V
— Цудная дзяўчына! — развёў рукамі.
— Што ты зрабіў ёй?
— Эх, не разумее жыцця. А настаўніца! Гарадская, да таго.
— Ты пакрыўдзіў яе?
— У вашага брата іншага не дажджэшся.
— Чаму?
— Бачыш, кідай усё: і змаганне, і агульныя інтарэсы, усё на свеце, а аддайся цалкам ёй.
Наталя скрыла ўхмылку і праглівым узрокам уставілася ў вочы.
— Вой, глядзі, не тое!
— Будзь інакшаю...
Ён захадзіў па пакоі, не ў сілах супярэчыць нахлынуўшым думкам. «Сапраўды, чаму ж мне асцярожней не падысці да яе? Чаму б мне не перапрасіць яе? Ах, натура ўжо мая — напралом, ці трэба, ці не. Пакрыўдзіў дзяўчыну! Трэба абавязкова перапрасіць...»
І ўжо быў спыніўся на гэтым, як раптам усумніўся: «Перапрасіць! У чым? Знізіцца да будзёншчыны? Ласне яна зразумее маю ласкавасць. Што я дзеля гэткай мяшчанкі! Праступнік, бунтаўшчык — не болей. Не! Я не паддамся на гэта...»
Рыгор утаропіўся ў адну кропку на сцяне і стаяў нерухома. Наталя колькі хвілін сачыла за ім, пасля раптам павярнулася і ўголас праказала:
— Рыгор! Таварыш Нязвычны! Ты не рад майму прыходу?
Рыгор памкнуўся адказаць, але спыніўся.
— Чаго ты маўчыш? Сядзьма, Рыгор!
Пакарыўся — селі.
Селі — так хацела Наталя, думаючы гаварыць, — гаварыць з Рыгорам, спавядацца яму ў тым пачуцці, якое выбухнула ў ёй пры адыгрыванні гісторыі з Ганнаю. Да гэтага Наталя і не западозрывала, што ў яе нутры наспявае нейкая моцная цяга да Рыгора. Гуляла з ім на адзіноце, сустракалася, а прыметы гэтага не адчувала. Паважала Рыгора, як добрага таварыша, нават злёгку любіла яго, як прыгожага, мужнага чалавека: ну, а каб гэта захапіцца ім — пакуль не ўспадала на думкі. Сёння ішла да яго з ранейшым пачуццём,— праўда, з гэткім пачуццём, якому было цяжка пярэчыць. Усё ж далёка было да адыгранага фіналу.
Захапілася — і не магла слова мовіць, толькі напружана, пільна сачыла за яго рухамі, за мігаценнем яго броў, за ціхім, непрыметным калыханнем дробных рыс твару. Глядзела і ўкладала ў свае ўзрокі неапісанае натхненне. Той жа самы воблік, той вобраз, якія выглядалі ў Рыгору Зося і Ганна, маляваўся і Наталі. Рыгор — у гэту хвіліну не толькі таварыш-змагальнік, не толькі сябар, а і ідэал, якому мажліва і трэба пакланяцца. Каб хто запытаў яе, адкуль узяліся тыя ценькія струны ў яе нутры, тая мяккасць ды гасціннасць у гэтак неміласэрдна патузанай жыццём, абчэрственай яго жорсткімі ўмовамі, заціснутай нядоляю і недастачамі істоце, — Наталя не адказала б.
І толькі праз доўгі прагалак часу, мо праз гадзіну, удвойчы праказала да яго, умаляючы:
— Чаму ты маўчыш? Кажы мне ўсё, усё кажы... Не смейся з мяне, што я гэткая... Ты сустрэў мяне сухою рэвалюцыянеркаю, а я... Ну, што ж, чалавечая ўласцівасць прысутна і мне... Скажы, скажы мне, ці я не перашкоджу табе? Мяшаю Ганне? Навязваюся? Знарушаю твае планы? Скажы, скажы... Не маўчы.
А Рыгор маўчаў, судзячы: «Што мне ёй казаць? Прызнавацца?»
Тады, пачакаўшы крыху, Наталя нервова адышлася да акна, паглядзела на двор і спакойным голасам адказала:
— А мне пара дадому. Паглядзі, — усюды патушылі агні. Правядзеш мяне?
— Аставайся начаваць. Куды табе блізкі свет цягнуцца ноччу?
Паглядзеў на гадзіннік.
— Другая гадзіна па поўначы. Аставайся, Наталя. Ласне саромеешся? Ці не давяраеш мне? Начуй... Мы рэвалюцыянеры...
Наталя недаверчыва паглядзела Рыгору ў твар.
— Ты смяешся?.. А што мне дзядзька скажа?
— Ха-ха-ха! Дзядзька! На прывязі трымае цябе?
— Маўчы лепш.
Рыгор не настойваў. Моўчкі адзеў жакетку, шапку і падышоў да Наталі. Далікатным кіўком паказаў, што хоча праводзіць. Наталя выйшла з пакоя першая.
— Не разбудзіць бы адно гаспадароў.
Асцярожна прайшлі калідор, стараючыся не стукнуць, адперлі і заперлі дзверы. Сышлі з усходаў — без слова гутаркі, адно за другім. Перасеклі двор і каля брамы абудзілі драмаўшага дворніка. Той нездаволена паківаў галавою, гультайна падняўся з месца і выпусціў іх на вуліцу.
Ціхая зорная ноч абдала іх астуджаным, але нячыстым гарадскім паветрам. Электрычныя лямпы вадзілі даўгія, дзівосныя цені. Ублізку не відаць было чалавека, але здалёк даносіўся ляскат шагоў, стукатня конскіх капыт і розныя гукі ды зыкі.
Яны накіравалі да Верманаўскага парку — ішлі мернаю, спакойнаю хадою. Усё яшчэ маўчалі, не хочучы ніводнае першым загаварыць, хоць у абоіх бушавала пачуццё і самі сабою напрошваліся словы гутаркі. Рыгору імпанавалі абставіны летняй ночы, перажытыя здарэнні; трымалася бадзёрасць. Наталя — адна адною з ім — цягнула да сябе яго ўвагу, думкі, планы; Наталя будзіла цэлы знізак мінулых перажыванняў, разгойдвала выабражэнне. Рыгор не ведаў, не адзнаваў і не хацеў разумець Наталінай маўчанкі. Нарэшце, падыходзячы ўжо да парку, Рыгор запрапанаваў ёй:
— Давай паседзімо ў парку?
— Запозна, Рыгор.
— Ты сярдзіта?
— Кінь хаця.
— Давай паседзімо.
Наталя згадзілася. Рыгор аддзякаваў моцным поціскам яе рукі.
— Ты падумай, колькі нам суджана гэткіх ночаў правясці? Хто ведае, чым і што кончацца здарэнні з забастоўкаю... Ды наогул, што нас наперадзе чакае...
Каля агарожы парку, куды яны падышлі, пачуўся гучны гоман. Яны паглядзелі ўбок: шагоў дзесяць ад іх ішла грамадка людзей; у цені дзярэў нельга было разабраць, хто і што, але ў тупаце ног чуўся знаёмы звон шпор. Рыгор спыніўся, затрымаўшы Наталю.
На светлай пляміне, якая ўразалася ў згусткі ценю, бліснулі жоўтыя гузікі паліцэйскіх. Было ясна — вялі арыштованых.
Рыгор з Наталяю шчыльна прытуліліся да агарожы і праждалі, пакуль гэта працэсія аддалілася ад іх на добры кусок. Пасля, не заходзячы ў парк, павярнулі направа абыходам.
— Хаця б не нашых толькі? — занепакоіўся Рыгор.
— Чаго добрага — усё можа стацца. Папераджаюць забастоўку. Цяпер трэба быць асцярожным. Асабліва табе, Рыгор... Я чула, нябось, як ты выступаў.
— Чула? ну? ну?
І ён тут жа забыўся і пра Ганну, і пра паліцэйскіх, якія павялі арыштаваных, і пра жаданне пасядзець у парку, палюбавацца ночкаю, пацешыцца Наталяю.
— Ты ведаеш, чуць дэманстрацыі... крывавай дэманстрацыі не выйшла — гэткі настрой... Момант цікавы... Ну, а вось у вас што чуваць?
— У нас, ведаеш, большасць кабет... Але нельга сказаць, каб не падтрымалі вас. Выступяць...
— Трэба шчырэй узяцца за агітацыю... Усё залежыць ад ёмкасці падыходу да рабочага ці да работніцы. Ты, Наталя, павінна папрацаваць... Мусім жа паказаць, што мы — сіла, што мы апіраемся на крэпкія падпоркі...
— Так, трэба, ведама...
Двое прахожых, што ішлі ім насустрач, паперашкодзілі далейшай гутарцы. Наталя, каб адцягнуць увагу, праказала:
— Бачыш, ужо і золак займаецца.
Рыгор паглядзеў уверх.
— Хаця б крыху адпачнуць.
— Так, ідзі ўжо, я адна прайду гэтых два кварталы. Ідзі.
Наталя спынілася, але Рыгор угаварыў правясці яе да самага дома. І нават пачакаў, пакуль дворнік, упусціўшы Наталю ў двор, запёр вароты.
— Прыходзь жа, — паслаў удагон і вярнуўся.
Рыгору не хацелася прыйсці на кватэру пазней, чымся прачнецца Вільгельміна. Не баяўся яе, не саромеўся — проста не хацеў, каб яна бачыла яго ранняю раніцаю не сплючы. З гэтай прычыны ён ускорыў хаду, меркаваў скараціць дарогу, пераходзячы на загібах вуліцы з боку на бок, выбіраючы перавулкі.
Горад зусім заціх, і Рыгоравы шагі гучна разносіліся пад дахамі муроў, адбіваючыся ў вузкіх вуліцах. На некалькіх рагах і на скрыжаваннях вуліц, прытуліўшыся да сцен муроў, драмалі вартавыя гарадавікі. Рыгор праходзіў між іх, не зважаў, і яны не патуралі нічому. Верманаўскі парк быў абагнуты ім з боку ад пошты зусім непрыкметна. Наогул, за спешнаю хадою Рыгор не спыняўся на адной якой-колечы думцы, прапускаючы процьму адрыўкаў. І толькі спыніўшыся ў браме дома, дзе была яго кватэра, ён знячэўку ўлавіў кусочак успамінку аб Сілцах, нейкаю прымхаю мільгануўшых у яго галаве. Улавіў і задумаўся, ажно забыўся пастукаць дворніку, каб той адчыніў вароты.
«Маці! Падумаць! Забыў! Столькі часу ні слова не напісаць! Што перажывацьме яна там, не ведаючы і не знаючы пра мяне? Пэўна, старая праплакалася, занудзела, зняверылася... А я тут — кручуся-вярчуся, як шалёны... Не, годзі маўчаць. Трэба ж, нарэшце, улучыць хвіліну — другую і кінуць ёй ліст. Маці! Ды таварышы таксама лаюць мяне здорава. Сёмка — той, пэўна, матнуў рукою... Хлусом празаве... Як жа яму не напісаць? Ах! Ды столькі ўсяго ёсць пісаць! Столькі перажыта за гэты тэрмін...»
Думаючы, Рыгор не заўважыў, як да яго падышоў яшчэ адзін жыхар гэтага дома. Падазрона абглядзеў яго з ног да галавы і рашуча пастукаў у браму. Гэта Рыгора адцягнула ад думак, і ён паціху ўвайшоў у двор следам за незнаёмым чалавекам.