SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ДЗЕСЯТАЯ · 6 min de lecture

І

Спатканне з Рыгорам у астрозе асвяжыла Наталю. З яе плеч як быццам бы апала гара. Нервовасць, навеяная трывогаю, неспакой прайшлі; бліснула ружовая надзея, запляліся мары. Тыя дні, што чакала яна гэтага, абураная невыразнасцю бліжэйшых хвілін, доўгія марудныя дні забыліся. Адкуль узяліся лёгкасць, уздым, размах. Праходзіла астрожны двор і чула сябе не бязродным стварэннем, якое можна ў любую хвіліну схапіць у звярыныя кіпцюры і заперці ў доўгую няволю, а здавалася Наталі, нібы яна варочаецца з поля, дзе адбылася вялікая бойка, а з той бойкі яна выйшла пераможніцай, героем. Хмурны будынак астрога, дзе сядзіць Рыгор, адкуль невядома, калі яго выпусцяць, не выклікаў сабою ў Наталі боязі, не будзіў жаднага пачуцця сполаху. Яна прамінула варту, прайшла ў вароты, як хадзіла з кватэры, з завода, і апынулася на вуліцы адроджаная, прасякнутая натхненнем. Выабражэнне яе малявала перажытае спатканне, як вольную, бесклапотную гулянку. Ні трывожна-адрыўныя сказы гутаркі з Рыгорам, ні намёкі, ні нервовасць, якую надавалі тоўстыя сцены астрога, вартаўнік-надзірацель, ні настрой Рыгора, які крапіўся, стараўся паказацца бадзёрым, а сапраўды заметна цяжыўся няволяю ды неакрэсленасцю свайго стану, невыразнай будучыняй,— нішто не выглядала перад Наталяю ў сваёй рэальнасці, несуцешнай, прыкрай. Быццам бы яна была ў Рыгора на кватэры і вярталася, каб у любы момант, у любую хвіліну пайсці да яго назад, вольна, самохаць.

Наталя ішла вуліцаю, горда падняўшы голаў, поўная задзёру, самаўверанасці; яе ўзрок гарэў агеньчыкам абуяўшае яе мужнасці; унутры накіпела хаценне кінуцца насустрач якому-колечы надзвычайнаму здарэнню, дзе б можна было выявіць сваю адвагу, свой спрыт і сваю здатнасць; падбівала на гострыя перажыванні, на ўздым, на бунт супроць усяго таго, што жыло ў вялікім каменным горадзе, сярод яго вуліц, за вокнамі суровых, маўклівых муроў. Джарало людзей, што цякло ёй насустрач, стукатня калёс, крыкі паасобных гандляроў — нядбайна забываліся; быццам бы нішто яе не датыркала...

Але, адышоўшыся кварталаў пяць ад астрога, Наталя прыпомніла аб Рыгору: што ён робіць у даную хвіліну? Азірнулася назад, як бы хочучы праверыць, ці не ідзе часам ён удагонкі ёй? Вузкая разора вуліцы бегла ад яе кудысь далёка назад, а высокія муры хавалі прастор. Астрог загубіўся ў іх грамадах. Нават Наталя адразу не выявіла сабе, у якім ён баку. Затое Рыгор, якога яна мэрам бы згубіла ў вулічнай гушчы, занепакоіў яе. Зусім мімаволі, нечакана, да дзяўчыны вярнулася трывога за долю дарагога таварыша... Рэчаіснасць разбіла зданны настрой, штучнасць хвілёвага ўздыму; яна, вось, ідзе вольная, куды хоча, а Рыгор астаўся там, за захілам хмурай вуліцы, за брамаю ў таўсценнай сцяне, за вартаю турэмнае каманды. Рыгор у няволі. Вуліца шуміць, таемная ў кожнай сваёй рэчы і ў кожнай асобе людской і кіпучая ў спляценні агульнага жыцця, чужая жыццю кожнай ядынкі. Пэўна, пра Рыгора, пра яго стан не ведала ні адна душа, ні адзін чалавек, з якім сустрэлася ды размінулася Наталя. А гэтых адзінак прайшло сотні ды сотні.

Яна агідна паківала галавою. Паспагадала, чаму яна не ў моцы адразу ж перайначыць размах і формы людскога жыцця?

Перадумаўшы ўдоўж ды ўпоперак вынікшыя перад ёю жыццёвыя супярэчнасці, Наталя тым часам выйшла к парку, абышла яго, не заходзячы, і параўнялася з будынкам пошты. І тут прыпомніла якраз просьбу Рыгора — напісаць яго мацеры пісьмо. Але яе азадачыла, як і што пісаць? Трэба ж, каб старая там вызнала пра сына і не напалохалася яго лёсам. Цяжкае заданне злучыць дзве гэтыя процілежнасці! Атрымаецца ці адно, ці другое; або маці не праведае, што з Рыгорам, або, праведаўшы, дашчэнту перапужаецца... А не напісаць?..

Каб вырашыць пэўней і грунтоўней задачу, Наталя зайшла ў парк, прысела на лаўцы і стала абмяркоўваць з усіх бакоў, як пагадзіць Рыгорава жаданне з тымі вынікамі, якія яно прынясе. Меркавала, углыбілася. І чым больш выяўляла перад сабою розныя мажлівасці, тым няпэўней рабілася сама... Прыходзіла да скутку, што гэта справа — нялёгкая, справа, над якою давядзецца добра падумаць, — адлажыла яе на некалькі дзён.

З гэтым рашэннем паднялася з лаўкі, каб прайсці паркам. Але, адвярнуўшыся направа, сустрэлася вачмі з убогаю, мізэрнаю бабулькаю, якая задуменна клыпала на яе месцы. У Наталі міжвольна напрасілася параўнанне гэтае старое з Рыгораваю мацераю. «Пэўна, ходзіць і яна там па мястэчку, не выпускаючы з думак Рыгора. Як бы была яна абрадавана яго пісьму!.. Трэба толькі ўявіць сабе яе пачуццё. Не! Мушу напісаць! Хоць не ўсю праўду выясніць, хоць не датыркаць Рыгоравага стану!» — рашыла Наталя.

І сапраўднасць, якая акружала яе, паднесла Наталіным думкам цёмныя вокны астрога і пераплёты жалезных крат, і вузкі калідор, што выглядаў чорнаю цеснаю нарою, і Рыгора ў стане нявольніка, злоўленага арла. Шэраг сумных вобразаў працягнуўся ў даль наступных дзён. Каб адарвацца ад іх, Наталя абярнулася к імені Сёмкі. Таварыш, аб якім гаварыў ёй Рыгор добрымі словамі. «А каб ды яму напісаць. А ён там перадасць мацеры...» Гэта аблягчала задачу, рабіла яе прасцейшаю. «Так, напішу пісьмо да Сёмкі; перайму яго, каб не адкрываўся мацеры. Падкрашу надзеяй на скорае вызваленне Рыгора... А ён там... няўжо ён не зможа зрабіць гладка і добра? Пайду, вось, зараз, цяпер, вось, і сяду за пісанне. Бо што будзе заўтра — няведама».

Паспяшаючы, выйшла Наталя з парку і пайшла направа. Але, ступіўшы пару разоў, яна пачула ззаду сябе вокліч:

— Наталя Хлораўна!

Было нечакана, і Наталя як бы сумелася; хутка павярнулася і ўгледзела чалавека, які ў першы момант паказаўся ёй незнаёмым. Хацела запытаць яго, у чым справа, пасля дагадалася па рысах твару, што недзе бачыла, і на даўгад пацікавілася:

— Ці не спатыкаліся мы з вамі?

— Я — Ермалай Куваш... Бачыліся з вамі некалькі разоў: апошні раз у Артура, на Задзвінні, помніце?

Наталя працягнула руку.

— Цяпер ясна; так, так — сустракалася з вамі.

— Адкуль вы і куды, Наталя Хлораўна?

— А як бы вам сказаць... Дамоў...

— Дамоў? Я якраз перайму вас. Ведаеце, быў у вас дома — знарок; і цяпер зусім выпадкова сустрэў...

— У мяне былі дома?

— Так-так.

— А як жа вы праведалі мой адрас?

— Вы мне сказалі; забылі, пэўне?

Абое адступіліся к боку панелі.

— А навошта я вам?

Ермалай агледзеўся вакола і цішэйшым голасам сказаў:

— Сёння надзвычайная раённая сходка ўпаўнамоцных ад заводаў і фабрык... Вы павінны быць абавязкова. Цэлы рад важнейшых пытанняў...

Наталя задумалася, рашаючы, як быць.

— Часу не маю, ведаеце. Спяшу дамоў па важнай справе.

— Гэта важней усяго. Тут наспяваюць новыя здарэнні, якія гатовы выліцца...

— Што так раптоўна?

— Так-так... Пойдзем абавязкова; усё іншае пасля вырашыце. Хадзем...

Наталя болей не спрачалася.

Яны кранулі ў процілежны бок, абмінаючы парк.

Некалькі прагону прайшлі моўчкі. Наталі рупіла пісьмо, і яна натужна раздумоўвала, як і што ёй прыйдзецца зрабіць. «Хаця б не зацягнулася гэта сходка», — думала сабе і меркавала так, што калі яна і скончыцца рана, то ўсё роўна займе шмат часу. План так ці іначай мяняўся, а гэта не здаволіла Наталю.

— Адкуль жа, усё-ткі, вы ішлі? — пацікавіўся Ермалай, каб прагнаць няёмкасць ад маўчанкі.

Наталя адарвалася ад думак і з лёгкаю пахвальбою адказала:

— Была ў гасцях, ды дужа ў паважных...

Зацікавіла Ермалая.

— У каго?

— Не ўгадаеце ніколі...

— Скажыце.

— Была на спатканні з Рыгорам,

— Ласне?

— Але, але... Колькі каштавала сілы! Усё ж дастукалася і прайшла.

— Цікава, праўда. Не дагадаўся б ні за што. Ну і што? Як ён сябе адчувае?

— З выгляду — бадзёрыцца... Думае, што нядоўга трымацьмуць... Цікавіцца, як і што ў арганізацыі... Прасіў напісаць ліст таварышу на радзіму. За гэтым, прызнацца, я і спяшыла.

— Паспееце гэта зрабіць...

— Хто яго ведае.

— Чаму такая няўверанасць?

— А вы ўвераны за сябе?

— Пэўна.

— Не кажыце.

Гутарачы, яны прайшлі некалькі вуліц, пасля апынуліся ў нейкім вузкім крывым перавулку...

На дварэ змяркала, і высокія муры засланялі апошнія праменні сонца; хмуры выгляд сцен, галеча, бязлюддзе. Наталя зацікавілася, куды і што яны зайшлі.

— Мы абыходзім простую дарогу і зараз выйдзем да месца. Вось-вось завернем налева...

З Дзвіны нясло халадком...

Праз пяць хвілін яны былі на месцы.

Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ДЗЕСЯТАЯ · 4 min de lecture

ІІ

А ў гэты час Рыгор жыў непасрэдным уражаннем ад спаткання з Наталяю. Пасля расстання з ёю, толькі схавалася яе постаць з вачэй, ён быў адданы здзіўленню, як і што Наталя ўладзіла наведы і чаму ёй надало ахвоты ставіць сябе ў падазронасць. Старанні пабачыцца з ім, Рыгор ведаў, нялёгка дасталіся Наталі. Было ўсякае гутаркі, розных запытанняў; паглядалі на дзяўчыну дапытлівыя вочы барбосаў, і не адна рыса Наталі адбілася ў іх ваччу — на ўсякі выпадак. Гэта ёй не суліла нічога добрага... Але, побач, вынікала іншая дагадка: а можа, часам, адміністрацыя не так ужо сур’ёзна глядзіць на яго справу, што вольна прапусціла к яму Наталю. Бо трымай яго паліцыя, як вялікага праступніка, безумоўна, ужывала б яна іншыя рады.... Як-ніяк, а быванне ў яго Наталі было дзіўным і дагадлівым. Самую ж Наталю яе паступак паставіў надзвычайна высока ў Рыгоравым ваччу. Ён не знаходзіў у сабе належнае аддзякі за дзяўчыніну ўвагу і проста, як дзіця, цешыўся яе пачуццю таварыскасці і сяброўства. Заключаў, што Наталя сапраўды мае шчырую душу і спагадлівае сэрца і, пэўна, яго істота знайшла ў ёй цёплае месца. І невыказна, магнітнаю сілаю цягнула яго к ёй; разнастайныя вобразы яе не адыходзілі ад Рыгора. Поза, у якой Наталя стаяла на спатканні, рысы яе твару, узрок вачэй, драбнейшыя рухі галавы, губ, веек — асталіся ў яго выабражэнні. Нейкая чароўная стужка з пачуцця і думак Рыгора пацягнулася ўслед Наталі, а навостранае выабражэнне вышуквала далейшыя ігры ў яе рухах, узроку і нават у думках. Хвіліна ад хвіліны, калі ён усядаўся адным, не патураючы на ўсё, што вакол рабілася, і заплюшчваў вочы, сцены астрога знікалі; адчынялася бязмежная гала, шырокі прастор, зелень, дрэвы і мора... Пры беразе, над яго хвалямі — Наталя з ім, жвавая, рэзвая, вёрткая, як вавёрка, як стрэлка... Сонца аблівае іх каснікамі променю, вольнае паветра студзіць лёгкім повеем...

Таварышы аддавалі павіннае яго настрою: ні адзін не чапаў Рыгора. Толькі паважна, непрыметна кідалі на яго кароткімі ўзрокамі, зноў варочаліся да сваіх клопатаў ці гутарак. Толькі на змроку, калі вось-вось мусіў заблішчаць агонь электрыкі, Рыгор не сцярпеў, каб не паспавядацца суседу.

— Як-то яно бывае так, што адзін дробны выпадак робіць цэлую рэвалюцыю ў тваім жыцці. Бачыце: прыйшла на спатканне знаёмая дзяўчына — таварыш, пагутарыла са мной аб сім, аб тым і быццам заваражыла. Усе думкі, усё пачуццё прыцягнула да сябе...

Суседу Рыгоравы словы паказаліся звычайнаю рэччу.

— Таварыш, — адказаў ён, — не забывай, што мы ў астрозе, па-першае, а па-другое, прыйшла дзяўчына. Прыйшла дзяўчына, ды, пэўна, блізкая, а можа, яшчэ... Ну, мала што бывае... У нашу прозу ўразаецца часамі светлы промень прыгожасці, і тады мы ажываем...

— Так, — перабіў Рыгор таварыша, — праўду вы кажаце, — мы ажываем. Я, прызнаюся, цэлы дзень жыў, як апушчаны ў нірвану... Гэткія шчасныя хвіліны апутвалі маю істоту. Падумайце: жыццё вымушае чалавека яму карыцца. Якімі б мы ні былі моцнымі, колькі б ні выкладалі сілы на змаганне з ім, усё ж такі дагэтуль мы астаемся пераможанымі...

— Гэта цяпер, — не згадзіўся таварыш, — калі мы сядзімо тут вось, у гэтых сценах... А выпусці нас зараз жа, у гэту вось хвіліну, з астрога, як мы зноў паднімемся над жыццём... Рабочы клас мае непераможную прагу да змагання. Ты думаеш, што свет канчаецца вось гэтым нашым станам, хоць бы жыццём нашым?.. Справы, з-за якіх мы сядзімо тут, — гэта наш бальзам...

— Табато і то... гэтым мы жывём... а ўсё іншае...

Рыгор перарваў думку і вярнуўся да Наталі.

— І дзяўчына, што да мяне наведвалася сёння, таксама жыве тым, каб як найбольш здабыць гэтага бальзаму... Ведаеш, сябра, што за дзяўчына! Мучылася за грамаду, цярпела і цяпер — хоць у агонь. Пасудзі сам — дайшла ў строг. А ў забастоўцы, думаеш, астанецца ззаду? Не на яе было! Заўсёды ўперадзе пойдзе...

— А дзе яна працуе?

— На заводзе «Праваднік». Чорнарабочая... Сірата, без бацькоў, пры бедным дзядзьку...

Рыгор перш мерыўся апісваць постаць Наталі, а пасля хапіўся, перадумаў і рашыў, што гэта крыху сентыментальна.

Ззаду бліснула электрыка.

«Дзе ж Наталя?»

А ў гэты час Наталя з’явілася на сход. Прыйшоўшы з Ермалаем трэцімі, яны доўга прачакалі другіх. Толькі аб адзінаццатай распачаўся сход і зацягнуўся на цэлых тры гадзіны з лішкам.

Ажно к палове трэцяй Наталя вярнулася дамоў. На дварэ днела; шэрае святло прабівалася ў яе пакой праз шчыльную суравую фіранку. Аставалася спаць да паложанага тэрміну каля чатырох гадзін. Наталя перш думала аддаць гэты тэрмін на пісанне пісьма; ужо нават дастала з шуфлядкі паперу і канверт і пачала шукаць чарніла. Якраз яго не знайшлося пад рукамі, і гэта паперашкодзіла ёй заняцца пісьмом. Тады яна раздзелася і ўляглася спаць.

Перажыты дзень адбіўся на ёй цяжкай утомай. Наталя ў некалькі хвілін заснула моцным сном і не агледзелася, як дзядзіна пачала катурхаць а сёмай гадзіне раніцы. Адчуваючы недаспаласць, яна звычайным чынам управілася не болей, як хвілін у дваццаць, і без чвэрткі восьмай выйшла з хаты.

Цэлы дзень, не супыняючыся і на трошкі, яна прахадзіла па горадзе, наведваючы таварышаў, аб’язджаючы фабрычныя раёны. Забыла прыйсці паабедаць. Чула вялікую ўтому, як, звычайна, прыйшоўшы з работы. Але, вярнуўшыся на кватэру, занядбала ўсё, і нават вячэру, ды села за пісанне.

— Хай бы ты паабедала перш. Чуеш, Наталя? — перабіла яе дзядзіна.

— Толькі спраўлю пільную работу.

— Дык абед астыне.

— Нічога, халодны з’ем.

— Чаму ты ўсё не па-людску?

Наталя недачула і змаўчала. Дзядзіна нездаволена крутнула галавою.

— Такі-то ж прыспела так, што і яды адцурваецца, — прамовіла яна, адыходзячы ад Наталі.

Але Наталя не заўважыла нават, аддаўшыся пісьму. Цэлая эпапея, багатая, лунала над ёю, захапляючы дзяўчыну цалкам.