І
«Толькі ў рашучым выступленні — перасцярога наглай заўзятасці ворага», — казаў Рыгор перад тысячнаю грамадою рабочых. І, кажучы гэта, ён выказваў сваімі вуснамі той настрой, які паступова ў гэтым годзе ахопліваў рабочыя гушчы не адной толькі Рыгі, а ўсяго неабмежнага прастору царскае Расіі. К моманту яго выступлення нездаволенне існуючым станам, абурэнне супроціў крывасмагнага самадзяржаўя, пратэсты на бессаромную эксплуатацыю капіталістамі рабочых бурліваю хваляю ўскалыхнулі працоўныя гушчы. Цяжкія гады ўціску і душэўнага заняпаду, што наступілі пасля паражэння рэвалюцыі 1905 года, адышлі ў ліхое знябыццё... Трывожныя стрэлы, што прагучалі над далёкаю Ленаю, аддаліся громкім рэхам у настарожаных сэрцах рабочых. То быў сігнал, які рашуча і дзёрзка адкідаў наглыя словы царскага сатрапа: «Так было і так будзе!» — несучы вестку аб новых днях... Жыццё выглядала ў іншым абліччы, падаючыся пад упартым законам гістарычнага развіцця.
К сходным дням ліпеня абурэнне сярод рыжскіх рабочых паднялося да вышэйшага пункту. Здарэнні ў сваім развіцці апярэджвалі людскія намеры, падрахункі, планы. Саматугам гуртаваліся мітынгі, выбухалі рэзкія канфлікты на розных фабрыках ды заводах, вынікалі стыхійна забастоўкі. Паветра напалялася вострым змаганнем працы з капіталам. Па майстэрнях пры рабоце адкрыта і смела паднімаліся спрэчкі, дыскусіі на рэвалюцыйныя тэмы. Факт агульнай забастоўкі не таіўся, а быў прызнаным, немінучым з’явішчам. Нельга было пачуць слова, якое б пярэчыла патрэбнасці яе. Наадварот, дзень ада дня ўсё рашучай ды настойней аформлівалася выразная думка — не чакаць назначанага тэрміну, а зараз жа пачынаць змаганне. Дзякуючы гэтаму, яшчэ за некалькі дзён адна за другім сталі спыняцца фабрыкі і заводы. Факт ажыццяўляўся...
І вось адным днём распаленае паветра сыпнула агнём трывогі. Над багатымі кварталамі шумлівага горада распласталася здань рабочага паўстання. Што прынясе яно бесклапотным багацеям? Рупліва заварочаліся на мяккіх крэслах фабрыканты і заводчыкі, грашавікі і губернатар, дамаўласнікі і вышэйшыя чыны адміністрацыі. Зашамалі губамі гандляры і мяшчане. Што ж такі будзе далей?
Калі баставалі перапёкі і электрыкі, а паліцыя ўпарта змагалася з імі праз арышты, гаспадары — праз разлічэнне з работы, гарэла надзея перамогі над бунтаўшчыкамі. «Авось не падтрымаюць іх рабочыя іншых заводаў. Па адным чалавеку пераловяць разбойнікаў і надоўга закажуць, як весці сябе». На кожнае паведамленне аб арышце — тыкалі пальцамі і ліхамысна ўсміхаліся: «Так іх, галубчыкаў!» Але, як толькі тыя ж газеты буйнымі літарамі на першых старонках адмецілі пачатак агульнае забастоўкі, бадзёрыя выгукі прымоўклі. У багатых магазінах, у канторах і банках, у рэстаранах і дома, купцы, папы, дырэктары і загадчыкі, паны і пані падазрона азіраліся адны на другіх, на вокны і на дзверы, прыслухваліся да стуку і крыку і палахліва паглядалі, выйшаўшы на вуліцу, у бок прыгарадаў, у бок Наддзвіння, уздоўж Мітаўскае чыгункі, ці не дымяцца коміны, ці не чуваць рэвалюцыйных песняў і стрэлаў паўстанцкіх... У канцы вуліц, якія вялі да рабочых раёнаў, прагліва ўзіраліся баязлівыя вочы, чакаючы варужных дэманстрацый. Дзе праходзіла двое — трое рабочых, на іх глядзелі натрывожаныя буржуі, старонячыся ўбок, іх праводзілі падазронымі ўзрокамі гарадавікі, сачылі пераадзетыя шпегі. На вечар узмацнялася варта, выстаўлялі патрулі, а ў кватэрах багацеяў шчыльна запіраліся дзверы і аканіцы. Насіліся сумліўныя охі і ўздыхі: «Ох, ох! да чаго толькі дойдзе. Так разбазырыла чэрня! Ні начальства, ні бога нямашака. Паліцыя вінавата — трэба ж было гэтак народ распусціць... А цяпер — і ні рады!»
А па Наддзвінню і ў іншых рабочых раёнах забастоўка выяўлялася ў яскравым заміранні працы, ва ўрачыстым, раз’юшаным руху каля нерухомых заводаў і фабрык, каля ціхіх рабочых домікаў. Кучкамі, большымі і меншымі, па двое хадзілі рабочыя між высокіх сцен завода, па глухіх, крывых вуліцах і перавулках; гутарылі на тэму дня, радзіліся, сыходзіліся і распачыналі маніфестацыі. Юнакі выкідалі чырвоныя сцягі, пяялі песні, дражніліся з паліцэйскімі, якія ўдубальт варужнымі соваліся між хмурых будынкаў, падазрона азіраючыся ў бакі і навакола, трымаючыся за рэвальверы і шашкі; час ад часу гарцавалі, паднімаючы пыл, коннікі. У харчоўнях ды гарбатнях, дзе заўсёды таўкліся рабочыя ў абедзенны час і вечарам, было пуста; а дзе сыходзіліся колькі чалавек, там стаяў гоман, абгаворы бягучага моманту, вестак пра настрой на розных фабрыках і заводах, пра арышты. І па раніцы і сярод дня па вуліцах раскідаліся плакаты і адозвы забастовачнага камітэту і камітэтаў партый, разлепліваліся на сценах дамоў, на агарожах, і побач іх — распараджэнні губернатара і заявы фабрыкантаў. Грамадкі рабочых спыняліся і чыталі, чыталі і лаяліся, гразілі помстаю ў блізкай ці далёкай будучыні.
Магутная думка — ідэя вызвалення з-пад цяжкай няволі прасякала ўсе куткі рабочых раёнаў, лучыла ў адну гушчу тысячы і дзесяткі тысяч адзінак, настройвала іх на распачлівую супярэчнасць другой, класава варожай сіле, сіле абірацеляў і прыгнятацеляў. Нельга было не паддацца ўплыву разгарачанай помсты, змаганню — і ёю захаплялася ўсё насяленне рабочых раёнаў — ад дзяцей да старых, ад мужчын да кабет. Смерць катам! Пагібель тыранам!
Завод, на якім працаваў Рыгор, прылучыўся да забастоўкі трэцім. На пяты дзень пасля апошняе гісторыі з Ганнаю Рыгор пайшоў на завод, маючы намер падняць агітацыю за хутчэйшае далучэнне яго да забастоўкі. У чыннасці Міхася і іншых таварышаў ён наглядаў нейкую нерашучасць-баязлівасць і не хацеў далей пагоджваць з імі сваіх планаў. «Чаго адцягаць надалей? Да чаго можа прывясці іх куртатая палітыка?» — разважаў Рыгор.
Прыйшоўшы к заводу, ён сустрэўся з фактам: завод стаяў; забастоўка зарадзілася сама сабою, захапіўшы тысячную грамаду рабочых. Агромны дзядзінец ужо кішэў раз’юшанай гушчаю людзей, як мора ў час шторму. Чуліся прамовы аратараў, выгукі лозунгаў. Тыя, што стаялі каля варот, павярнуліся, каб выйсці, але чакалі ўрочнага знаку, сігналу.
Рыгор апукаю ўкаціўся ў цесную гушчу людзей і, рвучыся на ўсе бакі, пачаў падбіваць рабочых на рашучасць, на дэманстрацыйнае выступленне.
— Чаго вы стаіце тут? — зварочваўся да ўсіх, між каго праходзіў, — пара выходзіць на вуліцу. Нечага раздумоўваць.
Агітуючы, наткнуўся на Міхася, які ўгаворваў гурток рабочых спакойна разысціся па хатах. Не стрымаўся і папракнуў яго за баязлівасць. Міхась адказаў папрокам Рыгору ў незвычайнай гарачлівасці. Супыніў яго і хацеў растлумачыць сваю правату. Але тут жа грамадою пранёсся неспадзяваны гоман і рух: яна закалыхалася і рушыла ў вароты, на вуліцу. Магутным штырхачом разбіла іх гурток і аддзяліла Рыгора ад Міхася. Праз некалькі хвілін яны ўсе апынуліся на вуліцы, у згушчаных радах рабочых, у дэманстрацыі, якая прайшла з гоны ўсцяж вуліцы і пасля сама сабою разбілася на гурткі, якія сталі маніфеставаць.
Рыгор не пайшоў з вуліцы, а амаль не да абеду маніфеставаў разам з іншымі, пераходзячы з месца на месца, з вуліцы на вуліцу. У абед ён паехаў у іншыя рабочыя раёны, каб азнаёміцца з агульным становішчам; а далей знарок наведаў «Праваднік», каб праканацца, як там — ці бастуюць, ці гатовяцца да гэтага. Якраз «Праваднік» працаваў: дымела труба, бразгала жалеза ў двары, пры варотцах стаяў вартаўнік. «Няўжо іх не крануць здарэнні?» — папракнуў Рыгор, пастаяўшы нейкі час перад фабрычным будынкам. «Што ж Наталя робіць? Чаму яна не агітуе?»
Нездаволеным вярнуўся на кватэру гадзіне а чацвёртай. І толькі паспеў зайсці ў пакоік, як раптам хапіўся за думку — ці не напісаць зараз, вось, мацеры пісьма. «Сяду, калі ўлучыў падхадзячую хвіліну, і напішу колькі слоў... Разам і Сёмку... Ах, каб ён ведаў, што тут вычвараецца! Каб уявіў сабе, да чаго б зайздросціў хлопец... Сапраўды, шчаслівы я, што жыву ў гэткі момант! Толькі падумаць!» Рыгор распрастаўся, падняў даверху правую руку і аблегчана ўздыхнуў поўнымі грудзямі. Не задумаўшыся, вывеў звычайны зварот — «Даражэнькая маці!» Пасля хвілін са тры пачакаў, адцягнуўшыся думкамі да іншых рэчаў, і пачаў пісаць: «Выбачайце, матка, што гэтак доўга маўчаў. Усё неяк не мог выбавіць кавалачку часу, каб сесці напісаць вам колькі слоў. А думаў — штодзень. Ведаю, што вы там загараваліся па мне, затужыліся, але, паверце, не ў сілах самому адарвацца ад тых абавязкаў, якія выпалі мне з часу прыезду ў Рыгу. Амаль не з першага дня заняўся я працаю на тым жа самым заводзе, а пасля наспелі непаразуменні паміж гаспадаром завода і рабочымі. Зараз, вось, вынікла забастоўка, ды не толькі на нашым заводзе, а па ўсіх фабрыках і заводах у горадзе. Пратэстуем супроціў суду над балтыцкімі матросамі, а разам з тым і супроціў цяжкага стану, у якім даводзіцца жыць рабочаму чалавеку. Толькі што адбылася дэманстрацыя рабочых з нашага завода. Каб вы пабачылі, якая гэта сіла!» Далей Рыгор пытаў у мацеры, як яна жыве і як яе здароўе; пры гэтым папераджаў, што ўвесь час думае пра яе і мяркуе, як і што ў блізкай будучыні наладзіць сумеснае жыццё. «Няпраўда ж,— не будзем мы цёнгля жыць паасобку. Калі-колечы звядзе нас доля разам».
Напісаўшы гэта, недаўменна паківаў галавою: «Даводзіцца суцяшаць старую абяцанкамі!» Але рашуча адкінуў сумненні і на трэцяй старонцы паперы прыхваціўся і ў агульных словах апісаў ужо дзеля Сёмкі ўсе важнейшыя здарэнні, якія давялося перажыць з часу разлукі. Нарэшце папрасіў яго, каб той перадаў уклоны ўсім знаёмым і Зосі і абавязкова адпісаў як найхутчэй.
На гэту дапіску пайшло не болей, як паўгадзіны часу, і Рыгор, пішучы, ужо адчуваў, што пісьмо выйдзе зусім няпоўным, адрыўным, выпадковым, — не хапае сцерпу ў гэткі час спакойна пісаць. Пашкадаваў, развёў рукамі, як бы хочучы апраўдаць сябе — «не магу, што ж ты зробіш».
ІІ
Кончыўшы пісаць, Рыгор уважліва перачытаў напісанае і барджэй адзеўся, узяў пісьмо і выйшаў з кватэры.
Не задумваючыся, пакіраваў у бліжэйшую харчоўку, у якой раз ад разу абедаў у тыя дні, калі не хадзіў на завод.
У харчоўцы публікі было нямала. Але рабочых можна было палічыць на пальцы. Рыгор пільна акінуў вачыма пярэдні вялікшы пакой, пасля прайшоў два бакавых меншых і, нідзе не ўгледзеўшы знаёмых, прысеў у правым кутку за маленькім столікам ды папрасіў вячэру.
Падавальнік запытаў, што даць, атрапаў ручніком стол і адбег ад Рыгора. «Сейчас. Хорошо!» — падаў на адгоне некалькіх шагоў. Але прайшло каля пятнаццаці хвілін, пакуль ён прынёс першую страву. Рыгор перанерваваўся і папракнуў яго. «Ничего не сделать — всем нужно», — адказаў падавальнік і другую страву падаў таксама спознена. Увогуле — вячэра адняла цэлую гадзіну. Рыгор вылаяўся на парадкі, чаго ніколі не дазваляў сабе ў гэтай харчоўцы, і выйшаў. Пацягнула дадому, хоць нешта звала астацца на вуліцы, пад сінім небам. Панелямі бясконцым ланцугом шнуравалі прахожыя.
Няслі з сабою смех, рэзвасць і бесклапотнасць. Рыгора цешыла гэта і ў той жа час злавала. Няўжо ім няма ніякага дзела да той барацьбы, якая адбываецца вось тут жа, у іх пад бокам? І следам думка перакінулася да Ганны. «Пэўна — гуляе дзе-колечы з таварышкаю і высочвае хлопца-каханка!..» Гэта разам была і іронія, але, не зважаючы на яе, у Рыгоравым нутры вынікла знячэўку жаданне — спаткаць Ганну па дарозе дадому. Няхай сабе Наталя пачакае, калі прыйдзе раней. Ён пачаў раззіраць у бакі. Не паленаваўся і два разы прайшоў па люднай вуліцы. Нават думаў прайсці ў кірунку да яе дома, а далей перарашыў і вярнуўся на дарогу к дому.
Не даходзячы двух кварталаў, абмацаў пісьмо ў кішэні і вярнуўся адшукаць паштовую скрынку. Гэта адняло яшчэ хвілін з дваццаць, так што яго захапіў змрок. У небе пачалі запаляцца рэдкія зоры, а на вуліцах — ліхтары. Павеяла лёгкім халадком. І — проста прымха, — калі падыходзіў к дому, дзе жыў, амаль не на тым жа месцы, на якім ужо раз успомніў аб пісьме да мацеры, успомніў цяпер аб грошах, якія абавязкова трэба было б паслаць старой. «А мо ёй жыць няма за што? А мо яна хварэе? Галадае? Бедная старая! Сапраўды, ці ж я не вінаваты перад ёю?.. Паслаў пісьмо — а што ёй пустое пісьмо? Як бы там ні было, а мушу дастаць рублёў пяць і выслаць. Прыйдзе ліст, а за ім неўзабаве — грошы. Ого — пяць рублёў! Наколькі хопіць! Выстараюся, пашлю...»
Гэта было яго неадменным рашэннем: таму Рыгор заспакоіўся. Уверана і крута павярнуў у двор, каб скарэй прайсці на кватэру і праведаць, ці не заходзіў хто да яго. І вось — толькі зрабіў пару шагоў, як ззаду хтось голасна яго азваў:
— Вы — Рыгор Нязвычны?
Было знячэўку — Рыгор сумеўся і спыніўся.
Да яго падышоў здаровы, шляхетна адзеты мужчына.
— Вы арыштаваны! Пойдзем.
Рыгор сярдзіта паглядзеў на нечаканага госця і, быццам бы не разумеючы, да чаго хіляцца яго словы, здзівіўся:
— Як? Што? А гэта адкуль і чаму?
Папрабаваў зрабіць некалькі крокаў назад.
Шпег растапырыў рукі і пахіліў тулава ў бок Рыгора.
— «Там» праведаеце ўсё! Пойдзем са мною, папрашу, — і, не даўшы Рыгору апамятавацца, свіснуў. Умомант з’явіўся гарадавік і ўмела паказаў сябе ў распараджэнні шпега.
Нельга было дваяка думаць — справа ясная: папаў у добрае сіллё. Рыгор мусіў ісці. Бліснуўшая на момант думка — «Ану ж паспрабаваць даць дзёру» — патухла, знікла: гарадавік ішоў ззаду, трымаючыся за рэвальвер, шпег ішоў шчыльна побач. Куды бегчы? Як бегчы? Рыгор паглядзеў у бакі, але не асмельваўся пайсці на рызыку: нешта трымала, і ён ішоў — куды вялі, не сціхаючы папракаць сябе ў тым, што так дурна папаўся. Не хацелася верыць рэчаіснасці. Няўжо гэта ліхая прыгода пойдзе сваім шляхам, а ён будзе адарваны не толькі ад забастоўкі, ад знаёмых і сяброў, але і ад усяго свету? З гэтым не гадзіўся і стараўся не дапускаць сумнення. Маўчаў, ідучы, не звяртаючы жаднае ўвагі на частыя закіды шпега, які стараўся вызваць яго на гутарку, на адказы пытанням. Дзякуючы гэтаму, не заўважыў, як раптам ачуўся перш у нейкім пустым, цёмным двары, абгароджаным з усіх бакоў глухімі тыльнымі сценамі ці то парканам, а праз хвілю ў прасторнай, з тухлым паветрам, каморцы. За столікам, пустым і брудным, сядзеў нейкі паліцэйскі чын — ні то гарадавік, ні то жандар. Шпег кінуў Рыгора з гарадавіком і з невыразным чынам, сам шмыгнуў у дзверы, якія вялі ў другі пакой. І Рыгор не паспеў агледзецца, як з-за дзвярэй яго пазвалі:
— Проша, Нязвычны.
Рыгор пайшоў: то зваў жандарскі афіцэр да сябе на допыт. Няўклюжы, тоўсты, з рабым тварам, рыжаваты, сядзеў ён за вялікім канцылярскім сталом, адкінуўшыся на спінку мяккага крэсла, і задаволена ўхмыляўся. Прыдаў далікатнасці, калі Рыгор пераступіў парог у яго пакой, і шляхетна запрапанаваў:
— Сядайце, вось.
Не ішла далікатнасць да яго постаці, і ў ёй Рыгор не адчуваў патрэбы; усё ж сеў, каб не выказваць пакоры, стаючы. І, як нібыта той, акінуў зрокам пакой жандара: досі чысты, абсталяваны па-казённаму, з партрэтамі трох цароў у жоўтых рамах, пакой выглядаў далёка не гасцінным.
— Ваша імя, прозвішча?
Жандар прыстасаваўся пісаць на блакноце, узіраючыся Рыгору ў твар.
— Рыгор Нязвычны. Запытайце ў вашага чалавека, — то быў намёк на шпега, які юліў каля дзвярэй начальнічага кабінета і нагла ўсміхаўся. Спакойны вымаў не падабаўся ні жандару, ні шпегу. Але Рыгор цвёрда трымаў сябе і пры ўсіх далейшых распытаннях. Ні слова — лішняга. І калі насабачаны ў шлягоўскай працы жандар пачаў рабіць ябедныя закіды і правакацыйныя намёкі, то Рыгор перш пагарачыўся, а пасля зусім змаўчаў, два разы пераказаўшы сказ:
— Ці я скажу, што — не, ці скажу, што так — вас не здаволіць і не пераканае. Навошта ж вашы хітрыкі, а маё нерваванне? Я лепей буду маўчаць.
Жандар злосна мармытаў у адказ, чырванеў, як бурак, і без таго чырвоным тварам, рухаў на месцы. «Гм! гм! гм!»
— Значыць, вы, Нязвычны, адказваецеся гаварыць са мною? — некалькі разоў пераказаў сам сабе і ўсё пісаў. У перамежку з пісанінай бацькаўска-ўгаворна прабаваў размякчыць Рыгора і выклікаць яго на адкрытае прызнанне. А калі той не паддаўся, жандар злосна стукнуў кулаком па стале, скрывіў твар у звярыную міну, прыўстаў і выгукнуў на ўвесь пакой:
— Адвядзіце. Пасядзіць — памякчэе!
Адчыніліся дзверы, нібы хто паціснуў у гузік, — і двое паліцыянтаў пасталі пры абодвух вушаках, чакаючы прыказу.
— Адвядзіце! — пераказаў жандар.
Рыгор безумоўна ўстаў з крэсла і выйшаў з кабінета жандара. Шпег правёў яго да выхадных дзвярэй і астаўся ў памяшканні; гарадавікі адны карсажылі Рыгора «куды след».