SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ДЗЕВЯТАЯ · 5 min de lecture

І

У той дзень, калі з Сілцоў паліцыя вывезла арыштаваных хлопцаў, Рыгорава маці не пакідала дому. Вярнулася з рынку, зайшла да сябе ў хату і сядзела, не выходзячы, да цёмнага. Цалкам была пад цяжкім уражаннем перажытага: шкадавала мацярок, шчыра спачувала іх гору, шкадавала хлопцаў. Баялася разам з тым, каб нічога такога не сталася з Рыгорам. Адна кампанія. Ці ўберажэ сябе ён у далёкім чужым горадзе? Га? Спавядалася сама сабе: «Мае вы дзеткі, мае! Як цяжка даводзіцца бацькам адказваць за вас! Гадуеш-гадуеш, радасці чакаеш, а тут — на табе! Якая крыўда! Як яно ідзецца — хто яго разгадае... Бедная Тарэся, бедная Хрума! Я адчуваю ваша гора... Але не разумею аднаго: чаму ж такі яно гэтак наладжана, што няма за вошта, а хлапцоў схапалі, арыштавалі і павязлі ў няволю. А калі — чаго ліхога — ды і з ім, з сынком маім, стане падобнае?»

Падумала — і здрыганулася ад жаху. Балючае сумненне не пакідала старое. І прагла істота: няхай бы хто яго развеяў ці паменшыў яго ўціск, прытупіў сілу. Чула, што нельга аставацца з ім, — не заснуцьме, не супакоіцца.

Адвячоркам, на шэрай гадзіне, знайшла выйсце, як бы хто падказаў ёй: пайсці да Тарэсі, а з тою разам да Хрумы — да хлопцавых мацярок, каб разам, адна перад другою, развеяць гора, суцешыцца.

Заперла на закрутку хату і пайшла. Хутка была ў Стаўбуновых. З-за парога ўзняла гутарку:

— Тарэська, ты думаеш — лёгка ўсё гэта перажыць! Я ўжо ведаю сама. Ой, галубка мая, колькі я папацярпела!.. Толькі скажы, ласне ў гэтым наша воля!.. Я думала, даражэнькая, думала, чаму яно так складаецца ў людскім жыцці... То ці хто ж адкажа на гэта запытанне? Вядома, што не: жыццё — мора, а мы — трэсачкі на ім... Спачуваю табе, Тарэська, ад шчырага сэрца спачуваю. Ведаю, што ты паверыш...

— Ой, маўчы, Стэпа!..

Стаўбуніху абуяла горнасць. Чула Стэпіну шчырасць, адзнавала, што тая прыйшла яе суцешыць, што хоча гэта зрабіць. Ды ці ёй паможа яе спачуванне?

А Стэпа, перш стаючы каля парога, пасля прысеўшы ля прыпеку, няўсцішна гаварыла:

— Яшчэ ў вас-то другі сын юнак, дзяўчына, твой мужчына — сям’я. Ну, а ў мяне, падумай, — як стромка, адна-аднэю, як струц, у хаце сяджу, іду куды — вакола адна, чужая. Вядома — адзін ён у мяне, куды ні кінеш. Так урочана ўжо ад роду — перамяніць нельга. Думаеш, лёгка? Гадаю несупынна, дагадваюся, што і як з ім у тым горадзе, — а хто скажа! Лістоў няма — які час не піша. Да чаго яго лёс давядзе або давёў...

Тарэся слухала, але заўважвала, што яе гора — больш вострае і пякучае. Стэпа, праўда, цярпіць многа, ды ці ж параўнаць з тым, што зараз у яе, Тарэсі, на сэрцы. Віктар арыштаваны: што з ім зробяць там, куды папязлі? Можа, навекі замуруюць у каменны мяшок — ці ж не было з людзьмі? А Рыгор — можа, і жыве дзе... пэўна, што жыве...

— Усё-ткі, Стэпачка, Рыгор, можа, не падпаў таму, што мой Віктарка. Мала чаму не піша — усякая бывае прыгода, а гэта, вось, на вачах тваіх, пад мячамі вязуць тваё дзіця. Памочні-ы-к мой, да-а-рагі...

Стаўбуніха заплакала. Стэпа памагла, не сустрымалася. Праўда — сэрца слёзы точыць.

— Тарэся, ці ж думаеш, так ужо строга: не даждалі б яны, каб, барані чаго, замураваць у каменны мяшок, як ты кажаш... Ці ж павыш іх няма мацнейшае рукі? То ж чалавек — не кусок дзерава, што ў лесе гніе... А ты думаеш, мой Рыгор — там жа, як у ступе, у гэтым каламутным горадзе.

— Патураць ім. Добра Віктар казаў, як яшчэ з намі быў, вось тутака седзячы, — паказала Стаўбуніха на край стала, пры акне ў двор,— казаў заўсёды: «Свет людскі — адно змаганне, кавадла і молат: папаў — расцісне, калі сам другога не расціснеш...» Казаў вось так літаральна... Цяпер вось папаўся пад молат.

Ізноў заплакала і праз слёзы запытала Стэпу:

— А ці ж твой Рыгор нічога не піша?

— Кажу ж — нічога... Чуе сэрца, нядобрае нешта чуе. Сны розныя бачу, цудныя і страшныя. Горад — ступа. Старэю — а адна, без дапамогі. Ты яшчэ ў лепшым стане, ты яшчэ...

— А мне, ты думаеш... Віктар так многа пасабляў! Мужчына мой — трупцяк, дзеці — малыя. Той шмат зямлі — адна абуза... А Віктар зарабляў дваццаць рублёў. Няхай сем кіне ў хату — глядзі, які спор. А ён менш дзесяці не даваў. Часамі, як трэба што сабе справіць, прынясе менш, а то — дзесятку.

— Пэўна, як так, пэўна — добра...

З перапынкамі, у пераменах настрою, судзілі каля паўтары гадзіны. І, судзячы, згаварыліся і пайшлі да Крупнікаў.

— Яны, можа, што чулі.

Хоць бы што пачуць — сышліся абедзве: і Стэпа, і Тарэся. Чамусьці выводзілі, што Хрума, Хаімава маці, сумее іх разуважыць, прасветліць. З надзеяй увайшлі ў хату.

Стары Хацкаль сустрэў.

— Чаго трэба?

— А Хрума дзе?

Жанкі паселі, запыталі Хацкаля:

— Ці не чуў, куды іх павязуць?

Той трасянуў галавой, матнуў рукамі.

— Няхай іх ліха, столькі крыві папсавалі. Ах, ах, гэтыя хлопцы! Гэтыя хлопцы! Шчасліва ты, Стэпа!

У Стэпы праясніліся вочы; хацела запытаць, чаму, але Хрума, увайшоўшы знадворку, перабіла:

— Што ў вас, жанкі?

— Мы самі прыйшлі даведацца. Вам лепш вядома. Можа, што чулі?

— Нічога добрага. Куды там — увесь свет калоціцца... Бунты, забастоўкі... Вунь прыехаў знаёмы з Рыгі — мяцеж. Ці ж пусцяць іх?

Стэпа, як сядзела, раптам паднялася.

— Што ў Рызе, што? Чула маё сэрца!..

— Ша, ша. Ты ўжо думаеш, што якраз з тваім сынам што здарыцца... Хай прагоніць вецер на сухія дрэвы. Ці ты маеш лад... Мала што: горад — не Сілцы: усяго многа, заўсёды многа.

Але Стэпа не магла супакоіцца — трэба было крануць яе балючую западозранасць, каб яна акамянела ў яе грудзях, закаваўшы сэрца. Думкам не было чаго кіравацца ў іншы бок, шукаць светлых плямак... «Ведама», — судзіла Стэпа. І ўжо ёй не хапіла сілы на спачуванне, не знайшлося месца для Тарэсі ці Хрумы. Як ішла — была надзея, хоць сякая-такая, цьмяная, смуглая, а цяпер? Віктара, Хаіма павязлі ў павет, а мо праз колькі дзён і пусцяць. А Рыгора які лёс засціг? З Рыгі даняслося ў Сілцы — нездарма; пэўна, тысячы людзей палягло. А Рыгор такі порсткі...

Стэпа пайшла, не чакаючы Тарэсі, мэрам бы пакрыўджаная на Хруму за тое, што тая паведаміла ёй гэткую вестку. Як сумысля, як назнарок.

На вуліцы, у цемрыве ночы, дратавалася сэрца, а вочы напружана нізалі змрок у бок Жмыгінскага лесу, дзе, здавалася Стэпе, стаіць Рыга. Чаму яе пабудавалі людзі? Няхай бы Рыгор не ведаў гэтага горада.

Жахлівым чудзішчам паўставалі ў Стэпіным выабражэнні зданныя будынкі Рыгі, яе непрыветлівыя вуліцы, неміласэрныя, дзікія людзі. Шолам, стукат, браскатня аддаваліся ў кожным шораху дрэў у садах, у скрыпе варот.

Прыйшла дахаты, не засвяціўшы агню, села на лаве і ўсё кляла няведаны горад, падсвядома просячы спачування хоць ад каго, хоць крупінку, каб не было нядобрага з Рыгорам, каб жахлівае праляцела неўпрыкмет. Няўжо гэтак ціха астанецца? Няўжо ніхто не кіне пісьма? Рыгор жа хваліўся вялікай колькасцю знаёмых. Дзе яны?

Стэпа хапалася за ўсё, што б хоць каліва, беднае, яе абнадзеіла, што б сказала ёй: Рыгор жыў, або — заўтра, пазаўтра ці праз тыдзень ад яго прыйдзе ліст. Стала маляваць сабе гэткі вобраз: прачнецца заўтра раніцаю, запаліць у печы, і — пакуль згатуе снеданне — прыйдзе паштальён з лістом. Падасць праз акно беленькі кавалачак паперы, які ўсё-ўсё скажа аб Рыгору. Ці ж не пара яму прыйсці, пісьму гэтаму?

Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ДЗЕВЯТАЯ · 5 min de lecture

ІІ

Стэпа да поўначы лічыла і пералічвала дні з часу ад’езду Рыгора, адкладала некалькі часу на пераезд, на асталяванне ў Рызе, на збор, каб напісаць пісьмо, на перасылку гэтага пісьма перш да павета, а з павета — у Сілцы. Хаценне перасцігала думкі, падганяла час: «А мо неўспадзеў, пісьмо ўжо ляжыць на пошце?.. А мо нават паштальён ужо прыносіў яго, а мяне не было дома?» Яна падыходзіла да акна і ўзіралася ў цем ночы — ці не ўгледзіць паштальёна. Пасля ўспомніла, што раней колькі разоў яна знаходзіла пісьмы ў сенцах пад подам, куды яны заляталі, як паштальён кідаў іх праз аконца. Чаго добрага — можа, і цяпер ляжыць там. «Праверыць», — закарцела, і Стэпа засвяціла газоўку ды выйшла ў сенцы. Старанна абгледзела ўсе куткі і шчылінкі, абшукала месцы, нават і гэткія, куды ніякім чынам пісьмо не магло б заляцець. Разгнявілася. «Значыць, не прыносіў», — заключыла і ўвайшла ў хату. Рашыла: «Ці ж кожнае пісьмо можна кінуць? А калі яно заказное, патрэбна распісацца»,— было з ёю гэта.

У сумненнях дасядзела, пакуль не адзначыўся ў мыцельнікавым акне трывожны золак. Закрычалі пеўні, данёсся каровін рык. Стэпа пачула вялікую ўтому, заняпад і, не раздзеючыся, прылягла. І ні то прадрамала, ні то праспала гадзіны з паўтары.

На вуліцы паднялося жыццё, гоман, крык. Чырвоная раніца хлынула ў хату яскравым сонцам, да таго празрыстым, свежым, што яго праменні праніклі ў няшчыльна стуленыя вейкі Стэпіных вачэй. Нельга далей спаць — Стэпа прачнулася і падняла з сабою ўчарашнія думкі. Ні каліва не прытупленыя, ясна-балючыя, няўтрымныя, трывожныя. Яны ганялі яе ад печы да акна, з хаты — на вуліцу глядзець пад рынак, адкуль ісціме паштальён. Клала казырком руку над вачмі, узіралася: паштальён не ішоў. Зарана.

У печы тухлі дровы — злавала, папраўляючы вілкамі, чапялою. Пасля Гірш Капаўскі знянацку нашарохаў, завучы грабсці сена. Была задуманай, расстроенай, а ён раптам забарабаніў у акно.

— Стэ-э-па!

Здрыганулася — падумала радаснае, жданае, а ўрэшце — вунь што. Сплюнула.

— Вольна на гэтым тыдні?

— Пэўна, вольна.

— Там дзён на два сена грабсці трэба.

— Дзе?

У Залужным.

Гірш пастаяў з хвілінку моўчкі, а далей запытаў:

— А сын як? Не піша нічога?

За гэта Стэпа даравала Гіршу сваё разувер’е. Падбегла да акна.

— Гіршык, дарагі, сама не ведаю, што рабіць, — не піша.

— Кепска. У Рызе непакой... То прыйдзеш?

— Прыйду... Непакой?

Апусціла рукі — забыла пра пісьмо; дзе яно прыйдзе?

Цэлы дзень хадзіла па рынку, распытвала знаёмых, ці не чулі чаго пра яе Рыгора? Мо хто вычытаў з газет, мо каму знаёмы перадаў у пісьме.

Нічога не дазналася. Бегала да Сёмкі, да Петруся — тыя суцяшалі Стэпу звычайнымі, ёй вядомымі выразамі-ўгаворамі — не паверыла.

А ў бліжэйшыя дні не глядзела ў акно, не пільнавала паштальёна. Нават у сераду, вярнуўшыся з работы, не пацікавілася паглядзець у сенцах каля поду — не было веры. Зайшла ў хату, патужыла-патужыла і намерылася лажыцца, як хтось пастукаў у дзверы. Настаражылася, стукнула думка: паштальён. Выбегла, адсунула засоўку.

— Цётка!

— Чаго, Сёмачка!

— Што піша Рыгор?

Ашаламілася старая.

— Як?!! Чаму?!

— А ласне паштальён нічога не прынёс? Наш хлопец казаў, нібы бачыў, як прыходзіў да вас паштальён.

Стэпа пакінула Сёмку і пабегла ў хату. Мігам вярнулася з газоўкаю і пільна, трапятко пачала азіраць пад подам, у ручаі жарон. Сёмка чакаў. Пасля пераступіў парог і паткнуўся к поду. Паглядзеў і весела паведаміў, угледзеўшы каля жоран шэры канверт:

— А вось, бачыце.

Стэпа выраніла газоўку.

— Няўжо-о, Сёмачка? Ох!

Нейкі час памаўчалі.

Пасля абмацалі газоўку і пайшлі ў хату. Стэпа знайшла запалкі, засвяціла агонь. Села пры стале і бязмоўна, сышоўшыся ўсёю істотаю ў праглівым чаканні, глядзела Сёмку ў вочы. У іх свяцілася шчырая просьба старое.

Сёмка абарваў канверт і паглядзеў на дату: чамусьці пісьмо было ў дарозе больш двух тыдняў; падумаў, памеркаваў, але нічога Стэпе не сказаў, а, прыхіліўшыся да газоўкі, разборна, выразна пачаў чытаць вынутае пісьмо. Некаторыя словы і сказы перачытваў па два разы, іншыя тлумачыў. Дзе пісьмо кратала Ганны — Сёмка перарваў чытанне і пераказаў Стэпе кароткі нарыс іх стрэчы з гэтаю дзяўчынаю, абмаляваў яе выгляд, падабенства да Зосі Прыдатнай. Імя ж Наталі — зблытала дагадкі...

Стэпа не цікавілася тым, як і што перапляліся дзве ўспомненыя пісьмом дзяўчыны. Вестка, што Рыгор жыў, самы факт пісьма — пераважвала ўсё, што ім пісалася. Яна забывала на другім сказе першы; губляла сувязь між словамі, бо ўсе яны крычалі, пяялі пра тое, што яе сумненні былі дарэмнымі, што жыццё апраўдала нясмелыя надзеі і жаданні. Пачуццё радасці і шчасця не месцілася ў яе нутры, выліваючыся перш рэдкімі слязьмі, а пад канец чытання — зычным плачам, прычытамі:

— Сыно-ок мой дарагі-ы... Рыго-ор-ка-а... Дзякуй жа та-абе-э, што ты не забываеш мяне, старое... Як ты-ы мяне абрадаваў... Як завесяліў мяне...

Сёмка суцяшаў Стэпу, задаволены тым, што Рыгор не абмінуў і яго. Весткі аб тым, як і што пачалася забастоўка, які ўдзел прымаў у ёй Рыгор, вельмі зацікавілі Сёмку, узнялі ў ім настрой. «Кінуў бы, здаецца, усё тут і панёсся да Рыгора, у Рыгу». Сілцы, здарэнні і прыгоды з яго ціхага жыцця расплыліся ў Сёмкавых вачах, патанулі ў яго будзённай шэрасці. Ён пачуў, упершыню так яскрава, якая дробная ці ціхая яго праца — параўнаўча з працаю Рыгора. І стала дзіўна — да чаго і навошта яму, Рыгору, цікавіцца ім, Зосяю, Сілцамі. «Толькі таму, пэўна, што мае шырокае сэрца».

— А што ж Рыгорка табе піша, сынку?

Стэпа сцішылася, прытуліла пісьмо да грудзей. Заплаканыя вочы прасілі гутаркі аб сыну.

Сёмка расказаў; не дасцярогся і ўспомніў пра забастоўку, пра тое, што Рыгор казаў прамову перад тысячамі рабочых.

— Такі не ўтрымаўся? — з лёгкім сумненнем у голасе запытала Стэпа.

Але Сёмка развеяў сумненне, пераканаў яе, што без гэтага нельга абысціся, што змагацца вымушае само жыццё, што толькі змагаючыся можна дайсці да лепшай, шчаслівейшай долі.

— Працуйце, працуйце на здароўе. Няхай вам на поспех пойдзе... А мо і дажывеце да лепшага... Толькі, сынку мой, калі што-якое, дык са мною што станецца? Ці хопіць у мяне сілы вытрымаць?

— Не думаю, цётка, каб так было. Чаму, няйначай, з Рыгорам дрэннае здарыцца? Ён не такі...

Стэпа пераняла:

— А ласне ад яго будзе залежаць! Вось калі! Гэткая метусіна ў свеце — без разбору падпадаюць пад калёсы...

— Навошта думаць пра няведамае наступнае? Сёння маеце вестку — радуйцеся гэтаму: Рыгор жыве, здароў, думае пра вас.

Ён вылез з-за стала і выйшаў на хату.

— Пэўна, Сёмачка, пэўна. Ды я ўжо так рада, так задаволена — цэлую ноч не засну, цэлую ноч думацьму пра яго...

— Тут ужо і думаць не трэба многа... Заспакойцеся і заснеце... Дабранач!

Стэпа прайшла за Сёмкам і на расстанне папрасіла:

— Ты ж ужо, сынок, не адмовішся адпісаць. Ужо выдзеліш вольную хвілінку.

— Гэ, чаму не, калі ласка.

— Дабранач!