V
Гэткаю з’явілася яна на Задзвінне, у Артураву кватэру, на сход упаўнаважаных ад фабрык і заводаў. Рыгор угледзеў яе тою, якою яна была, сфармаваўшыся жорсткім жыццём. Як жа магло стацца, што яго гостры, варажлівы ўзрок гэтак ёмка крануў маўклівую струну заняважаных жаданняў рэвалюцыянеркі-дзяўчыны? У рысах Рыгоравага твару, у яго постаці, стройнай, вытачанай з цэлага куска, пэўна, Наталя ўгледзела, па-першае, змаганніка, шчырага, адданага ідэі рэвалюцыянера. Усё ж, усё ж пад гэтым таіліся і іншыя сілы, іншая матэрыя. «Як цікава, — думала яна, — побач, рука ў руку, нага з нагою, змагацца з таварышам Нязвычным! Аслаблюся духам — запазычу ў гэтага ваякі-бландына, які гарыць, палае, які да каліва праняты рэвалюцыйным настроем». А далей, толькі ён выказаў сваю думку, выразную і рашучую, нельга было сумнявацца. Рыгор — не тое, што ўсе іншыя, каго бачыла і бачыць, Рыгор — мэта. Прыпамінае, якімі багатымі здаваліся хварбы мора і неба, калі яны гулялі на ўзмор’і, яшчэ хаваючы адно ад другога патаемнасць сваіх хаценняў. Помніць, як дзіўна яна адчувала сябе, гледзячы... толькі на Рыгора і не зважаючы соцень іншых мужчын. Пэўна тады, з даляў шырокіх разгонаў вадзянога абшару, лёгкія хвалі залацістай вады прыняслі ёй новае, бурлівае чуццё ласкі, кахання? Пэўна, нагнаў яго подых ветру з-за атупленага пазёму пад чырвоным колерам променю? Наталя не бралася вызнаць прычыны — скуткі абурылі яе цалкам, выліліся ў прызнанне, у захапленне, якое вось зараз цягне яе да Рыгора, каторага ўжо некалькі дзён не бачыла... Чула, што без яго няпоўнае жыццё. І як соладка стала на сэрцы, калі параўнялася з брамай знаёмага дома. Некалькі хвілін — і спаткаецца, пагаворыць уволю!
Не агледзелася, як прабегла двор, паднялася па ўсходах і падышла да дзвярэй. Рашуча, рупна пазваніла. Знаёмая работніца прачыніла дзверы:
— Вы да Нязвычнага? — ябедна запытала.
— Так, выбачайце. Ці дома ён?
Вільгельміна працягнула голаў у адчыненыя дзверы і адмовіла:
— Ведаеце, — няма! Ужо некалькі ночаў не начаваў; самі не ведаем, дзе і што...
Вільгельміна спынілася, мэрам бы засаромеўшыся, што хлусіць дзяўчыне. Пасля цішком паправілася.
— Заўчора прыходзіла на кватэру паліцыя: пэўна, што ён арыштаваны.
Наталя ажно жахнулася, скрывіла балюча міну і адступіла на два крокі ад дзвярэй.
— Ласне? Не хлусіце?!
— Што вы?
Яна яшчэ колькі хвілін паглядзела на збляднеўшую Наталю і паціхеньку зачыніла дзверы.
Наталя нясмелымі, блытанымі крокамі пайшла па сходах уніз. Перад яе вачыма разгарнулася роўная, бязмежная шэрасць, у істоце адчулася глыбокая праваліна. Куды ісці? — напрошвалася настойнае пытанне. І яна не магла на яго нічога адказаць. Гэтак шаломіць чалавека раптоўны гром, маланка ў цёмнай ночы, зычны стук гарматы, што знянацку парушае цішу.
Каля дзвюх гадзін Наталя ішла дамоў: яна не спяшыла, не цікавілася, каб скарэй вярнуцца, была ахоплена пачуццём утратку, невыразнасці, сумлівасці. Што дома? Ішла і спынялася пры асветленых вокнах магазінаў, разглядаючы ў іх подаўгу і бесцікаўна. Чамусьці, зусім бязмэтна, зайшла на пошту, паглядзела на гадзіннік, прачытала надпісы над маленькімі аконцамі ў драцянай сетцы: «Тэлеграмы», «Заказная карэспандэнцыя», «Продаж марак», паглядзела на шафу абанементаў, з драбнюткімі шуфлядачкамі, з нумарамі. Бесцікаўна кінула ўзрокі на дзвюх дзяўчын, якія круціліся каля дзвярэй, пазіраючы то ў акно, то на гадзіннік і момант ад моманту падмазваючы шчокі пудраю. Некалькі мужчын прайшло з пошты і на пошту, паглядзеўшы на Наталю пытальнымі ўзрокамі. Адзін сумысля падышоў да яе і беспатрэбна запытаў, калі выбіраюць чародную пошту са скрынак. Наталя суха адмовіла — «не ведаю» і выйшла на вуліцу паперадзе цікавага суб’екта. Без дай прычыны падышла да агарожы Верманаўскага парку, пасачыла за бурным струменем публікі і нарэшце пайшла да кватэры.
Ужо сцямнела, як увайшла да сябе ў пакоік і, сеўшы на ложку, аддалася думкам, выяўленню сутнасці таго, што здарылася сённяшнім днём у яе жыцці. Паўстаў астрог — хмуры, жоўты будынак, агароджаны высокім мурам-сцяною. Пабіты на цесныя клеткі, акратаваны на вокнах. У адной клетцы-каморцы — Рыгор. Той, з кім марыла безупынна ісці на змаганне, ухарошваць жыццё кіпучым полымем рэвалюцыйнага натхнення. Якія прасторы адчыняліся перад імі! Якія далі выказваліся! Ці ж можна было думаць, дапускаць, што раптам усё гэта згладзіцца, знікне, абарвецца. І тут — вось гатова. Што ж далей? Зразумела. На пакуту — да яго, разам, удваіх. Бачыць мукі ўтому, няволю, іншыя парыванні. Якавы ён у астрозе? Што думае, чым жыве, як годзіцца з пакінутаю забастоўкаю, да якое імкнуўся, якой аддаваўся ўсёю істотаю сваёю? Ці ведае, хаця, седзячы, які паварот прымае яе развіццё? О, падумаеш, як бы радасна стрэў ён чалавека з волі... таварыша... можа, і яе? І паціху Наталя пачала аддавацца новаму дзёрзкаму хаценню наведаць Рыгора ў астрозе. Што б ні было, як ні сталася б — прайсці да яго.
VI
Рыгор — мы яго ведаем — меў шмат гарту ў сэрцы, валадаў крэпкаю сілаю волі, каб мог лёгка паддавацца любой варожай сіле. І астрожная атрута не магла парушыць яго цвёрдасці. Толькі першы момант, калі ён ачнуўся ў астрозе, як быццам збіў яго з панталыку. Але то было ненадоўга. Пасля Рыгор асвоіўся з умовамі нявольніцтва і павярнуў свае думкі ды жаданні на новы шлях. Ён спрачаўся з таварышамі за ўсякія пытанні, якія пападалі на абгавор, выпіхаў розныя планы і праекты, каб лепей арганізаваць рабочых і паспяшней змагацца за іх вызваленне. Больш, як у другіх таварышаў, у Рыгора адчуваўся ўстойчывы, бадзёры настрой. На гэта ўплываў ход забастоўкі, аб чым яны даведаліся рознымі спосабамі. Яе шырачэзны размах, яе абгостранасць надавалі веры ў тое, што іх няволя — часовая, нетрывалая, што вось-вось грымне магутны прыбой і разаб’е сцены астрогу. Казытала нутро адчуванне волі, прыгожасць неабмежнага прастору, абшараў, якія стрэнуць іх у свае вольныя абдымы. З сумыснаю, знарочыстаю агідаю пазіралі яны на вартавых у дварэ, у калідорах, горда і нядбала трымаліся на апытаннях у канторы, куды іх па некалькі разоў зазывалі.
Толькі рэдкімі момантамі знаходзілася спачуванне да мацеры, якой ужо нельга пасабіць, і жаданне — угледзець Наталю ці Ганну. Спатканне з аднэю з іх цікавіла тым, што Рыгор хацеў прасіць, каб яны ў той ці ў іншай форме паведамілі ў Сілцы пра здарэнне з ім. Ён цалкам пакладаўся ў гэтым на Наталю. Але сумняваўся: як, што яна праведае аб яго арышце ды ці знойдзе шляхі дабрацца да яго. Каб нічога дрэннага не здарылася, калі папрабуе дамагацца спаткання. Раздумваючы так, Рыгор баяўся за яе бяспеку. «Хай бы пакуль што не рупілася прыходзіць да мяне; хай бы...» Рыгор хацеў, у гэткім выпадку, параіць, каб яна аставалася дома, але прыпамінаў, што гэта нязбыўна для Наталі, што яна закручана не менш яго ў калаўрот тых здарэнняў, якія вынесла наповерх жыцця забастоўка... Хвіліна за хвілінаю паднімалася ў ім усё гастрэйшае жаданне, усё большы пэнт — бачыцца! Стукаў у дзверы іх камеры вартаўнічы — Рыгор настарожваўся, прыслухоўваўся. Абы лёгкі шораг ноччу, шам — прачынаўся, паднімаў голаў, глядзеў у бок дзвярэй. На чацвёртую ноч сасніў Наталю. Перажыў са сну прыемныя хвіліны ласкі і яшчэ больш задумаўся.
Адзін раз, думаючы пра Наталю, дапусціў, ці нельга было б яе папрасіць, каб яна пераслала мацеры пяць рублёў. Гэта зрабіла б уражанне, нібы з ім, Рыгорам, нічога не здарылася, і заспакоіла б мацеру. Самому б лягчэй стала.
Настала момантамі многа бягучых, настраёвых пытанняў. І кожнае з іх далікатна, залюбована Рыгор занатоўваў на паперы; пасля мяняў іх рэдакцыю, перастаўляў чаргою, падвострываў і затупляў выразнасць кожнага з іх.
К канцу тыдня Рыгор ужо не адмячаў рубяжы, дзе канчалася жаданне і дзе пачыналася вера, ён стараўся заверыць сябе, пераканаць, што Наталя прыйдзе. Ні баязлівасць за цэласць яе, ні спачуванне ёй не знаходзілі месца ў яго нутры. Не цікавіла, як і што пройдзе, якім шляхам дастукаецца спаткання... Не лічыўся ні з якімі перашкодамі.
Але мінула яшчэ некалькі дзён — і Наталя не прыходзіла. Тады ў загартаваны ком веры, напаўняўшы яго нутро, пачалі пранікаць тонкія голачкі сумнення, ужо новага, інакшага, чым было раней, падмацаванага другімі матывамі і дагадкамі. «Забастоўшчыкі ахоплены абурэннем: усё болей выпадкаў сутычак з паліцыяй; апошняя злее і злее, страляючы ў рабочых; арышты і трухі не спыняюцца. Як тут уцалець гэтай гарачай галаве — Наталі?»
Чацвер, чатырнаццаты дзень няволі, Рыгор стрэў сумным і маркотным, — дайшлі чуткі, што забастоўка кончылася перамогаю над рабочымі. Гаспадары ўзялі верх, маглі і на гэты раз панаваць. Многія з іх, на зло рабочым, зачынілі фабрыкі і заводы, каб пакараць голадам, каб правучыць іх надалей. Да чаго давядзе гэта пераможаных? Якія падонкі астануцца ў іх на душы пасля напружанай гераічнай барацьбы? На сваіх уласных перажываў Рыгор чужыя настроі, але ўверана глядзеў у наступнае.
А дванаццатай гадзіне рашыў не ісці на прагулку — заявіў таварышам. І калі тыя пакінулі яго адным, Рыгор нейкі час пасядзеў бяздумна, як у трансе, як у нірване; пасля падняўся з ложка і хапіўся думкамі за скончаную забастоўку, каб праверыць яе значнасць, яе вынікі. Прадставіў вобраз дэманстрацыі і задаволіўся, ажно павесялеў, зарухаўся, абмыў твар ухмылкаю.
Уголас, каб было мацней, каб глыбей зайшло ў сэрца, казаў сам сабе: «Забастоўка ўсё ж паказала магутную сілу салідарнасці, якая жыве сярод працаўнікоў. Забастоўка адзначыла, што між намі, працаўнікамі, і матросамі, салдатамі — непарыўная сувязь. Чуласць да аховы свае, рабочае, класавае самотнасці выявілася надзвычайна выпукла ў цягу забастоўкі. Як-ніяк, а горад, нават цэлы край, тыднямі быў прыкаваны да аколіц Рыгі. Забастоўка пралягала чырвонаю ніткаю праз гарадское жыццё, клапоты, думкі, чаканні... А я памог ёй здзейсніцца, можа, нават пасобіў абвастрыць яе развіццё — ці ж таго мала?»
Пэўна, было хоць не шмат, але досі. І тое, што было досі паложана ім працы на забастоўку, узняло Рыгорава пачуццё. Ён пазбыўся будзённых клапот, усяго таго, што акольвае ў няволі, у сценах; ускрыліў і панёсся выабражэннем ва ўсе канцы зямлі; захацелася гутарыць, гутарыць.
«Прыйдуць таварышы — тады пагутару».
Раптам стукнулі ў дзверы.
Рыгор падбег:
— Хто? чаго? — запытаў.
— Нязвычны! — знаёмы голас вартаўніка.
Рыгор спыніўся, сышоўшыся ўсёй істотаю на думцы-чаканні: «У чым справа? Наталя?»
— Я! — адазваўся.
— Проша ў кантору.
Маленькае сумненне затульвала яскравасць надзеі.
— Іду!
Рыгор машынальна выйшаў з камеры, не чуў, як бразнулі дзверы, не заўважыў, калі прайшоў паўз таварышаў, якія вярталіся чарадою з прагулкі.
— Хто патрабуе?
Вартаўнік памаўчаў.
— Га?
— Угледзіце.
На заломе калідору, кінуўшы ўсцяж яго ўзрокам, Рыгор улавіў фігуру, што стаяла пры дзвярах, каля выйсця, за невысокім парканам... жанчына. «Пэўна, Наталя». Яе вобраз аформіўся ў рэальнасць, устаўшы выразна перад яго вачмі. Ён ішоў, а Наталя адыходзіла, нерухома, недасяжна і падцягала за сабою Рыгора. Чуў, як траціў волю над сабою, як дваіўся на часткі, мякчэў.
Нарэшце — падышоў. Радасная ўхмылка Наталі развеяла яго ўражлівасць, дала апамятацца.
Вартаўнічы стаў на воддалі пяці крокаў.
— Дваццаць хвілін часу, — і адвярнуўся ўбок, каб не перашкодзіць.
Рыгор пацалункам прывітаўся з Наталяю і адрыўнымі сказамі, перабоямі думак пачаў гутарыць з ёю. Пра кніжку, куды запісваў тэмы для гутаркі з ёю, забыў. Куды там да сістэмы!
Пачуццё напірала, а сам баяўся за кароткі тэрмін, каб чаго не забыць. Нерваваўся і падганяў гутарку.
— Нам мала часу, а гутаркі колькі!
Трымаўся за яе руку, паклаўшы сваю на білу.
— Я не буду пытацца, як ты дабілася сюды, колькі патраціла на гэта часу, сілы... Наталя... Ці не была ты на маёй кватэры?.. Але што я? Навошта мне ўсё гэта... Скажы наперад, так і прайгралі забастоўку? Ах, падумаць! Столькі асталося людзей без работы... Ну, а ты? Пакуль спакойна, уцалела? Як там Міхась, Артур... Помніш таго кудравага чорнага інтэлігента? Сядзіць са мною разам... Вось скажы, як бы гэта, каб ты была добраю ды... Але што там казаць...
— Кажы, кажы, — Наталя сачыла за вартаўнічым.
— Я хацеў мацеры паслаць рублёў пяць... Сілцы, — Рыгор панізіў голас, — толькі ці варт; выйду ж, пэўна, неўзабаве — тады ўладзім... А ці пісаць мацеры?
— Маўчы, не варт — абурыш... Няхай думае, што з табою тут — нічога. Я пашлю ёй, маю грошы.
— Не, Наталя, можа...
— Нічога...
— Ты ведаеш, я чуў нутром, што ты прыйдзеш, я быў запэўнены, завераны. І толькі мяне пазвалі, як...
Вартаўнічы спакойліва павярнуў у іх бок голаў, даючы першы сігнал.
Наталя прымеціла.
— Ну, як думаеш, ці хутка ўгледзімся?
— Пэўна, адміністрацыйная высылка будзе, вядома...
Абое спяшылі перакінуцца як найбольшым лікам слоў і адно другога перабівалі, перапынялі, блыталі гутарку... Яе было многа, многа! Але ў самы разгар вартаўнічы спыніў:
— Пара!
Мэрам бы молатам стукнула па галаве Рыгору. Але пярэчыць нельга — развіталіся.
Наталя павярнулася і праз два крокі зайшла за сцяну. Абярнуўшыся, каб лішні раз акінуць яе ўзрокам, Рыгор нікога не ўгледзеў. Стала крыўда, глыбокая і балючая, якое, здавалася яму, яшчэ не даводзілася адчуваць, і шкода-шкода, што спатканне абмежавалася адным момантам, шустрым мігам. Столькі каштавала мук прычакаць — і знянацку, неўпрымет прамігнула, згасла...
Забастоўка, сапраўды, кончылася не ў карысць рабочых: значыць, не прыйдуць яны да турмы і не адчыняць дзвярэй, не пазавуць іх на волю...
Даводзіцца чакаць. Колькі?
Пакуль Рыгор падышоў да дзвярэй камеры — паспеў абляцець думкамі і мінулае і будучае, і Рыгу і Сілцы.
«Вось з мацераю як? Якаво ёй там?» — чуць не ўголас вымавіў, калі вартаўнічы адчыніў дзверы камеры, на шаг адступіў убок і ўпусціў Рыгора.