IV
На кватэры Рыгор не бавіўся. Каб вярней папасці на сходку, ён завідна прагулачным шагам пайшоў на Задзвінне. Па дарозе некалькі разоў спыняўся і па хвілін колькі сядзеў — у Верманаўскім парку, на бульварах. Таксама прастаяў крыху каля Дзвіны. Усю дарогу размеркаваў на паўтары гадзіны і толькі апошнюю чвэртку не ўлічыў, як лепей выкарыстаць, каб не тупаць два разы па адным месцы. Але яму ніяк не ўдалося гэтага абмінуць: незнаёмая мясцовасць і надышоўшы змрок паперашкодзілі яму адразу падмеціць патрэбную лічбу дома. Прыглядацца ён не хацеў, бо недалёчка, на скрыжаванні вуліц, стаяў гарадавы і пільна ўзіраўся за кожным пешаходам; асабліва, паказалася так, паліцыянт прыглядаўся на яго. Каб не даць выгляду, што ён шукае каго ці чаго, Рыгор уверана пайшоў да канца квартала і павярнуў направа, каб абкруціцца вакола і тады проста ды ўверана ўвайсці ў вароты. Абход патрабаваў чвэртку гадзіны, і Рыгор удвойчы прайшоў адным месцам. Ці падмеціў гэта гарадавы, ці не, ён не цікавіўся, а хутчэй прайшоў у браму.
На дзядзінцы, агароджаным высокімі мурамі, гуляла куча дзетак. Пры ўходах, на нізенькіх ганачках, сядзелі кабеты і рэзва абгаворвалі здарэнні перажытага дня. Рыгор помніў, што трэба ісці налева, да куткавога ўваходу, і павярнуўся, бесцікаўны ля ўсіх, хто быў на дзядзінцы. Узышоў на ўсходы і вобмацкам, бо яшчэ не было электрыкі, знайшоў званок. Яму тут жа адчынілі, мігам закрыўшы дзверы.
У нелапым і, наколькі можна было падмеціць у змроку, чыста прыбраным пакоі знаходзілася ўжо некалькі чалавек: яны сядзелі ў радок на мяккай канапе за прыстаўленым да яе паўкруглым сталом. З двух канцоў стала ляжала па некалькі кніжак, у пераплёце і не пераплеценых; пасярэдзіне закрывалі прагал разгорнутыя ва ўсе шыркі газеты. Рыгора сустрэлі моўчкі, і ён сам перарваў цішу прывітаннем:
— Добры вечар!
За ўсіх адказаў гаспадар кватэры, які сядзеў ад акна.
— Вечар добры!
І запрапанаваў:
— Сядай, сябру Нязвычны...
Пасля прыўстаў і запытаў Рыгора:
— Знаёмы з усімі?
Той прыглядзеўся — людзі былі незнаёмыя.
Усім падаў руку: апошняй — дзяўчыне, якая сядзела з другога канца канапы.
Прывітаўшыся, Рыгор прысеў ля стала побач з дзяўчынай.
— Мала цікавага, — пераняў Артур, — ды якраз няма святла.
— Што ж так доўга не падаюць? — запытала дзяўчына і прыўстала з месца.
Якраз бліснула электрыка. Адзетая ў цьмяны ўзорны абажур, лямпачка дала досыць святла, так што людзі і рэчы выглянулі ў поўным акрэсленні.
— Вось прагаварылася.
Рыгор паглядзеў на дзяўчыну і захапіўся яе стройнасцю, здаровым целаскладам, прыгожай постаццю. Крыху прадоўглы смуглы твар з дасканала прымеркаваным роўным носам, цёмнымі вачамі пад густымі чорнымі брывамі, мерны лоб, абложаны чарнаватымі прыгладжанымі ў простую прычоску косамі. Яна была адзета ў простае паўшарсцянае плацце з перахопам у стане і з высокім каўняром, які шчыльна закрываў стройную шыю. Пастаяўшы колькі хвілін, дзяўчына села і, працягаючы нагу, кранула Рыгоравай нагі.
— Убачайце!
— Калі ласка.
— Якая я няўдалая, ці не праўда?
— Гэта можна вам дараваць.
— Не вучылася абыходжанню.
І яна засмяялася. Рыгор з нейкаю патайною думкаю паглядзеў на прысутных, каб праверыць, ці яго аднаго так цікавіць гэта дзяўчына-таварыш, ці захоплены ёю ўсе прысутныя. Пяцёрка чалавек, наўзапой курачы, былі напэўна заняты іншым: яны перакідаліся адрыўнымі сказамі, некаторыя заводзілі рэвалюцыйныя мелодыі, мянялі раз у раз позы ды пазіралі на гадзіннікі.
— Нам яшчэ многіх трэба прычакаць? — запытаў ва ўсіх адзін з прысутных, даўгакосы, з бародкаю клінком, у акулярах, тыпічнага інтэлігентнага выгляду мужчына, гадоў за трыццаць.
— Павінны падысці зараз, — адпавеў яму сусед, здаровы, белакуры, паўнатвары латыш, — вось яшчэ нават Міхася Камара... Нешта-нейкае з ім.
Ён павярнуўся да Артура:
— Ці толькі прыйдзе ён, наогул?
Рыгор адказаў:
— Я з ім бачыўся пасля работы; абяцаў прыйсці абавязкова.
— Не можа не прыйсці.
— Можа, што здарылася? — уставіла ад сябе дзяўчына.
— Нічога, пэўна, з ім не сталася, а ўжо ў нас гэткая прывычка — заўсёды на паўгадзіны пазніцца, — матнуў рукою інтэлігент.
— Не падабаецца мне гэта.
— А каму яно падабаецца...
Стук за дзвярыма, а следам званок перабілі гутарку. Артур кінуўся да дзвярэй і ўпусціў адразу траіх чалавек, Міхася сярод іх.
— Не думай, што разам ішлі, дагнаў іх на ўсходах, — замест прывітання праказаў ён да Артура.
— Я і не думаю.
Калі ўвайшлі ў пакой, Рыгор не даў вымавіць слова, накінуўшыся на Міхася.
— Ваша холаднасць і ў гэтым выявілася.
— А ты яшчэ не астыў? Ты — факел наш.
— Мо незнаёмы, — абярнуўся ён да ўсіх, — гэта з нашага завода, мой вучань, можна сказаць, і мая гордасць.
Усе паглядзелі на Рыгора, як бы хочучы пераканацца ў праўдзівасці Міхасёвых слоў. Пільней за ўсіх паглядзела на Рыгора дзяўчына: аўтарытэт Міхася казаў за многае.
Рыгор, нібы сумеўшыся ад Міхасёвых слоў, прыўстаў і злёгку пакланіўся ў бок таварышаў. Пасля, не думаючы, працягнуў дзяўчыне руку і шчыра, з запалам паціснуў:
— Рыгор Нязвычны!
Пэўна ён зрабіў бы тое самае і з мужчынамі, у кожным разе ён падаў намер, але Артур пераняў яго сказам:
— Я пазнаёміў ужо Нязвычнага з таварышамі.
Тады Рыгору асталося сесці, што ён і зрабіў. І пакуль тыя, што прыйшлі, перакідаліся словамі з інтэлігентам, ён выкарыстаў час для гэткай перамоўкі з дзяўчынаю:
— Убачайце!
— Калі ласка...
— Цікава, які настрой на вашым заводзе?
Рыгор паправіў сядзенне; быў рад, што яго запыталі.
— Як бы вам сказаць, я ўсяго два дні папрацаваў і не паспеў акурат разведаць, але наколькі мог прыслухацца да гутарак і сам пагутарыць — настрой баявы. Гэта мы мусім зараз падкрэсліць. Другія не цікавяцца, а я думаю — то будзе наша абмылка.
Ён памаўчаў.
— А вы, таварыш, на якім заводзе працуеце? І што кажуць у вас?
— Я з «Правадніка», — ахвотна адказала дзяўчына, а сама востра пранізвала яго сваімі цёмна-шэрымі вачмі.
— У нас рабочыя нядрэнна настроены... На кожны кліч да забастоўкі адгукнуцца рашучым выступленнем.
Яна з намерам унесла прапазіцыю:
— Давайце разам будзем праводзіць свае пытанні. Га? Я — максімалістка...
— Латва — я таксама супроць меншавіцкай драбласці...
Яны згоднай ухмылкай заключылі гутарку і момант памаўчалі, — таксама мэрам згаварыўшыся.
— А я, ведаеце, меў выпадак падсачыць настрой вёскі, — пахваліўся Рыгор.
— Так? Якім чынам?
— Выпрасіўся на пабыўку.
— Вы шчаслівы: я вам завідую. А я, каб і магла паехаць, дык няма куды... Я...
Артур перабіў іх гутарку прызывам да ўвагі.
— Пачнем, таварышы...
Усе змоўклі, паправіліся на сядзенні.
— Што ж, як водзіцца, давайце старшыню выберам.
— Міхась! Таварыш Камар!
— Так і бог вялеў, — падказала дзяўчына.
Міхась адказаў ухмылкаю і тут жа прамовіў:
— Пасяджэнне адчыняю... Наша сходка прадстаўнікоў ад заводаў і прадстаўнікоў ад мясцовых арганізацый павінна вырашыць пытанне, як і калі абвясціць агульную забастоўку ў Рызе. Гэта пытанне, думаю, зойме ў нас увесь вечар, і іншых дадатных пытанняў мы ставіць не будзем.
— Не, не! — падмацавалі некалькі галасоў.
— Тады даю слова таварышу Якаву Гісу.
Усе маўчалі, а ўстаў чорны інтэлігент. Крыху памаўчаў, злёгку пахіліўшы лахматую бакунінскую голаў, як бы выбіраючы словы для пачатку прамовы, кашлянуў, а пасля пачаў казаць цвёрдым, трошкі гаркавячы, тэнарком:
— Вы, таварышы, сышліся сённека на гэту сходку, каб вырашыць адпаведнейшае пытанне, ці ёсць сэнс і ці тэрмінова зараз абвяшчаць агульную забастоўку. Зараз мы перажываем вельмі і вельмі рашучы момант! Царскае правіцельства кідае пярчатку працоўнаму народу і ўсяму лепшаму грамадзянству, якое падае свой голас пратэсту супроціў пануючага гвалту... Хутка разыграецца крывавая камедыя-суд над балтыцкімі матросамі... Ім ужо царскія каты згатовілі свой люты прыгавор... Мы павінны адгукнуцца на гэты замах палачоў рашучым выступленнем — забастоўкаю... Мы гэта зможам зрабіць, бо адпаведны настрой у рабочых ёсць. Ён ужо прарываецца наповерх: як вам вядома, ужо доўга бастуюць перапёкі, спыніўся завод кампаній электрычнасці... Калі мы не сумеем узяць руху ў свае рукі, ён абміне нас і развінецца стыхійна сам сабою...
Прамоўца далей датыркнуўся ў сваёй рэчы дарагоўлі, што дало прычыну для дробных забастовак рамеснікаў, чапіў таго ўздыму, які ахапіў розныя куткі прамысловай Расіі; пасля перайшоў да заграніцы, даўшы агульны агляд рабочага руху і палітычнага жыцця другіх краін.
Казаў паўтары гадзіны без перапынку, складна, лагічна, без перабояў. Закончыў з маленькім хрыпком, выгукнуўшы да сходкі:
— Ад вас залежыць вынесці тое ці іншае рашэнне...
Ён абцёр лоб хустачкаю і адышоў на сваё месца.
Рыгор дзівіўся яго красамоўнасці ды ўменню падысці да слухачоў; і карыў сам сябе, — чаму ён не ў моцы гэта зрабіць. «А яшчэ мне хацелася стаць правадыром! Ці ж я сумею?» — сумняваўся ён. І карцела чымсь хутчэй узяць слова.
Але пакуль што пачаліся даклады дэлегатаў з завода. Адзін, другі і цэлы рад прамоўцаў расказвалі аб настроі рабочых і выкладалі свае думкі наконт закранутага пытання. Апошнім казаў Міхась. Расцяжным, спакойлівым тонам прызываў ён строга абгаварыць гэта пытанне, улічыць усе дробязі яго і не быць гарачымі не ў меру, як то «адмячаецца сярод некаторых таварышаў».
Рыгор праслухаў даклады з той жа ўвагай, як і прамову Якава; запамятаў характэрныя сказы і намёкі кожнага дакладчыка, але не думаў, што Міхась возьме слова наперад за яго, і сумеўся: «А можа, не прыйдзецца мне казаць?»
Аднак у сваім слове, нечакана для ўсіх і для самога сябе, ён знайшоў, як і што падысці да справы, сказаўшы:
— Я чуў тут прамову таварыша Якава і чуў словы іншых таварышаў. Заключыў мой паважаны настаўнік — Міхась. Нельга сказаць, каб пачалося дрэнна, але дрэнна скончылася: калі Якаў зваў да памяркоўнай рашучасці, то таварыш Міхась і яе пераняў сваёю асцярогаю. Да чаго яна вядзе, гэта асцярога? Першы дакладчык ужо адмеціў, што абурэнне рыжскіх рабочых выбіваецца наповерх, і падаў правідловую думку, што калі мы спознімся, абвясціць агульную забастоўку, то здарэнні абмінуць нас і развернуцца ў стыхійны ўздым. Знача, «трэба спяшыць узяць рух у свае рукі». Але ці гэта знача, што мы павінны абмежавацца невыразным прызывам да забастоўкі? Не. Мы павінны асадзіць яе ў рэвалюцыйныя рамкі рашучага выступлення. Рабочыя павінны ведаць, што яны не абараняюцца толькі, а ідуць у наступ... Раз кінулі пярчатку, трэба яе падняць...
Рыгор пачаў ціхім голасам і седзячы, пасля падвысіў тон і прыўстаў; далей абярнуўся ў натхнёнага прамоўцу, гутарачы з націскам, размахамі рукі. Кожнае слова выходзіла суцэльным, адлітым, дыхала сілаю і абдуманасцю. Вясковы, беларускі акцэнт не псаваў, а як бы скрашваў высечаныя з граніту сказы. Папярэдні прамоўца, інтэлігент Якаў, налоўчаны казаць, стушаваўся з сваёю, вельмі ўжо гладкаю, адшліфаванаю і ад гэтага халаднаватаю прамоваю. Яго журнальная форма ў пабудове сказаў, цягучыя калыханні ў выгавары пакінулі хоць і прыемнае, але зусім інакшае, ніж Рыгорава слова, уражанне. Рыгор выйграваў шчырасцю, як рабочы, здаваўся многім з прысутных чалавекам іншае ад Якава фармацыі. Нават Міхась мусіў прытаіць іранічную ўхмылку наконт «свайго вучня» і паківаць галавою ў адзнаку пахвалы яму.
Ну, а дзяўчына — тая цалкам захапілася Рыгоравымі словамі. Увесь час, калі вяліся спрэчкі, яна не спускала з яго вачэй, забыўшыся аб усім іншым. Пасля Рыгоравае прамовы яна лічыла бескарыснымі спрэчкі і праекты іншага зместу; чакала галасавання, каб падтрымаць яго.
Пастанова сходу абмежавалася абвяшчэннем забастоўкі. Рэдакцыя пастановы раззлавала дзяўчыну больш, як Рыгора. Яе гнеў крыху астудзіла даручэнне, якое нарада дала Рыгору: выступіць перад рабочымі завода з дакладам аб мэтах забастоўкі. «Рыгор сумее выкарыстаць гэта для сваіх вывадаў», — рашыла яна.
Пры гэтым ёй захацелася настроіць Рыгора зрабіць ўсё мажлівае для надання большай рэвалюцыйнасці пастанове.
З нарады пачалі разыходзіцца па адным каля першай гадзіны. Тыя, што чакалі чаргі, гутарылі аб дробных справах, інфармавалі адзін другога аб маленькіх эпізодах з забастоўкі перапёкаў ды электрыкаў.
А Рыгор, даючы выгляд, што слухае, перадумоўваў праявы бягучага моманту, што датыркалі яго самога. І перад ім паступова адно за другім, сплятаючыся ў суцэльны ланцуг, прамігала — вяртанне з дому, запрашэнне на нараду-сход, падбліжэнне забастоўкі, гарачая прамова на нарадзе і наступнае выступленне перад тысячнай грамадой рабочых. Рыгор раўняў гэта з уступам на высокую гару: усё вышэй ды вышэй паднімаешся ўверх, усё больш ды больш шырокі гал рассцілаецца ўнізе. Усё, што ўжыўна было пры першым кроку, разрастаецца ў нешта магутнае, неабдымнае, неасяжнае. Забываешся, губіш будзённыя клопаты, штодзённыя думкі, як губяць сваю меру ды ўзрост усе рэчы, чым вышэй ты ад іх. З той высі, куды ён ішоў, будзе яму відаць не толькі Сілцы, а цэлы свет. З тае высі яго голас пачуюць усюды ўсе, бо ад яго прамовы будзе залежаць кірунак здарэнняў.
У сваіх задзёрыстых сяганнях Рыгор прапусціў між вушэй шмат цікавых навін. Таварышы смяяліся, дзівіліся, строілі дагадкі і адгадкі, развітваліся, у пакоі цішэла, а ён марыў і лунаў па высях, у будучыні, горды, недасяжны, апалены прагнымі, яскравымі летуценнямі. Нават не заўважаў дзяўчыны, якая тут жа пры ім сядзела, умілялася і чакала.
Нарэшце ў кватэры застаўся адзін Артур, — трэ было ісці.
— Пойдзем разам? — абярнулася дзяўчына да Рыгора.
Той быў палішчаны яе прапазіцыяй і далікатна адказаў:
— Вельмі рад.
Яны развіталіся з Артурам і пакінулі яго кватэру.