SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ШОСТАЯ · 2 min de lecture

VII

Усё вышэй і вышэй рос іх уздым. Акрыляліся надзеі, разгортваліся жаданні, выціналі новыя словы ды новыя песні, вырастала натхненне. Рыгор захапіўся, уголас замарыў:

— Ведаеце, Наталя: нам трэба ўсе натугі скарыстаць на тое, каб перабудаваць свет. Ёсць многа прыгожасці ў жыцці, ды не дадзена нашаму брату карыстацца ёю. Бушуе мора або ціха адпачывае, буяе зелень, шуміць дуброва, палошчацца сонца на морскіх хвалях... грае музыка, снуюць самакаты — няхай будзе гэта для рабочага класа. Чаму для адных толькі дасяжна, а для другіх — недаступна? Рабочы — паўнапраўны гаспадар зямлі, вольны Ікар, волат, цэлы свет. Праўда?

Наталя захапілася яго словамі, як і на сходзе. Яна адкрыла ім сваё нутро, падалася насустрач. І ў адзнаку згоды рашучым рухам працягнула руку да яго рукі ды моцна сціснула.

— Праўда! Праўда! Праўда!.. Мы выявім сябе ў наступнай забастоўцы.

На нейкі час абое адцягнуліся ўзрокамі ад мора, ад сіняга неба, ад усяго, што ваколіла іх, і перанесліся да забастоўкі.

— Як вы думаеце, Наталя, сумеем мы зрабіць наша выступленне магутным, арганізаваным?

— Мне думаецца — ёсць адпаведны настрой.

— Мяне смуцяць нашы таварышы сваёю асцярогаю. Мала ў іх рашучасці.

— Набяруцца. Здарэнні прыдадуць яе ім.

— Ці чуюць вось гэтыя людзі набліжэнне часу, калі мы выступім?

Наталя засмяялася.

— Што ім да таго: яны жывуць сягонняшнім днём — момантам.

— Захапіць бы іх раптам.

Рыгор адчуваў у сабе невыказную энергію, агромністую сілу. Вось яна скалыхнецца і затрасе морам, здыме сонца. Ды сама стыхія здавалася яму ўмоўнай па сваёй моцы і па сваім размаху. Праўда, гэта не перашкодзіла Рыгору прасякацца яе вялікасцю і набірацца далейшага настрою.

Чырвоны промень, што заліў сабою захад неба, і круглае крывяністае сонца ў асяродку гэтага променю сапраўды былі чароўны. Сваёю дзіўнасцю гэты вобраз міжвольна прыцягаў да сябе ўвагу публікі. Быццам гарэла мора, адбіваючы полымя ў небе, і з далёкага-далёку ў пераменчывым па хварбе і па сіле цяпла набліжаўся агонь ажно да месца гулянкі. Далёка заплыўшы, паруснікі, здавалася, пападалі ў промень і гарэлі нестухаючымі факеламі.

Рыгор параўнаў чырвань променю з чырванню крыві, што «лілася ракою» ў вогненна-празрыстай Марсельезе, натхніўся веліччу вобраза і ціха завёў на вуха Наталі:

— «І ўзы-ыд-дзе-э за крыва-ваю ра-ко-о-ю сонца-а праўды і-і братняй любві-і».

Наталя ў асалодзе здрыганулася:

— Во-во-во! Як удачліва вы давялі! — пахваліла яна.

— Сапраўды?

Ён нахіліўся да яе і кінуў у вочы дзяўчыне замілаваным узрокам. Надыходзіў адвячорак. Стала адчувацца вільгаць. Публікі меншала; але паўнелі курзал, рундучкі.

Рыгор з Наталяю завярнулі ў бліжэйшы рэстаранчык.

Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ШОСТАЯ · 8 min de lecture

VIII

Прыйшоўшы на кватэру, Рыгор даведаўся, што ў яго ўвесь дзень не было нікога. Не наведвала і Ганна. Для яе было б занадта нявытрыманым прыйсці да Рыгора так хутка, пасля пакінутай яму цыдулькі. Не са спакойнаю ж душою пісала яе дзяўчына! Ганне трэба было перадумаць, вымеркаваць, разлічыць усе ўмовы і скуткі, каб рашыцца на яе. Пэўна, пасля гэтага яна не пасмела б пісаць папроку Рыгору, каб раптоўная злосць, абурыўшы яе пры словах Вільгельміны — «Рыгора няма ўдому», не вымусіла на гэта.

Ганна доўга абдумоўвала перажытае ёю пры спатканні з Рыгорам. Падыходзіла яна да гэтага з розных матываў: лічыла злачыннем з боку Рыгора і празывала слабасцю з свайго боку. Абедзве дагадкі прыгняталі яе, нервавалі. Тады яна настойна шукала тых прычын, якія б апраўдвалі тое, што яна зрабіла; з гэтай мэтаю Ганна старанна імкнулася прайсці ў Рыгораву душу і адгадаць яго тайны. Перабірала, седзячы ў пакоі адною, кожную падрабязнасць пры спатканні з ім, дапамінала тэмы гутарак праз усю дарогу, асобныя сказы; аднаўляла дзесяткі разоў вобраз Рыгора, выгляд яго вачэй, міну твару, ухмылку на губах. Усюды было чыста, незаплямена. Нельга было прычапіцца да хлопца. Няўжо так? Хацела не паверыць, але не хапала смеласці прышчапіць да сэрца фальшывае пачуццё. Аставалася вінаваціць самую сябе; Рыгорава істота пайграла на яе душы?! Не без таго. «Рыгор падкупіў мяне сваёю натураю. Гэты бялявы твар, як з мармуру, глыбокі ўзрок вачэй, высокі лоб пад капяжом густых кос. Гэта цёплая, ласкавая ўхмылка з характэрнымі рыскамі на шчаках. Узмахі рукі, пружыністыя, кароткія, мяккі тэмбр голасу, статнасць фігуры, дабрата...» А мо злая сіла затуманіла яе выабражэнне, і ўсё тое — не больш, як адна здань, мыльныя бульбаткі? Можа, настрой моманту адыграў тут балючую ролю? Наляцела пачуццё, асляпіла як свядомасць і папхнула на гэты крок? Нельга было, колькі ні судзіла Ганна, знайсці канцы тае прычыны, якая заставіла па сабе гэткі глыбокі след. І таму, што прычына ўцякала ад яе, дзяўчыне рабілася цяжэй і неспакойлівей.

Ганна намерылася была назаўтра пасля спаткання ісці да Рыгора, пагутарыць з ім аб многім-многім, абнадзеіцца, вырашыць наступнае. Некалькі разоў яна выходзіла з кватэры, вярталася назад; меркавала, траціла ахвоту, набіралася эгаізму і адкладала назаўтра. На змроку ўжо, здавалася, канчаткова сабралася пайсці, — пераняла маці: прыхварэла і ўпрасіла Ганну астацца. Сэрца не дазволіла адказацца.

Але ў суботу, дачакаўшыся вечару, яна не мела іншых думак, ні сумнення. Выгартавала стальную рашучасць і а сёмай гадзіне выйшла з дому, уверанымі крокамі пакіраваўшы да Рыгора. Хто мог бы яе супыніць, пераняць? З чым бы яна палічылася? Ішла, як ідзе цягнік, згубіўшы машыніста, як ляціць распуджаны конь, вырваўшы лейцы з рук хурмана. Перад ёю яскравым малюнкам лунаў Рыгораў вобраз, чаруючы яе, вабячы, цягнучы непераможнаю сілаю. Яна гналася за ім, хочучы схапіць рукамі, абняць, прытуліць шчыльна да сябе і выказаць наспелыя думкі, рашэнні: як далей?

Ганна непрыметна прайшла горадам, мінула Верманаўскі парк, параўнялася з домам, дзе жыў Рыгор. Прайшла дзядзінец, усходы, ачулася пад дзвярыма кватэры. Ні пахожае думкі, якія былі пры першым наведванні. Смела, рашуча пазваніла — гэтак званіла ў сябе на кватэры. Павяліцельна. Але некалькі хвілін патрывожылася: ці дома Рыгор?

Адчыніла Вільгельміна і запытала:

— Вам каго?

— Мне Нязвычнага, — і адвярнулася.

Адзін тон работніцы раўняўся ўдару молата па галаве.

— Нязвычнага няма дома.

Работніца думала зачыніць дзверы — Ганна пераняла:

— Альбо пачакайце тут, альбо я пайду ў яго пакой і...

У першую хвіліну не ведала, дзеля чаго гэта, і змаўчала, ні то думаючы, ні то шукаючы слоў...

— Чаго чакаць?

— Я яму напішу запіску.

І тут жа хапілася шукаць паперы: абмацала ў кішэні, перавярнула ўсё ў рыдыкюльчыку, знайшла запісную кніжачку з алоўкам і прылажыла яе да зачыненай паловы дзвярэй.

— Я буду чакаць?!

— Хутка, некалькі слоў.

Сышоўшыся ўсёю істотаю ў думкі, Ганна паспешна напісала той змест, які пасля Вільгельміна падала Рыгору. Нават не прачытала, ці ёмка, ці тое, што трэба, напісана. Падала, а сама, абураная злосцю, разнерваваная, з набегшымі ў вочы слязьмі, кінулася ўніз па сходах. Упоцемку вярнулася на кватэру і, мэрам бы пратэстуючы супроціў Рыгора, запытала мацеру:

— Ці не прыходзіў Андрэй?

У голасе не было шчырасці, нават сэрца не думала пра яго.

— Не прыходзіў. Цікава, дзе ён, што ўжо колькі дзён, а яго не відаць?

Так, яго не відаць! Ганна настаражылася. Сапраўды, — дзе ж Андрэй? Ганне трэба было мець козыр у руках, трэба было мець пры сабе чым засыпаць адзначаную расколіну ў адносінах з Рыгорам. Андрэй — то мост пры мажлівым адыходзе. Го! І яна хапілася за гэта імя, як за выратоўны маяк, за падкінутую дапамогу. У яе ёсьцека Андрэй, чалавек, з якім доўга знаёма, з якім блізка сышоўшыся... Як-то яна магла гэтыя дні не думаць пра Андрэя?

Ганна прыпомніла, праверыла, ці магла чым навясці яго на падазронасць да сябе. Ці, часамі, ён прыходзіў наведваць, ды не застаў на кватэры. Можа, некалькі разоў упадрад і пасля махнуў рукою, зазлаваўшы на яе? Можа, можа... І помеж таго, як уставалі пытанні, падагрэтыя раскалыханым пачуццём, устрывожанае выабражэнне малявала вобразы Андрэевай змены, вобразы свае адзіноты, закінутасці, беспрытульнасці. Хто віною гэтаму? — «Сама! Сама віною. Няхай бы, вярнуўшыся з гасцей, пайшла да яго, наведала, як і што ён жыве. Пагутарылі б, прагулялі б весела час. Дык не — надало занядбаць Андрэя. Як быццам бы Рыгор ведаў пра гэта. Што я гэтым выйграла? »

— Няўжо Андрэй так і не прыходзіў? — ні то сама ў сябе, ні то ў мацеры запытала Ганна. — Дзіва!

— А я думала, мо вы бачыліся з ім.

Бачыліся. «Маці не ведае нічога». Ганна на хвіліну дапусціла, што маці дазнаецца пра ўсё, і ёй адначасова стала і горка і страшна. Яна паглядзела ў спакойны мацерын твар і не магла вытрымаць.

— Мо ён заўтра прыйдзе: заўтра нядзеля, і будзе вольны час.

— Пэўна, заўтра!

Яна перанеслася думкамі на заўтра. Пачала маляваць планы, як і што давядзецца правесці час з Андрэем, аб чым гутарыць з ім. Меркавала, калі ён прыйдзе, то з якім настроем. Ачула цягнула яе да старога прыяцеля, ён рабіўся ў яе растрывожаным уяўленні куды бліжэйшым за Рыгора, шчырэйшым. Яна часова забыла пра яго, заўтра паправіць сваю абмылку. Ці ж не бывае з чалавекам?

І, лёгшы пазней звычайнага, Ганна, пакуль не заснула, думала пра адно — пра заўтрашні дзень, пра спатканне з Андрэем. Падганяла час, каб хутчэй мінула ноч. «Хоць бы была пагода добрая!.. А што, як ён прыйдзе зрання, калі я буду спаць?»

Заснула заспакоенаю, суцешнаю. І паднялася назаўтра радаснай. Злезла з ложка — І ў акно... Сонца прыемным святлом сустракала Ганніну вясёласць. Смяяліся ў акно цёплыя праменні. Нядзельны настрой лунаў над дваром, над будынкамі горада. Даносіўся перазвон і ўрачысцей гудзелі гудкі. Няўжо не едзе ўжо да яе Андрэй? Разлічала час: на хаду, на пераезд Дзвіны, на пераход ад прыстані да кватэры. Вылічыла, што праз некалькі хвілін пакажацца ў браме. Хоць бы не захапіў яе неадзетаю.

Лёгкім скокам Ганна ачулася пры глухой сцяне пакоя, пры вешалцы з адзежаю. Увішна пададзелася, абулася; пасля ўважліва вымылася, прычасалася. Маці падала снедаць, а сама пайшла ў горад. Так усё ёмка складалася для спаткання! Прыйдзе, а яна адна-адною ў хаце, сядзіць пры акне і чытае...

Ганна адчыніла другую створку акна і перагнулася паглядзець на двор. Пасля прылатвіла крэсла і, узяўшы з свае невялічкае бібліятэкі томік Шэлера-Міхайлава ў прылажэнні да «Нівы», пачала чытаць. Безуважна: два радкі прачытае і паглядзіць у акно, два радкі прачытае і паднімецца. Усё — спакойліва і ўверана, не лічачы часу, не шкадуючы яго прабегу.

Нарэшце, раптоўна перадумала план: «Чаму ж, каб ён прыйшоў? А калі я пайду да Андрэя?» Не думаючы, ці варта гэта рабіць. Ганна паспешна сабралася і хутка ўжо была на дварэ.

Лёгкі ветрык студзіў яе твар, настрой публікі паднімаў яе настрой. Усё выглядала ў яе ваччу пагоджанай, гармоннай складнасцю. Як побач гуляюць людзі, стаяць дзярэўцы, бегае трамвай, у дадзены час, на дадзеным месцы — гэтак яна сустрэнецца з Андрэем ці па дарозе да яго, ці на прыстані, ці пры выйсці з двара. Мог жа ён толькі цяпер сабрацца да яе — мала што ёй хацелася бачыць раней!

Праз паўгадзіны Ганна стаяла ў дзвярах беднага двухкватэрнага доміка і глядзела здзіўленымі вачмі на прывешаны тоўсты паржавелы замок. Каля яго тарчаў гузічак з маленькім кавалачкам памурзанай паперкі — астатак ад быўшай візіткі.

— Дзе ж бы ён?

Не магла дадумацца, хоць можна было дагадвацца розна, ці перабраўся на іншую кватэру, ці паехаў у водпуск. Але Ганна была ашаломленай ад нечаканасці. Замок на дзвярах спаралюшыў яе пачуццё і думкі, і яна стаяла ў нейкай отарапі, не ведаючы, чаго і што... І толькі праз доўгі кавалак часу адвярнулася ад дзвярэй і рашыла праведаць аб Андрэі ў суседзяў. Нельга ж без нічога варочацца — замучыць сумленне.

Яна падышла да дзвярэй кватэры нумар першы і пазваніла. Выйшла сівенькая поўная бабулька.

— Выбачайце, ці не ведаеце, куды выехаў Андрэй Калок?

Бабуля агледзела Ганну падазроным узрокам, памаўчала з хвілінку і нехаця адказала: «У Лібаву», — ды зачыніла дзверы.

Ганна міжвольна здрыганулася ўсёй постаццю, паглядзела на яго кватэру і павярнула з двара задуманаю, раззлаванаю.

«Няўжо праўда таму? — думала яна ідучы. — Паехаў і не сказаў, не паведаміў нават. Паехаў, як упрочкі, тайком...»

Яна паглядзела ўсцяж вуліцы і прадставіла сабе, як мог Андрэй ехаць вось гэтым самым месцам, кудою яна ідзе, і, едучы, мог думаць або не думаць пра яе. Абярнулася — авось здарыцца цуд, і Андрэй следам за ёю ідзе ў горад.

Ішлі іншыя людзі: якісь дзяцюк ухмыльнуўся ёй і зрабіў двухсэнсоўны намёк. Ганне стала брыдка і агідна, яна ўскорыла хаду, кінула думаць пра Андрэя і захапілася клопатам, як хутчэй вярнуцца дадому, дзе б спакойна, наадзін усё абдумаць.

Неўзабаве Ганна ачулася ў сваёй вуліцы. Знаёмыя будынкі, знаёмыя дзярэўцы, нават, вось, некалькі знаёмых чалавек. Раскланялася з імі ветліва і прайшла ў двор. У дзвярах кватэры стрэлася з мацераю, якая выходзіла на двор, і не магла, каб не паведаміць ёй навіны пра Андрэя.

— Андрэй выехаў у Лібаву, ці чулі гэта?

— Няўжо? — здзівілася маці, пільным узрокам кінуўшы Ганне ў твар. — А я, здаецца, зусім нядаўна бачыла яго. Хадзіла на рынак і сустрэла — бег вуліцаю. Некалькі дзён да твайго прыезду... А хто табе казаў?

— Я іду ад яго: замок на дзвярах, а суседка паведаміла, што паехаў у Лібаву.

— Чаму ж не напісаў, ці?.. — маці ўкорна паківала галавою. — І людзі ж, аднакава!

— Э, ліха яго бяры! — вылаялася Ганна і матнула рукой. — Есці ёсць што-кольвечы?

Маці расказала дачцэ, дзе і што знайсці, папярэдзіла, што выйдзе крыху на вуліцу, і адышлася, ківаючы галавою і мармычучы штосьці сабе пад нос. Ганна спрытна павярнулася і прыйшла на кватэру.

І вось... Толькі пераступіла парог, як ёю аўладала пачуццё некай нядбайнасці: усе думкі, як бы хто іх выгнаў з галавы, замерлі, прыціхлі. Яна знайшла яду, усмак паела і падышла да ложка, каб крыху супачыць. Лягла і толькі прыплюшчыла вочы, супакоілася, як раптам наляцелі ўспаміны пра спатканне з Рыгорам, пра вечар, праведзены з ім у яго на кватэры, пра сваю запіску яму. Ёй стала душна і млосна, не хацелася ляжаць, ні адпачываць...

Паднялася з ложка, злезла і кінулася тупаць па пакоіку, не гледзячы ні на што, прыплюшчыўшы вочы.

Тупала і сама сабе цвярдзіла:

— Рыгор! Рыгор! Я вінавата перад табою. Я дапусціла сабе думку, што ты мне здрадзіў... Няўжо таму праўда?

І, спыніўшыся на момант, прыстукнула нагою:

— Я цябе выпрабую... Заўтра. Не, у аўторак... у чацвер... у суботу... за тыдзень у нядзелю я да цябе прыйду, нечакана для цябе... незнарок, раптам... Чакай мяне, чакай!

Стукнулі дзверы — Ганна настаражылася.