ІІІ
Абодвума валодаў уздымны настрой; не хацелася вяртацца дамоў — паглядзець бы, як сяляне пачнуць разбіраць агітацыйныя лісткі! Тут жа, пад бокам у паліцыі развінаецца вялікая справа агітацыі супроціў пануючага ладу! Якая рызыкоўнасць! Подзвіг! Хлопцы адчувалі сябе ўдзельнікамі аргомністага змагання за вызваленне працоўных з-пад цяжкага ярма. Гэта адзнанне ўлівала ў іх нутро смеласць і задзёр. Лічылі сябе шчаслівымі, што ачуліся ў гэткім становішчы і не хацелі ўспамінаць нядаўніх перажыванняў. З-пад кожнага куста глядзелі на іх не згусткі цемні, а светлыя пляміны. Елкі, арэшнік — смяяліся трэпаннем ралак і лісткоў. Дурманіў пах смалы.
Хлопцы пастаялі хвілін з дзесяць пры дарозе, палюбаваліся зробленым і заспакоенымі накіравалі дамоў. Яны не згаворваліся, кудою вяртацца, але кожны без гэтага ведаў, што лепей усяго ісці праз пасеку, а там жытнімі палеткамі, зусім іншым бокам, як ішлі к лесу. Моўчкі сышлі ў кусты і павярнулі нацянькі да палеткаў.
— Давай выйдзем на сценку, — запрапанаваў Сёмка, калі яны прайшлі з паўганоў кустамі.
— Давай!
Заламалі ўлева, прайшліся гушчарняком ганоў двое — не патрапілі і завярнулі направа.
Недалёка пачуўся пастушы гоман; зарыкала карова. Хлопцы на некалькі крокаў злевілі, але натрапілі на балота і мусілі трымаць правей.
— Заблудзілі, мабыць, — усумніўся Пятрусь.
— Нічога, давай больш не зварочваць.
— Я ўсе вочы павыпорваю...
Нарэшце, нечакана ачуліся на граніцы пасекі.
— Выйсці-то выйшлі, але з якога боку?
Пачалі адгадваць, меркаваць, пазіраць на сонца.
— Спанталыжыліся.
Улева ад іх прагукаў пастушок — «кся-а-го-го-а-го!»
— Давай направа.
Хлопцы прайшлі некалькі сажняў і ачуліся на роўненькай, заросшай мяккаю мураўкаю, палосцы. Яна паходзіла на мяжу, а не на праезджую дарожку. Лахматымі грыўкамі, мэрам палоскі дэсні, выступалі два каснічкі травы паабапал лёгкае лагчынкі, кудою калісьці ступалі коні. За каляінкамі для калёс — шырэйшыя стужачкі таго ж травянога ядвабу. З густога лесу жыта, спалавелага, вытыркалі ўперад сінія галоўкі цыбатае валошкі, падгалісты куколь. Між комлікаў — вілася і на таўсцейшым — то тут, то сям — гадзінаю абкручвалася бярозка. Маленькія вочкі — яе цвет — глядзелі на падсушаную зямлю і губілі ў яе шэрасці свой бледна-сіні, на чужых соках выхаваны колер. На сценцы бялелі цюцюпаны, абдуванчыкі, жоўты малачайнік. Па ўсёй гэтай маўклівай прыгожасці — толькі паўзком, мімалётна — каўзанулі хлопцавы ўзрокі і пасля краскі і зелень, і жыта — асталіся для сябе чакаць больш цікавых, больш уважлівых, больш цёплых вачэй і шчырых адносін. Можа трапіць часам да іх гарадская дзяўчына, якая гадамі не бачыла поля, убачыць і выкажа спагадлівыя словы: «Якая прыгожасць!» А яны — Сёмка ды Пятрусь хлебаробы, — што ні дзень, ужо праз колькі гадоў стыкаюцца з імі пры нараджэнні і пры ўміранні, пры зацвітанні і адцвітанні. Прывыклася: ім зараз вось патрэбна інакшае хараство — хараство высокіх пазываў, магутных калыханняў, несупыннага ўздыму.
Хутка выйшлі на ўзгорак, аперазаны долам — ганоў пяцёра ад пасекі і з вярсту ад Сілцоў. Прыпыніліся, як па згаворы. Агледзеліся навокал: ззаду шырокім дываном — далёка ўшыркі і карацей удаўжкі — рассцілалася пасека — пасбішчы; улева, паднімаючыся даверху, на другі ўзгорак, кацілася паважнымі хвалямі жыта. На ўзгорку стыкалася з небам, і здавалася, статкі авечка-хваль паднімаліся ўгору, каб упасці на яго сіняе гала. Уперадзе зноў жа ўзгрудак хаваў ад іх Сілцы. А ўправа — разгортвалася шырокая даліна: канчалася жыта — пачынаўся выган, а за выганам, аддзяляючы яго ад папару, віўся Ліцкі шлях. Ён увесь — на колькі ахапляла вока — быў запоўнены хурманкамі і пешаходамі — жыў, плыў рэчкаю бурліваю. Грукацеў, курыўся пылам. То раз’язджаўся кірмаш — ехалі да дому далячэйшыя госці.
Шлях прыкаваў хлопцаў да сябе: яны ўстраміліся ў яго пільнымі ўзрокамі і мералі ад лесу да ўзгорка. Прагліся пранізаць вачмі чорную сцяну дзярэў, дасягнуць да таго месца, дзе раскіданы пракламацыі, і глядзець, як іх будуць падбіраць. Супыняцьмуцца хурманкі, злазіцьмуць мужчыны ці хлопцы, падбірацьмуць па дзве, па тры штукі.
— Ведаеш, Сёмка, так і цягне вярнуцца ды паглядзець.
Пятрусь стаў на наскі і працягнуў голаў, як бы хочучы перакінуць узрокі праз лес.
— Нічога не будзе. Падбяруць. Давай ісці, — пацягнуў яго Сёмка за руку.
Яны пайшлі, апускаючыся ў лагчыну. Шлях карацеў, а пасля і зусім знік з вачэй — заступіла жыта з усіх бакоў, як сцяна. Прыпарвала. Хлопцы знялі шапкі. Хацелася абоім піць.
— К вечару, а гарачыня.
Калі зноў пачыналася ўзгор’е, пры заломе сценкі, улева, жытамі, сілцоўскія людзі пралажылі вузкую, беленькую сцяжынку, нацянькі, як аднаму прайсці.
— Заломім сюды і праз гароды.
— Не спрачаюся.
Ішлі працягнуўшы рукі — згіналі жыта — і гутарылі.
— Мала ўсё ж, на гэткую грамаду! Ці было ў нас з тысяча? — шкадаваў Пятрусь.
— Хопіць. Было тысяча. Хай толькі кожную прачытае адзін чалавек.
— Тысяча чалавек! А часта адну прачытае некалькі ды ад сябе перададуць. Калі яшчэ тое будзе, што аратар магчыме казаць прамову гэткай грамадзе сельскіх людзей. Падумай — тысяча! Няхай палова пяройме думку і то, што значыцьме!
Пятрусь памаўчаў.
— Добра-то добра... Але колькі патрабуецца часу, пакуль мы гэткім парадкам раскалышам вёску! Гукаем, швэндаемся ўкрадкаю па лесе ды па полі, а след дзе?
— Што ты так раптоўна заняпаў духам! Муха за палец укусіла!
— Не жарты! Сапраўды кажу.
— Кінь, браце. Захочам — і свет перавернем... раней ці пазней, а перавернем. Закружыцца, як калаўрот, і толькі пыл паляціць ад старога... Вунь — як на Ліцкім шляху...
— А ты, як бачу, загарачы... Каб вачэй не засыпала.
— Прывыклі да пяску — усё жыццё рыемся.
— Было б добра...
Гутарачы, глядзелі то на сцежку, пукатую, з бакоў абмытую вадой, то на мігаценне каласоў — і не заўважылі, як падняліся на ўзгрудак, дзе меншае жыта выкрыла іх. Ветрык, нагнаты з палудню, дзе згушчаліся хмары, трапаў іх косы і студзіў твары. Пачуўся выразны гул кірмашу, усё яшчэ зычны, цвёрды, мэрам бы ніхто і нішто яго не разрэдзіла к вечару... Мэрам бы яго была несчарпаная крыніца, што вылівала ва ўсе бакі па гасцінцах, а дапаўняла з-пад зямлі, каб трымаць адзін ровень...
Зноў Ліцкі шлях — той самы наплыў людзей... Як бы знарочыста наладжаная помпа выпампоўвала нязлічаны лік хурманак і вылівала іх з цесных вуліц на польныя галы. Ажно бурліла пры будынках, што былі апошнімі ад поля.
Хлопцы не спускалі вачэй, любуючыся людскім вірам, пакуль не зайшлі ў гароды, адкуль гумны засланілі шлях.
IV
Панясло гноем і пылам — мястэчка. Праз вузкую вулачку яны прайшлі на Тыльную вуліцу. Было прыкметнае ажыўленне: многія з мяшчан толькі што варочаліся з рынку, іншыя ўжо сядзелі на прызбах і абгаварвалі перажыты дзень, дзяліліся чуткамі і навінамі, датыркалі наступнага жніва. З многіх двароў выязджалі гасціўшыя сяляне, развітваючыся з гаспадарамі.
Бегалі па вуліцы дзеці то з булкамі, то з цукеркамі. То сям, то там дзе стаялі каля хат, а дзе ішлі дамоў парачкі — хлапец з дзяўчынаю. На іх заглядалі, імі цешыліся кабеты.
Сёмка з Петрусём павярнулі ў бок рынку. Ішлі паціху, мэрам бы нічога не ведаючы. Сустракаліся са знаёмымі — віталіся, калі не бачыліся да таго, перакідаліся словамі, калі раней ужо сустракаліся. Але ніхто іх не пытаў, дзе і што былі — таксама нікому не было ўшманкі, што Сёмка з Петрусём больш паўдня правялі ў адсутнасці з мястэчка.
— Якаво выйшла ў Сроля з Віктарам?
— Ці хадзілі яны?
— Павінны.
— А хто іх ведае: сустрэць бы каторага з іх і распытаць.
З намерам угледзець каго-колечы з сваіх, лепш усяго Сроля, яны павярнулі ў Яўрэйскі перавулак, а адтуль на рынак.
Нягледзячы на хмары і на позні адвячорак, на рынку яшчэ было людна, куды шумней, як у звычайны нядзельны дзень: вакол крам і пры будынках стаяла шмат падвод распрэжаных, з паднятымі ўгору аглоблямі; швэндалася многа сельскіх людзей — адны за справамі з крамы ў краму, другія па піўных і корчмах, трэція ўсё яшчэ даспацыроўвалі; грамадкамі, як сходкі, убаку, пры ганках і дварах збіраліся мяшчане, ведучы бясконцую гутарку аб усім-усялякім.
Нясло вострым пахам гною і спірытусу.
Хлопцы прастаялі каля чвэрткі гадзіны, але нікога не ўгледзелі.
— Пройдзем, хіба, — параіў Пятрусь.
— Пройдзем.
Рушылі ўправа, дзе выглядала больш метусіны. Прайшлі між шэрагу гандляроў — лыкам, гаршкамі, палатном, рашотамі, між «рускіх» з кніжачкамі і карцінамі.
— Відаць, Сроля нам не сустрэць; мо дзе дома сядзіць?
— Пройдзем яшчэ раз вакола — і дахаты.
— А такі і гэтак.
Згадзіліся і павярнулі ўлева, але не паспелі ступіць, як ззаду пачулі вокліч:
— Хло-опцы-і, пачакайце-э!
Хлопцы азірнуліся і ўгледзелі дзяўчат — Вольку і Гэлю, якія іх наганялі.
— Хоць пад вечар ды злавілі! — пажартавала Волька, падаючы руку.
Гэля павіталася другою.
— Яны думалі, што мы не знойдзем іх! — дадала яна.
У хлопцаў не было настрою да смеху і жартаў, аднак яны не далі на гэта выгляду.
— Го-о! Хто ад вас вырвецца. Вы налаўчыліся лавіць хлопцаў, як кошкі мышэй, — адказаў дзяўчатам Сёмка.
— Спрытныя да мужчын, — уставіў ад сябе Пятрусь.
— Цьфу, Пятрусь! Ну што ты балхвіш! — пераняла Гэля.
Волька тузнула таварышку за рукаў капоты:
— Няхай брэшуць — не адрэжаш языкоў.
І тут жа перайшла на другое:
— Вось скажыце, дзе гэта вы цэлы дзень галёкалі?
— Вас шукалі.
— Кіньце дурыцца.
— Праўда, праўда.
— Ды годзі...
Пятрусь запытаў:
— Ці не бачылі вы часамі Віктара?
— Віктара? — у адзін голас перапыталі дзяўчаты.
Пасля пераглянуліся і здзіўлена, у адзін голас адказалі:
— Як, Віктара?!
— Ды так... Я насур’ёз, — патрэбен нам.
— Ну, ну, закідайце хітрыкі... Можа выпусцілі?
— Каго і адкуль?! — не зразумеў Пятрусь.
— Ды кінь прыкідацца... Віктара ж арыштавалі сёння і... хіба выпусцілі цяпер?
— Арыштавалі?!
Хлопцы пераглянуліся і зрабілі сур’ёзныя міны. Зацішылі хаду, а хутка і спыніліся зусім, як ашаломленыя ад нечаканасці.
— Што вы кажаце? — памаўчаўшы, здзівіўся Сёмка.
— Гм! А ласне вы не ведалі? Вось мы і бачым, што вас не відаць праз цэлы дзень.
Пятрусь крануў Вольку за руку, даючы знак, каб яна змаўчала.
— На дарозе ў Асаўкі злавілі стражнікі — пракламацыі раздаваў сялянам. Другі, што быў з Віктарам, уцёк, а яго злавілі.
— То быў Хаім Крупнік, — дадала Гэля.
Хлопцы далей нічога не пыталі — было ясна, што справа прыняла нядобры зварот. Кожны па сабе пачалі думаць і меркаваць, што і як цяпер быць, каб паліцыя не захапіла ўсяе арганізацыі і не дакапалася да іх.
Сёмка стараўся прыпомніць усе тыя месцы, кудою яны ішлі ў Жмыгінскі лес і кудою вярталіся назад, стараўся праверыць, ці не падглядаў хто за імі, ці не падпільноўваў. Да яго падкрадалася сумненне і ўставала небяспека арышту і тых скуткаў, якія арышт за сабою пацягне.
Пятрусь па-свойму перадумваў тое самае; ён таксама ўлічаў усе скуткі таго, што трапілася, хоць думаць аб сваім арышце — не думаў.
Да абодвух падышла нервовасць і западозранасць.
Дзяўчаты прыкмячалі гэта і пугліва пераглядаліся. Нарэшце Волька не ўтрымалася.
— То можа нічога. Можа пераначуе і выпусцяць. Ласне ўжо тут вельмі сур’ёзна?..
Словы празычэлі, а ніхто зразу не адказаў. Толькі Сёмка пусціў крохкую ўхмылку, якой засведчыў Вольчыну наіўнасць.
Вольцы стала ніякавата.
Гэля кранула яе за рукаў, намерыўшыся нешта сказаць. Пятрусь перабіў:
— А і надало ім ліха не ўсцерагчыся.
Аглянуліся і падышлі да войсця ў Сівулінскую вуліцу, патрошку пачалі пераходзіць да жартаў і непрыкметна некалькі згладзілі ўражанне ад арышту.
— Дахаты, дахаты! — парадзіла Гэля.
Моўчкі згадзіліся і пайшлі ў вуліцу. Дзяўчаты расшчабяталіся і павялі гутарку аб розных здарэннях, якія бачылі на працягу дня. Расказалі далей, як напаткалі Зосю, у якім яна была настроі.
Гутаркі хапіла на паўвуліцы, да Сёмкавай хаты, дзе кампанія прыпынілася, хвілін пяць пастаяла і разышлася.