І
Нягледзячы на позні час, пасля бурліва перажытага дня, не патураючы на ўздымны настрой, які падняла ў ім стрэча з Ганнаю, Рыгор помніў, што а сёмай гадзіне раніцы ён мусіць уставаць і ісці ў завод. Нельга праспаць ні за што! Нельга прапусціць другі дзень.
Заснуўшы хутка ды крэпка, ён раз ад разу прачынаўся і глядзеў на гадзіннік. Прачнуўся а чацвёртай, а пятай, а палове шостай...
Летні дзень паднімаў ранні золак, празрысты, сіні. Святло абдавала пакой, але адзнанне, што яшчэ можна паспаць, перамагала ўсё. Рыгор кідаўся ў падушку і засынаў. Нарэшце стрэлка гадзінніка апынулася на лічбе сем — і далей спаць было нельга.
— Так, скора сем! як адзін момант. Ах, яшчэ б гадзінкі са дзве!
Аднак сустрымаўся ад гэтае спакусы і злез з ложка.
Адзеўся, падышоў к акну.
— Вечарам пасплю, калі не прыйдзе-э... Ганна...
Рыгор сілком прагнаў пяшчотныя думкі і прыслухаўся да стуку, які нёсся знадворку.
Праз пару хвілін ён быў на вуліцы.
Свежае, яшчэ не запыленае паветра астудзіла Рыгораў твар і прамыла галаву. Ён пачуў сябе развей, рухавей, знайшоўся адпаведны, рабочы настрой: перакінулася нейкая нітачка сувязі ад ранейшых дзён, перад пабыўкаю, да сённяшняга. Як быццам бы нічога асабістага не было: учора, заўчора, тыдзень таму і месяц будзіў яго гудок, і к васьмі гадзінам дня вымушан прыйсці на завод. Ласне і наўперад будзе гэткі лёс рабочага чалавека? Сотні, тысячы гэткіх, як ён; вось, праз усю вуліцу выцягнуліся, нібы цэлае войска... Рыгору заімпанавала ўдачлівае параўнанне, і ён азірнуўся назад, усцяж вуліцы. Сапраўды, яна скрозь была ўсыпана чорнымі ды сінімі фігурамі людзей, якія джаралом цяклі ў адзін і ў другі бакі. У розных канцах горада гудзелі сірэны трывожна-дысанансную мелодыю, як бы выігрывалі зору, і на яе напевы збіралі рабочых — армію. У іх руху, ва ўвераных кроках, у спакойлівых выразах твараў адчувалася магутная вялікасць творчай сілы. Кожны рабочы, шагаючы пліткамі тратуараў, нёс у сабе часцінку гэтае сілы; без яе не даставала б многага, а мажліва, і ўсяго таго, на чым вярцелася гарадское жыццё. Рыгор міжвольна адчуваў гэта,— можа таму, што сам быў рабочым, што ў глыбі душы захаваў гардлівасць гэтым званнем, што сам складаў часцінку агромнае арміі. Гардзіўся самім, а праз сябе і цэлаю грамадою.
Тут жа ён параўнаў адно з другім абачны рух і падзеі забастоўкі-дэманстрацыі. На моманце пратэсту злучацца ўсе гэтыя ядынкі-рабочыя, запаляцца агнём рашучасці і пададуць свой голас. Якава будзе яго сіла? Хто не здрыганецца ад яе? З гэтымі думкамі Рыгор выйшаў на ўзбярэжную Дзвіны.
Дзе мясціўся плывучы таржок — кіпела жыццё: гандляры і гандляркі, крыклівыя, ачамерныя, рухавыя, маталі рукамі, крычалі, лаяліся з пакупнікамі. Таржок гудзеў як парушаны вулей. Шнурком спяшылі на таржок работніцы, нянькі, боны: з кошыкамі, з пляцёнкамі, з гнутымі каробачкамі. Цэлы шнур ламавых падвозіў к таржку прыпасы: бульбу, цяпліковую гародніну, крупу, муку. Мурзатыя, запэцканыя з ног да галавы, шыракаплечыя, каржастыя ламавкі па парадку разгружалі кампаніяй пярэднія падводы, тут жа замяшчаючы іх чарговымі. У іх рабоце была асабістая наладжанасць, выпрацаваная доўгім часам. Цяжкія мяшкі падхапляліся крукамі і з надворнай лёгкасцю перакідаліся на плавучку.
Па Дзвіне шнуравала некалькі кацераў з людзьмі і з дзесятак паруснікаў. З левага боку плытнікі заварочвалі к берагу даўжэразны плыт. Яны голасна крычалі адзін другому, бегаючы ўзад ды ўперад па слізкіх бярвеннях плыта. Рыгор на ўсё зварочваў увагу, усё яго цікавіла, што мела рух, што вязалася з працоўнай чыннасцю, што складала каляско агромнай машыны горада. Працоўная часць гэтай машыны вярцелася ў віры творчасці, у натужным змаганні за кусок хлеба. А там, у цэнтры, у багатых кварталах, людзі яшчэ спачывалі пры адчыненых вокнах, у мяккіх пасцелях, абароненыя другімі ад назойлівых клапот жыцця. Іх не будзілі гудкі ды сірэны, не трывожылі вымаганні быцця. Ранак будзіў аколіцы, пачынаючы з іх працоўны дзень. Горад, як і ўся дзяржава, як усё чалавецтва, дзяліўся па стану людзей на дзве паловы — рэзкія, адмяжованыя адна ад другой. Між гэтымі паловамі ляжала глыбокая канава-раздзел. Жыццё несупынна паглыбляла яе, адначасова варужаючы абодва станы. Раз ад разу выбухалі ўздымы ўзаемнай варожасці, падганяючы блізкасць рашучае схваткі.
Забастоўка, якая наспявала ў горадзе, суліла падкрэсліць яе завостранасць.
Рыгор ізноў абярнуўся думкамі к ёй. Заздрочыла хаценне, хутчэй бы яна вынікла ды як найлепш прайшла. Ён перакінуў узрок на дымлівыя коміны фабрык і заводаў. У цёмных полагах сажы, у затуманеным небе як быццам бы ўжо калыхаліся чуць абачныя яе нарысы.
Ловячы іх, Рыгор ускорыў хаду і непрыметна для сябе прыйшоў к заводу. Вузкаю стрункаю, як каралі, укочваліся рабочыя ў цесную шчыліну варотцаў. Рыгор злажыў сабою новае звяно і пераступіў парог разам з другімі.
— А! Дзень добры, Нязвычны! — леваю рукою крануўшы казырка шапкі, прывітаў Рыгора стары Караль. — Я твой нумар ужо загадзя падвесіў на дошку. Во, глядзі і ўпэўніся! — ён ткнуў заскарузлым пальцам у драцяную пляцёнку супроць меднага кружка з лібчаю 1803.
— А Міхась Камар не праходзіў яшчэ? Не падмячалі? — запытаў Рыгор.
Некалькі рабочых абмінулі іх, вешаючы свае нумаркі і вітаючыся з Каралем.
— Не, не прыкмячаў; здаецца, яшчэ не праходзіў, — я бачыў бы, — адказаў Караль.
Рыгор пакіраваў к механічнаму корпусу.
ІІ
Завод яшчэ стаяў, калі Рыгор увайшоў у майстэрні: не рухалі нядаўна спыненыя начною зменаю варштаты, не шыпелі разцы і зубілы, не ляскала электрычная тачылка, не кратаў цяжкі кран. Толькі ўпарожнюю вярцеўся трансфарматар са спушчаным пасам. У першым паверсе падагравалі печы, выпускаючы пару. Рабочыя, што ўвачавідкі напаўнялі цэхі, няспешна пераадзяваліся ў рабочую вопратку. То сям, то там каля станкоў раздаваўся бразг сталі,— то пачыналі даставаць струмант. Некалькі майстроў і падлічнікаў хронаметражаў прабеглі ўсцяж майстэрні, паглядзелі на варштаты і спусціліся ўніз. Рыгор акінуў узорам цёмна-шэрыя галы будынка, уздыхнуў і падышоў да станка, дзе працаваў перад водпускам. Усё стаяла на сваім месцы, як і пакінуў; толькі ззаду, пад комлем, хтось уткнуў новую скрынку з напільнікамі, малаткамі, разцамі, шаблонамі, рэхвамі і шрубамі. Ён карпануў рукою, як бы шукаючы чаго, і адышоў к шафе паглядзець свайго рабочага гарнітура. Кашулька ляжала на сваім месцы, зложанай, як трэба, прыпыленай. Рыгор узяў яе, абгледзеў і намерыўся надзяваць, шукаючы вачмі портак.
Гэтым часам завод рушыў: усё вакол зашыпела, закруцілася, заляскала, забранчэла. Непрыметна рабочыя разышліся па месцах і прыняліся хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубцы. Знізу хлынула пара, перамешаная з дымам, смуродным ды ўдушлівым. Зазвінелі ўдары малатоў па жалезу.
Рыгор вярнуўся к станку і перш хацеў прысесці ды пачакаць майстра, а пасля перарашыў і пайшоў усцяж майстэрні. Прывітаўся са знаёмымі таварышамі, пераказаўся з імі двума — трыма звычайнымі словамі.
У канцы праходу, другім ад сцяны, працаваў на стругальным станку Міхась Камар. Рыгор падышоў да яго, прывітаўся і запытаў:
— Ці не бачылі майстра часамі?
Міхась аглядзеўся вакола.
— Толькі што быў тут. Мо ўніз дзе пабег, у кантору... Навошта ён табе?
— А я не ведаю, завошта прымацца.
— Зараз прыйдзе наверх...
Памаўчаў і паглядзеў на суседзяў.
— Ну, заўтра сходка, не забудзь...
— Заўтра, ласне?
— А чаго адкладаць... Трэба карыстацца момантам.
— А дзе?
— У Артура Цвібеля, на Задзвінні... Яшчэ стрэнемся заўтра, а між іншым папераджаю...
— Так, добра... Ну, я пайду к станку.
Рыгор адвярнуўся і ўгледзеў майстра, які ішоў насустрач, правяраючы рабочых.
— А, Іван Пятровіч, а я вас чакаю... Што мне пачынаць?
Іван Пятровіч, здаравенны русак, з чорнымі паднятымі на рожкі вусамі, з каўнерыкам пад незамурзанай кашулькаю, выбрыты ды прычэсаны, дабрадушна прывітаўся з Рыгорам і адказаў:
— Нічога, дамо работу. Пастараемся знайсці цяжэйшую пасля гульні; нябось, набраліся сілы ўдому.
Па шырокім твары майстра прабегла цёплая ўхмылка, а вочы бліснулі патайным агеньчыкам хітрасці.
— Ну, як правялося ўрэмя? — запытаў ён.
— Нядрэнна.
— Ды я думаю, у бацькоў ды каб было дрэнна.
Рыгор змоўчаў, хапіўшыся думкамі за сходку. Толькі прайшоўшы некалькі крокаў, адказаў:
— У іншых лепей без бацькоў, чым з бацькамі.
— Чаму?
— А таму, што мая маці не вельмі мае з чым сына сустрэць.
Майстар перапусціў тую ж ухмылку, кіўнуў галавою і забег у канторку. Рыгор падышоў да станка і пачаў аглядаць яго з усіх бакоў. І не заўважыў, як падышоў да яго майстар з работаю.
— Вось, вытачыце дзесяткаў два гэтых шрубак, — праказаў ён і адышоў.
Рыгор паважна пастроіў станок, уставіў кавалак сталі і пусціў калясо. Прывычным настроем накіраваў разец і ўпусціў яго ў сталь. І тут жа засвісцела блісчастая доўгая стружка, гадзінаю папоўзшы яму на прыпол; за ёю другая, трэцяя... Ён не спускаў празрыстага ўзроку з адной кропкі, не зводзіў увагі ад станка. Яго шустрае вярценне і разьба сталі прыцягалі да сябе Рыгораву ўвагу і разам захаплялі яго працэсам творчага руху... Ён міжвольна зліваўся з бегам каляска, з міганнем высокага адшліфаванага ў зеркала валіка.
Рыгор не прыкмеціў, як прасядзеў пры станку да абеду, неадгінна, упіліўшыся нязмігутным узрокам у лёза разца. Гудок, апавясціўшы перарыў работы, растаў у завыўным посвісце станка і застаўся ім не заўважаным.
— Што так шчыра прыняўся за работу? — перабілі яго суседзі. — На абед пара.
— Ласне ўжо быў гудок?
Звычайны абедзенны рух па майстэрнях паказваў, што быў.
Рыгор спыніў станок і прыўстаў. Закалола ў плячах, задрыжалі ногі ад непрывычкі. Але ён не марудзіў і пакінуў майстэрню не астатнім.
На дварэ нагнаў некалькіх знаёмых таварышаў і разгаварыўся.
Гутарачы, яны зайшлі ў харчоўку. Цікаваць да настрою сярод рабочых іх завода і суседніх фабрык, якія дзесяткамі мясціліся ў гразкай непрытульнай харчоўцы, цягнула яго пабыць з імі. Заўтра яму будзе матэрыял у руках, каб адстойваць сваю думку, як найхутчэй пачаць забастоўку. Улічваючы важнасць гэтага пытання, Рыгор праз увесь час абеду падтрымоўваў гутарку з рабочымі за сваім і суседнімі сталамі. Вакол яго сышлося да двух дзесяткаў чалавек, якія пільна прыслухоўваліся да гутаркі і хвіліна ад хвіліны ўстаўлялі свае адабрэнні. Цэлаю грамадою правялі яны Рыгора ў завод.