ІІІ
Было за поўнач, калі Рыгора прывялі ў астрог, прапусцілі праз кантору і заперлі ў камеру. І вось толькі за ім зачыніліся цяжкія жалезныя дзверы, стукнуўшы засаўкаю, і смуглае святло электрыкі выявіла шэрую, з цяжкім паветрам, пры адным загартованым акне, каморку, ён схамянуўся, задумаўся і з’ясніў сабе, што справа прыняла сапраўды дрэнны зварот. Арышт, допыты, канвой — гэта было ўступам, а астрог — скутак. Рыгор паглядзеў на разложаныя ў рад пяць ложкаў, з якіх чатыры былі занятымі, а адзін пустым, і пачуў, якім непрыемным пачуццём напаўняецца яго нутро. Утома мэрам бы прытупляла віруючую крыўду, але думкі парываліся ўжо нясціся з гэтых сцен і шчыльна хапацца за здань мажлівасцей выйсці адгэтуль.
Двое арыштаваных абудзіліся, калі ўводзілі Рыгора, і сачылі за яго настроем... у новых абставінах. Пасля, улучыўшы момант, абярнуліся да яго з пытаннямі:
— Пэўна па адной справе?
— Пакуюць патроху...
Рыгор не зразу адказаў, мэрам бы не заўважыўшы. А далей павярнуўся да тых, што пыталі, і іранічна ўсміхнуўся.
— Пакуюць... А забастоўка без нас?
— Бачыш, без нас... Няхай таварышы даводзяць да канца... Вы з якога завода?
— З металічнага... А вы?
— Мы з Балтыцкага... Ці не ад вас, вунь, Ромусь?
Рыгор пачаў шукаць знаёмага таварыша. Абгледзеў першы і другі ложак. На адным сапраўды спаў Ромусь. Гэта прыдало Рыгору больш устойнасці і разам жа — больш надзей.
Ромусь смачна спаў. Яго здаровы сімпатычны твар быў спакойны і нерухомы, грудзі саплі ва ўсе лёгкія. Рыгор пацікавіўся Ромусевым суседам: прыкмеціў знаёмыя рысы, якія гэтак свежы яму. Лахматая шапка чорных кос. «Дзе я бачыў гэтага чалавека?» Раз’юшаныя думкі паспешна зрабілі экскурсію па ўсіх месцах, дзе яму даводзілася быць гэтымі днямі. «Дзе і што?» Дазнаўся, найшоў — на сходзе ўпаўнаважаных ад заводаў. Чалавек гэты — інтэлігент Якаў. Рыгор усміхнуўся і тутака ж выклікаў вобраз Наталі, Ганны, перанёсся ў Сілцы да мацеры і да Сёмкі, чапіў думкамі напісанага ім пісьма. Паднялася ў галаве цэлая мяцеліца думак і вобразаў, планаў і намераў. У грудзях завіхрыла разгарачанае пачуццё; адкуль вынік бадзёры настрой, нейкая асабістая ганарлівасць сваім станам, крылатасць, разгон. Ён крануўся з месца і прашнураваў камераю ад дзвярэй да акна, выабразіўшы сябе ў такім месцы, дзе сам сабе гаспадар. Але тут жа пачуў стук у дзверы — знак, дапамінаючы чужую сілу і чужую волю над заключным. Рыгор падышоў да ложка, прысеў, каб раздзецца, і зноў задумаўся.
— Лажыся! — грозны голас з-за дзвярэй перабіў яго думкі.
Прыйшлося легчы.
І толькі пачаў драмаць, як прагудзеў за сценамі камеры гудок цягніка. Рыгор падняў голаў: гудок так быў далёка і такім паказаўся цікавым, прыемным, мэрам бы ён быў не звычайным сігналам аб прыбыцці штодзённага цягніка, а клічам перамогшае свабоды. Міжвольна пацягнула Рыгора падняцца, кінуцца да акна, паглядзець за сцены і даць вестку, што вось тут, у камеры, сядзіць ён і яшчэ чатыры нявольнікі, якіх не павінна забыць. Але хвілёвы ўздым хутка патух, і Рыгор прылёг, каб заснуць трывожным сном.
Раніцаю, прачнуўшыся разам з усімі, Рыгор адчуваў сябе зусім іначай учарашняга. Заспакоіўся праз ноч і ў нейкай долі ўспрыняў умовы няволі. Камера дапамінала прыватны пакой, дзе яны сышліся на абгаворы важных пытанняў арганізацыйнага характару. Каб не староннія фактары, як надазойлівы вартаўнічы, можна было б працягнуць гэту думку і становішча настрою многа далей; але гвалтам разбіваў яго ілюзію вокрык вартаўнічага; перш гарачая вада праз акенца ў дзвярах, пасля паверка... Рэчаіснасць, паганая і надаедлівая, біла молатам па галаве. Змагаючыся з ёю, Рыгор пасля паверкі перайшоў да апытання суседзяў, як і што, ды дзе іх заарыштавалі. Наперад ён звярнуўся да Ромуся.
— Я ўчора ўжо заўважыў цябе. Паспеў раней мяне?
Засмяяўся.
— У харчоўні, брат, разам з Генрыкам, — Ромусь паказаў на маладога здаровага белакурага мужчыну, які сядзеў на другім ад дзвярэй ложку (чамусьці ложкаў не паднімалі на дзень). — У харчоўні Грачкунаса, ведаеш, на Кірхавай вуліцы. Зайшлі гэта, каб выпіць па шклянцы піва і пагутарыць аб сім, аб тым, як... тутака ж, з гушчы людзей паднялося трое шпегаў — і на цугундар: хадзіце сюды. Абступілі, падалі свісток — і папалася птушка. Пайшлі — і вось дзе ачуліся.
Пакуль Ромусь расказваў, падышоў Генрык і яшчэ адзін арыштаваны; згуртаваліся.
— А мяне пад вечар з кватэры сцапалі, — устаў рабочы з Балтыцкага, што ўчора стрэў Рыгора. — Пайшлі ў наступ, паганцы.
— То-та ж і ёсць, хочуць сарваць забастоўку — разбіць нашы рады.
— Было б вельмі добра, каб таварышы не здаліся. Патрэбна давясці змаганне да канца.
— Не павінна быць: дзесяць, дваццаць чалавек не ўплыве на здарэнні, калі і вырвуць іх з гушчы тысяч.
— Гледзячы якіх...
— І то праўда.
— Вялі б сябе асцярожней таварышы з камітэта...
— А цікава, як Міхась Камар, што з нашага завода? Рыгор абярнуўся да Ромуся.
— Учора да арышту спатыкаў яго.
— А ці не ведае хто-колечы з вас, як «Праваднік»? Я ўчора ў абед быў, і ён працаваў ваўсю.
— Забастуе, ці ліха яму. У іх было назначана працу прыпыніць на сённяшні дзень. Мая адна знаёмая там працуе. Ды цяперака, па-мойму, і рэчы быць не можа, каб не прылучыцца да забастоўкі, — настрой сведчыць за тое.
На тэму пра лёс забастоўкі, пра яе размах, формы, пра яе скуткі яны гутарылі і спрачаліся засаб тры гадзіны, пільна і заўзята. У час абеду перарывалі агульную гутарку, а пасля ізноў да яе варочаліся з новымі думкамі, з іншымі падыходамі і каментарыямі.
Для ўсіх дзень прайшоў непрыкметна, хутка, нават з асаблівым зацікаўленнем. Пакуль уся ўласцівасць няволі заставалася ўперадзе, вартуючы свае ахвяры ў цёмных кутках нуднай камеры, з-за дзвярэй на калідор, пры высокіх сценах агарожы, у страшных прызапасеных на кожны выпадак карцэрах і баштах, у шэрагу роўных, аднакавых, утомных днёў. А пакуль істота не гадзілася з наступным, жывучы запасам прынесенай волі, надзей, імкненняў.
На шэрай гадзіне Рыгор прылёг і крануў у думках Наталі і Ганны. Захацелася, каб каторая з іх праведалі аб ім, каб як-колечы дайшлі да яго. Разам з гэтым хаценнем закралася сумненне, ці не паперашкодзіць яго арышт далейшым зносінам паміж ім і дзяўчатамі. Мажлівасць гэтага, бадай што пэўнасць, выкрылі глыбокую прабоіну ў Рыгоравай душы; каб запомніць яе, Рыгор кінуў маўчанку і выклікаў суседзяў на агульную гутарку аб загранічных рабочых, іх становішчы, аб іх арганізаванасці ды салідарнасці.
Гэта гутарка адцягнула арыштаваных ад навакольнай рэчаіснасці і заняла ўвесь час да тэрміну, калі павінна ўкладацца спаць.
IV
Тым часам забастоўка ў Рызе разгарталася ў грандыёзную схватку двух варожых сіл. Два варожыя станы, рабочыя і фабрыканты з паліцыяй, пераходзілі да рашучага і настойчывага змагання. На некаторых заводах быў абвешчаны лакаут і агульны разлік рабочых. Фабрыканты паведамлялі, што яны зачыняюць фабрыкі на няпэўны тэрмін. На іншых — гаспадары кідаліся на правакацыйныя меры, падкупаючы штрэйкбрэхераў, наймаючы больш цёмных, несвядомых безработных. Адміністрацыя горада, цывільная і вайсковая, натрывожаная стыхійнасцю пратэсту, працавала, не пакладаючы рук. Падвойныя нарады паліцэйскіх, з дапамогай драгуноў, патрулявалі ў рабочых раёнах; на вуліцах і завулках, якія вядуць у цэнтр горада, вартавалі захаваныя па дварах засады, цэлыя атрады коннікаў і пешых вайсковых. Шпегі займаліся паляваннем па справах сочкі і лову асобных, больш актыўных, рабочых і адшуканнем цэнтру, які вёў кіраўніцтва забастоўкаю.
Але, нягледзячы на гэта, з боку рабочых панавала злітнае, магутнае захапленне справаю пратэсту. Завод за заводам, фабрыка за фабрыкаю, буйныя і дробныя майстэрні — прыпынялі працу і дружна выходзілі на вуліцу, абвяшчаючы сваю салідарнасць раней забаставаўшым. Розныя манеўры аб’еднаных прадпрыемцаў з паліцыяй — не палохалі рабочых; не зважалася імі на лакауты, на зачыненне заводаў. Забастоўка выяўна прымала востра-зацяжны характар, падвойваючы трывожнасць становішча. У рабочых раёнах каторы дзень не сціхалі маніфестацыі, стычкі з патрулямі. Паціху рэвалюцыйны настрой перакінуўся ў навучальныя ўстановы. Газеты разносілі весткі аб распачатым руху сярод гімназістаў. Абывацелі працягалі іх глыбей, успамінаючы аб вайсковых частках, якія быццам бы адказваюцца выходзіць з казармаў на ўзмірэнне забастоўшчыкаў. Горад захапіўся сполахам, неспадзяванкамі. Прабег крывымі вуліцамі асяродкавай часткі нервовы настрой, жахлівасць, падазронасць. 1905 год усё яскравей ды яскравей выяўляў свае стальныя рысы, зазіраючы пустымі комінамі, застыгшым жыццём звычайна кіпучых аколіц.
«Праваднік» спыніўся днём пазней назначанага тэрміну — усё ж не з апошніх. Наталя многа сіл палажыла на гэта. Ужо ў першыя дні забастоўкі, калі прыпыніліся толькі два прадпрыемствы, Наталя занервавалася, хаця б іх фабрыка не асталася ззаду. Па некалькі разоў у дзень раілася з больш перадавымі рабочымі і работніцамі, вяла несупынную агітацыю, хадзіла ў камітэт партыі. Нават забылася пра Рыгора, не змогшы яго наведаць. Помніла адно, калі, праводзячы яе дамоў, ён дапамінаў ёй «прылажыць працы». Гэта неадходна стаяла перад Наталяю да часу выбуху забастоўкі на «Правадніку».
Затое ў момант, калі гушчы рабочых вырынулі на дзядзінец, каб далучыцца да бастуючых, Наталя не менш Рыгоравага ахапілася натхненнем; у ліку другіх праказала гарачую прызыўную прамову і ў першых радах выйшла на вуліцу з фабрыкі. Дэманстрацыя выйшла досі выдатнай, хоць закончылася пабоямі напаўшых на дэманстрацыю паліцэйскіх-коннікаў. Адным ударам бізуна захапіла яе твар, на якім, каля вуснаў, астаўся вялікі крывавы сіняк. Можа, дзякуючы гэтым пабоям, яна змагла абмінуць на гэты раз свой арышт, выпаўшы на долю пяці таварышаў і таварышак, ішоўшых побач з ёю на дэманстрацыі.
Натомленаю, але гордаю ў сэрцы, настроенаю неўгамонна, вярнулася яна з дэманстрацыі на кватэру. Дзядзька, папракаўшы яе ўжо за надмерную бойкаць, сустрэў упічышчам:
— Ну, цяперака задаволена, нябога?
Пэўна, нябога была задаволена! Пярэчыць усё ж не захацела і, запершыся ў сваім пакоіку, аддалася ўспамінам аб Рыгору. Гэтак добра было б яго бачыць цяпер! Наталя шкадавала, што засаб каля тыдня ніяк не магла спаткацца з ім, і цікавілася, сумняваючыся ў дачаснасці гэтай цікавасці, а ці не ўспамінаў часамі Рыгор пра яе. Лісціла жаданне, каб было так, каб успамінаў, але саромлівасць не дазваляла згадзіцца з гэтым: куды яму ў гэткі час? Напэўна, і хвіліны ўдому не сядзіць, а ўсё бегае па справах, хвалюецца...
Наталя не дапушчала на першых хвілінах жаднае думкі, што з ім можа здарыцца нядобрая прыгода. Ды наогул, абурэнне ваяўнічым настроем адкідала ўсякае сумненне, усякую небяспеку і адмоўныя рэчы. Калі і заходзіла гутарка аб арыштах і трухах, то яна тут жа забывалася, нікла ў нарастаючым уздыме рабочага бунту-забастоўкі. Бач, арышты, разважала Наталя, то дробныя ўколы з боку ворага, нічога не вартыя меры, якія вораг карыстае для змагання з магутнаю сілаю дзесяткаў тысяч рабочых. Ды чаму ж няйначай, падпадзе арышту і Рыгор? Можа, часамі здарыцца, але не якраз, каб ужо цяперака.
Паабедаўшы, Наталя рашыла праведаць Рыгора — захацела падзяліцца з ім перажытым, праканацца, як і што ў іх на заводзе, што наогул чутно ў горадзе. Былі і іншыя пазывы побач з пералічанымі, — і ўсё разам настроіла дзяўчыну ды пацягнула з хаты.
Дзядзька папярэдзіў, каб яна асцерагалася і нікуды, дзе не патрэбна, не ішла, а лепей бы ўдому сядзела. Ці ж можна было паслухаць? Схлусіла, што толькі пройдзе вуліцаю. А на вуліцы ўжо мела скончаны намер, рашэнне: ісці куды-хоць, дзе б можна спаткаць Рыгора. Пэўна, раней на кватэру.
Наталя рашуча павярнула налева і цвёрдымі, уверанымі шагамі пашнуравала ўсцяж вуліцы. Кожны крок, як клавіш раяля, выбіваў стройную, парыўчатую думку-настрой, дастаючы яе з цесных глыбінь дзяўчынінага нутра. Думка-будаванне цэлай гармоніі пачуцця выяўляла перад Наталяю ўсю сутнасць, усю значнасць, якія таіліся ў знаёмстве з Рыгорам. Нельга было не захапіцца пераборам вынікаючых тонаў, нельга было не патураць ім. І калі яна пранікла ў іх, ахапіла з усіх бакоў і паспрабавала дайсці да іх вытокаў — атрымалася жывая, сакавітая, выпуклая карціна жыццёвых здарэнняў, прыгод, якія заблутаным спляценнем давялі да спаткання яе, Наталі, з Рыгорам. Стала самой цікава, ажно яна, ідучы праз Верманаўскі парк, супынілася, прысела на лаўцы і з паўгадзіны раздумоўвала, выяўляла, лавіла дэталі.
Карціна малявалася гэтакай: жыццё яе, Наталіна жыццё — з ранніх гадоў жорсткае і мулкае бытаванне. Сірацінаю ад дванаццаці год узняло яно дзяўчыну на свае шумлівыя, вірыстыя хвалі і пачало гайдаць-насіць, як лёгкую трэсачку, стукаючы аб скалы, аб берагі, паднімаючы на хібы хваль і скідаючы ў іх праваллі. Трэба было мець у спадчыну загартаванае сэрца і ўпартую, непадатлівую душу, каб вытрымаць неміласэрныя поскубы жыцця. Наталя мела ад натуры носкі, вытрывалы характар, і гэта пасобіла ёй адолець усе перашкоды, абмінуць на шляху ўсе калдабоіны. І калі жыццё было для яе саракма пакутамі, то ў іх, у гэтых пакутах, як у горыне, яна к васемнаццаці гадам засталявалася, злілася ў маналіт. Ад нянькі, ад пастушкі, праз падзеншчыцу-чорнарабочую — у швачкі, а далей — на завод, ізноў амаль што не чорнарабочаю. Перайшла, абмінула. Вытрымала экзамен. І, помніцца свежа-свежа, як наіўна зычэлі дзядзькавы словы, калі той, даўшы ёй рэкамендацыю, папераджаў: «Толькі, Наталька, не пярэч ты майстру; ён гэткі каразлівы, што да нявіннага слова можа прычапіцца і разлічыць. Няхай яго халера возьме без нас. Лепш болей змаўчы, болей папусціся — на тваю карысць». Смешна і па-дзіцячаму: — яна будзе карыцца! Не даждаў ён! Яна знае сабе кошт, сабе, як адной з тысячы работніц, гэткіх, як сама, і пастаіць — пастаіць за праўду. На трэці дзень пачаліся ўжо сутычкі з майстрам; Наталя рашуча і ўмела адбівала іх. Майстар не мог прычапіцца, косячы вочы, ківаючы галавою. «Нічога, нічога, — думаў, — правучу». Але момант падыходзіў не той, каб лёгка можна было «правучваць». На Наталю азіраліся таварышкі ўсяго цэха, а патрошку, далей — і яна стала вядомаю ўсёй фабрыцы. Работніцы прызналі калектыўным розумам яе за перадавога таварыша і калектыўным адзнаннем даручылі ёй сваё давер’е: выбралі ўпаўнаважаным ад фабрыкі. Не абмыляліся, робячы гэта, нізвання. Наталя захапілася сваёй роляю, аддалася служэнню рабочай грамадзе і яшчэ больш падкрэслівала ім сваю выключную цікавасць да рэвалюцыйнага змагання. Нават, дзякуючы гэтаму, у яе выхавалася асаблівая аднабокасць, якую можна было адзначыць, як нядбаласць да пытанняў полу, да палавых адносін, да ўсіх перажыванняў, што выцякалі з гэтага, што напаўнялі вякамі маладое жыццё маладых асоб. Чула яна гутаркі таварышак на падобны змест, ведала ўсе законы жыцця ў гэтых галінах, але напружаная думка, уся істота яе былі прышрубаваны да іншых пытанняў чалавечага жыцця, да праблем класавага вызвалення. Судзіла гэтак: перш павінна паправіць эканамічныя і палітычныя ўмовы жыцця, налепшыць яго дабрабыт, ухарошыць яго да ўзроўню, калі б яно стала вартым, належна адбіць у сабе ўсе парыванні рабочага класа, а далей... Бач, уся пекната, калі яна засмучана недастачамі, клапатлівасцю, нудою будзённых дзён, нікне, савее, губляе выразнасць і сакавітасць. Уся асалода — труіцца, калі няма адпаведных умоў дзеля таго, каб яе захаваць на натуральным узроўні...
І датычна сябе гадала Наталя:
«Мне не суджана іншага, апроч змагання. Чым стане жыццё падзёншчыцы, калі яго звязаць сямейнымі ўмовамі? Незалежнаю, аднэю, сам па сабе — я ваяка, змаганнік. А тады?..»
Часамі, было — чаму не — прарываліся ў яе нутры падсвядомыя парыванні, выразныя імкненні да разнастайнасці, да натуральнага выяўлення ўсвойных ёй, як усякай дзяўчыне, пачуццяў і жаданняў. Хадзіла ж і на сходы, і на яўкі, і на нарады — усюды былі мужчыны. Але Наталя не папускалася: абмінала коўзкія месцы, абыходзіла іх, аддаючыся палкім спрэчкам на грамадскія тэмы, на пытанні з рабочага жыцця. Таварышкі заўважвалі гэту Наталіну асаблівасць; цікавіліся, перагаворваліся паміж сабою, дзівіліся, але не наракалі.