SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ПЯТАЯ · 9 min de lecture

ІХ

Пятрок нечакана прынёс з сабою многа навін для сілцоўцаў: арышт Віктара Стаўбуна, Хаіма Крупніка, мнагалікія трухі па мястэчку, уладзіны ў Прыдатных з Берагамі, якія закончыліся поўным згаворам, і набліжэнне вяселля, рэдкага, знатнага, усё гэта дало не мала гутаркі. Назаўтра, прыступаючы да будніх клопатаў, сілцоўцы на ўсе лады абгаворвалі свежыя здарэнні, перашэптваліся, падкрашалі чутае сваімі выдумкамі, дадаткамі, дзівіліся аднаму, спагадалі другому. У гутарках адмячалася зацікаўленасць да кожнага факта, нягледзячы на тое ці іншае яго значэнне, не патураючы на яго дадатнасць ці адмоўнасць. Адчувалася вядомае ажыўленне, якое на нейкі час абяцала ўзняць прыкарэлую плеўку буднічнай заскарузласці ў клапатлівым жыцці Сілцоў. У аблытаных, як павуціннем, штодзёншчынай, у апушчаных у ліпкую бросню цяжкага жыцця, якое аднімала неміласэрна сілу ды здароўе, адцінала інтарэс і наганяла нямоту, — нават у гэткіх падняліся языкі да гутаркі.

Чыя ўцеха, а чый сум, каму першае, а каму другое, — а хоць маласцю чапала і адцягала на сябе ўвагу. Ужо даўно, як у Сілцах адбываліся арышты за палітыку, гадоў пяць назад і — раптам зноў! Чым жа не дзіва! А вяселле — калі так здаралася, каб яно завязвалася пад шумок, з рознымі гутаркамі, з цэлаю гісторыяй. Таксама гадоў тры, калі не цэлых пяць назад. Але з тае прычыны, што вяселле было шмат уперадзе, арышт гастрэй адбіваўся на гутарках сілцоўцаў. Кожны, каго цешыла «правучэнне басякоў» і хто шкадаваў «небаракаў-хлопцаў», аднакава цікавіла — што ж з імі зробяць? Ці выпусцяць іх, ці не? Ці на іх кончыцца, ці мо шырэй разыдзецца гэта насланае на Сілцы? Помнілася ўсім, што арышты мінуўшых часоў канчаліся амаль не дзеля ўсіх арыштаваных высылкаю; хто ж ручыць, што і на гэты раз іначай будзе? Бацькі, у якіх былі сталыя хлопцы-сыны, непакоіліся за іх лёс, а тыя, да каго Віктар прыходзіў гуляць і якія ведалі Хаіма Крупніка — а гэткіх было многа ў невялікім мястэчку, — тыя дрыжалі і разам спагадалі хлопцам, пасылаючы розныя добрыя пажаданні па іх адрасу. У адных апаска за арыштаваных, а ў іншых задаваленне ўзмацняліся тым больш, што халодную, дзе сядзелі дэмакраты, строга абаранялі паліцэйскія стражнікі і да іх не пускалі нікога. А ў гэткіх умовах трымаюць вялікіх праступнікаў! Што ж зрабілі хлопцы? Таксама цікавіла насельнасць, мястэчка. Цікавіла ды давала мажлівасць вынаходзіць розныя небывалыя праступкі. Адны складалі чуткі, нібы Віктар хадзіў за Сілцы рабіць падкоп на дарозе, кудэю павінен праязджаць спраўнік, другія перакорылі гэтым весткам, перадаючы свае, якія казалі аб намерах дэмакратаў напасці на казарму стражнікаў і перастраляць іх; ніхто не хацеў верыць, хоць і ведалі ўсе, што ўся справа ў пракламацыях. Кулакі-мяшчане карысталіся выпадкам і перадавалі сваю радасць у тым, што «не даждацца басякам падпальваць іх гумны». Многія, каму ішло гэта на карысць, не забывалі Рыгора, хвалячыся, нібы і ён будзе арыштаваны, бо ўжо «станавы адбіў тэлеграму ў Рыгу». У паветры пахла напружанасцю.

Дапускалі, што арыштаваныя пападуць на высылку. Некаторыя лічылі абавязкам папярэдзіць знаёмага хлопца, а больш таго, якога бачылі хоць калі разам з Віктарам ці Хаімам, каб ён быў асцярожан, каб прыціх на гэты час, каб кінуў дэмакрацтва. Уставалі ў памяці енкі і плач мацярок і бацькоў, іх пакута па дзецях, цяжкасць разлукі — так было ў 1906 годзе, калі адпраўлялі ў Сібір Смуцькавага Алёшу, Хрэнавага Фомку і Стасюка Язэпа. Іх везлі стражнікі з аголенымі палашамі, і многія казалі, што хлопцам не мінуць плахі. Што тады вычваралі іх бацькі! Пэўна, не іначай будзе і цяпер. Арыштанты — гэта афяры паліцыі! Цяпер яе воля зрабіць, што хоць.

Судзілі, хоць не ўсе, а многія, што хлопцы паплацяцца здорава. І таму, што адплата дасца ім начальствам за справядлівыя дамаганні дэмакратаў, за тое, што яны шукаюць праўды — каму тое не вядома! — то нельга сказаць, каб большасць сілцоўцаў справу арышту хвалілі. Не, нават многія-многія, зусім, здавалася, ціхія і няўдзельныя ў грамадскім жыцці, зусім адсталыя, а падавалі ў голасе варожыя паліцыі тоны. Мацюкаліся на паліцыю, пракліналі, пагражалі, абяцалі скорую кару.

Ішло так здаўна — глыбокая канава падзяляла прыстаўскі стан ад усяго мястэчка, за малым выключэннем. Колькі разоў станавы з ураднікам ды стражнікамі выцягалі кароў за падаткі! Колькі разоў выкідаліся падушкі праз вокны за пену, за нядоімку! Колькі разоў накладаліся штрафы за навабранцаў! А выган на панскія грэблі, а ўсім памятная бойка ўсяго мястэчка за сервітуты! Блішчастыя гузікі і цэшкі адбівалі сабою тыя іскры злосці, якія накопліваліся гадамі ў земляробскіх душах сілцоўцаў, якія дзень з дня, год з года пераходзілі ад бацькі к сыну і захоўваліся ў сэрцы, каб пасля разгарэцца ў магутнае полымя. Іскры гэтыя штораз набіраліся большай зыркасці і толькі пачынала асвяжацца паветра грамадскага жыцця, як яны выдзелілі пякучы прысак, які абліваў істоты сілцоўцаў. Адбыліся арышты — ці ж гэта не прыклад начальніцкага разбою?

Няма чаго казаць — арыштаваныя мелі за сабою хоць не выразную, але моцную маральную сілу. Можа, і мала было адзнакаў на мажлівасць яе канкрэтнага выяўлення, усё ж «бунт» колькі гадоў таму — страшнае зданне — к данаму моманту аддаваў інакшым, пажаданым і прыемным. 1905 год увёў яго ў сілцоўскі побыт, абрахманіў, і агромная большасць сілцоўцаў адчувала ў гэтым слове магнітную сілу, задзёр, адвод балючых думак. Хоць, здавалася, ляжала на іх пахудзелых спрацаваных тварах цяжкая пячатка суму, пакоры і прытоенага змоўку, гадамі ляжала яна, як налепленая, а ўсё ж пад ёю таіўся натуральны позыў да пратэсту, да помсты, да адплаты за векавую пакуту. Сілцоўцы не ведалі, калі прыйдзе час адплаты, але і думкі не дапускалі, што ён не прыйдзе. «Можа, нашы дзеці дачакаюцца лепшага жыцця», — казалі яны. У іх было шмат адзнакаў на гэта. Дзеці — мо не ўсе і не ўсіх, але большасць дзяцей — гатовіліся на вачах бацькоў да гэтага жыцця. Чаму ж пайшло дэмакрацтва, сацыялістычнасць? На бацькаўскіх вачах мяняліся ўмовы жыцця дзяцей: гінула п’янства і карты, гінуў разбой і лаянкі, і пайшлі кніжкі, газеты, гутаркі, тлумачэнні. Ці ж гэта дрэнна?.. Ні ў якім разе. А вось начальству не па сабе, начальству дрэнна. І начальства нападае на хлопцаў, арыштоўвае іх, высылае кудысьці ў Сібір. Канава рыецца глыбей ды глыбей, разладдзе большае, абвострываецца супярэчнасць інтарэсаў... Час ад часу пачынае віраваць класавае пачуццё.

Пётраўскія арышты — прыдатны час для гэткага віравання. Яны прыйшлі, каб узварушыць застаялы ровень сілцоўскага жыцця, — і Сілцы адбілі ў сабе расхвалёваны настрой... Уздым, няўрымнасць пераліваліся па хатах мястэчка... З кожным днём — мацней, інтэнсіўней. І з кожным днём цікавасць да пытання — калі ж адвязуць хлопцаў — усё павялічвалася. З’явілася сумненне, каб хаця іх не адправілі ноччу, цішком. Можа, паліцыя пабаіцца святла, людзей і скрые сваю расправу? Ішла дапытлівасць, разузнаванне, разведы. Вечарамі і ўночы назначалася добраахвотная варта — пэўна пад рознымі выглядамі, каб не даць западозрыць паліцыі. Наведвалі мацярок і бацькоў арыштаваных, ці не ведама ім. Але і тыя нічога не ведалі. Яны былі заняты арганізацыяй абароны сваіх дзяцей: бегалі заплаканымі ад аптэкара, ліберала і ўплывовага чалавека, да адваката, які любіў часта заступацца за пакрыўджаных. Крупнікі збіралі грошы на залог, тармашылі рабіна, каб той даў падпіску ад цэлага кагалу. Стаўбуны стукаліся да мяшчанскага старасты. Усе не кідалі надзеі выратаваць хлопцаў і не пусціць іх з мястэчка. Нават перад адпраўкаю разнясліся былі чуткі, што станавы перадумаў і згаджаецца аддаць арыштаваных на парукі. Чуткі ўлілі нейкую прасветласць у напружанае становішча ў мястэчку. Сёмка, Сроль, Пятрусь — паддаліся таксама на фальшывыя чуткі і кожны па сабе перабывалі ў бацькоў арыштаваных таварышаў.

Але праз дзень надзейныя думкі развеяліся — арыштаваных адпраўлялі ў павет. Бацькі дазналіся аб гэтым першымі і з плачам разнеслі вестку па мястэчку. «Ці ты чу-у-ў? Усё-ткі іх вывозяць!» — з вуснаў у вусны перадавалася агульнае здзіўленне, настарожваючы сілцоўцаў і завучы іх на рынак, да прыстаўскага стану.

Ужо а восьмай гадзіне раніцы на рынку таўклося каля дзвюх соцень народу. Стаялі рассеянымі грамадкамі па ўсім пляцы. Гутарылі, распытвалі адны другіх; пераходзілі з месца на месца, перадаючы несціхана нарастаючыя тут жа навіны. Не спускалі вачэй з прыстаўскага дома. Калі па двары праходзіў стражнік ці паварочваўся вартаўнічы пры браме, натоўп сілцоўцаў прытойваўся, мярцвеў на момант і сотнямі вачэй апалоскваў варожы стан. У кожным руху начальства западозрывалі ліхую думку, дзікі намер. Арыштаваныя ў гэты час знаходзіліся пад пільнаю аховаю, хоць не актыўнай, але моцнай, гранітнай сілы спагады ад сваіх суседзяў-сілцоўцаў. Яны гэта адчувалі і былі ў падвышаным настроі — так перадавалі іх бацькі, калі хто распытваў іх аб самапачуцці арыштаваных.

Аб гэтым ведалі Сёмка, Сроль, Пятрусь, якія самі пераймалі таварышаў настрой. Сустракаючыся на рынку, у людзях, яны мяняліся сваім пачуццём і здаволена разыходзіліся — нельга было кідацца ў вочы начальству.

Сёмка асабіста несціхана тупаў па пляцы, пераходзячы ад гуртка да гуртка і расслухоўваючы гутаркі мяшчан. Ён зранку выйшаў на рынак, прыехаўшы з поля, куды з досвітку выязджаў на ворыва, і бачыў, як рос натоўп на рынку, як паднімалася суматоха ў прыстаўскім двары. Якаясьці дзіцячая задзёрыстасць забірала Сёмку, у яго знайшлася адвага і нядбайнасць да сябе. Гутарылі вакол пра дэмакратаў, пра іх намеры, пра смеласць і геройства, з якімі яны вядуць змаганне з царскім парадкам, хвалілі іх — і гэта было тым грыбком, які кандэнсаваў у Сёмкавым нутры пачуццё здавальнення, самаўцеху. Гэты настрой кідаўся ў вочы кожнаму, і калі Сёмка сустрэўся ў натоўпе з Петрусём ды Волькаю, тыя адразу заўважылі ў ім перамену. Сёмка хваліўся Петрусю ды Вольцы:

— Мяне ўгаворвалі, каб я не прыходзіў з поля. А мне толькі смешна было з гэтага. Каб я не пайшоў правесці сваіх таварышаў! Каб я не прасачыў вось гэтага велічэзнага вобразу! Гэта ж паглядзець адно на нашых мяшчан ды паслухаць іх гутаркі — чаго варта! Вось бачыце, якой спагадаю мы карыстаемся.

— Ты толькі паціху, Сёмка, — заўважыла Волька.

Сёмка не паспеў нічога адказаць: грамада людзей раптам заварушылася, сціснулася ў адну густую суцэльную гушчу і падалася ў бок стану. Пачуўся злітны тупат соцень ног і рытмічны рух многіх рук. Сёмку скаланула ад надышоўшага абурэння, і ён, кінуўшыся ў натоўп, прагукнуў:

— Далоў самадзяржаўе!

Пятрусь з Волькаю ды дзесяткі суседзяў з вакол паглядзелі на яго, адны вясёлым узрокам, другія з лёгкім сполахам. Нехта збоку тузнуў яго за полу жакеткі. Сёмка азірнуўся.

— Стражнікі вунь! — пачуў ён, і тут жа людская сцяна таўханула яго назад. Праз галовы нашароханых ён угледзеў больш дзесятка коннікаў, якія злосна напіралі на грамаду, маталі бізунамі над людскімі галовамі і дзіка крычалі:

— Ассадзі-ы! Асадзі-ы назад!

Людская сцяна з натугам, паціху пасувалася на яго. Сёмку апанавала злосць, задрэнчыла выкінуць якую-кольвек штуку, і ён хапіўся думкамі за таварышаў. Дзе яны? Пагаварыць бы! Гэткі момант! З гушчы, па ўсім расцягу натоўпу, чуліся рэзкія галасы пратэсту і нездаволенне на стражнікаў. То там, то сям мужчыны і кабеты дражнілі іх гончымі, кумяльганамі, лаялі. Дзеці-хлапчукі галёкалі на іх, як на сабак:

— Га-ля-а! Г-а-а-г-а-а!

Гэта раздражняла паліцэйскіх, і тыя з большаю злосцю кідаліся на грамаду, рассякалі яе сцяну і ўразаліся ў сярэдзіну... Раптам з правага боку ад Сёмкі пачуўся балючы крык і ўзнялася суматоха — то стражнік хвасянуў бізуном кабету. Гэта вестка электрыкаю прабегла па гушчы сілцоўцаў, скаланула кожнага, як вецер дзерава. Адзін квадранец — і сілцоўцы маглі б перайсці ў рашучы наступ на паліцыю, але нешта супыніла іх. Абмежавалася грозным гулкім гоманам, які з пяць хвілін катаўся алавяным шротам па раззлаванай грамадзе... У яго раскатах выразна чулася вострая небяспека, і стражнікі, яе заўважыўшы, ад’ехалі к прыстаўскай браме. Калі грамада заціхла, Сёмка кінуўся шукаць таварышаў: прабег управа, вярнуўся назад, пралез уперад, пытаўся сяго-таго. Нарэшце ўгледзеў Петруся са Сролем, але без Волькі, наўскасяк ад сябе, ззаду, і падышоў да іх.

— Ну, як падабаецца настрой сілцоўцаў?

— Цікава!

— Адна хвіліна — і магло б выліцца ў пабоішча.

— Чакаў я гэтага, так і рупіла кінуць каменем у паганую хару...

— Добра, што так абышлося, а не то б... крыві не мінуць...

Падышлі Волька з Гэляю.

— Што вы робіце, хлопцы, — з нейкім жахам папракнула Гэля. — Ці не ты гэта крычаў: «Далоў самадзяржаўе! »

— Перапужалася?

— Гэта ж маглі б перастраляць людзей.

— А, нябось, напужаліся самі... І, чаго добрага, маглі б на капусту скрышыць...

— Малыя выпадкі, а да чаго могуць давесці.

— Добрая агітацыя.

— Глядзеце толькі, каб вы з ёю не пайшлі даганяць Віктара з таварышамі. Паагітуеце тады...

— Вас не пакінем...

Волька намерылася прыкрыць рукою Сёмкаў рот і ўжо замахнулася на гэта.

Але ўперадзе натоўпу, якраз прыцішанага, пачуўся плач і зацяжныя прычыты. Хлопцы падаліся галовамі ўперад — апынуліся вачыма на двары стану.

З халоднае — невялічкага старога будынку, ні то хаты, ні то свіронку, стражнікі вывелі арыштаваных і пад канвоем павялі іх к браме. У стражнікаў былі голыя шаблі, якія блішчалі ад сонца. Рэзвыя зайчыкі шмыганулі ў людскі натоўп і раптам зноў запалілі ў ім настрой. Дапамагалі прычыты бацькоў арыштаваных:

— Куды-ы вы павядзеце-э нашых дзяцей! Дзе-эткіы мае-э!

Грамада ўз’юшылася і раптоўным крокам падалася ізноў наперад. Прагудзеў варожы шэпт. Коннікі накіраваліся адціскаць. Ізноў пачуліся крыкі:

— Асадзі-ы назад!

Але людзі не слухалі — ухіляліся і напіралі. Раззлаваныя паліцыянты замахалі бізунамі, пагражаюча сталі насядаць на пярэдніх. Пад гэтую суматню арыштаваных усадзілі на падводы, прыгатаваныя для іх загадзя.

І а другой гадзіне паполудні рушылі па шляху ў павет, пад аховаю траіх узброеных стражнікаў. Сілцоўцы напружана сачылі ўслед ім, спагадліва ківаючы галовамі і матаючы шапкамі і зычным, медным голасам шлючы ў дагон:

— Скора вярнуцца!

Арыштаваныя адказвалі выгукам:

— Няхай жыве свабода!

— Ці адчувае гэта Рыгор? — ідучы дамоў, сказаў Сёмка Петрусю.

— Гэ, ён там жыве больш напружаным жыццём... — адказаў той.

Так, Рыгор жыў больш напружаным жыццём...