SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ПЯТАЯ · 6 min de lecture

VIII

Было ўжо світанне, калі ў Прыдатных скончыліся ўладзіны. Мястэчка, асабліва яго земляробская часць, прачыналася да будзённага жыцця, да звычайнай працы. Па дварах чуўся гоман і пярэзвы. Пастухі выганялі ў поле гавяду. Трубілі ў бяроставыя трубы, гралі на жалейках, крычалі і нукалі. Гавяда рыкала, мэкала, чуючы спажыўную папаску. А ўсяму гэтаму галасу ўтарылі песні і танцы сватоў. Яны гамузам выйшлі на вуліцу, цягнучы за сабою бяседу. Берагава палавіна наладзілася дахаты, а Прыдатных — праводзіць. Як пачалі ў хаце — дык праз двор і на вуліцы не маглі кончыць пацалункаў. Выкладалі адны другім тысячы розных пажаданняў, зычэнняў, пахаценняў; не было канца падзякам. Нарэшце Хлор з Фядотам Грыбам вылузаліся з Марціных рук і пайшлі ў прысядку драпака — віліся, як немчыкі, прыгуквалі, пляскалі ў далоні, паднімалі ўверх шапкі. Сваёю зухаватасцю раздражнілі іншых — і хутка на вуліцы зрабіўся карагод. Папрачыналіся, хто яшчэ спаў, і праз вокны, а то выйшаўшы на двор, дзівіліся на раз’юшаных сватоў. Адны зайздросцілі, другія — злаваліся і клялі, трэція нядбайна паглядалі.

— А Зося дзе? Дзе Зося? Васіль, чаму не вядзеш з сабою Зосю? — гукаў старшыня Андрэй.

Абняўшыся, яны выбраліся наперад і сталі зваць сватоў дахаты. Туга, з неахвотаю — усё ж па адным пачалі разыходзіцца. Гурток з Тадосі, старшыні, Хлора з жонкаю і двух Берагавых раднякоў, азіраючыся на Прыдатнага хату, пайшлі напрамкам к Загор’ю. Ахрыпшыя галасы цягнулі разбітыя ноты невыразных песень, у адзнаку развітання маталіся хусткі і шапкі.

Гэтак, пакуль не зайшлі за гару, схаваўшыся за Цішкавай хатай.

За гарою, не даходзячы да хаты Берагаў, спыніліся на развітанне. Але, зрадніўшыся за ноч, цяжка было моўчкі разысціся. Тым болей, што ўладзіны паказалі поўную перамогу Васіля. Прыдатныя цалкам згадзіліся на ўсе ўмовы пасагу, якія даўно апрацаваў старанны Хлор, вельмі здавольніліся, што так пайшла справа, як хацелі Берагі. Пры гэтым гасціннасць Прыдатных таксама запісалася ў строчку: жарты — цалюткую ноч паілі ды трактавалі каля пятнаццаці чалавек! І як гасцінна ды далікатна абходзіліся! Ці ж мала гэтага для абгавору? Багатая тэма для гутаркі.

Хлор першы пачаў выліваць сваё пачуццё:

— Ну, сваткі, сённека наша свята! І свята — у гонар нашага дарагога Васількі. Чуеш, Тадося, ці не?

Хлор раскідаўся ў бакі і матаў рукамі, мэрам бы хочучы затрымаць у кучы, гуртком, усіх каля сябе.

— Чуеш, Тадося? Каб ты, як і мы — Андрэй, Хвядот, Пракоп, я, — каб ты не ўзяла сёння ў рукі ніякае прылады да працы. Наша свята, а тваё — большае. Тваё найурачысцейшае свята, Тадося. Учора быў Пятрок, а сёння... Васілёк... Хадзі, чуеш, нябожа?

Хлор аблапаў Васіля і пацалаваў.

— Учора святкавалі ўсе, а сёння будзем святкаваць мы, вось уся наша кампанія... Паглядзеце, родненькія, вось ён — наш князь, а яго багацце вуньдзека! — Хлор паказаў на хату. — Мой брат, Васілёў бацька, каб ведаў, як і што жывецца яго сыну і жонцы, заплакаў бы ў зямлі ад радасці. Паглядзеце, сапраўды, на Васіля...

Усе павыцягвалі голавы, ад свежага ранку пасвяжэўшыя, і працягнуліся ў бок Васіля, які трымаўся прутка і падтрымліваў ужо выходзіўшага з п’яні Хлора...

— Чым Васіль сягоння не рыцар? А маладую выбралі — як ляльку! Цукар — не дзяўчына, цукровае яблычка, ружачка пахучая... Атраслі і падабралі... Падабралі — ды ў кашэлік... Ці няпраўда?

Нястройны хор галасоў адазваўся:

— Праўда, праўда, Хлор!!

А Пракоп казаў:

— А той, бач, Мікола, што за гаспадар! Што за розум чалавек! Нюхам чуе, што за хвігуру мы прывялі да яго дачкі... Ні пярэчынкі, ні задорынкі-ы! Ды куды там пярэчыць, калі само жыццё так хоча? Тут не пасаг Бажан, а важна тое, што Зося для Васіля, а Васіль для Зосі — лёсам прыназначаны... Чалавек бачыць, адкуль сонца свеціць... Ці няпраўда, старшыня?

— Праўда, сусед, працягаю табе руку.

Пацалаваліся.

— Ты, старшыня, таксама шмат памог, адным чынам сваім памог, — палісціў Хлор Андрэю.

Старшыня задаволіўся. Паправіўся ў стойцы і перабіў Хлора:

— Ды я, я... на ўладзінах набіў руку... Бачыце, заікнулася Марта аб пасагу, а я кінуў — і ўсё добра. Няма спрэчкі — дык няма. Мы не на таргі прыйшлі.

— Ну, то простая звычайнасць; нельга ж абмінуць, каб не закінуць словам за сябе,— уставіў Хвядот.

— Так, маладзец, Андрэй! — завёў далей Хлор. — Яго ласка не забудзецца намі...

Ева, старшыніха, перабіла:

— Дык якая ўжо тут ласка. Наадварот — мы вельмі дзякуем вам... А там — што...

— Не, не... зусім не тое... Васіль! — на вяселлі наш старшыня павінен быць забяспечан месцам — на покуці. Мы з гэтага часу павінны наладзіць цесныя зносіны між сабою. Нашы бацькі заўсёды добра жылі...

— Дык мы ж вельмі рады, вельмі рады, што хаця яны прыйшлі да нас. Раднякоў так не люблю, як Андрэя з Еваю... Няхай даруюць мне Хвядот з Пракопам... — казала Тадося, паказваючы на стрэчных братоў.

— А нам ласне не пачот? Берагі — не хто-небудзь, а сям’я знатная, вядомая. Мой чын — не вечны, а ваша котлішча болей веку гудзе ў мястэчку. Ці трэба казаць... — падлісціў старшыня.

— Пэўна, што так...

Хвядот не даказаў, што меў на языку. Раптоўны крык, вырваўшыся, як з зямлі, перабіў яго.

Сваты засумяціліся і абярнуліся ў бок вуліцы. А праўцом на іх нёсся хлапчук, уцякаючы ад бацькі, які гнаўся за ім па пятах з пугаю і раз-поразу хвастаў малога па голых лытках. Хлапчук кінуўся да сватоў, просячы абараніць яго, і хапіўся за руку старшыні. Сваты абкружылі хлапчука і загарадзілі яго ад бацькі.

— Кінь палохаць малога.

— Завошта ты яго?

— Каб яго паралюш узяў! — крычаў раззлаваны бацька Аўсей Карчук. — Узяў ды дзве шыбы выбіў Міколе зранку, на яго немач, і ўжо ўчыніў бяду. У хаце ні капейкі, а гэта плаці цэлую пяцьдзесятку. Падумаць! Дзе іх браць, гэтыя грошы? Я яго на смерць захвашчу! Я яго, паршы-ыў-ца-а!

Але бацьку ўгаманілі, і ён прыціх. Толькі ўзяў хлапчука за руку ды пагразіў.

— Не бі ты ўжо яго, Аўсей, — парадзіў Хлор.

— Распуснік бо.

— Хвасянуў колькі разоў і хопіць...

— Шчасце яго — што вы абаранілі, а так бы дасталося яму на яблыкі!

Калі чалавек з хлопцам схаваўся за рагавою хатаю, сваты не вярнуліся да гутаркі, а развіталіся і пачалі разыходзіцца, кожны ў свой бок... Хлор з жонкаю пайшлі да Берагаў. У дварэ разгаварыліся:

— Ну, цяпер застаецца сыграць вяселле, а астатняе ўсё зроблена.

— Дзякуй табе, Хлорык. Хоць маё сэрца будзе спакойна. Як я шчасліва, што дачакалася гэтага! Перабудзем клопат з вяселлем, нічога.

— Ды перабудзем. Хопіць часу, каб прыгатавацца. Можна пачынаць хоць з заўтрашняга.

Яны ўвайшлі ў хату і расселіся ўкол стала.

— А ты ж хаця задаволен, Васілька? — абярнулася Тадося да сына.

Васіль памаўчаў.

— Мабыць нешта не да дыхту? Нешта было, га?

Хлор уперыўся ўзрокам на нябога. Той не мог стаіцца: паварушыўся, паглядзеў у акно, залітае чырвоным променем, і, як бы баючыся, сказаў:

— Нічога... Нешта Зося ўсё капырсціцца. Ты да яе па-людску, а яна адхіляецца, маўчыць, дзьмецца, думае ўсё.

Васіль падняўся і выйшаў на хату.

— Аж прыкра ўжо стала, — уваходзіў ён у злосць, — і не ведаю, што яна сабе думае да гэтага часу! Няўжо яшчэ бацькі не паспелі выбіць з галавы думкі аб тым валацузе? Напрыкрала проста! Усё, здаецца, ішло добра, а тут, як стромка ў здаровым целе... Вось гэта мяне злуе...

— Яна ж мо праводзіла цябе? — запытала цётка, Хлорава жонка.

— Вялела маці, дык і правяла, а сказаць — ні слова.

Хлор, ужо ацверазіўшыся, прыўстаў з месца і нядбайна матнуў рукою:

— Блаж, нябожа... Усё блаж... Да вяселля — усё выйдзе з галавы — будзь спакойліў. Няма чаго сумаваць: жэніцеся і пакахаеце адно другога. Хай сабе пакапырсціцца крыху, чаму ёй не дазволіць гэтага? Ну, а што датыча Нязвычнага — то шманкі: хай выкіне дурасць з галавы. Гэтаму разбойніку ўжо больш не бачыць Сілцоў.

Да слоў Хлора дадала Тадося ад сябе:

— Ды вядома, сынку, калі толькі гэта цябе трывожыць, дык толькі бяды. Маладая дзяўчына — блажы многа ў галаве. Ці ж варта гэта браць усур’ёз?

Яна адышлася ў мыцельнік, пакруцілася крыху і запрапанавала:

— Вось мо снеданне згатовіць? Хлор таксама астанецца...

— Не, не, не... Не турбуйся, Тадоська, — пераняла Хлорава жонка. — Дзе ж ты бачыла! Нам трэба ісці дадому ды таксама прымацца за работу. Гэткі дзень мае быць, аж люба, — зазірнула ў акно. — Ідзем, Хлорык, ідзем.

Тадося не хацела далей упрошваць. І калі тыя намерыліся ісці, яна прачыніла ім дзверы ды першая выйшла ў сені.

Хлор развітаўся з Тадосінымі сваякамі і яшчэ раз суцешыў Васіля:

— Ты ж забудзь аб гэтым. Пакінь! Мала што!

— Ды я мала буду дбаць.

— То-та ж.

Тадося з Васілём правялі Хлоравых да кладкі праз рэчку і вярнуліся дахаты.