SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ДЗЕВЯТАЯ · 6 min de lecture

V

«Каб гэта Зося ведала, што аб ёй гавораць!» Так, Зося не дагадвалася, не думала, каб тая выпадковасць, якая ўплялася ў яе жыццё, як скутак у каханні з Рыгорам, стала зместам рознай гутаркі аб ёй, плётак, нагавораў. Прайшло колькі часу, здавалася б, павінна ўсё знікнуць, павінен заглушыцца рэзкі смех, які пачуўся ёй тады ў Лужках, палічыўся за здань, за выабражэнне... Тым часам гэта было якраз не так: патрошку, слова за словам, ад аднаго да другога, і чуткі дайшлі да Берагаў. Што далей з іх выйдзе?

Каб гэта Зося ведала, што аб ёй гавораць!..

У той дзень, калі Волька перадала Зосі ўклон ад Рыгора, у Хлоравай хаце адыгралася гэткая сцэна. Адвячоркам, вярнуўшыся з поля, Хлор ляжаў у хаце на палку і марыў аб блізкім вяселлі свайго нябога, цешачыся Васілём, як раптам убегла ў хату жонка і засаб выказала:

— Вось табе і штука! Ці чуў?

— А што?

— Ого-о!

— Не чуў нічога.

— Не чуў? А трэба было пачуць...

Хлор падняўся, злез з палка і выйшаў на хату.

— Кажы.

— Ліха ведае што! Вунь усе як у бубен б’юць: Мікалаішка-а з Нязвычным... у Лужках пад нарадам... бачылі людзі... Падумай, што гэта робіцца!

— Няўжо? Што-о ты кажаш!

Хлор вытарашчыў вочы, паціснуў плячыма.

— Не здарма! Каму прыйдзе на розум балхвіць ліха ведае што без дай прычыны.

Хлор памаўчаў, падумаў.

— Чакай, — супакоіў жонку. — Ты ўжо чакай. Памойму, гэта знарочыстая рэч нашых ворагаў. Ты думаеш не, сапраўды. Хітрыкі, кажу табе, хітрыкі. Проста — выдумана. Няма як падкапацца, дык пусцілі чуткі, каб зганіць і Васіля, і Зосю. Не паверу, і ты, глядзі, не давярайся...

Юстына не супакойвалася: ёй зусім было незразумелым, чаму Хлор перапыняў яе. І яна спрачалася.

— Мне казалі гэткія людзі, у якіх нельга сумнявацца, якія не зацікаўлены ў тым, каб ганьбіць Васіля.

— Ты палітыкі не ведаеш... Ласне ведацьмеш, хто твой прыяцель, а хто вораг? Яшчэ прыяцеля хутчэй можна выявіць, а ворага... Іншы ў вочы прыкідваецца добрым, а сам думае прадаць цябе за ломаны асьмак. Цяпер многа гэткіх. Усюды пайшлі розныя сацыялісты, басяччо, галадранства — усё з нянавісцю на знатнейшых людзей, з зайздрасцю — узяць чужое, спаліць, згнюсіць людскую чэсць. Некаму і нечаму верыць... Вось і тут: Васіль перацягнуў Зосю, а іншым крыўда стала — і пайшла іграць у помсту. Можа, той жа Нязвычны напісаў сваім сябрам, каб яны пастараліся ўчыніць якую пакасць. Бачыш, мала ён пападзуджваў Зосю, калі яшчэ быў тут! Або маці ці блізкія іх пастараліся... Я сам і думкі не дапушчу, каб гэта Зося...

— Не бярыся, Хлор, кажу табе, не бярыся.

Юстына сапраўды не выясняла сабе таго, чаму муж так старанна абараняе Зосю. Не дагадвалася, што, апроч радняцкага пачуцця, у Хлора была доля і палітыкі. Гэта яго палітыка заключалася ў тым, што зараз, калі вяселле на носе, хоць бы і праўда была, аб чым жонка паведаміла, то гэтую праўду прыняць нельга, тым болей аддаць ёй павіннае і зрабіць тыя ці іншыя вынікі. То б значыла стварыць гісторыю, якая б запляміла іх котлішча, дала б справы для розных гутарак і плётак, у сто раз горшых, усяму мястэчку і аколіцам. Дапусціць, што Зося магла зрабіць праступак, Хлор мог і нават не здзівіўся гэтаму, калі жонка сказала, а здзівіўся і нават збаяўся таго, каб чутка не дайшла да Тадосі і да Васіля. Аднак тое, адкуль вынікла чутка і ад каго жонка пачула, цікавіла Хлора.

— Хто табе казаў? — запытаў ён жонку.

— Паруля Вышкава.

— Паруля? І ты верыш Парулі?

Імя Парулі Вышкавай мела за сабою нядобрую рэпутацыю; гэта мяшчанка славілася, як дасканалая ябедніца і язычніца.

— Не адна Паруля, а многія казалі; як у бубен б’юць...

— Няхай сабе ўсе гавораць, а ты маўчы...

— Дык ужо ўсе ведаюць; пэўна, я нікому не скажу, але адно дзіва, як яно так выходзіць, што нам не ўдаецца...

Хлорыха не даказала, падумала і звярнулася да мужа з гэткай прапазіцыяй.

— А ўсё-ткі, Хлор, запытай Васіля. Чаго ж саромецца: лепей хай праведае, што людзі брэшуць, каб не было знячэўку. Хлопец дачуецца ад каго збоку і раззлуецца — тады яшчэ горай будзе...

— Нічога... Васілю не можна ліха ведае чаго казаць. Навошта хлопца расстройваць... Ты таксама не заікайся, прашу.

Аднак, выказаўшы гэта, Хлор хутка сам перадумаў. «А ўсё ж жонка рацыю кажа: трэба на ўсякі выпадак пераняць Васіля. Пайду, нават сёння пайду і так ці іначай уладжу гэта».

Аб сваім рашэнні паведаміў жонку і, павячэраўшы, пайшоў да Тадосі.

Быў вечар. На вуліцы збіраліся начлежнікі. Хлор спешнаю хадою перабег к братавай. У хаце яшчэ свяціўся агеньчык. Васіль з мацераю аб чымсьці ўголас гутарылі. Гэта суцешыла Хлора, які перш паглядзеў у акно, ухмыльнуўся сам сабе і ціхаю ступою прайшоў к дзвярам.

Тадося здзівілася Хлораваму прыходу, але загаварыла гэта.

— Цяперака калі ні прыйдзі, то ў нас работа, клопат, увіхі. Мала часу асталося да вяселля, і працы не абабрацца. Несціхана шнайдырым па хаце. Прасіць каго чужога неяк не хочацца, а самім дык ёсць над чым пакруціцца.

— Вядома. Чаго і казаць! Гэта ж вяселле, не абы-што.

— Так, вяселле. Мы ўвесь час з Васільком гаворым самі сабою; добра ўжо, што хаця яно неяк ціха і спакойна ладзіцца. Спачатку пашумелі: паспрачаліся то сям, то там, а зараз усе прыціхлі; і Зося ўгаманілася, і той жулік, пэўна, кінуў усякую надзею пашкодзіць Васілю. Вось адбыць вяселле, і тады пачынайце жыццё, мае дзеткі.

Хлор прысеў каля стала, выслухаў братавую.

Бачыў, што таго, з чым ён прыйшоў, тут не чулі і не ведаюць і, пэўна, спалохаюцца, калі ён паведае ім. Замаўчаць усё-ткі не перадумаў і рашыў пакіраваць гутарку так, каб самую перадачу зрабіць менш прыметнай, менш выразнай.

— А як у вас усё-ткі стаіць справа? — запытаў Хлор.

— Добра, Хлорык, — пахвалілася Тадося, — амаль не ўсё гатова; асталося яшчэ зварыць, спячы — то гэта мы ў пятніцу, у суботу зробім...

— Ну, а ў полі як у цябе, Васіль?

— Поле падганяю за ўсімі — не здаюся, дакошваю.

— Го, ён у мяне дбайны.

— Чаго ж, добра, маладзец.

Васіля, як і яго мацеру, цікавіла вялікая прыгода ў іх сям’і і тое, што гэтая прыгода супадае з эканамічнымі інтарэсамі іх гаспадарства і што ўсё ідзе як па масле. Гэта цешыла іх абоіх, а што па-за гэтым — не было ніякага дзела. Вось чаму і Тадося і Васіль адчувалі сябе задаволенымі і знаходзіліся ў добрым настроі. Ніякае падазронасці, ні ўспаміну. Здавалася, каб хто пераконваў, што трэба яе мець, што не ўсё бяспечна, як ім думаецца, то і то б ніводнае не паверыла б.

— Ну, а што, бок, людзі кажуць аб нашым вяселлі? — дарэчы пацікавілася даведацца ад Хлора Тадося.

— Нічога... Ды што прыслухоўвацца да людскіх гутарак. Хай кажуць, каму язык свярбіць. Розныя ёсць людзі...

— Так, вядома, цюцькаў многа; але махнуў пугаўём — дык і паадбягаюцца. А вернуцца, можна хвасянуць пугаю, — вывеў Васіль.

— Пэўна... Але, трэба сказаць, што ўсё-ткі ёсцека адмысловыя брахуны. Вось хоць бы ўзяць цяперака — пусцілі плёткі на Зосю: нібы яна з Нязвычнікам спала ды дзе... Сёння жонка мне паведаміла...

— Няўжо? — нагастрылася Тадося.

Васіль жа нядбайна матнуў рукою:

— Брахня! Рыгорава справа.

— Пачакай!

Аднак Хлор, убачыўшы, што Васіля паведанае ім не здзівіла, паспяшыў астудзіць і цікавасць братавае.

— Пэўна, брахня. Хто з разумных людзей гэтаму паверыць? Мне жонка сказала, дык я сплюнуў — і толькі.

— А мо... Зося — пракідная дзяўчына...

Відаць было, што Тадося прыняла Хлоравы словы да сэрца, захапілася імі, бо хоць змаўчала, а ўсё ж на твары яе застаўся адбітак яхідства. Так і чулася, што баба ў патрэбны час пачутае вылажыць перад Зосяю.

Хлора, аднак, настрой братавай не смуціў; ён быў пэвен, што ў кожным разе гэта не адаб’ецца на вяселлі.

— Людзям языкоў не павяжаш, — рашыў ён.

Тадося моўчкі згадзілася.

На гэтым заключылі і перайшлі да вясельнай справы: Хлор распытаў, каго Тадося думае запрасіць, апроч сваякоў, як і што зроблена Васілём для падарункаў Зосі і іншым. Беражыха ахвотліва адказала Хлору на ўсе пытанні, расхваліўшы свой план і свае намеры.

— Думаю, каб вяселле адыграць па-людску, — старшыню, урадніка, нават бацюшку думаю запрасіць: ён так прыхільна адносіўся да Васіля. А шлюб ізноў думаю справіць багаты. Не калі ж было — адно дзіця. Скупіцца няма чаго, — заключыла Тадося.

— Зразумелая рэч. Што-што, а вяселле трэба адзначыць добраю бяседаю. Тут скупошчаў, вядома, ніхто не падглядае, але і намёку на іх даваць не трэба. А Зосі трэба зрабіць добры гасцінец.

Васіль ухмыльнуўся здавальняюча і пахваліўся:

— Набралі машастовую сукенку і тонкія чаравікі. Хадзілі надоечы ўдваіх.

Нарэшце Хлор запрапанаваў некалькі практычных думак наконт таго, як вясці вяселле, як пільнавацца парадку, і каля першай гадзіны ночы пайшоў дахаты.