ІІІ
Ачуўшыся ў сваім пакоіку адзін на адзін, Рыгор Нязвычны стаў пераацэньваць толькі што перажытае. Не засвятляючы агню, ён перш падышоў да акна, прыслухаўся, ці не чуваць дэманстрацыйных выгукаў, а пасля, рухава тупаючы ўзад ды ўперад, пачаў перабіраць думкамі ўсе драбнейшыя рысы гісторыі падгатоўкі і самага выступлення, дэманстрацыі, настрою рабочых, яе значнасці, зарганізаванасці і сутычкі рабочых з паліцыяй. Дзівіўся, які цікавы вадакрут мае дынаміка здарэнняў, як цесна пераплецена асабовая думка з думкаю калектыўнай, як шчыльна звязан дробны пачатак з буйным канчаткам. Цікавіўся, да чаго прыйшоў ён з сваім нерашучым імкненнем стаць перад працоўнымі гушчамі і як неперадуглядна ўецца развіццё здарэнняў. Не даваў веры, што гэткім зыркім выбліскам занялося, працягнулася і кончылася яго першае выступленне. Дагадваўся і вышукваў тых прычын, якія мяшаюць аднаму чалавеку захапіць шворан калектыўнае думкі, грамадскае волі, каб накіраваць іх у тое ці іншае русло. Ухіляўся перад законам пераможнасці грамады над ядынкаю, так выразна, так ачула перажытым толькі што самім.
Тое, што дэманстрацыя скончылася разгонам, што наступнае развіццё здарэнняў цяжка было прадугледзець, — не вельмі непакоіла Рыгора. Ён цешыў сябе, лісціў свайму пачуццю адным — гэта тым, што — як-ніяк, а ў перажытым выбуху рэвалюцыйнасці ляжыць некаторая доля і яго энергіі, яго здольнасці, яго адвагі і таленту. Здарэнні — верыў Рыгор — не супыняцца. Важна было і знайсці сабе штырхач, разварушыцца, а там...
Рыгор адлятаў у думках ад бягучага, адрываўся ад канкрэтнага, а пераносіўся ў наступнае, бліжэйшае і далейшае, малюючы сачлівыя вобразы і будуючы завабныя планы. Выабражэнне і мары — раслі, разбухалі, шырыліся, ствараючы з акольнага прадметнага свету багатую мазаіку будынка жыцця. Усё яно — адна пекната, адна прыемнасць, замілаванне. Пры гэтым асаблівасць і гострасць яго ў несціханым перайначванні, у несупынным бегу, трапятанні, у бясконцым змаганні за лепшае, за ляпейшае, за дасканалае. Кожная рэч, кожны прадмет, выглядаючы скрозь цем, пераказваў: «Уся прыгажосць у несупынным, праглівым, віруючым змаганні рабочага класа, у яго перамозе, у яго дыктатуры». Хто ж асмеліўся сказаць яму ў гэтую пору, што ён абмыляецца, што жыццё — адна нудная, цягучая песня, заведзеная на адзін тон, накіраваная на адзін шлях, звычайная,— Рыгор запляваў бы таму вочы, празваў бы дурнем, не схацеў бы гаварыць. І як бы горача ён сустрэў таго, хто прыйшоў бы яго павіншаваць за выступленне, за бадзёрасць, за ваяўнічы настрой. Ён пацалаваў бы таго, хто б прынёс яму рэзвасць, рухавасць, бесклапотны смех... Ганна ў першыя часіны знаёмства, Наталя — са сваім бойкім, мужчынскім узрокам, з жыццерадаснымі рысамі на твары, з вераю, лёгкаю і палкаю; Міхась, выцерпеўшы рад боек, загартаваны жыццём і тугі, непарушны ў глыбокіх надзеях, — прыйшлі б яны да яго. На свежы след — падзяліўся б думкамі і перажываннямі... А перанясціся б туды, у Сілцы, да Сёмкі, да Петруся, да Сроля. Як бы ўскалыхнуў іх Рыгор! Цяпер яму выразна і ясна стала пераважнасць гарадскога працаўніка над селянінам, горада над вёскаю ў тым вялікім змаганні, якое вядзецца за вызваленне працоўных гушчаў ва ўсім свеце. Быў у Сілцах, бегаў усюды, падбухторваў таварышаў, каб тыя прылучаліся да арганізацыі, раскідаў пракламацыі, праводзіў гарбарскія і кравецкія забастоўкі, але ўсё тое — бледны адбітак сённяшняга выступлення. Адзін завод — дзве тысячы з лішнім чалавек, а злучы дзесяць тысяч, некалькі заводаў, што тады можа стацца!..
Рыгор пераходзіў да наступнае забастоўкі. Пачаў гадаць і меркаваць, як яна разгорнецца, колькі захопіць людзей, як паверне здарэнні, чым адзавецца на становішчы... чым кончыцца... Не! Аб канчатку забастоўкі не хацелася Рыгору думаць. Яго цікавіў працэс яе быцця, цікавіла яе цягучасць. Забастоўка — змаганне: рэвалюцыйныя прамовы, дэманстрацыі, сутычкі з паліцыяй. Вакола паўстанне, помеж з ім... Натужнасць, зарад, трапятанне...
Думкі прыдалі Рыгору павышаны настрой, захапленне — і ён справодзіў іх рэзкімі махамі рукі, прытоптваннем, пераказам учуткі... Ён быў падобны да электрычнага матора, які ўвесь жыве несупынным рухам, у непаглядным вярценні...
Незаўважна для яго горад заціх, павеяла вільгаццю. На паземе адмеціўся надыход золку. Перайшло за першую гадзіну. Перамагаючы сябе, Рыгор прылёг: заўтра трэба ісці к заводу, трэба ўгледзець Міхася ці Артура і праведаць наконт забастоўкі, што адбылася на іншых заводах.
Іскралётныя думкі яшчэ з добрую гадзіну мігаліся ў яго галаве, адрываючыся, гаснучы і ўзгараючыся. Бліскучым шэранем, трапяткім галёнам імжэлі, заходзячы ў глыбі здрому: Рыгор заснуў чулым сном...
Але не супачыў за тыя пяць гадзін, што праспаў да першага гудка. І стомленым падняўся з пасцелі і пайшоў у завод. На Узбярэжнай хадзілі патрулі гарадавых. Рабочыя ішлі працаваць — гэта Рыгора засмуціла. Разам з другімі ён прайшоў у завод і нехаця папрацаваў да абеду. Ідучы ў харчоўку, спаткаўся з Міхасём — пагутарылі аб дні абвяшчэння забастоўкі, аб здарэннях на іншых заводах, аб рэзультатах учарашняе сутычкі з паліцыяй. Гутарка некалькі ўраўнаважыла Рыгора: ён зайшоў у харчоўку. Цёмная, забруджаная, яна была перапоўнена людзьмі. Падсеўшы да століка, за якім абедала ўжо трое рабочых, ён заказаў абед і пачаў прыслухоўвацца, пра вошта гавораць. Рабочыя, не заўважыўшы Рыгора, цягнулі раней пачатую спрэчку:
— Сволачы, якраз перапынілі; а то б прарваліся ў горад ды хаця напалохалі б буржуазію, — казаў здаравенны рыжы хлопец.
— То-та і ёсць! Ці ж яны спацьмуць! Дзе ты бачыў! Сачаць — працуе і іх розум, — сказаў сярэдніх гадоў мужчына, з французскаю бародкаю.
— Ну, як сабе хоча ўсё, але дэманстрацыю правялі. Ведаеце, міжвольна пойдзеш на ўсё пасля гэткай прамовы. Да чаго складна гаворыць... Ці ты, Пракоп, часамі не ведаеш, хто ён такі? — ваткнуў трэці.
— З слясарнага цэха, — адказаў рыжы.
Рыгору стала няёмка: ану ж угледзяць і засаромеюцца за свае словы. Усё ж тое, што пра яго ішла гутарка, лісціла яму. Не даючы выгляду, што рэч ідзе аб ім, Рыгор кончыў абед і намерыўся сам увайсці ў гутарку.
— А вот учарашняе — я ізноў да дэманстрацыі, — казаў мужчына з французскаю бародкаю, — не так павінна было б скончыцца.
— А як? — перабіў Рыгор.
— Як? — той пільна ўгледзеўся ў Рыгораў твар, памаўчаў крыху і мякчэй адказаў:
— Мякка абышліся з гэтымі цюцькамі. Трэ было ўсім хапіцца за каменні. А то стрэліў адзін, і пачалі разбягацца.
— А як жа іначай? Сталі б адбівацца — стралялі б усе. Крыві пралілося б за няма нішто...
— Як за няма нішто? — хапіўся рыжы. — За нашу свабоду... Бач, крыві баіцца. Лілі яе дагэтуль — і надалей не застрахованы.
— Пэўна...
— То-та ж...
Рыжы прыгледзеўся да Рыгора і запытаў:
— Ці я абмыляюся, ці не, — здаецца, гэта ты ўчора казаў прамову?
Усе ўтраіх бессаромна абярнулі ўзрокі на Рыгора.
— Я таксама прыкмеціў, але не асмельваўся казаць, — дадаў мужчына з французскаю бародкаю.
Рыгор засмяяўся і прызнаў сябе за ўчарашняга прамоўцу.
— Маладзец, добра гаворыш, — пахвалілі ў адзін голас двое рабочых.
— Так, завідна, — прыбавіў трэці.
І калі Рыгор адчыніў губы, каб адказаць ім, з суседняга століка адвярнуўся да іх стары худашчавы дзядок і ўпаўголаса праказаў:
— Асцерагайцеся, вунь у кутку сядзіць шпег. Увесь час глядзіць на ваш стол. Пакідайце харчоўку заднім выйсцем.
Яны ўсе ўчацвярых няскрытна паглядзелі ў левы куток пакоя: за маленькім, кругленькім столікам, над шклянкаю кавы сядзеў шляхетна пададзеты, з белым каўнерыкам, гладка прычэсаны, брыты чалавек. Роўна паставіўшы голаў, ён вадзіў узрокамі па ўсёй харчоўцы, як бы шукаючы каго. У момант, калі на яго кінулі ўзрокі Рыгор з трыма суседзямі, чалавек ці незнарок, ці сумысля, паглядзеў у супроцьлежны канец. Карыстаючыся гэтым, яны падняліся з-за стала і выйшлі праз задняе выйсце на двор, накіраваўшыся да завода. Каля брамы, застаўшыся ззаду таварышаў, Рыгор азірнуўся і заўважыў, што той жа тып праводзіць іх на адгоне ганоў з трое. Рыгор усміхнуўся і схаваўся ў заводскі двор.
Гэты інцыдэнт нічым не адбіўся на Рыгоравым настроі. Ужо пры першым зыку машын у заводзе Рыгор выпусціў з думкі шпега і тую асцярожнасць, якую той сігналізаваў сваёю сочкаю. Гутарка рабочых, іх пахвальба Рыгору, водгук іх на ўчарашнюю дэманстрацыю — вось што займала яго ўвагу і пачуццё: значыць, ён не ашукваецца, калі думае аб вялікай важнасці праведзенага выступлення.
Помеж з гэтым прыемным адчуваннем Рыгору захацелася ў наступных падзеях яшчэ раз выявіць сябе, тым болей, што, адучваў Рыгор, у яго маюцца на гэта энергія і здольнасць. Пад свіст станка, роўны і цягучы, ён памкнуўся ў момант збудаваць новую прамову, куды мацнейшую па сіле і глыбейшую па сэнсу. «Я ім абвяшчу...» — праказаў ён сам сабе і адцягнуў увагу ад разца, які глыбока ўеўся ў сталь і пусціў смярдзючы гарэлы дым. Рыгор паспешна супыніў станок і адняў разец. Вылаяўся рэзка і злосна. Сплюнуў і матнуў рукою.
IV
Падвышаны настрой не пакідаў Рыгора і ў наступныя два дні: жыў ён выключна мінулай дэманстрацыяй і надыходзячай забастоўкаю. Апошнюю чакаў з тым жа нецярпеннем, што і сваё выступленне з прамоваю. І таму дні праходзілі неўпрыкмет.
У суботу, кончыўшы працаваць на дзве гадзіны раней, ён рашыў прайсці па дарозе на кватэру Верманаўскім паркам. Выйшаўшы з завода, ціхай хадою накіраваў у горад, зрабіў куплю і прайшоў у парк. Дзякуючы субоце гуляла шмат публікі, разадзетае, святочна настроенае. Чуўся звычайны, вечна жывучы, малады, сакавіты смех, кідаліся ў вочы бесклапотныя жыццерадасныя жарты дзяўчат, вёрткіх, як газелі, стройных, трапяткіх. Як быццам бы жыццё паказвала праз іх светлыя ўхмылкі сваю неўміручую прыгажосць. Ад яе нельга было ўхавацца. На руцяністых лістках акацый, бэзу, клёну, на чырвоных вяргінях ды гваздзіках гулялі зайчыкі променю, шустрага, электроннага... Рыгора цалкам захапіла гэта віраванне жыцця, размякчыла. Ён не стрымаўся, каб уголас не падумаць: «Няўжо не прыйдзе сёння да мяне Наталя? А Ганна? Паглядзі ты, так зазлаваць! Як канфора ў ваду — каторы час і няма нідзе!» Ганна заінтрыгавала Рыгора. «Хоць бы ўгледзець яе, напаткаць дзе-колечы». У Наталю ён быў завераны, упэўнены; хацеў бы бачыць, але ведаў, што не сёння, то заўтра ўгледзіць, стрэнецца абавязкова. «А вось Ганна — хай бы яшчэ раз спаткацца з Ганнаю». Закарцела да таго, што Рыгор некалькі разоў прайшоў цэнтральнымі алеямі, прыглядаючыся ў твар кожнае дзяўчыны. Нездаволіўся, што не пападаецца Ганны, і нехаця выйшаў з парку; выйшаўшы, раз ад разу азіраўся, пакуль не схаваўся за вуглом муру. Не было Ганны, і ён, ідучы дамоў, меркаваў, калі і дзе яе можна ўгледзець. Напрашаліся гатовыя планы: узмор’е, парк, тэатр. Дзе-колечы — ды трапіцца сысціся.
Забяспечыўшы сябе надзеяй, Рыгор падбліжаўся к дому і знячэўку, не даходзячы колькі дамоў, як з зямлі вырасла ў яго ваччу Ганна. Кроў лінула да сэрца, ён здрыгануўся ад нечаканасці. Дзяўчына ішла да яго, задуманай, няўпэўненай, раззіраючы па баках. Шмат прахожых яе міналі, абыходзячы ці справа ці злева; некаторыя ўглядаліся падазронымі ўзрокамі. Рыгор не ведаў, як вясці сябе: даганяць Ганну або даць мажлівасць ёй зайсці ў двор; ён зацішыў хаду, хоць нейкая сіла падганяла яго бегчы, спяшыць, апынуцца каля яе і загутарыць. Сіла волі перамагла пачуццё — Рыгор даў часу прасачыць, куды ідзе Ганна. Колькі разоў супыняўся, не спускаючы воч.
А Ганна тым часам параўнялася з дваром яго дома, паглядзела налева і направа, замялася на момант і прайшла далей.
«Каб не пайшла зусім», — мільганула думка ў Рыгоравай галаве, і ён паспешна мінуў адзін дом, супыніўся, пастаяў крыху і ізноў зацішаным шагам пайшоў далей. І пасля перарашыў: «Затрымаюся каля брамы; не вернецца — пабягу даганяць, а вернецца — пачакаю». Пакуль падышоў — Ганна завярнула назад і пэўна ўгледзела яго, бо раптам змяніла кірунак хады і яе тэмп.
Праз колькі хвілін яна ізноў была каля брамы, тут жа спаткаўшыся з Рыгорам.
Ён уверана працягнуў ёй руку, гасцінна ўхмыльнуўся і праказаў:
— Добры вечар! Як гэта здарылася? Ну, пойдзем да мяне?
Ганна не палісцілася гасціннасцю з боку Рыгора: не засмяялася, не падала выгляду задавалення.
— Добры вечар!
Суха і працяжна адказала.
— Дзе ты быў так позна? Кожны раз, як назнарок, — прыйдзеш, а цябе не застаць.
— Кінь падазронасць... Я не ведаю, што прымусіла цябе пісаць да мяне гэткую запіску...
— Ты варт таго... Падумай сам, што я магу перажываць. Табе — нічога...
Яны прайшлі браму і накіравалі да Рыгора, Ганна ішла, апусціўшы голаў, нясмела, як арыштаваная.
— Табе да таго — жаднага клопату.
— Што ж ты думаеш! У мяне — забастоўка, пытанне жыцця, змаганне; ты думаеш, я жыву выключна сабою? Я — адзін з мільёна, кропка ў вялікай гушчы працаўнікоў. Маё жыццё цесна пераплецена з жыццём гэтае магутнае суполкі людзей... Ганна! — каб ты ведала, якія здарэнні адбываюцца зараз на нашым заводзе і ў самым горадзе! Мо чула, якая грандыёзная дэманстрацыя адбылася ў чацвер! Не чытала хіба? Я выступіў перад рабочымі з натхнёнаю, палкаю прамоваю, напаліў іх да белага. З «Інтэрнацыяналам», з воклічамі — на вуліцу! Толькі паглядзець было на гэты вобраз! Тысячы чалавек, якія з’еднаны аднымі класавымі інтарэсамі, адной маналітнаю думкаю, адным жаданнем — «Уставай, пракляццем катаваны!» Зямля, здавалася, траслася ад гэтай сілы. Накіруй яе на абраную мэту — парушынкі не застанецца ад усіх перашкод... мы ішлі — луналі песні...
— А ўрэшце? Разагнала паліцыя!
Рыгор замоўк, як быццам чыясь рука неміласэрна парвала настроеную струну.
— Ты ведаеш? — праз колькі хвілін запытаў у Ганны.
— Бачыш.
— Ну, а калі паліцыя разагнала, дык думаеш — на гэтым скончыцца? Паглядзіш, што прынясуць наступныя дні. Жах абойме ўсю буржуазную Рыгу...
Падышлі да дзвярэй. Пазванілі.
— Цяпер рабочыя пакажуць, як з імі трэба абыходзіцца. Годзе гнулі свае спіны. Неабмежнаму здзеку мусіць прыйсці канец. Ты паглядзі, — свет будуем, а нявольнікамі ходзім. Вось...
Рыгор паказаў на зашмальцаваную крысу жакеткі.
— Не адчыняюць, — нервавалася Ганна, чужая настрою Рыгора, захопленая сваімі, зусім іншымі самотнымі думкамі.
— Твая гэтая латышка... я бы з-за аднае яе не жыла тут...
Стук дзвярэй перапыніў яе. Вільгельміна адшчапіла ланцужок і адчыніла:
— Калі ласка, Нязвычны.
І тут жа скрывіла міну, угледзеўшы Ганну.
З пераднамеранай думкай работніца праказала:
— А да вас прыходзіла Наталя!
— Наталя?!
Рыгор перш сумеўся, а пасля ў момант хапіўся за думкі, як адказаць, і ўсё ж, нявольны ад няёмкасці, адказаў двухсэнсоўна:
— Хто яна такая?
— Прыйдзе яшчэ, абяцала.
Ганна паперадзе прайшла ў кватэру, але прыпынілася перад Рыгоравым пакоем і ўся — адно хваляванне — пачула паведамленні Вільгельміны. Кожнае слова яе, знарок падкрэсленае, адзывалася гостраю боллю ў Ганніным нутры. Пачуццё назбіранай крыўды, якую вось-вось яна мелася выліць перад Рыгорам, зараз утройчы пабольшылася, ахапіла яе ўсю, да кончыкаў ногцяў, да кончыкаў кос. Рыгор мігам адляцеў далёка-далёка. Ужо не хацелася пераступаць парога ў яго пакой, ужо не жадалася нічога казаць яму. Завярнуцца — і бегам дамоў. Толькі б крануцца з месца...
Рыгор падышоў да яе і, не даўшы адумацца, адчыніў дзверы ў свой пакой і папрасіў:
— Ганна, проша.
Ганна нехаця зрабіла колькі крокаў, зачыніла за сабою дзверы і стала сярод пакоя.
— Ты крыўдзішся на мяне?.. Ты думаеш, што я... Ах, якія бо вы, дзяўчаты, фанабэрыстыя, што...
Ён хваляваўся і шкадаваў Ганну.
А яна ледзьве стрымоўвала сябе ад злоснае горнасці. Раз у раз то паднімала, то апускала голаў, кідаючы асавелым узрокам у профіль Рыгоравага твару. Пераступала з месца на месца, садзілася, то ўставала, камячыла ў руках рыдыкюль; сціскала зубамі. Пасля адвярнулася ў акно і, стоячы бокам да Рыгора, усё парывалася нешта сказаць.
Рыгор не стрымаўся: рашуча падышоў да яе, палажыў на плячо руку і сказаў:
— Злуешся? Кінь!
— Ты, ты, ты! Ты адзін...
Рэзкі, нястрыманы голас яе прарэзаў настарожаную цішу.
Рыгор схамянуўся — некі час не ведаў, што сказаць.
Сустрыманы, нясмелы стук у дзверы прымусіў абоіх настаражыцца.
— Уваходзьце!
Адчыніліся дзверы, і ў пакой праглянула Наталя.
З няёмкасці — не ведала, што рабіць: ісці ці не.
— Смялей, падыходзь сюды, — падбадзёрыў Рыгор.
Яна падышла, працягнула яму руку і павярнулася да Ганны.
— Мой таварыш — Наталя, таварыш Ганна.
Афіцыяльна, суха дзяўчаты паціснуліся за рукі.
Ганна моўчкі адвярнулася.
— Я ўжо была ў вас, — весела паведаміла Наталя, садзячыся на ложак, — а вы гуляеце недзе. Абманваеш мяне...
— Я? — проста бяда: Сцыла і Харыбда — Ганна тое самае думае. Паміж двух агнёў.
Ён хацеў выпрабаваць Ганну, ці не адпусціў яе гнеў: тая маўчала, яшчэ больш нервуючыся. Гэта ўплыло і на Наталю.
— Вы пасварыліся? — запытала яна Рыгора гэтак, каб чула Ганна.
— Дзе там! Ганна проста злуецца...
— Ты, ты... прымушаеш на большае... Каб не шанавала сябе...
Ганна злосна паглядзела на Рыгора і павярнула да дзвярэй...
Рыгор перапыніў:
— Куды ты, Ганна! Што з табою?
Але яна маланкаю вылецела з пакоя, зачыніўшы за сабою дзверы.