SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ПЯТАЯ · 4 min de lecture

VI

У хаце Прыдатных пачаліся ўладзіны яшчэ з завідна... Калі Сёмка выйшаў на вуліцу, было цёмна; у Прыдатных жукацела святло, акідаючы променем натоўп гледачоў, што грудзіліся каля хаты. Сёмка праціснуўся к двару і паглядзеў у покутнае акно; якраз у акне была Зося, якая перамаўлялася з некаю маладзіцаю. На бляску святла Сёмку ўдалося разабраць сумныя нарысы на Зосіным твары. Каб ніхто не падмеціў, што ён разглядае яе, Сёмка крута заламаў у цень і прайшоў да вугла тыльнае сцяны. Тут, крыху на адгоне ад прызбы, трымаючыся ў баку ад натоўпу, стаяла двое кабет, якія да таго разгарачыліся ў гутарцы, што не звярнулі ўвагі на Сёмку. Ён для цікавасці прыпыніўся кроках у двух ад іх і, даючы выгляд, нібыта сам глядзіць у акно, прыслухваўся да кабет.

— Яшчэ гэтага ніхто не ведае, мая галубка, — казала адна маладзіца другой.

— А ты б узяла ды сказала, навошта хаваць, — радзіла другая ўверана і наглавата.

— Дык Зосі чамусьці шкода, — не здавалася першая, — мала што трапілася — абы ніхто не ведае... Ды, па праўдзе сказаць, чаго там вельмі саромецца. А Рыгору губляць ад гэтага няма чаго. З кім таго не бывае. Заўсяголаў...

Спевы і гоман, якія чуліся ў хаце, перабівалі гутарку маладзіц, і Сёмка мусіў пільней прыслухоўвацца, скеміўшы, у чым справа.

— Дык кажаш, Марцэля, гэта ўсё твой Юзік бачыў? — смакавала другая.

— Вось калі — пэўна. Ехаў так з Паплавоў і чамусьці намеркаваў на Лужкі. Угледзеў воз — што ж? стаіць воз — няхай стаіць. Але пад’ехаў гэта, кажа, якраз, глянуў, аж пад возам на паплаўцы... Вось мой мудрагель як крыкнуў, як зарагатаў — ха-ха-ха! — дык і Рыгор, і Зося, як апараныя, паўзнімаліся і барджэй паадварочваліся ўбок... Цікава, кажа, што бессаромна і бяспечна, — вось жа каля сценкі... Да таго захапіліся, што не маглі стрымацца...

Апошні сказ, пэўна, засароміў слухальшчыцу, і тая суцішна супыніла суседку:

— Каб ты спрахла, каб ты, Марцэля; цішэй крыху.

Яны мінутку памаўчалі, а пасля другая са смакам выказала:

— А цікава было б, каб гэта парадаваць гэтым Васіля. Ён, пэўне, і не думае аб сім...

— Гэ, дачуецца к вяселлю, — уверана сказала Марцэля.

— Усё ж ты ўжо не так паўсюдзь гэта...

Сёмка далей не слухаў. Адышоўся ад кабет у натоўп і задумаўся. Успомніў настрой Рыгора ў дарозе, а Зосі, калі падвозіў яе з травою. Адгадаў, што абое цяжыліся нечым. Сёмка гостра зацікавіўся, як далей пойдуць здарэнні. Ён дапускаў, што Васіль дачуецца пра Зосін грэх і будзе мсціць ёй за гэта, датычна Рыгора — сумняваўся, каб яго адцягнула ад думак пра Зосю тая дзяўчына, што стрэлася ў Ліцку на станцыі. Раздумваючы так, Сёмка падышоў да Ермалаевай хаты, дзе ішла зборня. Хлопцы і дзяўчаты прывіталі яго хорам:

— Добры вечар, Сёмка.

А следам Пятрусь цішком дадаў:

— Ты яшчэ цэлы? А я думаў — у карты з Віктарам рэжашся.

— На варагі казана, — перабіла Волька.

Усе зарагаталі.

— Абарона Сёмку, — падаў хтось з гурту.

— Дзякую ёй, — знайшоўся Сёмка.

І запытаў Вольку:

— Ці ж ты, Волька, не ў сватах?

— Цікавішся? — праказала Гэля Сідорышка.

— Цябе чакала, — уставіла Аксеня Астапішка.

— Мяне?! Разам не пойдзем.

— Як бачыш...

Волька рашуча перабіла:

— Годзі ўжо, годзі. Залепяталі.

Зборня ўнялася і перайшла да звычайных разважанняў, жартаў, смеху і піскаў. Адны намерваліся пяяць, другія перабівалі, трэція перакідаліся словамі. Атрымоўваўся рыначны задзёрысты бясклопатны шолам, які зліваўся з гоманам натоўпу каля хаты Прыдатных, з песнямі і крыкамі сватоў у хаце. Дзякуючы ціхай ночы, гукі далёка разыходзіліся ва ўсе канцы мястэчка. Сёмка прытуліўся да Волькі і выказаў сумненне наконт свае бяспекі:

— Я ўсё-ткі баюся, Волька, каб да мяне ноччу не трапіла паліцыя.

— Няўжо ты думаеш? — жахнулася Волька.

Яе жах перадаўся Сёмку.

— Усё можа стацца.

Волька шчыльна прытулілася да Сёмкі, мэрам бы хочучы паказаць сваю рашучасць змагацца за яго да канца. І на вуха дрыжачым голасам шапнула:

— Перадай мне, калі маеш няможнага.

— Не, нічога няма.

— А ў Петруся?

— Таксама.

— Дык мо нічога?

Збоку іх зацягнулі песню: «Ды з-за хмары, хмары цёмнае». Песня заглушыла гоман у Прыдатных, і каля Прыдатных ды перакатным рэхам аддалася далёка за будынкамі, у капусніках. Да зборні пачалі збягацца хлапчукі, якія дасюль віліся па падвоканню ў Прыдатных. Абступілі суцэльным ланцужком дзяўчат і хлопцаў і запішчалі ў ноту сваімі рэзкімі, пісклівымі галаскамі.

Сёмка з Волькаю нейкі час маўчалі ні то слухаючы песню, ні то раздумоўваючы кожны па сабе.

Вольку брала нервовасць і таміў неспакой: яна спагадліва зазірала ў вочы Сёмку, раз-поразу падавала пытанні. Песні і жарты надаядалі — стала хацецца іх не чуць. Забылася суйздром пра сваты і пра тое, што абяцала Зосі зайсці да яе. Нешта міжвольна трымала яе каля Сёмкі, які здаваўся на гэты раз вельмі дарагім, вельмі каханым.

А Сёмка, не патураючы яе настрою, праз нейкі час нядбайна праказаў:

— Ну... што ж парадзіць: забяруць — забяруць. Пасяджу — не я першы, не я — апошні... Быць сацыялістам, трэба паспрабаваць усяго. Жыццё — змаганне...

Волька перабіла.

— Што ты! Не кажы, кінь... Да чаго табе кідацца ў няверу.

— Ты шкадуеш?

Волька адказала ціхім пацалункам.

— А ў выпадку чаго — не пакінеш мяне, як Зося Рыгора?

— Навошта ты пытаеш?

Сёмка змаўчаў. Пазяхнуў і падняў угору правую руку.

— Ну, ідзі да Зосі, а то прачакаецца.

— Яшчэ паспею.

Але наперакор словам паднялася з прызбы і зрабіла некалькі крокаў ад дзяўчат. Сёмка намерыўся прайсці за Волькаю.

Якраз перашкодзіў Сроль, падаспеўшы да зборні.

— Добры вечар! Ці няма тут Сёмкі? — запытаў ён да ўсіх.

Сёмка падкраўся і аблапіў яго за рукаў.

— Вечар добры!

Ужо цішэйшым голасам Сроль дадаў:

— Ты мне патрэбен на хвілю.

Яны адышліся, а Волька вярнулася к прызбе.

— Я прыйшоў сказаць, каб ты быў напагатове: Хаіма Крупніка таксама арыштавалі, а зараз трусяць Рувіма Кінда... Ты падхаваў усё?

Сёмка сумеўся, не могучы скрыць хвалявання.

— Сволачы! Насталі, бачыш... Трасцу, нічога не знойдуць, калі і прыйдуць.

— Перадай Петрусю.

— Ведае і ён.

Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ПЯТАЯ · 3 min de lecture

VII

Сроль не марудзіў, а зараз жа развітаўся і пайшоў, а Сёмка непрыкметна для іншых перадаў пачутае Петрусю.

Пасля, пачакаўшы хвілінку, удваіх з Волькаю пакінулі зборню і пайшлі ўздоўж вуліцы. Прайшлі за некалькі хат і прыселі цішком ля платоў аднаго саду. Сёмка перадаў і Вольцы тое, што пачуў ад Сроля, пераняўшы яе словамі:

— Нічога, абміну гэту напасць, будзеш бачыць.

Волька, аднак, не магла суцешыцца. Тады Сёмка рашуча перавёў гутарку на другую тэму.

— Слухай лепш гэтую новасць.

— Яшчэ якую?!

— Цікавейшая ад першай.

— Ну?

Волька скора заінтрыгавалася.

— Ты скажы, табе Зося нічога не казала?

— Калі?

— Хоць калі... Ну, на гэтым тыдні, ці крыху раней?

— Здаецца, нічога. Сапраўды?

Сёмка ўхмыльнуўся — развеяў нядаўнюю трывожнасць на Вольчыным твары.

— Кажы, кажы! — настойвала яна.

— З умоваю, што будзе шыта-крыта. Між намі? Згаджаешся?

— А то я калі што каму пераказвала? Папомні хоць адзін выпадак.

— Так, раней не было...

— А цяпер?.. Кінь, Сёмка, казаць ліха ведае што. Яшчэ я не дайшла да таго, каб выбрэхвацца. Будзь пэвен, што і далей нічога не зраблю... Кажы, а то я закрыўдую на цябе.

Волька апусціла голаў, а грудзі пачалі выдыхаць ціхія, чуць прыметныя гукі скаргі ды ўкоры.

— Ты ж не злуйся, Волька: я жартую, мала што.

Ён заглянуў ёй у вочы.

— Слухай.

Яна насцеражылася.

— Гэта я пачуў перад тым, калі падышоў да зборні. Зусім выпадкова пачуў. І ніколі, павер, не думаў, што трапіцца так. Дзве маладзіцы перагаворваліся...

— Дык што?

Волька злосна тузнула Сёмку за плячук.

— Ды яно, усё, бач, проста... Стаялі, кажу, кабеты і між сабою гутарылі... Аб Зосі, вядома. Я прыслухаўся. Вось адна і кажа другой: «Ехаў, кажа, мой сын праз Лужкі і бачыў, як Рыгор з Зосяю...» Ну, ты дагадаешся... Верыш, Волька?

Волька не знайшлася, што адказаць: стала тут жа ніякавата за Зосю і за сябе. Не саромелася дагэтуль Сёмкі, а тут гэта пачуццё зразу аднекуль выпаўзла і кранула яе за сэрца. Мігам праляцелі ў Вольчынай галаве адрыўныя колкія думкі: «Ці ж яно так? Калі гэта?» Брацца за Зосю — Волька не смела. Не хапала адвагі прызнаць таварышчын паступак за звычайнасць — таксама. Як тут лепш выйсці з палажэння? Сёмка прыяцель, а то-та ж гэтак застраміў, што няма як вывернуцца. А добра б і Зосю абараніць і самой астацца сухой. Гэткія справы менш усяго патрабуюць абгавору. «Навошта такі Сёмка так паставіў пытанне? Што ж за навіна, калі што і здарылася з Зосяю? Эх, мужчыны, а самі вінаваты амаль не заўжды».

Яна глыбока ўздыхнула і палажыла голаў на Сёмкавым плячы.

— Ну, што ж маўчыш? — пачула над вухам і выпрасталася зноў.

— Не, мне Зося не казала нічога... А ласне ты вінаваціш яе, калі дапусціць праўду?

— А па-твойму як?

— Па-мойму...

Волька заблуталася, а Сёмка злавіў у ёй сарамлівую нерашучасць і па-сяброўску падсмяяўся.

— Кажы, кажы, Сёмка, — адбілася яна.

— Я не віню яе, а я баюся за яе, шкадую яе... У баб доўгія языкі... Што ім каштуе хлусню разбрахаць па мястэчку, а тады...

Волька згадзілася з Сёмкам. Міжвольна яна адцягнула на сябе пуглівую думку-параўнанне — і спынілася перад голасцю праўды: магло б так стацца і з ёю, бо яна любіць Сёмку.

— Я не віню Зосі, — яна так шчыра кахала Рыгора, што магла пайсці на ўсё.

— І пайшла?

— Не ведаю, але каб і пайшла, то не грэх.

— Я люблю такіх шчырых, як ты.

Каб болей не гаварыць на гэту каразлівую тэму, Сёмка запытаў:

— Дык, можа, ты зойдзеш да Зосі?..

Маўкліва ўсталі і пайшлі.

Ужо было шмат за дванаццатую гадзіну ночы. Вуліца пусцела і цішэла. На ўсходзе завязваўся золак. Каля Прыдатных з вялікага натоўпу асталося некалькі невялічкіх гурткоў моладзі, якая ўсё яшчэ не пакідала наглядаць за ўладзінамі, як бы ахвяраваўшы дачакацца іх канца.

Сёмка падвёў Вольку, не даходзячы адной хаты, да Прыдатных, спыніўся на хвіліну і развітаўся.

— Прашу цябе — усё захавай, — парадзіла яна Сёмку.

І, адышоўшы на два — тры крокі, успомніла, што забыла запрапанаваць яшчэ адно.

— Сёмка! — ціха пазвала.

Той абярнуўся.

— А мо да нас пойдзеш начаваць? У прыгрэбіцы на вышках вельмі зацішна: я пасцялю табе хоць зараз. Га? Нават і бацькі ведаць не будуць.

— Не, не. Дзякуй! А мо ўсё абыдзецца добра.

— Калі хочаш? Падумай!

— Дзякуй.

Разышліся.