SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ДЗЕСЯТАЯ · 4 min de lecture

ІІІ

Садзілася пісаць, то думала, паўгадзінкі часу — і скончыць. А пачала пісаць — не бачыла канца! Хацелася нічога не прапусціць, не забыцца, думалася, каб пісьмо выйшла складным і далікатным, — пісала ж Рыгораваму таварышу. І яна, пачаўшы ад непасрэдных здарэнняў з Рыгорам, чапіла на працягу пяці старонак амаль не ўсіх момантаў з гісторыі іх знаёмства. Стрэчы на сходзе ў Артура, уражанне ад гэтага, першыя гутаркі з Рыгорам, а далей характар яго ды нораў, свае думкі аб ім; і толькі ў канцы вывела, з якой мэтаю яна піша Сёмку ліст і што Сёмка павінен заключыць з яго. «Хай ужо, як будзе!» — заключыла Наталя і тут жа рашыла аднесці яго ў паштовую скрынку. Забыла, што не наклеіла маркі, што гэтай маркі нават не мае пры сабе. Адзелася і павярнула да дзвярэй. Дзядзіна супыніла.

— Куды ты, не вячэраўшы! Ці ты маеш лад, Наталя?

Тая азірнулася.

— Вячэра сапсуецца дарэшты. Што табе так пільна прыспела...

— Я зараз, пяць хвілін...

Дзядзіна зазлавала.

— Ніколі, як у людзей...

Наталя паслухала і спынілася. Але не захацела скідаць хусткі, а прысела к сталу ды паспешна, не разбіраючыся ў ядзе, стала вячэраць замест абеду.

Дзядзька, дагэтуль маўчаўшы, заняты чытаннем газеты, раптам адазваўся да ўсіх:

— Ідуць несупынныя арышты; арыштавалі ўчора ноччу дзесяцёх чалавек з чыгуначных майстэрань... Арудуе паліцыя... Будзе і нашым... Ліха іх бяры, не трэба было на гэты раз пачынаць забастоўкі... Усё роўна справы не паправім...

Наталя не сцярпела: кінуўшы лыжку на стол, яна гостра адказала дзядзьку:

— Ім таго і хочацца... Маўчаць ды адкладваць — лягчэй усяго. Але ці пасобіць гэта нам? Нашу дабрату ні фабрыканты, ні паліцыя дорага не цэняць...

— А ты вельмі гарачая... Што ж, на ражон лезці?

— Як трэба, то трэба...

— Выйграеш гэтым!

— Больш, як пакораю ды паслухмянствам.

— Відаць!..

Ён паглядзеў на газету, павадзіў па слупках вачыма і праз хвіліну трывожна праказаў:

— Вось, глядзі: «Нарада фабрыкантаў пастанавіла абвясціць лакаут. У першую чаргу...»

Ён прыглядзеўся і ўжо спалохана дадаў:

— Ёсць ужо... Во, во, во... «У першую чаргу будзе зачынены паравозабудаўнічы завод і фабрыка... «Праваднік»...»

Наталя не чакала.

— Сапраўды?

— Вось табе і сапраўды.

Яна стала думаць, вяла жуючы хлеб.

— Палохаюць, не болей.

— Зачыняць на лета, а ты...

Дзядзька занерваваўся, устаў з крэсла і пачаў тупаць па пакоі, размахваючы рукою.

— Паганцы, кравапіўцы; заморам хочуць браць. Юдашы.

Абярнуўся з упікамі да нябогі...

— А ты яшчэ храбрышся! На вуліцу...

Мэрам бы Наталя была вінаватаю...

— На вуліцу, — пераказала яна і хапілася за думку: тут храбрасцю дзядзькі не збіць. Факты, а што перад імі словы? «А і сапраўды, што будзе, калі раптам лакаут?» — засумнілася. І мігам прапусціла ў галаве некалькі няпэўных, павярхоўных намераў ды планаў, як і што яна рабіцьме, калі зачыніцца фабрыка. Тое, што ў газеце дзядзька не вычытаў тэрміну, у які пачнецца лакаут, не загострывала патрэбы дэтальней спыняцца на мігнуўшых перад ёю думках. Аднак намер, у выпадку чаго, паехаць з Рыгі да Рыгоравай мацеры ў Сілцы і там застацца швачкай, заінтрыгаваў Наталю. Цягнучы гутарку з дзядзькам, яна меркавала, як лепей павярнуць будзе гэту справу. Нават знайшлося жаданне асвядоміць аб гэтым Рыгора і напісаць у лісце да Сёмкі. Апошняе да таго зарупіла, што Наталя тут жа ўстала з-за стала, выняла з кішэні ўжо прымяты канверт ды намерылася яго адчыніць.

— Нойдзем выйсце... — недарэчы вымавіла яна.

І хацела намякнуць на адшуканы план, як раптам пачуўся гучны званок.

Яна пісьмо апусціла назад у кішэню.

У кватэры ўсе змоўклі.

Праз хвіліну званок паўтарыўся.

Дзядзька падышоў да дзвярэй, хочучы запытаць, хто там; але не паспеў разняць губ, як званок затрашчаў зноў і з-за дзвярэй пачуўся патрабавальны голас:

— Адпіра-айце-э, тэлегра-ама!

Дзядзька павярнуў ключ; дзверы з сілаю падаліся к яму, стукнуўшы па нагах, якіх ён не паспеў адняць. І тут жа перад ім вырасла фігура здаравеннага мужчыны.

— Тут жыве Кузьма Чмель?

— Тут, — упаўголас адказаў Наталін дзядзька.

— Дзе ён?

— Я буду...

У гэты момант у кватэру ўвайшло чацвёра асоб, а пятая, гарадавы, застаўся за дзвярыма.

Здаравенны мужчына паведаміў:

— Мы прыйшлі ператрасці вас.

Кузьма нічога не адказаў. Тады здаравенны мужчына знакам падазваў да сябе крайняга з увайшоўшых і паставіў яго каля Кузьмы, а другіх дваіх паслаў трасці ў сталовай ды спальні. Сам зайшоў на кухню, абгледзеў вакола, пераставіў пасуду, адчыніў пліту і, нічога не знайшоўшы, падышоў да Кузьмы. Праз некалькі хвілін кончылі справу і другія двое.

— Паспяшылі захаваць, — выказаў здаравенны. — Ну, добра. Нам не гэта важна. Скажыце, Чмель, у вас ёсць кватарантка?

— Ёсць, — адказаў Кузьма.

— Яе імя?

— Наталя!

— Удому?

Кузьма замяўся. Але не было іншае рады, як прызнацца, — тым болей, што ўжо другіх двое ўпарта глядзелі ў адчыненыя дзверы кухні, дзе сядзела Наталя.

— Дома, — адказаў Кузьма, — яна вам трэба?

— Я сама. Чым магу быць карыснаю?

Наталя выйшла з кухні і горда стала перад гасцямі.

— Начальнік жандарскага ўпраўлення просіць да яго... Адзявайцеся, будзьце ласкавы.

Наталя не зразу рушыла з месца, акінуўшы ўсцяж траіх «гасцёў» пільным узрокам. Яе не падганялі. Выстраіўшыся гуськом, усе чацвёра не зводзілі з яе вачэй, лісліва ўхмыляючыся.

Некалькі хвілін усе маўчалі напружанай маўчанкаю.

Дзядзіна прыкметна хвалявалася. Наталя заўважыла гэта і, каб разбіць гэты настрой, пайшла з праводамі госця ў сваю каморку, адзелася і смела заявіла:

— Можам ісці!

Словы не змоўклі, як стукнулі дзверы, і Наталя, акружаная «гасцямі», выйшла з хаты.

На сходах ужо яна хапілася, што забыла знішчыць пісьмо, якое тут жа, пры ёй. «Як быць з гэтым?» — кальнула думка.

І дзесяткі планаў завярцеліся ў яе галаве.

Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ДЗЕСЯТАЯ · 5 min de lecture

IV

Наталя не адна папала ў рукі паліцыі: у той вечар па ўсім горадзе пракацілася хваля вобыскаў ды арыштаў. У рабочым раёне была зроблена сапраўдная аблава. Паліцыя, выходзячы з сябе, старалася напасці на след арганізацыі сацыял-дэмакратаў, якая фактычна кіравала ўсімі забастоўкамі, абвяшчаючы гэта ў разлепленых ды раскіданых у горадзе пракламацыях. Праца паліцыі цягнулася ўсю ноч, кончыўшыся перад днём. Было заарыштавана звыш сотні чалавек. Часткаю іх рассадзілі часова па ўчастках, а чалавек сорак адагналі ў астрог. Наталя папала з апошнімі.

Ёсць вядома, што гэткі лік свежых жыхароў астрога не мог арыштаванымі сустрэцца спакойна. Гэта выразна сведчыла аб новай перамозе паліцыі і ўрада над узбуранымі рабочымі. Насельніцтва астрога моцна занепакоілася, пайшлі гутаркі, запытанні, абгаворы таго стану, які ў скутку гэтага склаўся. Многія даводзілі аб слабасці дысцыпліны сярод рабочых, іншыя наракалі на іх нерашучасць. Думкі Рыгора, аб якіх ён казаў на вядомай нарадзе перад пачаткам шырокай забастоўкі, пераказваліся амаль не ўсімі таварышамі з яго камеры. Больш другіх гукаў Ромусь, ён упікаў многіх, і асабліва Міхася Камара, за іх мяккасць. Зломысна пераказваў раз-поразу: «Няхай цяпер цацкаюцца са сваёю тактыкаю. Няхай глядзяць на плён свае працы».

Рыгор падказваў таварышу, задаволены яго настроем, але ўнутры адчуваў, як сэрца зніжала размах. Як-ніяк, спадзевы меншалі, прытухалі. Каб трымацца іх, трэ было болей натужваць сілу волі, а яна, гэта сіла волі, паспела падтачыцца за часы астрожнага жыцця. Праўда, часу пакуль мінула небагата, але натура Рыгора — каразлівая, успрыймальная натура — была не прызвычаена да астрожных абставін. Занадта раптоўна гэтыя абставіны ўрэзаліся ў яго жыццё, якраз тады, калі яго істота сама гартавалася ў полымі змагання.

Мо б яшчэ не так прыкра было, каб Наталя не напомніла аб сабе. А то гэтак свежа ўражанне ад спаткання з ёю! Толькі-толькі першыя павуцінкі забыцця каўзанулі над памяццю — вера ж у хуткую стрэчу яшчэ гарэла. А цяпер?

Перад Рыгорам, толькі ў іх камеру ўпусцілі дваіх свежых арыштаваных, бліснула цікава-настарожанае пытанне: ці не папала разам і Наталя? Ён хацеў зразу распытаць пра гэта, але неяк загутарыўся аб іншым, і толькі праз гадзіну, п’ючы гарбату, абярнуўся да свежага таварыша з запытаннем:

— Ці не чулі аб Наталі Чмель з фабрыкі «Праваднік»?

Таварыш падумаў.

— Якая яна сабою?

— Сярэдняга росту, брунетка!

— Як быццам бы мігнулася паміж, калі нас прывялі ў турэмную кантору... Ці то перад ўваходам... Быццам бы, упэўнена не скажу.

Яшчэ падумаў і праз хвіліну ўверана сказаў:

— Так, бачыў. Яна — стройная, у шэрым жакеце...

Для Рыгора было ўсё ясна, ён ужо не хацеў распытваць падрабязна. Наталя! І перад ім згрудзіліся ў адно і пісьмо да мацеры, і рэчы, аб якіх прасіў, каб Наталя забрала, і рэгулярныя весткі з волі, якія меўся атрымоўваць праз яе, і чародныя спатканні з ёю. Планы гэтыя пераблыталіся, змяшаліся, спанталыжылі яго. Рыгор то падтрымоўваў гутарку з таварышамі на агульныя тэмы, а то адышоў ад яе, замоўк і аддаўся раздумам. Ажно ўсім кінулася ў вочы.

— Аб чым ты сумуеш горай усіх? — пацікавіўся Ромусь.

— Ёсць прычына... Ці ж не чуў?

— Якая?

— Наталя, брат, таксама папалася.

— Дык аб гэтым?

Рыгор пацяў плячыма.

— Не тое, каб аб ёй самой, але, ведаеш, разбіліся планы. Мацеры колькі часу не пісана, — тая гіне ад невядомасці аба мне, адна, без грошай, старая... Далей... Усё ж не тое, як бы на волі Наталля заставалася. Зразумела... Ну але... Вось як бы звязацца з ёю?

Ромусю паказалася гэта простаю рэччу.

— Гэта ўладзім.

— Разумееш, пісьмо ці паспела напісаць — вось цікава.

— А ўжо тады разведаеш...

Ромусь адышоў ад Рыгора, а той яшчэ доўга бавіўся над вырашэннем розных пытанняў, якія былі звязаны з арыштам Наталі.

На прагулцы Рыгор цэлых дваццаць хвілін раскідаў узрокамі па двары астрога, заглядаючы ў бок яго кабечае палавіны. Прыкмячаў нейкія незнаёмыя твары — разабраць было нельга: глядзеў вартаўнічы. Планаваў, як і што ды калі выпадзе тая мажлівасць перакінуцца з Наталяю словам — другім. Падышло жаданне, каб хаця яна была тут, у астрозе, а не ў іншым месцы. Але прагулка кончылася, і Рыгор нічога не мог праведаць пра Наталю. Тады яму асталося адно — чакаць абеду, авось прыйдуць сякія-такія весткі аб ёй. На гэтым крыху супакоіўся.

Час, які аддзяляў прагулку ад абеду, прайшоў незаўважна. Рыгор увязаўся ў новую гутарку з таварышамі і дайшоў да самага гострага пытання, калі пастукалі ў дзверы камеры. Ён першым падбег да аконца, каб паглядзець, які з надзірацеляў прынёс абед. Угледзеў — як заўжды, той, што кожны дзень прыносіў гэтым днём. Абнадзеіўся. Не адыходзячы, пастаяў каля дзвярэй, пакуль большасць таварышаў атрымала абед. Затым падышоў сам і запытаў у надзірацеля:

— Ці няма мне чаго-колечы з волі?

Надзірацель прывычным спосабам перадаў пакецік у знаёмай паперы. Рыгор прасунуў руку, дастаў яго ад надзірацеля і, забыўшыся пра яду, развярнуў. Між іншымі гасцінцамі ляжалі запіска і пісьмо. Узрадаваўся, не прыглядаючыся да характару, і хутчэй жа прыняўся чытаць.

«Даражэнькі Рыгор! Выбачай, што я гэтак доўга не давала аб сабе ніякае весткі. Ты, пэўна, думаў, што я выпадкам сустрэлася і выпадкам згінула з твайго вокагляду».

«У чым справа?» — пацікавіўся Рыгор, заінтрыгаваны першымі словамі пісьма.

Не сцярпеў і пашукаў подпісу.

Стаяла: «Ганна».

«Ганна!» — настаражыўся ён. І з нейкай надзвычайнай цікавасцю, з захапленнем пачаў чытаць, зноў спачатку, слова ў слова. Не адгінаючыся, прачытаў раз, пасля другі, усё не даводзячы сабе ясна, як і што гэта мало стацца...

«Даведалася, што з табою зрабілася бяда, і, паверыш, тры дні не магла прыйсці ў сябе, супакоіцца. Патраціла колькі сілы і старанняў, пакуль змагла знайсці ходы, каб перадаць табе гэты лісток. Не ведаю, ці пападзе ён табе, хоць і пэўная асоба ўзялася зрабіць гэта... Скажу, што цяпер я адна, маці мая памёрла. Хоць наша спатканне балюча адбілася і на мне і на маёй нябожчыцы мацеры, але... Ох, як бы рада была з табою ўгледзецца! Ці маеш надзею? Адрас стары...»

Прачытаў і даўгі час пісьмо трымаў у руках, прыслухоўваўся да нечага асаблівага, на што ў акольных абставінах не было жаднага намёку.

А перад вачыма няслося кінематаграфічнаю стужкаю ў бясконцых варыяцыях: Сілцы, маці, Ліцк, Сёмка, Ганна, Рыга, Зося, Наталя. Адно другое пераганяла, мяшалася, злівалася, драбілася, нікла на момант, пасля паўставала — радаснае, бесклапотнае, рэзвае, пяючае.

— Чуеш, Рыгор! — перабіў яго Ромусь. — Яда астыла. Еш хутчэй, пакінь думаць. — І тут жа сур’ёзна дабавіў: — Пайшлі чуткі, што нас з табой маюцца выслаць у тваю губерню пад надзор паліцыі.

— Хто сказаў?

— Нашы гавораць!

— Няўжо?

І Рыгор прыняўся абедаць.

А Ганна не выходзіла з думак.