VI
Вяселле Васіля Берага з Зосяю Прыдатнаю сапраўды нарабіла гоману; яно выглядала не малым здарэннем для Сілцоў, тым болей для Сівулінскае вуліцы. Як і што да яго гатаваліся абедзве палавіны, куды і зачым хадзілі Марта з Міколам ці Тадося з Хлорам — усё да дробкі абгаворвалася дасужнымі жанкамі, да сапраўднага дадавалася шмат лішняга, гэтак што вакол маленькага замеру вырасталі вялікія легенды, набухала цэлая гісторыя. Гэткім чынам узнятая зацікаўленасць да вяселля зрабіла тое, што ў суботу, на цырымоніі «пашыцця вянка» да Прыдатных сабралася вялікая колькасць моладзі з усяго мястэчка і добры лік старых людзей з Сівулінскае вуліцы. Далёка за поўнач гэта вуліца кішэла людзьмі, як рэдка бывала дагэтуль, шумела, гаманіла. Апошнія зыкі гамонкі засталі золак. Тым, хто мала цікавіўся вяселлем і сядзеў у хаце, нельга было спакойна заснуць. З гэткіх была Стэпа Нязвычніха; для яе вяселле ў Прыдатных было зусім не ўшманкі. Яна мела свой клопат і сваю цікавасць: гэта Рыгор; ім Стэпа жыла, аб ім марыла.
Назаўтра таксама ўсе вясельныя цырымоніі, як хадзьба ў сваты з песнямі і музыкаю, адвод перш маладое, а пасля маладога да шлюбу і самы шлюб прайшлі між Стэпы. У яе галаве праз увесь дзень складаўся ды пераскладаўся змест пісьма, якое яна праглася хутчэй адпісаць Рыгору. Каб не вяселле, пэўна, прасіла б яна Сёмку зрабіць ласку і напісаць сёння, у нядзелю, калі вольны час і можна больш і спакайней падумаць. Вяселле перашкодзіла гэтаму і злавала Стэпу. Каб адцягнуцца ад яго вачмі і думкамі, яна доўгі час хадзіла па рынку, пасля наведала Стаўбуноў і распытала аб іх Віктары; не мінула, каб не пахваліцца, што яе Рыгор прыслаў надоечы пісьмо. Стаўбуны скардзіліся Стэпе, што Віктара перавялі з павета ў губерню і што праз блізкі час мерыцца быць суд. Віктар пісаў бацькам, што дрэнна сябе адчувае ў астрозе, аднак ад сваіх думак і настрою не адракаецца. Стэпа паспагадала Стаўбунам і вывела, што з іх хлопцамі нічога не зробіш — даводзіцца гадзіцца.
Варочаючыся дамоў, Стэпа стрэлася з Волькаю, якая была за дружку ў Зосі, і расказала Нязвычнісе, як прайшоў шлюб, які настрой валадаў Зосяю і што выявілася ў час шлюбу. Стэпа не паверыла ў Вольчыны намёкі і адказала:
— Ці ж кожнаму можна верыць? Брэшуць!
Не хочучы спрачацца з Стэпаю, Волька зрабіла выгляд, што згадзілася з ёю, і пацікавілася, што піша Рыгор.
— Добра, галубка, жыве паціху.
— Я чула, што нібыта мае сабе каханку. Куды яму да нас, мужычак.
— Кінь, Волька. Я думаю, калі і праўда, што мае знаёмую дзяўчыну, то ўсё ж прасцейшую за нашых дзяўчат. Нашым мяшчанкам Рыгор мой нецікавы: куды яму, бедняку, да гэткіх сінагогаў, як Прыдатныя! Бачыш, у нас усе гаспадары, а там, пэўна, напаткаў гэткую, як сам, работніцу якую ці майстрыху.
— Не кажэце, цётка, мы ўсе вельмі паважаем вашага Рыгора. Каб ведалі, як рады, што ён нам прысылае ўклоны. А як Зося была задаволена, калі ён і ёй уклон прыслаў.
— Няўжо-такі?! — задзівілася Стэпа.
Ёй зрабілася ўмільна на сэрцы, і Зося выпуклей прадстала яе выабражэнню.
— Так, так!
— Цікава.
— Вось бачыце. А вы кажаце, што нам нецікавы ваш Рыгор.
— То ж я не пра ўсіх: многім ён косткаю ў горле.
— Усіх не зраўняеш. Няма таго чалавека, каб усім быў добры. Што і казаць.
— Праўда, дачушка.
— Бачыце, каб не бацькі, можа б, мы Зосіна вяселле гулялі б у вашай хаце.
Стэпа махнула рукой:
— Дзе нам, дачушка. Няхай ужо Рыгору іншае месца дасць дзяўчыну. Не суджана. Вось пажыве ў Рызе, сыдзецца з якою работніцаю, і таквеле. Нікому рупіць не будзе. А тут, у Сілцах, бачыш, многім ён вялік. Абы прыехаў — колькі наплятуць усяго, колькі памыяў выльюць!
— Бывае...
Волька памкнулася вярнуцца ў гутарцы да Зосі, але стрымалася і толькі падумала: «Не ведаеш, цётка, што цяпер кажуць на твайго сына».
Так, па першаму намёку Волькі Стэпа не дагадвалася, у чым сэнс. Але гэтым жа вечарам ёй суседка Лявоніха пад сакрэтам паведала, у чым справа. Па мястэчку, як маланка, мігнула вестка, якая ў розных хварбах малявала Зосін праступак перад мужам. Знаходзіліся гэткія людзі, якім выгадна было пашыраць розную брахню, абы часаць языкі, іншыя ад злосці на Прыдатных і Берагаў стараліся выкарыстаць выпадак, і ад сябе выдумлялі ўсякія байкі. Як і што, у чым праўдзівасць здарэння — ніхто не дапытваўся: той казаў, што Зося папу не адказала нечага так, як трэба, другі перадаваў, нібы перад шлюбам нехта ліст падкінуў Васілю, у якім даносіў на Зосю, як на распусніцу. А многія карміліся словамі Марцэлькі Цюркі, якая старанна паўсюджыла апавяданне пра Лужкі ды пра свайго сына.
Зразумела, што пачуць гэтыя навіны можна было кожнаму. І Лявоніха іх пачула разам з другімі. Пачула і перадала Стэпе.
— Няўжо ізноў мой сынок замуляў людзям вочы? — зласліва запытала яна ў суседкі.
— Як бачыш.
— Ну і свет жа! Знарок, сястрыца, знарок.
— Чаго добрага.
Стэпу занепакоіла гэта і перабіла думкі наконт пісьма. Яна расхвалявалася, расстроілася, ажно доўга сядзела бяздумна, безварушна. І толькі перад сном як бы супакоілася крыху, цвёрда рашыўшы: «Ці ж можна на ўсё адгукацца сумам? Дурная я кабета! Мая дарога ў жыцці адведзена мне».
Назаўтра здарэнні прынялі гастрэйшы зварот. Раніцаю ў хаце Берагаў адыгралася цэлая трагедыя між Зосяю і Тадосяй. Свякроў з агіднаю бессаромнасцю слухала ўсю ноч пад дзвярыма клеці, дзе спалі маладыя. А на золку дзіка накінулася на нявестку з лаянкаю ды сваркаю, грозіла на яе кулакамі, кляла, упікала сына, чаму ён паступіўся сваім імем і знатнасцю для распусніцы. Каля гадзіны часу вярцелася, як апараная, па хаце ды сенцах, шпурляла, куды зарве, розныя рэчы, стукала кулакамі па стале, хапалася за косы. Нейкая азвярэласць напала на кабету... Ледзьве супакоіў яе Хлор, падаспеўшы на лямант і крыкі...
Але «затушыць пажар» было ўжо позна: суседзі паспелі падслухаць Тадосіну лаянку і разнесці яе па вуліцы, па мястэчку. І хоць далейшае гранне вяселля адбывалася з надворнаю чыннасцю, з паказным гонарам ды рызыкай — кожны, хто цікавіўся прыданым або паходам у госці да бацькоў маладое, падглядаў нутраную штучнасць. Зося, хмурная, задуманая, хадзіла з апушчанымі вачмі. Беражыха — глядзела ведзьмаю; насупленай была Прыдатніха.
Учарашнія гурткі сілцоўцаў аднавіліся. На прызбах, па хатах перабіралі ўдоўж ды ўпоперак знатнае вяселле, спагадалі Зосі, успаміналі Рыгора, прадракалі маладым нецікавую будучыню. Многія выводзілі маралі наконт таго, што ў багатых заўсёды бывае няўладзіца ў гэткіх справах: бо грошы ды зямля граюць першую скрыпку, а маладыя — другую. Чаго лепшага было чакаць у даным выпадку? Рыгор больш усіх выйграў ад гэтых гутарак: яго хвалілі за прадугледжанасць, за спрыт, з якім ён выскаўзнуў з непасрэднага абстрэлу, за стойкасць ды смеласць.
Аддавалі павіннае яму і таварышы. Вечарам гэтага дня сабраліся ў Сёмкі Пятрусь, Хірысон, Сроль і доўгі час гутарылі на гэту тэму.
— Не спадабалася, нябось, ні Берагам, ні Прыдатным, — казаў Сёмка зламысна.
— Яшчэ б ды спадабацца! — дадаў Пятрусь. — Вось няхай прыкусяць языкі. Ападзе ўвесь гонар пасля гэтага.
— Зося маладзец! — прылучыўся Хірысон. — Вось за гэта можна пахваліць. Смелая, прынамсі. Чаго там! Розныя цырымоніі спраўляць!
— А потым дзяўчына апала духам...
— Яшчэ б сказаў! Абставіны гэткія, што наймацнейшы падасца. Скруцяць небараку — піснуць не пасмее.
— Наконт гэтага — то дастанецца ад гэтага няхлюгі.
— Папалася.
Спусціўшы нейкі час, хлопцы накіраваліся к Берагу.
Сёмка правёў іх жартоўным пажаданнем папасціся ў рукі Васілю і вярнуўся ў хату...
Калі Сёмка бразнуў клямкаю ў дзвярах, ззаду яго пазвалі:
— Сёмка!
— Я! Хто гэта?
— Я, Стэпа...
Сёмка адвярнуўся ад дзвярэй.
— Пачакай, нябожа, — папрасіла Стэпа.
Падышла.
— Ці чуеш, сынок, што тут робіцца? Можа, Рыгорка душою не вінават, а гатовы зрабіць яго праступнікам. Як у бубен б’юць.
— Так. Мы, вось, таксама абгаворвалі гэта. Некаторыя з хлопцаў дык да таго зацікавіліся, што пайшлі к Берагу. Ні пазаўчора, ні ўчора не былі, а сёння пайшлі, каб хоць зірнуць на Зосю.
— Бедная Зося! — спагадала Стэпа і тут жа перамяніла голас:
— А ўчора я спаткалася з Волькаю, дык тая мне і кажа ўсё, а я нічагуткі не разумею. Толькі вечарам Лявоніха растлумачыла, у чым рэч... Па-першае, думала я: заўсяголаў яны, пагавораць ды пакінуць, ажно не тое — сёння яшчэ больш гутаркі. Вядома, ведзьма — на ўсе Сілцы раскрычала. А там, можа, нідзе нічога... Ці ж не бывае, што не ў парадку часамі! Дык крымінал рабіць? Святыя, ліха ім, чэсныя! І ўплялі, бачыш, Рыгора...
— Нічога. Каб і быў Рыгор замешаны, дык...
— Ну, але ж, Сёмачка! Нават у нашы часы здаралася, што вяселле пройдзе не так, як трэба, а то цяпер... Свет, глядзі, перамяніўся; да дзіва, што дзяўчына — не анёл...
Стэпа матнула рукою, адкашлялася і запытала:
— Ну, а скажы, Сёмачка, ты калі думаеш Рыгорку ліст пісаць?
— Ды, вось, к наступнай субоце. Трэба ж пачакаць ды пачуць, як і што ўсё скончыцца. Бо ўжо ў пісьме трэба падрабязна апісаць.
— А я б думала — заўсяголаў яно... Можа б, на добры лад, не варт было б і засмучаць яго гэтым. Не ведае — няхай бы і не ведаў. Як ты думаеш, сынок?
— Чаму не? Дарэмна. А яму што там? Пляваць. Прачытае і сплюне. Усё ж пацікавіцца. Мне здаецца — на чужыне кожная вестка з дому міла і прыемна.
— А то ж, думаеш... Пішы, чаму б не так.
— Вось напішу аб гэтым; таксама пра Петруся...
— А што пра Петруся?
— Збіраецца ў Пецярбург...
— Ці маеш ты лад?
— Напэўна...
— Глядзі ты! Маладая натура... А чаму ж бы яму ў Рыгу не паехаць?
— Вырашыў ехаць да Пецярбургу.
— Ага... Прабачай, што затрымала... бачу, што ты спаць хочаш... Дык пішы ўжо, Сёмачка, разам — ад сябе і ад мяне. Я надыду да цябе на днях... Добра?
— Добра, цётка, добра...
На вуліцы пачуўся смех, які разліўся следам за крэпка вымаўленым словам «Зося»... Сёмка прыслухаўся, але тупат Стэпы, якая, не развітаўшыся, пайшла з двара, перашкодзіў разабраць голас. Ён адвярнуўся к дзвярам і ўспомніў Рыгора. Смех сярод зорнай ночы на ціхай вуліцы ўваскрасіў яму вобразы з нядаўняга мінулага, калі не аднораз здаралася варочацца яму гэткай, а то і пазнейшай, парою з гульні і чуць, як, развітаўшыся, ззаду Рыгор дапамінаў яму ўдагон той ці іншы эпізод, смеючыся зычным, прыемным смехам.
«Што ён цяпер, вось гэтымі днямі, робіць там? Што думае? Ці ўспамінае тое, чаму я аддаўся ў даную хвіліну? Цікава!»