклажкі нацадзілі халоднае, чыстае вады. Перакрыжаваліся, мэрам рыцары, зброяю, ядою і трункам. І, як тыя ж рыцары, у роўна-белым зрэбным палатне, з косамі, адбітымі да бляску, адточанымі да брытвы, уснашчанымі мянтушкамі, пашнуравалі сценкамі і дарожкамі, сцежкамі і межамі ў бок хвойніку. Шнуравалі, а святло ярчэла, золак разгараўся: у першых — серабрыліся на косах джалы, а ў чародных чырванелі. Першыя адзначалі кассямі косыя крыжы на ўзрошанай траве, а апошнія не падмочвалі і ног. Але к усходу, калі над хвойнікам спыхнуў крывяны пажар праменняў і вярхоўі стройных хвой абярнуліся голкамі ў бок выглядаючага сонца, і апошні касец змоўк, перабег прагон ад Сілцоў да паплавоў і стаў у новы шэраг, у шэраг на работу.

Тым жа з’яднаным гмахам, які выцінаў музыку кляпання, захапіліся касцы ў касьбе. Так плывуць рыбакі на доўгім, лёгкім чаўне, паднімаючы і апускаючы ў воду вёслы; так сякуцца ў атаках на вайне, размахваючы шаблямі, штыхамі. Касцы — былі першым шэрагам салдат, што ідуць у наступ, стыкаюцца з ворагам і пачынаюць секчыся. Толькі мігалі доўгія дугі пад лязамі блішчастых кос! Толькі свісталі смяртэльную песню стромныя замахі, кладучы свежую траву ў роўныя пакосы. Мэрам разгорненыя сувоі палатна, рассцілаліся роўныя пракосы зялёнага мяккага мошасту. Радкамі, на локаць адзін ад другога, між прагалін зялёнай пакошы. Пракос ад пракосу аддзяляўся густою бародкаю травы, якое не падцінаў насок касы...

Над зялёнымі паплавамі насіліся дробныя хвалькі густога паветра; качалі на сабе матылькоў, стрэлак, вос, блыталі лёгкія нітачкі-павуцінкі. Трапяталі незгамонныя жаўранкі, то ўзнімаючыся высока ўверх, то каменем падаючы ў траву. А трава, падцятая касою, выдыхала сваё зялёнае жыццё густым мядовым водыхам. Дзяцельнік выпускаў белы мёд, мяцёлка — крышталёвыя капелькі сіропу, малачайнік — ліпкую, белую смятанку, казачкі — цукроўку. Кожная травінка, кожная зялінка вылівала апошнія сокі, варочаючы іх паветру, касцам, каб пасля пераняла іх зямля дзеля новага ўзросту травы. І шырокімі, бурлівымі пацёкамі разліваўся пахучы водыр над поплаўным галам, паіў касцоў, бадзёрыў іх для несупыннай працы, жывільнаю сілаю пераліваўся па разгарачаных постацях, асвяжаў кроў, бунтаваў сэрца, роіў бадзёрыя жыццерадыя думкі і надзеі.

Глыбока дыхалі касцы! Узнімаліся падгарэлыя смуглыя грудзі, выстаўленыя з-пад кашулі на гарачае сонца, пілі мядовы сенны пах; трапаліся на галовах лахматыя палойкі нерасчэсаных валос, цвёрда пераступалі ногі. Тыя, што прыйшлі першымі, урэзаліся сваімі палоскамі глыбей ад другіх, ад прыйшоўшых пазней. Шэраг касцоў выглядаў паломаным, пабітым на ўступы, але калыхаўся раўнамерна, як па ўказцы. Толькі тры-чатыры чалавекі з агульнага ліку папераменна мянцілі косы. І шасталі мянтушкі скрыпячымі зыкамі, пераплятаючы імі посвіст кос, і аддавалася рэха дзесьці далёка-далёка за паплавамі, мэрам бы звала каго... Звала грабцоў.

Ужо з абеду пачалі яны прыбываць на пакос. Ішлі па адным, па два, грамадкамі; з паднятымі ўгору граблямі, з гаршчэчкамі і слоікамі, неслі абед для касцоў — вясёлыя, рухавыя: жанкі, дзяўчаты, хлапчукі, дзеці; жанкі і дзяўчаты ў белых хустачках, схаваўшы не толькі голаў, а і ўвесь твар, у лёгкіх кашульках, высока падаткнуўшыся. На зялёных межах выразна адзначаліся тоўстыя ікры ног, як белыя слупкі; над гладдзю жытніх палеткаў, паспяваючых ужо, калыхаліся пукатыя грудзі. Дзе ішла грамадка — чуліся песні: неразрыўным касніком слаліся ад Сілцоў да паплавоў.

Абед рабіў перабой разгойданай працы: касцы клалі на пракосах косы, утыкалі іх пры сабе і ўсаджваліся за яду. Пачыналася гутарка, але ненадоўга. Не можна марнаваць часу: толькі мігалі рукі над гаршкамі. У хвілі спраўляліся з страваю, запівалі падагрэтай у баклажцы вадою, уціралі рукавом пот і зноў браліся за косы. Мянцілі, пазіралі на сонца і на поплаў, адмяралі шагамі правіловасць мяжы.

Касілі.

А пабялеўшыя пракосы, накошаныя з рання, перакідаліся грабцамі на другі бок. Мігаліся граблі, і ў агульным выглядзе паяднаная работа касцоў і грабцоў выказвала сабою вясёлую, рэзвую ігру-гулянку ў русалкі, у карагод ці што іншае.

Яшчэ дзівавей стала к вечару, калі на паплавах пачалі ўзрастаць круглыя стройныя копы: яны выступалі, мэрам з зямлі, адбягаліся адна ад другой, гналіся за касцамі, ухіляліся ўбакі.

Вертунамі забягалі між іх шалаўлівыя дзеці. І асеўшае над лесам сонца разагнала іх доўгія цені. Пастухі прыгналі стады кароў: пакоша — каровіна вяселле. Замукалі, зарыкалі, уподбег кінуліся на поплаў. Захрумсталі зубы сочную, маладую травіцу.