І
На Пётру ў Сілцах фэст. Але людзей вабіць не гэта, а тое торжышча, якое з даўных-давён адбываецца ў Сілцах у дзень гэтага свята.
Штогод Сілцы старанна гатовяцца да яго. З далёкіх аколіц, з суседніх мястэчак, а то і з павятовага горада з’язджаюцца на гэты дзень тысячы народу, які напаўняе мястэчка данельга. Ад ранняга ранку да позняга вечара вядзецца бойкае, буйнае торжышча. Ідзе гандаль на жывёлу, на збожжа, на рэчы хатняга вырабу. А помеж з гандлем адбываюцца пачосткі па карчмах, запоіны, барыш. Тут не мала перападае і сілцоўцам. Кожны з іх мае знаёмага на вёсцы, які лічыць сваім абавязкам натрапіць да яго фэстам з цэлаю сям’ёю. А як жа з госцем не пачаставацца? Гэта не часта, а раз у год. І ідуць пачастункі, вядуцца сватанні, раскідаюцца запросіны. Пройдзеш па вуліцах Сілцоў, падзівішся на рынку — учуеш песні, угледзіш пацалункі...
У гэты год, дзякуючы добрай пагодзе, з’езд народу перавысіў папярэднія гады: ужо зранку на рынку мала было вольнага месца. А к палудню ўся плошча да таго была напікована падводамі і людзьмі, што новапрыязджаючыя мусілі спыняцца ў вуліцах, захопліваючы іх далёка ў бок ад рынку. У сілцоўцаў — дык проціў свята занялі ўсе двары... Шырока разняты кірмаш глушыў мястэчка. Злітным грамавым гудам вісела над Сілцамі кірмашовая тарабаршчына. Крыкі гандляроў, смех гуляючых, рагатанне коней, рык гавяды, піск свіней — усё злівалася ў адну шумную басовую ноту. Яе гудзенне агартала шырокую аколіцу, цягнучы ў свой вір старога і малога. Людзі плылі да рынку, як вада, і ў згушчаным натоўпе, паднімаючы пыл, пацеючы, брудзячыся, удыхаючы цяжкае, смуроднае паветра, мітусіліся, мэрам мурашкі ў разварушаным мурашніку. Між бакі вялікага квадратнага пляца цягнуліся праходы-дарогі, а па іх бесканечнаю чарадою тупалі тысячы людзей. Пярэсценькія галовы, растыканыя парасоны, падняты ўгору аглоблі! На рынак сышліся ў лепшых вопратках, з рознымі надзвычайнымі думкамі і намерамі, з паднятым настроем, і кожны даражыў торжышчам, баючыся, каб дождж не папсаваў пагоды і не перабіў разнятага плана. Раз у раз сотні ўзрокаў паднімаліся ўгору, ганяліся за бела-цёмнымі воблачкамі і судзілі аб пагодзе. Хэўрамі дзяўчаты і хлопцы, паркамі, па адным па некалькі разоў абходзілі двухвярстовае кола рынку, перакідаючыся дзе ўзрокамі, дзе смяшком, дзе словамі. Сярод гандлёвых гутарак і чыннасцей ішлі палюбоўныя прызнанні. Поруч з купляю-продажам, заўсёды абманным, зараджаліся знаёмствы, якія абяцалі шчаслівыя хвіліны доўгіх, часта шчырых любошчаў, кахання.
ІІ
Пасля гутаркі з Сролем ды Віктарам наконт распаўсюджання пракламацый Сёмка ўсе дні перад Пётраю абдумоўваў, як і што лепш будзе зрабіць гэта. Некалькі разоў ён патыкаўся зайсці да Сроля і планава абгаварыць, намеціць хлопцаў і падзяліць дарогі; але пачын касавіцы не даў мажлівасці зрабіць гэта; самі ж Сроль з Віктарам таксама не надаўмілі сябе прыйсці да Сёмкі парадзіцца. Так міналі дні — так падаспеў Пятрок. Сёмка зранку, не ўстаючы з пасцелі, сам стаў абмяркоўваць гэта пытанне: «Ісці гутарыць з Сролем — няма рацыі. Трэба сказаць Петрусю, і ўдвух пойдзем на Ліцкі шлях, к Жмыгінскаму лесу і зробім справу. Будзе шыта-крыта. А то, чаго добрага, выбаўтне хто. А цяпер гэткі цяжкі час! Арышты ў Катлах і настойныя гутаркі аб тым, што будуць трасці па ўсіх Сілцах. Няхай камітэт сам думае».
З гэтым рашэннем Сёмка а дзесятай гадзіне сустрэў Петруся. Расказаў яму — той згадзіўся. Да Сроля рашылі не ісці, а лепш прайсціся па рынку — вызнаць што-колечы. Так і зрабілі. Выйшлі на рынак і абышлі некалькі разоў вакол плошчы, раззіраючыся ды прыслухоўваючыся. З паўгадзіны патупалі з дзяўчатамі. З другімі хлопцамі не хацелі сустракацца, каб не траціць часу. Але якраз на рынку напаткалі Сроля і ў кароткіх словах паведамілі яму пра свой план. Сроль адобрыў.
А дванаццатай гадзіне Сёмка з Петрусём былі ўжо дома. Пятрусь зайшоў да сябе, а ў гэты час Сёмка збегаў у гумно па пракламацыі, пералажыў іх на дзве часткі, для сябе і для Петруся, і захапіў на ўсякі выпадак рэвальвер, які пра запас ляжаў захаваным у страсе падпаветкі.
Пятрусь гародамі перайшоў да Сёмкі, узяў частку пракламацый і вярнуўся назад, каб выйсці за мястэчка паасобку. Але гэта не ўдалося — выйшлі і стыкнуліся ля Сёмкавай хаты. Пасмяяўшыся — пайшлі ўдваіх, ні на вошта не патураючы, — з гутаркаю, з смехам.
Каля хаты Прыдатных сцішылі хаду і кінулі ўзрокамі ў адчыненае акно. Прымецілі, што ў хаце ішла клапатлівая мітусіна, разбаўленая вясёлаю гутаркаю. З дзесятак дзетак вілося перад хатай і на дварэ, забягаючы нават у сені. Палілася ў печы.
— Прыдатныя гатуюцца.
— Так, збіраюцца выпіць за Зосіна здароўе.
— А, бачыш, Бераг узяў верх...
— Што ж парадзіш — не было настаяшчай супярэчкі...
— А добрая дзяўчына застанецца заразе...
— Вельмі шкода Зосі.
— Па праўдзе сказаць, Рыгор многаму віною...
Пятрусь пытальна паглядзеў на Сёмку.
— А што ж Рыгор? Сілаю не возьмеш. Наогул, у Зосі не хапіла рашучасці. А паглядзеў бы, як чужыя дзяўчаты. Вунь, на станцыі ў Ліцку я запрыкмеціў дзяўчыну, каля нас сядзела, паказаў Рыгору. Поўнае падабенства Зосі! Рыгор гэта, нічога не кажучы, — шморг, павярнуўся да яе, кіўнуў-маргнуў і пачаў гутарку. Мо, думаеш, пасаромілася, ці што? Адкуль тая рэзвасць знайшлася, смеласць — у адказ ды ў адказ... Тут жа пазнаёмілася з Рыгорам — адно я сяджу ды і дзіўлюся, як усё проста, звычайна. А каб, сказаў, дзяўчына абы-якая — лялечка: ні каліва не ўступіць Зосі. Пэўна, трэба думаць, што Рыгор і паехаў з ёю сумежкі... А каб гэта на нашых дзяўчат, дык ці сядзела б моўчкі, ці плакаць кінулася б...
Пятрусь зацікавіўся гутаркаю Сёмкі — зацікавіўся тэмаю апавядання.
— Гэта было на ад’ездзе? — запытаў.
— Так, вось-вось...
Пятрусь сказаў:
— Яно-то праўда, што Зося паддурыла. Чаго ёй было трусіць! Жыватугам не аддалі б. Пагрызлі б бацькі, пагрызлі б, а пасля і замаўчалі б.
Гутарачы, яны сышлі з горкі, мінулі рачулку. Каля Берагавай хаты прымоўклі і пільна паглядзелі ў вокны, ці не сядзіць хто і не бачыць. У вокнах ніводзін нікога не прыкмеціў, а Пятрусь угледзеў на дзвярах замок і штырхануў Сёмку, праказаўшы:
— На рынку недзе, хата на замку.
Тоўсты жоўты сабака, Ніц, расцягнуўшыся пірагом, чутліва ляжаў у кутку між плотам і брамаю. Расплюшчыў вочы і правёў хлопцаў.
Далей, між гумнамі, пэўней было ні з кім не спаткацца: нідзе нікога. На рэдкіх прыгуменнях пасвіліся прыпятыя коні, на невялікіх дзярэўцах чырыкалі вераб’і. Але — пакуль узышлі на грудок — хлопцы азіраліся назад. Азіраліся і лавілі вушамі прыліў рынкавага гоману, які саматугам адрываўся з зямлі ды нёсся ўпрочкі з мястэчка. Кірмаш кіпеў буйным жыццём, не патураючы на нічога, папераджаючы ўсю іншую справу кожнага сілкоўца і блізка Сілцам чалавека. Напэўна, каб і сказаў каму, што якіхсьці пара хлапцоў кінулі ўсякую ўрачыстасць у мястэчку і накіравалі за якімі там справамі ў поле, — ніхто не паверыў бы. Як, ласне, можна памяняць фэстаўскае свята Пётры на што-колечы іншае? Каму гэта ў голаву ўпадзе? Мо адной толькі паліцыі. Але то не дзіва, бо яна ніколі не спакойна. Усюды і ўсягды ёй бачыцца і сніцца, як людзі заняты справай змагання з існуючым ладам. Потайкам і яўна. Скрытна і адкрыта. Проста і хітрыкамі. Усе, усе, а найпаўней — моладзь. Арганізацыя — рамеснікі, краўцы, гарбарчукі.
Гэта мелі на ўвазе Сёмка з Петрусём, калі не верылі загуменнай сцішы і правяралі сябе частымі возіркамі. Не шкодзіць быць старожкім... Пакуль яшчэ можна абхітрыць у выпадку чаго.
Але гумны хутка апынуліся ўзадзе: перад імі разлягліся папарныя галы, на ганоў двое ад апошняга гумна. Загуменні калыхаліся румяным збожжам усіх выглядаў — ад жыта да канюшыны. Мэрам знарочыстая разасланая тканіна — зялёна-светла-зялёная з жоўтымі палоскамі разгарталася абапал сценкі збажына. Управа, на поўнач, з-за лёгкага ўзгорку віднелася страха бліжэйшых да Сілцоў хутароў, ад іх у бок — крыжаваў крылы вятрак. Вось выбег з-за мяжы, з-за жыта нечы сабака, плямісты, буйны, і пусціўся наўскасяк, праз папар, да млына. Пэўна, пачуў іхнюю прысутнасць, бо, адбегшыся, пачаў раз-поразу азірацца. Доўга не выходзіў з ваччу, а пасля знік за горкаю.
Хлопцы правялі яго ўзрокамі і адвярнуліся к лесу, які перапінаў папарны разгон. Над яго шэрым галам ляталі рэдкія жаўранкі, але чамусьці не хацелі шчабятаць. Накіроўвалі да паплавоў, што ганоў праз пяцёра, у лёгкай лагчыне, зялёнаю плямінаю пярэсцілі шэры гал.
На папярочцы-сценцы, што аддзяляла загуменні ад папару, хлопцы прыпыніліся парадзіцца, як ісці к лесу — ці праз папар, ці загнуць на пасеку, у бок Масткоў. Вымеркавалі час, далечыню, выгаднасць пустэчы папару і пастанавілі шнураваць нацянькі, усцяж палосак. Выбралі шырэйшую мяжу, і адзін за другім, гуськом, пайшлі.
Мястэчка аддалялася — апускаючыся за горку. Гоман рабіўся ціхім, глухім. Каркала варона ці квактала перапёлка, выпадкам пралятаўшыя над імі — заглушалі яго.
Каля поплаву хлопцы перайшлі на косую сцяжынку, што вытапталі каровы, а пасля даездзілі хурманкі. Сцяжынка меркавала тым жа кірункам, што і самы шлях, толькі на адгон, невялічкаю палогасцю, нібы баючыся выявіцца. Была выгадная дарога, але падбліжаўся лес і сурова пазіраў цёмнымі вачмі на бунтаўшчыкоў. Таіў у сваіх нетрах невядомае, неспадзяванае. Нейкаю скрытнаю сілаю закідаў на хлопцаў і заварожваў да сябе іх узрокі. Абодва з пачуццём няпэўнасці адчувалі яго блізасць — знаёмае пачуццё настарожлівасці перад важнаю справаю, а для другіх перад праступкам. Сёмка маўчаў — маўчаў і Пятрусь. Кожны ведаў пра другога настрой, навошта казаць. Нават не пераглядаліся, а, устраміўшы вочы ў цёмную сцяну, ішлі, не думаючы вяртацца, не азіраючыся.
Здалося даўгаватым, пакуль параўняліся з гранічкаю, але з гранічкі адразу, занядбаўшы ўсё — скокнулі ў кусты. Затрашчэла галлё — панёсся водгук. Толькі пташкі адклікнуліся! Лес жыў сваім жыццём: гулі шэршні ды авадні; доўб дзяцел сухастоіну-асіну; пархалі жаўтабрушкі, валовыя вочкі, сіваваронкі. Сам сабою абламваўся струхнеўшы сук і гопаў у мяккую траву; ад трапунковага ветру разам ускалыхваўся арэшнік і рабаціў у ваччу; смуглымі камякамі між густых ёлак ціснуўся змрок. Людскога жыцця — ані знаку.
Улева прасвечваўся гасцінец. Не аддаляючыся ад яго, хлопцы прайшлі ганоў двое лесам і спыніліся супроціў балот.
— Я думаю гэттака! — сказаў Сёмка.
— Давай.
Прыселі пад ельнікам. Дасталі з-за пазухі пукі пракламацый, дыхнуўшых свежаю хварбаю.
— Ты бяжы на той бок і адыдзіся ўперад, а я пачну згэтуль.
Пятрусь пакінуў Сёмку; выбег на шлях, паглядзеў у абодва бакі, матнуў рукою і схаваўся ў кустах. Сёмка пайшоў за ім, таксама абсачыў шлях — нікога, і пачаў раскладаць белыя паперынкі. Палажыў з дзесятак — пры хвоях — на ёлках, пры каменнях... Адагнуўся — і ўгледзеў Петруся. На момант сумеўся. Але тут жа адышоў і ўвішна, бегаючы завілінамі, далей клаў бунтоўныя думкі на зямлю, каб пасля перакінуць іх у нутры сялянства.
Хутка шлях ганоў на трое быў убраны пракламацыямі. Хлопцы цешыліся, гледзячы ды падсцілаючы гусцей.
Параўняліся з Юкаўскаю дарожкаю, якая выдзялялася з шляху і паварочвала ўлева. Прыпыніліся за ельнікам.
— Рэшту давай за канаўкаю рассеем.
— Па-мойму — на Юкаўскай дарозе...
Раптоўны стук калёс перабіў іх: хлопцы тут жа, як стаялі, пападалі — але не спалохаліся: падводаю паліцыя не паедзе — то з рынку. Прагарнулі раўкі і сталі сачыць прыслухоўваючыся. На нейкі час стук заціх, а данеслася невыразная гутарка; пасля зноў затарахцелі калёсы. І калі параўнялася з імі падвода, хлопцы ўгледзелі на ёй траіх мужчын, кожны з пракламацыяй у руках. Учуткі чыталі. Па тварах бегала радасная ўхмылка.
Сёмка штырхануў Петруся ў бок, той азірнуўся — і засмяяліся абое.
— Ці ж не прыемна гэта бачыць? — шэптам праказаў Сёмка.
— Я думаю.
Паціху хлопцы адышлі ў кусты і скасілі на Юкаўскую дарогу. Выйшлі па яе па крутым загіне, адкуль не відаць было шляху ні з аднаго, ні з другога боку на сажняў пяць.
— Давай тут раскідаем рэшту і пойдзем хутчэй; зараз пачнецца раз’езд.
Яны шпарчэй забегалі па дарозе, рассяючы рэшту пракламацый. Угусцілі дарогу, мэрам заслалі палатном; начаплялі на кусты.
— Хопіць многім. У добры час!