SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ДЗЕВЯТАЯ · 4 min de lecture

ІІІ

Пісьмо ад Рыгора Сёмка давёў да ведама сваіх таварышаў. Па чарзе расказаў яго перш Петрусю, пасля Сролю, далей дзяўчатам. Усе навіны пісьма цікавілі, цешылі, выклікалі на нейкую нявыяўленую зайздрасць да Рыгора, да яго стану. Падзеі з забастоўкаю, яго выступленні здаваліся ў ваччу хлопцаў-таварышаў, недасяжна вялікімі і запалялі кожнага хаценнем самому пабыць у асяродку гэткіх падзей. Здарэнні сілцоўскага жыцця мізарнелі перад вобразамі рыжскіх падзей.

— У гэткай школе не шкодзіла б нам кожнаму павучыцца, — радзіў Сроль, калі яны сышліся адным вечарам цэлаю хэўраю з дзяўчатамі.

У Петруся гастрэй, ніж у іншых, варушылася думка — пакінуць Сілцы і пераехаць у горад. Зацікавіўся горадам і Сёмка.

— А ўсё ж, — казаў ён, — горад вырашыць усю справу з рэвалюцыяй.

— З нашаю дапамогаю, — самаўцяшаў Пятрусь.

— Так, але... цікавей ісці ўперадзе, ніж плясціся ззаду.

— Згадзіся, Сёмка, ці ж усім перасяляцца ў горад?

— Усім не ўсім, а многім трэба...

Дзяўчат інтрыгавала знаёмства Рыгора з Ганнаю ды Наталяю, і вакол гэтага між імі і хлопцамі нямала прайшло гутарак. Дасталося Рыгору, дасталося хлопцам.

— Чаму б вам не пацікавіцца палітычным бокам Рыгоравага жыцця? — упікалі хлопцы.

— У іх на першым месцы суадносіны іншага характару. Мужчына, каханак...

— Моладасць сваё бярэ.

— Дык на гэта ёсць пэўная забяспека для кожнае дзяўчыны.

— Забяспека... Прыклад з Рыгорам — на далоні.

Волька заўсёды выбягала наперад, рачавісцей супярэчыла і настойней накідалася на хлапцоў. Таварышкі давяралі ёй свае думкі і падтрымоўвалі аднагалосна.

— Бачыце, — паехаў, а тут Зосі як хочаш. Так і ўсякі з вас; тутака як быццам бы мае шчырасць, а паедзе — дулю на мяду.

— А што, можа, за спадніцу ўзяўшыся, бегаць за вамі? Згаджацца на вашы капрызы і бацькоў вашых слухаць?

— Як гэта?

— А хоць бы так, як тое было з Зосяю. Хто ж вінават, што яна адказала Рыгору, ды яшчэ гэткім чынам? Папраўдзе судзячы, думаю, ніводная не абвінаваціць Рыгора.

Волька не згаджалася.

— Не абвінаваціць! Вашаму брату хочацца абяліць чалавека, хоць ён і не паддаецца гэтаму. Скажаце, што Зося вінавата? А ці не мог ён, хоць бы сам Рыгор, пераканаць яе паехаць за ім? Дык не: абы адчапіцца, а там — як сабе хоча. Куды ж ёй адной змагацца з гэткімі бацькамі, як Прыдатныя? І то яшчэ трэба падзівіцца, як яна перакорылася ім... Гэтага Рыгор не заўважае, нябось.

— Дзе яму заўважаць! У яго іншых думак поўна. Бадай што, і цяпер вось, калі мы тутака палошчам яго костачкі, ён там дэманструе з бастуючымі рабочымі.

— Так, многа іншых думак... — не згадзілася Волька.

— Вядома...

Пятрусь выказаў гэта тонам, пасля якога нельга было далей спыняцца на суадносінах між Рыгорам і Зосяю.

— Якаво б там сабе ні было... — перайшоў ён да свайго пачуцця, — а я, калі ўвайду, разбяруся з Рыгоравай чыннасцю ў Рызе, дык не ўрымшчуся тутака: цягне саматугам у горад. І думаю... сур’ёзна думаю... кінуць Сілцы.

— Куды — і табе... — умяшалася Гэля.

А Волька выкарыстала:

— Вось-вось, а Гэля?

— Баіцца Зосінай гісторыі? — падхапіў Сёмка. — Калі так, то мае поўную мажлівасць ехаць разам з Петрусём.

— Пэўна, няхай дакажа сваю вернасць.

— А трэба будзе, дык і дакажу, чаму не.

— Мы можам даказаць; ці ёсць толькі гэтая вернасць у вас, хлопцаў, — не паддавалася Волька.

— Як у каго: у Васіля Берага напэўна больш, як у Рыгора, — паіранізаваў Сёмка.

Дзяўчаты прамаўчалі.

— Вось, мабыць, ужо ў суботу і вянок будзе? — запытаў Пятрусь.

— Так, у суботу.

— Бачыце: Рыгор там у катле змагання, а Зося тутака спраўляе вяселле...

— Няма чаго ўпікаць Зосю.

Вакол пісьма яшчэ доўга ў гэты вечар спрачаліся хлопцы і дзяўчаты, таварышы Рыгора; і, разыходзячыся дахаты, не маглі расстацца — гэтак яно іх уз’юшыла.

У гэты ж вечар, на разыходзе, Сёмка пайшоў праводзіць Вольку. Падышоўшы да яе хаты, яны прыселі на прызбе, і Сёмка ізноў разняў гутарку пра суадносіны Рыгора з Зосяю.

— Гаварыць у кампаніі — мы многае гаварылі; але тое для ўсіх можна. А ёсць і іншае, чаго не варта, каб другія ведалі.

Волька з цікавасцю запытала:

— А што?

— Нічога такога, каб надзвычайнага, але ўсё ж цікавае: Рыгор пасылае Зосі ўклон. Бачыш, — не забывае. Ты перадай ёй — гэта важна.

— Ну, а апроч уклону, Рыгор нічога не піша?

— Ці ж ты не чула, як я казаў?

— Чула, чаму не, ды ці ўсё ж усім расказваць?

— Не, болей нічога асабістага... ды сам уклон многае значыць.

Волька памаўчала.

— Гэта адна далікатнасць — не болей...

— Што ты!

— Пэўна. Да чаго Рыгору Зося, калі ён мае там Ганну? Кінуў, а цяпер — хай сабе з Зосяю што хоць чаўпецца...

— Чаму?

— А таму: Рыгору ні холадна, ні горача, а пра Зосю поўна ўсякіх чутак... Як у бубен б’юць па мястэчку... Го, колькі яшчэ давядзецца ёй пацярпець!

— Што ты кажаш! У чым справа?

— У чым справа — нібы ты не ведаеш сам!

— Я ведаю, але ж...

— Ніякіх «але ж», калі, можа, дайшло да саміх Берагаў.

— Ты думаеш?

— Можна спадзявацца.

Сёмка іншым тонам адказаў:

— А па-мойму, — няхай бы праведаў ды расстроіў вяселле. Што б ад гэтага Зося згубіла?

— Эх, ты ўсё сваё... Вось бачыш, — ну, да чаго б гэта прыйшло? Дзе б тады Зосі дзецца?

— Ды пакінь, Волька, спагадаць!..

— А ты пакінь апраўдваць Рыгора...

Яны яшчэ нейкі час паспрачаліся, ні да чаго пэўнага не дайшлі і позна, каля другой гадзіны ночы, разышліся.

Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ДЗЕВЯТАЯ · 3 min de lecture

IV

Назаўтра Волька ранкам спаткалася з Зосяю. Жывучы па адной вуліцы, амаль не суседкамі, яны бачыліся штодня і не па адным разе; кожная ведала пра другую. Калі Зося ехала ў паравы палетак, мусіла мінуць Вольчыну хату, а па дарозе ў жытнія палеткі Волька праязджала між хаты Прыдатных. Таварышкі пільнаваліся адна другой, наведвалі вечарамі, калі днём траплялася не бачыцца. Чым бліжэй падыходзіў тэрмін вяселля, тым больш Зося чула ў сабе патрэбу знаходзіцца каля Волькі, каб дзяліцца з ёю сваім пачуццём, думкамі і настроем. Адыход дзявочае пары, часоў росквіту, гулянак вельмі цяжка адбіваўся на Зосі; ёй хацелася, настойна штосьці застаўляла яе выкарыстаць як найпаўней апошнія дні залатой пары дзявочасці, ці хоць бы забывацца бягучымі хвілінамі аб нярадаснай, трывожнай будучыні. Яна адважвалася, наперакор бацькам і Васілю, хадзіць на прызбу да дзяўчат, куды сыходзіліся і хлопцы, і гуляць, як гуляла да заручын.

У гутарках з Волькаю Зося ніводнага разу не мінала, каб не чапіць Рыгора; пытала таварышкі, ці не піша ён пісьмаў і, калі піша, ці не дапамінае пра яе. Кожны раз Волька хацела хоць чымсьці суцешыць дзяўчыну, але не было чым. На гэты ж раз, пачуўшы ад Сёмкі пра тое, што Рыгор усё-ткі шле Зосі ўклон, Волька вельмі была задаволенай, як бы гэта тычыла яе больш, ніж Зосі. І, спаткаўшыся з ёю ў сваім двары, не дала Зосі доўга гутарыць аб іншым, паведаміўшы:

— Нарэшце скажу табе навіну...

— Якую? — зацікавілася Зося.

— Рыгор табе прыслаў уклон.

— Рыгор? Няўжо?!

Зося зачырванелася ад нечаканасці.

— Не забывае Рыгор... — праказала.

Пачуццё ўмільнасці сціснула ёй сэрца, і яна не магла нічога болей сказаць.

Волька пазірала спагадліва на таварышку і міжвольна паддавалася яе настрою. «А каб ды ведала яна, што за гутаркі ходзяць аб ёй! Бедная дзяўчына! І трэба ж сысціся гэткім умовам жыцця! А здавалася б, толькі б і жыць».

Каб разагнаць Зосін настрой, Волька перайшла на іншую гутарку, паведаміўшы:

— А нашы хлопцы захапіліся горадам; вось ужо збіраюцца выязджаць; Пятрусь першым.

— Пятрусь? — бесцікаўна запытала Зося.

— Учора хваліўся.

— Каму?

— Нам; учора мы каля Гэлі гадзін да дванаццаці гулялі. І разам гэта пісьмо ад Рыгора слухалі, Сёмка расказваў.

Зося ізноў перамянілася ў настроі, які некалькі ўраўнаважыўся.

— Пісьмо слухалі?.. Ну, а што больш ён піша? Можа, ужо там ажаніўся?

— Не... Куды яму; думаеш, ён заняты рабочай справай, каб мець час на жаніцьбу. Вунь, прамову трымаў перад рабочымі... Цяперака ў Рызе ідуць забастоўкі, і Рыгор зацягнуты ў самы агонь змагання. Пайшоў далёка ўперад па сваёй дарозе.

Волька казала і бачыла, як глыбока западаюць яе словы ў Зосіна нутро.

Кожны момант з Рыгоравага жыцця вырэзваўся яркаю плямінкаю ў яе істоце, прырастаў, як часцінка жывое матэрыі, каб астацца назаўсёды, каб вечна муляцца і дапамінаць аб шчыра каханым чалавеку. Адцягаліся Зосіны думкі за тысячу вёрст, у няведаны ёй горад, лавілі ў ім Рыгора і ўтваралі сваім імкненнем асалоду зданага незямнога жыцця. Вакольнае як быццам бы не жыло для яе і не існавала...

— І вось, паслухалі пісьмо, дык Пятрусь урачыста: «Абавязкова еду ў горад». А Гэля з скуры лезе, чырванее, злуе, агрызаецца; бач, баіцца, каб, чаго добрага, Пятрусь не пакінуў... — сказала Волька і засмяялася. І Зося пусціла тварам нядбалую ўхмылку.

У двор увайшла Вольчына маці; дзяўчаты кінулі гутарку. Прывіталіся.

— Ты, Зося, усё к вяселлю збіраешся?

— Не кажэце.

— Чаму? Кінь свае думкі, нябога.

— Не лёгка іх кінуць.

Зося не магла далей гутарыць; тое, што перагаварыла з Вольчынай мацерай, было нечым вымушаным, да чаго не ляжала сэрца, не варочаўся язык. Нельга было не гаварыць, але думкі вымагалі іншых слоў, іншае гутаркі. Не выходзіў з памяці Рыгор. Уклон азначаў многае: будзіў нейкія смутныя надзеі, калупаў ужо заплесненыя ўспамінкі, вобразы. Нанава варочаў дзяўчыну да пераацэнкі яе думак і вывадаў аб ім, яго правасці і віны ў тым лёсе, які ня напаткаў.

Зосі хацелася, вельмі моцна хацелася выбрацца гэтым часам куды-кольвечы ў шырокае поле ці ў густы хмызняк, дзе б не было нікога, дзе б сама з сабою яна магла праверыць усе дадатныя бакі жыцця, ацаніць вартасць яго, абмеркаваць, як і што з ім змагацца, у чым пагадзіцца, і можа — адшукаць адну, назаўсёды роўную, адзначаную сцежку, на якую стаць цвёрдаю ступою і пайсці рашучым крокам. Тое, што асталося ўзадзе, — забыць, занядбаць, лічыць не існаваўшым... Хацелася гэтага, але рэчаіснасць трымала Зосю ў сваіх кіпцястых руках і вадзіла так, як меркавалі законы акольных абставін.

Зося пайшла дадому і ўжо на парозе стрэлася з адваротнаю, надзойліваю яўю: маці папікнула яе за нядбаласць да тых вялікіх здарэнняў у яе жыцці, якія нясло вяселле, і выгаварыла ёй:

— Ты ўсё яшчэ не кінула сваіх цырымоніяў, дачушка. Труціш маё сэрца, нябога! Хоць гэтыя апошнія дні не зводзіла б мяне.