SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА СЁМАЯ · 6 min de lecture

І

У панядзелак пасля спаткання з Наталяю Рыгор з самага ранку задумаўся над тым, як і што яму прыйдзецца выступаць перад рабочымі. Тое, што для сходу не вызначаны дзень і час, больш усяго непакоіла яго. «А што, калі Міхасю прыйдзе ў голаў зрабіць сёння? Або самі рабочыя запатрабуюць гэтага — тады што? Я ж і каліва не падгатаваўся. Не падумаў, як і што спланаваць прамову, чаго ў ёй чапіць, што абмінуць, якія кінуць лозунгі. У суботу так ні на чым і не спыніліся рашуча, а прыйдзе час...»

Збіраючыся на работу і ідучы да завода, Рыгор раз-поразу варочаўся да гэтых думак, прыслухоўваўся да іх, забываючыся, што робіць. Падыходзячы к заводу, ён прыпыніўся і задаў сабе пытанне, ці не лепш будзе, калі сёння не пойдзе на работу, а вернецца дамоў і старанна абдумае характар свайго выступу. Перш рашыў вярнуцца, пасля аддумаў і пайшоў у завод.

Пры станку, сочачы за разцом, ён натужна абдумоўваў парадак прамовы, яе пабудову, накіраванасць. Ён ведаў, што ад гэтага залежыць яго ўплыў на рабочых. Скажа ўдачліва — зробіць па-свойму, змурзае — пасмяюцца. «Пасмяюцца, — думаў сабе Рыгор, — вось гэтыя сталыя рабочыя, практычныя, старэйшыя за мяне і ў змаганні, і работаю. А я мала каму вядомы, ні з кім не знаёмы, малады...»

Момантамі Рыгора забірала труслівасць: хацелася пабегчы да Міхася і сказаць, што ён адказваецца на гэты раз ад выступу перад рабочымі. Нават паглядаў у бок, дзе рабіў Міхась, чакаў, каб той падышоў сам і перадаў якія-кольвечы прычыны, з-за якіх усё пойдзе іншым шляхам. Прыглядаўся да рабочых, як тыя настроены сёння; ці не ведаюць, што будзе ён выступаць, і ці ўжо не смяюцца тайком. Выходзіў на абед і, мінаючы грамадку рабочых, прыкмеціў, што яны паглядзелі на яго і засмяяліся. А што будзе, як угледзяць яго на трыбуне? Сумненням не было канца: у розных прычынах, у розных з’явах насядалі на яго з нейкай адмысловай упартасцю.

А помеж, тут жа, у яго нутры жыло не меней настойнае жаданне як бы там ні было зрабіць выступленне — сказаць прамову. Чаго палохацца? Перад кім трусіць? Свае ж рабочыя. Змаганне — яно патрабуе разнастайнай чыннасці. Тут нельга спыняцца ні перад чым. Стаіш на адзначанай платформе — праводзь яе ў жыццё. Ад энергіі залежыць поспех у справе.

Рыгор правяраў свае веды і ўкараў сябе за нясмеласць. Пасля ўспомніў, як гладка і стройна казаў на сходзе той чарнакосы таварыш-інтэлігент. Якаў сумеўся, што пасля яго захацеў выступіць ён. Пэўна, пасля той усміхаўся! Але... чаму Наталя хваліла? Чаму ўсе слухалі з гэткаю ўвагаю, калі ён кідаў свае словы...

«Я чаплю ў сваёй прамове мінулых забастовак, якія адбываліся ў Рызе, спынюся на іх слабасці; адмечу розніцу ў стане цяперашнім і пяць год таму назад, пакажу на рашучасць моманту, падкрэслю патрэбнасць цяснейшай салідарнасці, адзначу меншавіцкую драбласць і зазаву да новых лозунгаў».

Вечарам, кончыўшы работу, Рыгор пайшоў у культурна-асветнае таварыства і перагледзеў некалькі кніжак палітычнага зместу. Кніжку «Рэвалюцыйны рух у Расіі» — Туна і некалькі кніжак часопіса «Просвещение» — узяў з сабою дамоў. Сядзеў позна і ўсё думаў ды планаваў.

А першай гадзіне яму паказалася, што як бы аснова прадмовы муляецца ў думках. Тады ён адышоў ад стала, выпрастаўся, як ёсць, настроіўся і, абярнуўшыся ў акно, захацеў выпрабаваць сваю здольнасць, папрактыкаваць.

І пачаў слова ў слова казаць:

— Таварышы рабочыя! Мы зараз перажываем адказны момант. Царскі ўрад рашыў агнём ды мячом знішчыць усякія праявы рабочага руху, усе спробы працоўнага народа вырвацца да лепшае долі. Паглядзіце, што ён чыніць з матросамі, якія...

Першыя словы выказаў цішком, нясмела, путаючыся, але чым далей, тым каструбатасць прападала, голас узмацняўся, знаходзіліся новыя словы; падышло натхненне і прыдало смеласці, раскалыхала яго постаць. Рыгор не мог устаяць на адным месцы і рушыў хадзіць па пакоі, махаючы рукамі. Забыўся, што гаворыць самому сабе, што побач жывуць чужыя людзі, што на дварэ ноч. Лёгка і складна набягалі ўсё новыя сказы, думкі і раздражнялі яго ахвоту казаць бясконца...

За сцяною, у гаспадыні нехта стукнуў і перабіў яго: Рыгор замаўчаў і паглядзеў на гадзіннік; гаварыў больш гадзіны. Ухмыльнуўся — пачуў ахапіўшую яго лёгкасць, уверанасць. Дзённыя сумненні разляцеліся, знайшлася гатоўнасць, рашучасць. «Няхай сабе хоць заўтра назначаюць сабранне — я гатоў».

З гэтым настроем Рыгор лёг у пасцель. З ім прарабіў адзін і другі дзень, не астываючы, не губячы веры ў сваю здольнасць запаліць ваяўнічым настроем рабочыя гушчы. Болей таго, кожная гадзіна давала яму мажлівасць абагаціць змест прамовы новымі ўнёскамі, новымі дадаткамі. Рэпетуючы назаўтра, Рыгор уверыўся, што яго прамова зробіць глыбокі ўплыў на слухачоў. І калі ў чацвер, напаткаўшы Міхася раніцаю, ідучы на работу, дазнаўся, што па згавору з іншымі заводамі рэшана мітынгі зрабіць сёння, Рыгор ні каліва не сумеўся. У адказе Міхасю на словы: «Ну, не дай маху, Рыгор!» адмовіў: «Пагледзімо».

З гэтага моманту ён перавярнуўся ў палкае чаканне. Падбліжаўся к заводу, а пра работу не думаў. Узрок і думкі адцягалі да сябе рабочыя, якія ішлі тут жа, помеж і ўперадзе і ззаду, наганялі яго, сустракаліся. Па іх тварах, па руках і частых возірках на яго і адзін на другога, як быццам чакалі чагосьці рашучага, надзвычайнага. І імі валадаў гостры, падняты настрой. Рыгор не мог не паддавацца яму, тым болей, што яго абгостранае пачуццё перанімала ўсё з дубальтам.

Пераходзячы з Міхасём дзядзінец, ён угледзеў двух дырэктараў, якія швыдка прашмыгнулі ў кантору.

— Пэўна адчуваюць, прахвосты.

Міхась крануў Рыгора за руку:

— Маўчы...

Рыгор запытаў:

— Нямаведама, як на іншых заводах?

— На некаторых мітынгі пройдуць сёння, на іншых — заўтра.

— А настрой якавы, не чулі?

— Усякся. Большай часткаю — добры, бадзёры. У нас глеба падгатавана.

Майстэрнямі яны прайшлі моўчкі, прыслухоўваючыся да гутарак сярод рабочых. Са слоў, якія чуліся ад гутарыўшых па двое, па трое, з настарожаных, пытальных узрокаў, зрухаў, жвавых, адрывістых і рэзкіх, можна было прыкмеціць значны ўздым настрою.

Завод распачынаў працу, вядомую, наладжаную шмат часу назад і дзень у дзень падобную ў кожным драбнюткім выяве, у кожным руху і свісце, у кожнай ноце бразгу... Але сёння, паказалася Рыгору, гэта гармонія звычайнасці, надаедлівай, звязанай з бессаромнаю эксплуатацыяй тысяч рабочых, была прасякнута новымі адценнямі, іншымі вібрацыямі, прыемнейшаю мелодыяй. Ён наглядаў у хаосе зыкаў, у пары і дыме, у цяжкай духаце — сілу бунту, віраванне магутных падзей. Разам з атручаным паветрам улівалася гэта сіла ў нутро рабочых, віравала, раз’юшвала кроў, запальвала прагу, узнімала пачуццё.

Работа Рыгору не ішла — станок адказваўся слухаць. Узрокі коўзалі паўз яго, рассягаючыся вакола па майстэрні. Узрастала чуласць; па некалькі разоў у гадзіну ён пазіраў на гадзіннік, лічыў хвіліны. Прамова не выходзіла з галавы: асобнымі мясцінамі, адрыўкамі перабіралі яе думкі, уладваючы падрабязгі...

Ледзьве дачакаўся абеду. А на абедзе — пачуццё падгастрылася яшчэ больш, узрасла настарожанасць. Кожны зык, які выбіваўся з агульнага шоламу, адымаў ад Рыгора ўвагу: ён прыслухоўваўся. І злаваўся, чаму то не ўрочаны гудок.

Каб у гэты момант падышоў да яго майстар, Рыгор абышоўся б з ім недалікатна, пакрыўдзіў бы за адно нявіннае слова, за адзін узрок. Чамусьці, пэўна, нюхам чуў гэта майстар і сёння ні разу не прайшоў між Рыгора. Як быццам яму не было да нікога жаднае справы, як быццам ён наперад зрабіў забастоўку — толькі разоў тры праз увесь дзень паказаўся ў верхніх майстэрнях. Завод ішоў без тае ўказкі, без таго нагляду, як то бывае звычайна.

Адміністрацыя ведала сутнасць надыходзячага і гатавалася іншымі шляхамі, ахвяруючы «лішні» дзень дзеля рабочых. Аб гэтым кожны з іх знаў. Каго цікавіла гэтая драбяза?..

Нарэшце гудок загуў шыбка, аклікаючы. Рыгор схамянуўся: выпаў з рукі шаблон. Думкі хапіліся за прамову, мігам перабралі ўсю, прапусцілі маланкаю. Ён супыніў станок — зняў рэмень і, не чысцячы, кінуў.

Яму здавалася, што на ўсё гэта патрацілася не больш дзвюх хвілін, але, паглядзеўшы, прыкмеціў — усе майстэрні апусцелі, пакуль ён сабраўся выходзіць. «Трэба спяшаць!» — падагнаў сябе і намерыўся кінуцца ўподбег.

Міхась з Артурам перапынілі яго.

— Чакай, разам пойдзем.

Рыгор аглядзеўся.

— Добра, што вы падышлі.

Яны ўтраіх выйшлі на двор, які кішэў рабочымі. Стаяў густы, злітны гоман. Грамада калыхалася, чакала. Яны праціснуліся між сцен майстэрняў да ганку канторы, замкнутае і пустое. Падняліся і паглядзелі перад сабою. Грамада змоўкла, прытаілася, і тысячы вачэй накіравала на іх.

Рыгора на момант абдало сталёвым холадам, і ён згубіў самаўладанне — застыла сэрца. Але раптам паднатужыўся і ўвайшоў у сябе, настаражыўся. Узроку не спускаў з Міхася і не паспеў падумаць, як той праказаў:

— Таварышы! Увага! Наш сход лічу адчыненым. Слова мае таварыш Нязвычны.

— Хто, хто, хто?!

— Мацней, мацней!

Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА СЁМАЯ · 4 min de lecture

ІІ

Рыгор не прыслухоўваўся: паправіўшыся на месцы, ён ціха кашлянуў і праказаў:

— Таварышы! Надышоў момант!

Усе замаўчалі. Выразныя, зычныя, як удары молата, стройна, адно за другім паліліся палкія словы над галовамі рабочых і ва ўсе куткі дзядзінца. Зліваліся ў адточаныя сказы, нямудрыя, але адпаведныя настрою, блізкія разуменню, без лішніх уставак, без пераказаў, з прыціскамі, з перагібамі ў голасе.

— Таварышы! Ізноў мы вымушаны прыняць бойку ад нашага ворага. Ізноў нам суджана праверыць свае сілы і паказаць нашым прыгнятацелям, колькі і што мы можам зрабіць дзеля свайго вызвалення. Таварышы! Нам няма чаго губляць, апроч сваіх ланцугоў! Ланцугі ж нам пара скінуць, пакуль яны не пераелі нашага цела, пакуль ёсць хоць малая мажлівасць зрабіць рух, шавяльнуцца. Мы мусім не дазволіць вярнуцца да стану поўных нявольнікаў, якія адбывалі няволю прыкутымі. А нас да гэтага вядуць. Таварышы! Толькі нашы пратэсты не дазваляюць канчаткова нас запрыгоніць.

Мы не так даўно пратэставалі супроць Ленскае бойні. А пасля — выказвалі свой пратэст Першага мая. Зараз урад у саюзе з капіталістамі вымушае нас на новае выступленне. Бессаромная эксплуатацыя не мае межаў. Ужо нашы таварышы перапёкі абвясцілі забастоўку. Далей — гатуецца крывавая расправа над балтыцкімі матросамі. Таварышы! прадстаўце сабе, што азначае цырымонія суду над імі. Тая самая непрыкрытая бойня. Мы не павінны без змагання аддаць нашых таварышаў у рукі катаў. Мы павінны паказаць, што рабочыя і сяляне ў матроскіх ды салдацкіх шынялёх — нашы браты, адна армія працоўных. Суд над імі — суд над намі; расправа з імі — з намі расправа. Таварышы! калі вораг наш пасуваецца на адным фронце, мы павінны даць адказ па ўсім фронце. Толькі ў рашучым выступленні — наша перасцярога ворагу...

Далей Рыгор захапіў гісторыю матроскіх бунтаў, сучасныя забастоўкі ў розных канцах краю, настрой загранічных рабочых. І закончыў прызывам:

— Дык смела на змаганне!

У адказ усхваляваная грамада рабочых падала магутным важкім гулам сваю згоду.

— Змагацца! Змагацца!

Міхасю не ўдалося паведаміць рабочых аб часе пачатку забастоўкі — грамада не слухала. Тут жа з яе гушчы ўзняліся зычныя гукі «Інтэрнацыянала», якія перш разліліся па дзядзінцы завода, а далей сягнулі ўвысь, перанясліся праз высокі паркан на вуліцу, к Дзвіне, у горад.

Рыгор бачыў, як з гэтымі гукамі рэвалюцыйнага гімна рабочыя сталёваю сцяною рушылі з месца, павярнулі да чыгуннай брамы, і яна мігам адчынілася нарасхлёст.

Пярэднія рады выйшлі на вуліцу — заднія, калышучыся, імкнуліся за пярэднімі. Пяянне стала гулчэйшым. Грамадою валадаў бойкі, уздымны настрой. Ваяўнічасць, запаліўшыся ад Рыгоравых слоў, разгаралася ў полымя, бушавала ў магутным, з’еднаным калектыве тысяч чалавек.

Рыгор забыўся пра таварышаў, паспешна саскочыў з ганка і кінуўся ў чорную гушчу рабочых; зацягнуў «Інтэрнацыянал» разам з імі. Зычны, пявучы голас, яго высокі тэмбр узмацніў агульнае пяянне. Некалькі чалавек зацікаўлена паглядзелі на яго, не перастаючы пяяць. Пэўна пазналі і падвысілі галасы.

У вошта выльецца дэманстрацыя? Куды накіруе свой пратэст распаленая грамада — Рыгор не ведаў і не даваў сабе ніякага адрахунку. Ён забыўся нават пра тое, што ў гэткія вось менавіта адпаведныя моманты і трэба знайсці ў сабе тую сілу волі, умеласць, кемнасць, якія б пасобілі ўлавіць агульны намер, зразумець яго сутнасць і, зразумеўшы, накіраваць з’еднаную волю да намечанае мэты.

Рыгор выпусціў гэта з вока — ён паддаўся настрою таварышаў. Але, выйшаўшы з двара, апамятаўся, што ж далей? І яму раптам успалі на думку тыя словы ды намеры, якія мелі месца і ў гутарцы з Міхасём, і на сходзе ў Артура. Запалілі нутро. Ён выбег з гушчы, як быццам у натоўпе цесна было думаць, і паглядзеў усцяж Узбярэжнай. З левага боку нядбайна гайдалася ў каменных берагах шырокая Дзвіна, справа стаяла сцяна паркана, уперадзе — слалася вузкая вуліца; яна вяла ў горад, бурлівы, тлумны горад. Чым адгукнецца ён на пераможныя матывы песні?

Але думаць было некалі. Рыгора падганяла свядомае пачуццё адкрытага выступлення. Ён кінуўся ўподбежкі, каб нагнаць пярэднія рады. Мінаючы рабочых, бадзёрыў іх: смялей!

Ужо ён раўняўся з пярэднімі, як на стыку вуліц Узбярэжнай і Прадольнай, куды павінна была павярнуць дэманстрацыя, каб прайсці ў горад, з’явіліся конныя атрады паліцыі ды жандараў і перагарадзілі дарогу. У гукі рэвалюцыйных песень урэзалася рэзкае: «Раззайдзі-ысь!» На першы момант грамада не стрымалася, не перарвала пяяння, надыходзячы на коннікаў. Але апошнія, агаліўшы шаблі, кінуліся на дэманстрантаў і знарушылі рады. Нельга дый бескарысна было змагацца з варужнаю сілаю, і пярэднія расстроіліся, падаўшыся на тратуары. Пяянне перабілася, змаўкаючы ўперадзе і цішэй цягнучыся над заднімі радамі. Сутычка з паліцыяй хутка перадалася па ўсёй грамадзе дэманстрантаў, і ўсе пакінулі пяяць. Замест песень то там, то сям з гурткоў рабочых панясліся выкрыкі: «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная Рэспубліка!», «Далоў паліцыю!» Моладзь выбягала наперад і ў вочы паліцыянтаў кідала гэтыя воклічы. Паліцыянты ўвайшлі ў злосць і пачалі ганяцца за рабочымі, размахваючы шаблямі і бізунамі. Некалькі чалавек, больш старэйшых, двое паліцыянтаў хвасянулі па галаве і намерыліся падбіць пад коні. Рыгор убачыў гэта і ўвесь задрыжаў ад злосці. «Ах, паганцы!» — праказаў скрозь зубы і, падмеціўшы камень, швыдка падняў яго і кінуў у аднаго з паліцыянтаў. Камень папаў каню ў шыю. Паліцыянт пагнаў каня і ад’ехаў убок, азіраючыся назад. Па прыкладу Рыгора яшчэ некалькі рабочых вырвалі з бруку каменні і запусцілі на жандараў. Адзін з іх барджэй схапіў вінтоўку і даў выстрал. Следам уся паліцыя, падзяліўшыся па трое, з вінтоўкамі ў руках кінулася на раскіданыя грамадкі і ядынкі рабочых, дзе разганяючы, дзе арыштоўваючы.

Рыгор з іншымі накіраваў у двор бліжэйшага дома, які аказаўся праходным, і паціху выйшаў на суседнюю вуліцу. Да яго даносіліся рэдкія выкрыкі з Узбярэжнае, мімаволі затрымлівалі, не пускалі аддаляцца ад іх, але немагчымасць паправіць становішча дазваляла ісці адгэтуль.

Рыгор пайшоў на кватэру.