V
— Ай ды Сёмка! Цалюсенькі дзянёк, гэткі доўгі дзень і не паказацца ў хату. Ад раніцы, як выйшаў, дык і ні абедаць, нічога. Галодны праз увесь дзень... Дзе ты быў, хаця, нябожа?
З гэткімі словамі стрэла маці Сёмку.
Сёмка састроіў фальшывую міну, ухмыльнуўся і схлусіў:
— Вас не было ў хаце, а я некалькі разоў прыходзіў. Два разы еў сёе-тое.
— Калі ты прыходзіў, то што ты еў? Я ж амаль не цэлы дзень сяджу дома, — і на рынак не выходзіла. Няўжо б не бачыла, каб ты прыходзіў?
Маці задумалася, прыпамінаючы.
— Не ведаю, дзе і што вы былі, толькі я вас не заставаў. Не было ні бацькі, ні хлопца.
— Ласне прыпомніш? Можа куды і адлучалася, — уткнуў бацька, які дагэтуль маўчаў, стаючы каля дваровага акна.
— Вось ты, хаця, Хведар, не плявузгай ліха ведае чаго. Што я, непрытомная, ці што? Не адлучалася, кажу, праз цэлы дзень; нават знарок яшчэ яго чакала.
Хведар адступіўся на хату, матнуў нездаволена рукою і прамовіў:
— Заўсяголаў ужо з тым, што было. Кіньце ды давайце вячэрацьмем... Абы прыйшоў цэлым — хоць бы і два дні не было.
— Чаму вы кажаце «цэлым»? — падхапіў Сёмка.
Хведар абярнуўся к сыну.
— А таму, што вось Віктара ўжо сцапалі.
— Адкуль вы ведаеце?
— Ведаю. А хто гэтага не ведае? Усе Сілцы як у бубен б’юць. Я нават бачыў, як яго вялі... Усіх вас пераводзяць. Жыві ды чакай — бо пусціліся ўжо на тое.
Ён падышоў к мыцельніку і памыў рукі.
— А малога яшчэ няма?
— Нідзе не дзенецца, — адказала старая, завінуўшыся з качэргамі. — Балхвіш ты ліха ведае што, — перамяніла яна гутарку, — чаму гэта ты вымеркаваў так, што непрыменна ўсіх пераарыштуюць? Адкуль ты гэта ўзяў? Што, напрыклад, Сёмка шкоднае зрабіў для паліцыі? Або, каму ён чым перашкаджае?
Хведар вышчарыўся на жонку.
— Калі нічога не ведаеш, дык сама маўчы... А Віктар што, па-твойму, шкоднае зрабіў? Украў у каго што ці падпаліў каго? Лісткоў нейкіх з дзесятак растыкаў сялянам — вось і ўсё. Можа сам знайшоў дзе. А глядзі — узялі і арыштавалі. Тое можа стацца і з другімі. Бачыш, гэта ж таварышы: і Сёмка, і Пятрусь, і Віктар, і Сроль. Па-нашаму — усе яны невінаваты, а начальству — бяльмо ў воку.
На дварэ занокаў хлапчук.
— Ігнатка прыехаў?!
Хведар кінуўся з хаты і пакуль вярнуўся з хлапчуком, на стале стаяла вячэра. Сёмка ўлазіў за стол, крыху пасуваючы яго ад лавы. На дварэ вечарэла. У хаце па кутках туліўся змрок; знадворку праз невялічкія акенцы глядзелася смуглае алавянае святло.
— Можа засвецім газніцу?
— Абыдземся. Павячэраем і спаць — навошта той агонь. Госці не прыйдуць.
— А табе вельмі спаць закарцела! — падкрэсліла зламысна Саламея. — Выспішся яшчэ — не надта запрацаваўся... Вунь чужыя мужчыны на прызбах сядзяць і не думаюць аб сне. А гэта ўжо вельмі...
Яе перабіў раптоўны бразг дзвярэй.
— Бачыш, людзі наведваюць, а ў нас у хаце, як у коміне — цемната. І агню засвяціць лянуецца...
Саламея адбеглася да прыпеку, знайшла сярнічкі і засвяціла агонь.
Якраз увайшла Стэпа.
— А я думала, што мо няма нікога ў хаце. Добры вечар у хату! — праказала яна.
— Добры вечар! — за ўсіх адказала Саламея.
Сёмка папрасіў Стэпу сесці.
— Сядай, сядай, сястрыца, — дадала ад сябе Саламея. — Гэта наш стары гэткі — прашу агонь запаліць, а ён і ні рыдае.
Стэпа прысела.
Мужчыны вылезлі з-за стала, а Саламея падліла сабе стравы і канчала вячэраць.
— Што ж, уладзіны глядзець пойдзеш? — абярнулася Стэпа да Сёмкі.
— Думаю,— адказаў той,— чаму ж не паглядзець? Таварышка выходзіць замуж... А ўсё гэта прыйдзецца Рыгору пісаць...
Стэпа як сядзела, так зразу пахмурнела і праслязілася.
— Ай, Сёмачка! — заківала галавою. — Шчаслівыя тыя бацькі, што з дзяцьмі не разлучаюцца: і гуляюць, і жэняцца, а бацькам пацеха.
Саламея кончыла вячэру і пачала прыбіраць са стала. Хведар прысеў каля прыпеку і закурыў люльку.
— Там Рыгорка, хто ведае, як маецца, а я тут усё плачу ды плачу па ім, вачэй не асушваю.
Не адгінаючы галавы, разуважыў Хведар:
— А ці паможа табе гэты плач? «Плачу, плачу»... Карысць вялікая ад плачу. Ведама, што цяжка аднэй...
Ён зрабіў перапынак.
— А з дзецьмі, думаеш, лепш? Вось Рыгор там жыве і нібыта той, а тут, глядзі, Віктара Саўкавага заграбасталі... Трудна яшчэ сказаць, як тутака лепш...
— Хведарка мой, завошта б майго Рыгорку арыштоўвалі б? Ён жа такі добры, што ніколі нікому ніякае шкоды не зрабіў...
— Ах! — Хведар паварушыўся на месцы і паматаў галавою. — Нічога вы, бабы, не разумееце, як я бачу... А Віктар зрабіў каму што? Таксама добры хлопец, а аднака... Таму, што добры, што людзям дабра хоча, таму і арыштавалі.
Сёмка паглядзеў на бацьку і здавальняюча ўхмыльнуўся. Спадабалася гэта і Саламеі, а Стэпу здзівіла: яна наставілася ў бок Хведара і прамовіла:
— Дык, калі так, калі за дабрату арыштоўваюць, хто ж можа ручаць, што майго Рыгоркі не арыштуюць там? Гэта ж гвалт...
— А і то ж ты што думала?
Стэпа ўстала з месца і зрабіла некалькі крокаў да Хведара.
— Чаго добрага, — спуджана загаварыла, — не здарма я мінулай ноччу страшнае гэткае сніла... Пачуйце адно, — абярнулася вакола, — здаецца, сяджу так адна светлай ноччу ў хаце, раздумоўваю аб Рыгору, успамінаю мінулае — сэрца як не разарвецца, млосна так, не вытрымаць. Я і кажу сама сабе ўголас: «Не, — кажу, — не дачакацца мне цябе, сынок мой даражэнькі». І давай плакаць, плакаць... А Рыгорка, здаецца, гэтак — шусь раптам у хату! «Добры вечар, маці!» — кажа. — І стаіць, пільна гледзячы мне ў твар. Я тады хутка ўзнялася — адкуль тае сілы старчыла — разняла рукі і да яго, каб гэта абняць ды расцалаваць, а ён тутака ж завярнуўся, рушыў ісці і на хаду: «Бывайце здаровы, матуля, я забег толькі паглядзець на вас і зараз ад’язджаю далёка-далёка, ды надоўга...» Я гэта ўголас ды за ім, а ён умомант і счэз... Вось бачыце, суседзікі даражэнькія... Ці ж, думаеце, на добрае гэта?
Мужчыны выслухалі і засмяяліся, а Саламея разуважыла Стэпу:
— Ай, цудная ты, мала што вярзецца ў сне; часамі наблытаецца ліха ведае чаго, дык усяму і верыць? Вось праўдзівей усяго — ліст атрымаеш.
— Я нават думаў, што вы ўжо прынеслі ліст прачытаць, — дадаў Сёмка.
Стэпа павесялела, адышлася к лаве ды прысела:
— Мой сынок, дзе ж ты бачыў! Я сама не ўрымшчуся дачакацца... Да цябе прыбегла запытаць, ці часамі не прыслаў ён табе якое весткі? Так задоўжылася ўжо, так зацягнулася...
— А чаго ж ён будзе Сёмку прысылаць наперад? Перш мацеры трэба, а тады ўжо таварышам, — разуважыў Хведар.
— Не, я не атрымаў... Але не сумуйце, цётка, прышле хутка. Няхай агледзіцца там ды асталюецца добра.
— Каб жа з ім толькі не сталася нічога дрэннага. Так ужо я прачакалася, што вытрымаць не магу. Дні і ночы непакоюся, трывожыць нешта мяне.
Стэпа кінулася ў горнасць і пачала плакаць, выціраючы вочы то кончыкам хусткі, то хвартухом.
— Напіша, напіша: ці ж вы думаеце, што ён ужо забыў пра вас? Помніцца яму ўсё: і маці, і Сілцы, і Зося.
Нязвычніха сутрымала горнасць і адвярнулася да Сёмкі.
— Ай, Сёмачка, што ўжо яму думаць аб Зосі! Яна і не прызначана была яму. Я не раз Рыгорку казала, як ён яшчэ быў дома: «Кінь, кажу, сынок, Мікалаішку — яна дзяўчына не дзеля цябе. Куды, кажу, табе набівацца да Прыдатных — гэта людзі не нам раўня, гаспадары, знатныя ды заможныя; з пагардаю глядзяць на гэткіх, як мы. Табе, сынок, кажу яму, заўсёды знойдзецца дзяўчына з роўных нам. Два — тры гадкі пачакаеш пакуль, а тады — абы хацеў: у Сілцах дзяўчат хопіць». Але ён, Рыгорка, чамусьці не слухаў мяне — ганяўся за Зосяю. Гаварыцца не даваў, ставіў яе вышэй усіх. А чаго вельмі там павабнага: ну, дзяўчына не дурная, больш-менш самавітая — ды ці ж яна адна гэткая? Толькі — у сэрца ж не ўлезеш, калі так ушалопаў... А цяпер вось якраз па-мойму сталася... Ты ўжо, Сёмачка, на выпадак чаго разуваж яго ў лісце, адгавары, каб ён не дужа шкадаваў Зосі — заўсяголаў яны, гэтыя Прыдатныя, без іх абыдземся. Няхай сабе цешацца, а Рыгорку майму знойдзецца іншая дзяўчына. Усё ж, хоць і бедныя мы, а за іншых людзей не горшыя. Не на Прыдатных сышоўся свет. — Стэпа нядбайліва матнула рукою. — Напішаш ты, Сёмка, — напішу і я ад сябе — хай махне рукой. Ці няпраўда, Хведар?
Той падняў кнот у газніцы, зняў лучынкаю нагар, скалыхнуўшы ценямі ў хаце, пастукаў некалькі разоў, каб не курэла, зацягнуўся і разважна адказаў:
— А чаму, Стэпа, няпраўда? Вядома, што праўда. Рыгору знойдзецца пара, чаго і казаць. Пане мой, такі хлопец, што ані рады. Дурноту спаганяў, што ўвіваўся за Зосяю. Мацыя вялікая, падумаеш!.. Яму яшчэ паспее вырасці...
Саламея адхілілася ад пасуды і дадала к мужавым словам:
— Як для твайго Рыгора, гэтак і дзеля майго Сёмкі знойдзецца колькі хоць дзяўчат. Абы хацелі жаніцца. Вось калі, вось калі! Няхай Прыдатныя свой гонар у торбе носяць, а мы і без яго абыдземся, абыдземся...
А Сёмка слухаў гутарку старых, пасмейваўся; час ад часу пазіраў на цёмную пляму акна, не давяраючы двароваму спакою. У вачах і ў думках стаяў Віктар, Хаім, Сроль; мігаліся пракламацыі, паўставалі лес і поле — а сэрца выбівала глухую трывогу, а цела дрыжала ў рухавай нервовасці. Не хацелася заседжвацца ў хаце — цягнула на вуліцу: хоць бы аднаму прайсціся, калі не ўдасца нікога напаткаць і пачуць свежую заспакойваючую думку, хоць бы разагнаць засеўшую ўнутры непрыемнасць ад арышту.
Якраз пачуліся песні, што зацягнулі на зборні дзяўчаты; заўтуравалі галасы і вясёлыя, бесклапотныя выкрыкі дзяцей — уладзіны іх прыцягвалі да сябе з усіх куткоў вуліцы.
Сёмка паспешна сабраўся пакінуць хату, але спыніўся пры дзвярах, аб нечым думаючы.
Стэпа паглядзела на яго і, каб не затрымаць, папярэдзіла:
— Ды ўжо ідзі-ідзі, Сёмачка, не глядзі на нас. Ідзі, дзякую табе, што крыху душу маю суцешыў, — а то гэтак нудна, гэтак горна, што дзецца няма дзе. Цяпер пайду, мо спакайлівей засну.
Яна зрабіла крок да дзвярэй, развіталася. Сёмка прачыніў дзверы і прапусціў яе наперад сябе, а сам пайшоў за ёю.
— Ты ж не загульвайся, сынок, а то заўтра зранку прыйдзецца ўстаць ды ісці дакасіць той шматок поплаву, а днём — будзе пагода — то звазіць.
Сёмка адказаў з-за дзвярэй:
— Я ведаю.