V
— Вам далёка ісці, таварыш? — запытаў Рыгор дзяўчыну, выйшаўшы з брамы.
— На Мар... вуліцу, — адказала яна.
— Здорава. Мне ў той жа бок, хочаце, я правяду вас?
— Калі ласка; адной мне так нязручна.
Моўчкі прайшлі яны вуліцаю да Дзвіны, спяшаючы захапіць пераход ці пераезд. Па дарозе, настрэчу прайшло некалькі чалавек. Рэдкія ліхтары асвятлялі вуліцу. Стаяла цёплая, парная пагода. З горада даносіўся ціхі шум. Калыхаліся снапы проміну, здавалася, калышучы сабою неба. На вакзалах свісцелі паравікі. Каля кацернай прыстані стаяла некалькі запозненых пасажыраў; адны ў другіх перапытвалі, ці вернецца кацер.
Яны прыпыніліся і сталі чакаць. З заліву паказаўся агромністы марскі параход; дзесяткі агеньчыкаў прарэзвалі адбіткам бляску чорнае палатно Дзвіны. Зычны гудок хутка пранёсся над горадам, аддаўшыся дзесьці далёка-далёка, чуць не на моры. У тым жа баку, але шмат бліжэй, мэрам свечкі, гарэлі вокны заводаў; над імі, пад небам, гулялі пукі рэзвых іскраў. Туды глядзела некалькі пасажыраў, апісваючы прыгожасць абачнага вобраза.
Паміж тым параход падышоў к прыстані, якраз супроць іх, і пачаў разгружацца. Узбярэжная зашумела стукам калёс, выгукамі людзей, якія выяўна даляталі з другога берага Дзвіны. Нарэшце падышоў кацер, і яны праехалі ў горад.
— Можа, паедзем з рамізнікам? — запрапанаваў Рыгор.
Падарожніца крыху падумала.
— Не варт, — адказала.
— А можа, усё-ткі?
— Я б хацела пабыць з вамі нейкі час.
Яе словы былі нечаканы для Рыгора.
— Я рад гэтаму, — мог сказаць ён.
І замілаваным узрокам кінуў дзяўчыне ў твар.
Моўчкі яны прайшлі добры кавал узбярэжнае, звярнулі ў завулак, крывы, глухі і вузкі, прамінулі дзве ператочных вуліцы.
Нарэшце мімаходзь вырвалася ў Рыгора:
— Вы даўно працуеце на заводзе?
Ён прыкусіў язык, чакаючы адказу: «Да чаго ёй маё запытанне?»
Але дзяўчына толькі і чакала ад яго жывога зыку. Не паспеў замерці ён у Рыгоравых вуснах, як яна словаахотліва, гасцінна адказала:
— Не, не зусім. Я сама — швачка; працавала тры гады ў адной майстэрні — тут, у Рызе. А летась восеняй кінула... бач, не сама кінула, — прагнала гаспадыня за падгавор дзяўчат на стачку. Месяц гуляла без працы, а пасля, з дапамогаю свайго дзядзькі, папала ў «Праваднік»... Чорную работу маю, цяжкую... Але нічога не зробіш. Адна — пражыву як-кольвечы... Палацаў, пэўна, не нажыву.
Яна засмяялася...
Рыгор нічога не адказаў: яму захацелася ведаць імя дзяўчыны, і думаў, ці варт пытаць.
— Ну, а вы здаўна жывяцё ў Рызе?
Прыйшлося расказаць, як і што. І шчыра, без утайкі драбнейшага факта, расказаў ён, хто і што сам, адкуль прыехаў, як папаў на завод, як пазнаёміўся з Міхасём Камаром, як жыве цяпер...
Каля дзесяці хвілін прагаварыў, зацішыўшы хаду. І з нутра яшчэ ўсё набягалі словы, як нехта выпіраў іх сілаю, але ён сумысня прымоўк, каб запытаць яе.
— Даруйце, вы маё імя ведаеце, а самі — як тая незнакомка. Мне ніякава без гэтага. Вось ужо мы болей пяці гадзін знаёмы, а я... Няўжо нам не ўдасца больш стрэцца?
Яны падыходзілі да Верманаўскага парку; цёмнай сцяною паднімаліся старыя дрэвы, навісаючы над вуліцаю.
— Мне здаецца, што... вы з далікатнасці...
— Вы сараматніца вялікая, як я бачу. Не чакаў, прызнацца, у вашым палажэнні...
І ён узяў дзяўчыну пад руку.
— Мы перш усяго — таварышы. Праўда, таварыш?..
— Таварыш Наталя.
Яны ўвайшлі ў парк. Насустрач прайшло некалькі чалавек; у баках чуўся дзявочы смех. З галоўнай алеі павярнулі на бакавую. Каля лаўкі спыніліся.
— Вы любіце зелень? — запытаў Рыгор.
— Так: люблю поле, лес, кожны кусцік. Вельмі люблю; занудзіла па іх, і рвуся, рвуся... Ды бескарысна: няма куды і няма за вошта ехаць. Паверыце, я яшчэ не была гэтым летам на ўзмор’і.
— Я таксама быў усяго раз, хоць і мог бы... Са мною іншае — я не маю з кім.
— Вы праўду кажаце?
— Праўду, праўду... Хочаце, паедзем з вамі?
— Што ж, я з ахвотаю...
Абое замаўчалі, думаючы.
Раздумы аднялі некалькі доўгіх хвілін.
— Што вы маўчыцё? Над чым задумаліся, таварыш Нязвычны? Я памяшала якомусь вашаму плану? Вы хацелі ісці куды, зачым? — скарамоўна кінула чатыры пытанні Наталя.
І тон у яе голасе быў зусім не выбачны.
— Кіньце, кіньце, я пры вас — толькі аб вас думаю. Я рад, нарэшце, што напаткаў сабе добрага таварыша. А то больш часу я адзін ды адзін. Хоць падзяліцца будзе з кім сваімі перажываннямі... Бачыце, штодзень — іх болей ды болей надыходзіць. Стачка! Колькі навін яна прынясе!
— Вы думаеце пра забастоўку?
— Думаю... Я, прызнацца, цалкам захоплены ёю. Гэтыя дні, ад прыезду з дому, яна завалодала мною.
— Вы баіцёся яе?
— Я?!
Рыгор не даказаў. Абое падняліся з лаўкі і пайшлі з парку.
Прайшоўшы гонаў двое моўчкі, Наталя запытала:
— А як будзе ў нядзелю?
— Давайце спаткаемся а другой гадзіне ў Верманаўскім парку. Авось падыдуць якія-кольвечы навіны...
Занятыя нязначнай перарыўнай гутаркаю, падышлі яны да самага дома, дзе жыла Наталя. Прыпыніліся пры браме, яшчэ раз умовіліся аб нядзельным спатканні і развіталіся. Рыгор спакойнаю хадою пайшоў усцяж вуліцы, да Верманаўскага парку.
Кароткі тэрмін, які давялося яму прабыць з Наталяю, пакінуў па сабе глыбокі след у яго нутры. Зусім неспадзявана напаткаў, і вось... Выпадак за выпадкам, нязначныя, дробныя, пластуюцца яны і складаюць моцныя слаі жыцця. Заўсёды непрадбачныя, заўсёды цёмныя — яны нахальна ўрываюцца ў будзёншчыну, здавалася б, раз абаснаванага працэсу і перабіваюць яго стройнасць... А мо, дзякуючы гэтаму, працэс жыцця набывае сваю паўнату?
Ужо добра шарэла, калі Рыгор вярнуўся к сабе на кватэру. Дворнік пакінуў браму адпёртаю і пайшоў спачываць пасля бяссоннай ночы. Ліхтаршчык тушыў ліхтары. У двары, куды прыйшоў Рыгор, некалькі ранніх асоб таўкліся ля хлевушкоў. Ціха перагаворваліся адна з другою. Ён падняўся на ўсходы да свае кватэры і пазваніў. Ніхто не з’яўляўся адчыніць. Рыгору стала няёмка, што ў гэткую пару непакоіць гаспадароў кватэры. І ён мацней пазваніў. Праз хвіліну Рыгор пачуў:
— Хто там?
— Я, Рыгор.
Вільгельміна адпёрла дзверы і, не знайшоўшы сказаць нічога путнага, паведаміла:
— Учора прынесла вам нейкая дзяўчына пісульку; я палажыла яе вам на стале.
— Дзякую... Прабачайце, што патрывожыў у гэткі час.
— Нічога, мала што бывае.
Вільгельміна прайшла на кухню, а Рыгор — да сябе ў пакой. Зачыніўшы за сабою дзверы, ён кінуўся да стала, знайшоў пісульку і разгарнуў.
Пачаў чытаць:
«Дарагі Рыгору, я была ў цябе роўна а дзевятай гадзіне. Вельмі хацелася ўбачыцца з табою, каб пагаварыць. Столькі назбіралася розных думак, столькі вынікла планаў! Наша знаёмства далёка зайшло і паставіла мяне перад настойным пытаннем: як жа быць? Чаму ж бы табе не пачакаць мяне? Значыць — непатрэбна? Бывай!.. Калі ўгледзімся — не ведаю.
Ганна».
Рыгор прачытаў і схамянуўся; задумаўся; пасля яшчэ раз уважліва перачытаў і апусціў руку з лістком; прысеў на крэсле і ўпёрся думкамі ў два словы: Ганна — Наталя. У кароткі час — дзве новыя знаёмкі, дзве маладыя, слаўныя дзяўчыны. Ганна — натура сціслая, з адчыненаю душою, даверная, прыгожая мяшчанка. Наталя — пакуль нявыяўленая, але захопная па характару, па манерах загартованай работніцы — чалавек асабістых умоў, асабістага выхавання. Дзявочасць, сакавітая, ядраная — у Ганны і суровая з арыгінальнымі замерамі — у Наталі. Дзве — на дзвюх розных ступенях абставін: Ганна — калі бурліла пачуццё разлукі з Зосяю, калі душа змагалася супроціў пустаты, якая апанавала яе пасля развітання з Сілцамі, — тады з’явілася яму. Наталя надышла ў той момант, калі ён, Рыгор, уваходзіў у прачынетую перад ім створку да стану адпаведных абавязкаў рабочага, вешчуна адказных намераў у наступным змаганні працы з капіталам. Беспытальна, паміж яго волі — тая і другая. Няўжо ён зусім бязмоцны? Адкуль тая падатлівасць у яго нутры?
Тут жа, помеж з усім іншым, вырасталі звычайныя пытанні перад Рыгорам. І следам — далейшыя скуткі адмечаных знаёмстваў... Ганніна пісулька — на першым плане. Няўжо ён варты яе вострых папрокаў? Няўжо ён здацен да благіх дзей? Можа, сапраўды, але яны яму не відны. Тады, ці можна ручаць, што і ў адносінах да Зосі ён застаўся чыстым? А як пойдзе далей?
Паўсталі нядаўнія гутаркі з Наталяю. Выявілася, што ён звязаўся таксама і з ёю: умовіліся спаткацца ў нядзелю ў Верманаўскім парку. Ён не можа не пайсці, тым болей што надарваліся адносіны з Ганнаю. А ў Наталі — столькі завабнага х новага!
«Мала што можа быць! Урэшце, усё гэта асобныя моманты суцэльнага перажывання»,— падумаў ён.
Тым часам над горадам вітаў дзень. Чырвонае сонца залівала дахі будынкаў, ападала ў глыбокія выемкі-двары, адбівалася ў вокнах суседніх дамоў. Тоўсты пук яго праменняў уліваўся ў акно Рыгоравага пакоя.
Мацнеў ды мацнеў гарадскі шум.
VI
Верманаўскі парк кішэў народам. Алеі прапускалі па сабе рэчку разадзетай святочнай публікі. Пляцоўкі былі ўсеяны дзецьмі з нянькамі, бонамі, гувернанткамі. Як бы хто шліфаваў каменні — шапацелі тысячы шагоў тых, што гулялі. Каб прыглядаўся, не знайшоў бы сумных твараў: амаль не ўсе выглядалі задаволенымі, часта — вясёлымі, многа — радаснымі. Пагодлівы дзень ухарошваў вобраз, пераліваючы золата сонца на руні лісця. Ачула асядала зверху дабрачынная цяплынь, ружуючы людское цела.
Рыгор у назначаны тэрмін з’явіўся ў парк. Разам з другімі прайшоў усцяж галоўнае алеі, раззіраючы па баках. Пасля завярнуў на бакавую дарожку, прайшоў некалькі заваротаў і спыніўся на ўмоўленым месцы, направа ад сажалкі. Якраз тут было не так багата людзей, і ён найшоў на адной лаўцы парожняе месца. Прысеў і ўстраміў вочы ў той бок, адкуль павінна была прыйсці Наталя. Ён не западозрываў нават, што яна не будзе ім прыкмечана, — абы толькі прыйшла. Вось ці прыйдзе? Таксама не хацеў думаць адмоўна. Чамусьці быў увераны, што Наталя не схлусіць. Але не прамінула і паўгадзіны, як Рыгор усумніўся: народ несціхана выліваў з вуліц і кіраваў у сад — парамі, па трое, адзінкамі. Найболей — маладыя мужчыны з дзяўчатамі, гімназісты, студэнты, рабочыя. Час ад часу мігалі між вачэй асобныя дзяўчаты ці хлопцы. А між іх не відаць было знаёмага твару Наталі. Ці ён нядобра разглядзеў яго? Не можа быць! Вобраз яе глыбока прайшоў у Рыгорава нутро. Палкія вочы, рымскі профіль, малыя поўныя губы, роўны, прыўзняты злёгку нос. Спрытная постаць з выхілястым станам і наўздзіў лёгкая хада. Ці ж ёй згубіцца ў людской гушчы? Вось толькі адно — ці не забылася яна, што была ўмова? Ён пачаў адварочвацца ў другі бок, раззіраць направа ды налева, назад ды перад сабою. Вырахоўваў час, ці хопіць яго на язду на ўзмор’е?..
Якраз выйшлі з-за павароту тры знаёмыя дзяўчыны з двума нейкімі мужчынамі: Рыгор нечакана павярнуўся і стрэўся з імі ўзрокамі. Знаёмыя міла ўхмыльнуліся. Адна пазвала:
— Ідзем разам на ўзмор’е! Каго вы чакаеце?
Усе зацішылі хаду і паглядзелі пільней на Рыгора.
— Не маю часу, — чакаю знаёмага.
— Хіба не хочаце з намі? — пажартавала другая.
— Што вы? Крыўдзіце мяне.
— Прыходзьце, чакаем.
І калі яны адышліся, Рыгору стала прыемна ад гэтай стрэчы. Дзяўчаты паказаліся яму, як ніколі, блізкімі і шчырымі сябрамі, якіх шкода не паслухаць. Чаму б не далучыцца да іх кампаніі? Рыгор намерыўся падняцца, каб дагнаць знаёмых, але тут жа аддумаў: так доўга прачакаў Наталю. Яшчэ хоць дзесяць хвілін пасядзець.
Рыгор на гэтым супакоіўся і пачаў палачкаю выводзіць на пяску розныя фігуркі, літары. Вывеў, між іншым, слова «Наталя». І вось касаваў патрошку, засыпаючы драбнюткімі каменьчыкамі апошнюю літару — я, калі збоку хутка зашамалі нейчыя шагі, блізка-блізка, што прымусілі яго хутка падняць голаў і азірнуцца.
Наталя дробным альтовым рогатам адказала Рыгору:
— Прачакаліся? Убачайце, — не магла раней. Вы тут заснулі чакаючы.
У белым гафтаваным маркізетавым плацці, у добра падабранай да фігуры пастэрцы, мякка-блакітнай, з шырокімі берагамі, у жоўтых мэштах — Наталя далёка не дапамінала работніцы з завода «Праваднік». Нельга было падмеціць у ёй і тых якасцей палітычнага работніка-падпольшчыка, з выразнай псіхалогіяй загаворшчыка-бунтаўшчыка, што ўжыўна ёй было на пасяджэнні дэлегатаў ад фабрык ды заводаў. Сур’ёзнасць перайшла ў лёгкую вясёласць адмысловай жартаўніцы-дзяўчыны, якой не чужы адпаведныя пачуцці, мары і жаданні...
І тое, што дзве адмечаныя якасці так пагоджана ўжываліся ў гэтай новай знаёмай, цалкам заняло Рыгора.
— Сядайце, — сказаў гасцінна. — Калі ласка, падайцеся крыху, — папрасіў ён справа суседку.
Пажылая жанчына скрыўленаю мінаю адказала на Рыгораву просьбу, прабарматала штосьці няўнятнае і адсунулася. Наталя села на вольнае месца.
— Убачайце!
— Нічога, не заціснеце.
Наталя засмяялася, і з яе ўхмылкі выбліснулі іскаркі прагавітага пачуцця ды цёплай ласкі. Рыгор паглядзеў ёй у вочы — яны таілі ў сабе многа агню.
— Дык паедзем?
— А вы перадумалі?
— Каб не было позна.
— Вы вінаваты, Наталя.
— Вінавата — не адказваюся. Усё роўна справы не паправіць.
— Дык едзем... А калі пазней вернемся?
— Гэта мяне не смуціць.
Рыгор прыўстаў. Наталя следам за ім.
Перад білетнымі касамі ціснулася процьма людзей: наплыў ахвотнікаў ехаць на ўзмор’е быў тысячны. Духата і пыл гарадскіх вуліц гналі людзей у поле, да мора, на чыстае паветра. Раз у тыдзень адпачынак. Хто разумеў яго каштоўнасць — стараўся выкарыстаць як найпаўней.
Яны бачылі больш усяго буржуазнай моладзі — гладкіх, чырванашчокіх гімназістак у рудых, у сініх, у чырвоных кароценькіх сукенках, з белымі каўнерыкамі, з косамі; стройных, жыццерадых гімназістаў, больш у спартсменскіх гарнітурах, з сетачкамі для гуляння ў лапту, з шкуранымі апукамі для футболу. Многія з гімназістаў адпраўляліся разам з бацькамі, поўнымі, брытымі, у манішках і капелюшах мужчынамі, у шаўковых блузах, з залатымі ланцужкамі па пояс, з браслетамі на выпешчаных руках мацеркамі... Зусім мала можна было бачыць прасцейшай, мяшчанскай або рабочай публікі. Але пападалася і яна.
Рыгор стаў у чаргу і хвілін праз дзесяць дастаў білеты. Разам з іншымі выйшлі на перон і захапілі яшчэ не перапоўнены цягнік.
— Я, прызнацца, рэдкі буду госць на ўзмор’і.
— Я таксама даўно-даўно як была там.
І калі крануўся цягнік, абое — Рыгор і Наталя — незмігутна сачылі ў акно. У гэткім стане не прымецілі, як апынуліся на месцы. Рыгор з Наталяю пратаўхаліся натоўпам, завярнулі направа, следам з іншымі. Хутка яны ачуліся на ўзбярэжжы Рыжскай затокі. Якое дзіўнае з’явішча! Што за прыгожасць! Міжвольна захапіла іх вадзяная шыр, лёгкае, п’янае паветра і гулкі, святочны настрой мнагасотнай публікі. Здавалася, у Рызе не было яе столькі. Ні мясціны вольнай. Нельга было згадзіцца, што ўся гэта публіка адпачывае ці адпачне.
Шолам, пыл, тупатня тамілі, нервавалі яе, выцягалі шмат энергіі. Але ў гэтых адмоўнасцях усё-ткі хаваўся адпачынак.
На шырокім прасторы цёмнай вады гайсалі паруснікі, схіляючыся набок, шныралі доўгія вузкія чаўнакі, з угону васьмі ці дзесяці крэпкіх спартсменскіх рук; закаханыя парачкі, усцешаныя сем’і або таварышы ці сябры заводзілі песні, ганяючы сінія, жоўтыя, чырвоныя лодачкі. А наводдаль, у баку ад публічнага гульбішча віднеліся купальні. На адведзеным для купальшчыкаў участку гулялі сотні юркіх цел — меншых, большых, цямнейшых, бялейшых. Як русалкі, як фауны, цешыліся вадою пад сонцам, на прасторы, зняўшы ўсе ўмоўныя і ачулыя путы-ланцугі, рэзвыя людзі. Яны здаваліся старадаўнімі дзікарамі-паганцамі, што ў сівую старыну спраўлялі святы магутным стыхіям. Рэзваю хваляю бурлілі вясёлыя галасы, рогат. Паднімаліся высока белыя пырскі вады.
Рыгор з Наталяю падпільнавалі вольнае месца на адной з лавак і прыселі. Абярнуліся к мору — тое настройвала іх маладыя, палкія душы на ўздымны, ваяўнічы настрой. Акрыляліся думкі, пламянела летуценне. Вадзяны прастор і яго стыхійнасць выклікалі ў іх рухавыя задумы, вострую цікавасць да адцягненых пытанняў пра стварэнне свету, пра яго вялікасць, пра векавечнасць. І тое, што чалавецтва сумела перамагчы, здавалася б, непераможныя сілы натуры, змерыць агромныя прасторы мораў і акіянаў, уздымала па чарзе то ў Рыгора, то ў Наталі пачуццё гордасці і сілы. Што яшчэ хаваецца ў людскім розуме? Якая сіла вынікне, калі надыдзе тэрмін агульнага вызвалення прыгнечанай часткі чалавецтва? Тут і яны павінны прылажыць свае сілы, сваю смякалку, свае здольнасці. Лёс паставіў іх абоіх на адпаведны ўступ вялікага змагання за светлую будучыню. Іх думка, іх ківок рукі, выгук таго ці іншага сказу варочацьмуць здарэннямі.