ІІІ
Вечарам, пасля работы, Рыгор вярнуўся на кватэру. Быў настрой нікуды не выходзіць. Пільная, захапіўшая яго цалкам работа як-ніяк стаміла за дзень; ён адчуваў цяжар ва ўсім целе, і, калі зайшоў у пакой, — пацягнула адпачыць. Шчымела ў галаве: хацелася даць перадышку разгарачанаму мазгу.
Рыгор паспешна раздзеўся і прылёг. Яго адразу ахапіў здром; ён на нейкі момант знябыўся, некалькі хвілін прадрамаў. Але раптоўны званок у дзвярах яго разбудзіў. Рыгор схамянуўся і прыўстаў. «Ці не Ганна?» — стукнула ў голаў выразная думка. Ён прыслухаўся і, затаіўшы дыханне, пачакаў, пакуль адпёрлі дзверы і загутарылі на калідоры. Аднак па голасу ён пазнаў, што то прыйшлі не да яго, і супакоіўся; прылёг зноў. Заплюшчыў вочы і намерыўся заснуць. Але ўжо на гэты раз думкі мяшалі, ён не мог адагнаць ад сябе вобраза Ганны. Праз цэлы дзень і не думаў, — а тут раптам яна знайшлася: як бы чакала ўрочнага часу, каб цалкам запаланіць яго ўвагу і пачуццё. І якраз паспела, — ці ж ад яе ўхавацца?
Болей гадзіны ў думках і пачуцці Рыгор жыў з Ганнаю, не могучы заснуць. Нарэшце сон пачаў змагаць. Думкі хвіліна ад хвіліны станавіліся горш заблутанымі, разрываліся, губілі парадак... Тады ён прыпомніў стычку Ганны з Вільгельмінаю і ўсхапіўся з ложка.
На кожны выпадак трэба папярэдзіць Вільгельміну, каб яна ўпусціла, калі хто прыйдзе да яго.
І ён даў сігнал. Работніца пастукала ў дзверы.
— Прашу!
Адчыніла.
— Вось што, Вільгельміна, калі хто ісціме да мяне, — пусціце абавязкова.
— А то ж я не пускала калі?
Дзяўчына ўперылася здзіўленымі вачыма ў Рыгораў твар.
— Не, я таго не кажу; але вы мо падумаеце, што мяне няма дома, і неасцярожна адправіце — хто прыйдзе. Да мяне мусяць сёння прыйсці...
— Добра, — і Вільгельміна выйшла з пакоя, адчуваючы лёгкую крыўду.
— Вельмі прашу вас, — паслаў удагонкі Рыгор.
І калі шагі работніцы змоўклі, ён хутка заснуў.
Адчыненае акно, што прапускала надворнае паветра ў яго пакой, цішыня, што выпадкова на гэты раз панавала ў кватэры, — пасаблялі ўкрапіцца Рыгораваму сну. Ён ляжаў, як прывязаны, непарухна і пахропваў. Прынятая поза — на правым баку, злёгку падагнуўшы ногі — не мянялася ім праз некалькі гадзін. Толькі пярэдаднем, калі знадворку пацягнула рэзкаю свежасцю, ён паправіў на сабе капу, затуліўшыся ў яе з галавою.
Ноч прамігнула, як хвіліна: было без чвэрткі сем гадзін раніцы, калі Рыгор прахваціўся. Паглядзеў у акно і з першага моманту не разабраў, ці дзень, ці адвячорак, ці раніца. А разабраўшыся, здзівіўся і пашкадаваў, што столькі часу змарнавалася ў сне. Але тая лёгкасць і бадзёрасць, што ахапілі яго, выкупалі страту. Пасля ўчарашняга перажытку ўсё выглядала яму ў ружовых фарбах, усміхалася і прывабляла сваёю прыемнасцю ды хараством.
Гудок, знаёмы, басісты, з рэзкім хрыпам, вытаўхнуў Рыгора з кватэры. Як бы штурхнуў яго і, зрушыўшы з месца, пацягнуў гвалтоўна за сабою.
Зусім за кароткі час Рыгор дайшоў да завода, без учарашняй цікавасці павітаўся з Каралем, прабег двор і ачуўся каля свайго станка. Механічна пераапрануўся, механічна пусціў станок. Як і ўчора, стройна паляцелі з посвістам блішчастыя стружкі, загуло каляско, запляскаўся шнур; па-ўчарашняму прыгравала разбаўленае дымам праменне. Толькі лягчэй было прыгнутай спіне ды падкурчаным нагам — уцягаўся ў працу, прывыкаў. Бясконцы шолам і стукатня не глушылі думак-летуценняў.
Рыгор гадзіны са тры прасядзеў пры станку бяздумна, цалкам аддаўшыся працэсу працы, адлучаны ад усяго свету. Пасля якаясь прымха натаўхнула ўспомніць пра ўчарашні вечар, ці не прыходзіў толькі хто-кольвечы да яго? А мо часамі і Ганна? Зарупіла балюча, чаму не запытаў Вільгельміну і каб хутчэй запытаць. З гэтай прычыны прыпыніў станок і паглядзеў на гадзіннік, ці хутка міне дзень. Была субота. Падыходзіў абед — значыць, заставалася яшчэ дзве гадзіны. Як ён дачакаецца? Цэлых дзве гадзіны несупыннага вярцення станка, незмігутнай сочкі за лёзам разца!
Але не агледзеўся, як работа прыйшла к канцу.
— Кідай, чаго так прыліп да станка, — пачуў Рыгор над вухам і адняў разец ад сталі; азірнуўся і ўгледзеў Міхася Камара.
— Ды кідаю, кідаю! Зусім бы, здаецца, кінуў.
— Чаму так?
— Няма ахвоты.
І паджартаваў, хоць у душы не стаіў сур’ёзу:
— Забастоўка б тая хутчэй. Сапраўды, час ідзе, а мы нечага ждом.
Міхась палажыў яму на плячо руку.
— Сягоння вырашым. Абавязкова будзь а дзевятай гадзіне ў Цвібеля.
— Добра.
І калі Міхась адышоў, Рыгор некалькі хвілін пастаяў, як азадачаны. А пасля паспешна сабраўся, амаль не першым памыў рукі і выбег за вароты, каб пераняць таварыша.
— Мне хочацца пагутарыць з вамі, — ціха праказаў, нагнаўшы.
Яны аддзяліліся ад натоўпу, перайшлі на другі бок вуліцы і, разгаварыўшыся, пайшлі па ўзбярэжнай. Рыгор з зацікаўленасцю чапаў розныя пытанні ў звязку з сучасным момантам, выпытваў настрой камітэта арганізацыі, фракцыйныя спрэчкі, асцярожна выспрабоўваў, як Міхась глядзіць на тэрмін абвяшчэння забастоўкі, і пачаў выказваць свае думкі наконт гэтага.
— Мне думаецца, — казаў ён, — што зараз мы можам не толькі што абвясціць забастоўку, а і зрабіць спробу да варужнага выступлення. Гэткі ёмкі момант! Абурэнне сярод матросаў, шэраг буйных забастовак, уздым грамадскага нездавалення... Вось абгаварыць гэта як след, выпланаваць і зараз жа за справу. Рабочыя ў добрым настроі...
Міхась тузануў яго за рукаў і наставіцельна паківаў галавою.
— Адкуль у цябе гэткі запал? Беспардонны максімалізм! Які ты гарачы стаў! Адразу гатоў свет перавярнуць. Пачакай. Паберажы свайго імпэту надалей, а то — выпшыкаешся скора. Яшчэ не быў у пераробцы. Цябе латышскія сацыял-дэмакраты падбіваюць...
Для Рыгора Міхасёвы словы празычалі зусім не сур’ёзна, як быццам жартоўна, з прадугледжанымі кепікамі.
— Вы смеяцёся? Вас туманіць апартунізм...
— Як хочаш разумей.
Ён змяніў голас і нездаволена адказаў:
— Я не ведаю, чаму вас не кратае нічога. Няўжо вам не баліць усё тое, што робіцца наўкола. Дальбог, ну — я не ўтраплю сабе, як гэта людзям удаецца так ёмка астудзіць свае пачуцці... Разганяюць з фабрык рабочых, арыштоўваюць забастоўшчыкаў, судзяць на смерць людзей, а ім хоць бы што — ліквідатарства... Мэрам так і трэба. Тут, па-мойму, ніводнай хвіліны не трэба чакаць. Лепш памерці ў змаганні, чымсь жыць у няволі...
— Праўда, праўда...
Міхась азірнуўся вакола.
— Лепш памерці ў змаганні; лепш, чымсь жыць у няволі. Але, калі паміраць, то трэба адно мець у воку, ці ўсё ты купляеш сваім жыццём, ці мог бы ты яго прадаць за больш дарагую цану. Уміраць на полі бойкі трэба з расчотам... Умерці — невялікая штука...
Рыгор задумаўся. «Міхась, якога, як-ніяк, нельга западозрыць у мяшчанскім настроі, а размаўляе дзяляцкі, куртаты меншавізм заядае».
Хто з іх праўдзіў?
Няўжо Міхасёвым настроем будзе прасякнута ўся сходка? Няўжо яго, Рыгора, ніхто не падтрымае? Усё ж Рыгор будзе цвёрда стаяць на сваім, няхай лічаць гэта за ману, за непрадугледжанасць, за мары.
— Не ведаю, чаму вы так кажаце, — развітваючыся, праказаў Рыгор, — мне здаецца, што смерць не лічыцца з расчотам, а жыццё не мераецца розным коштам.
Адышоўшыся на сажні два, ён улавіў яшчэ адну думку гэткага сэнсу, але вярнуцца назад, каб яе выказаць, палічыў ніякаватым і, разбіраючы яе сам-сабою, пайшоў дамоў.